Вы тут

Нерв арміі


Менавіта так называюць сувязістаў. Без сувязі не пратрымаецца пяхота, і танкі ў бітву не пойдуць. Пра гэта ведае кожны вайсковец.

Нядаўна 14-ы асобны ордэна Чырвонай Зоркі полк урадавай сувязі Камітэта дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь, што базіруецца ў Маладзечне, адсвяткаваў свой 70-гадовы юбілей.

З гэтай нагоды ў Доме культуры адбыліся ўрачыстасці, а падраздзяленні палка прайшлі маршам па цэнтральнай гарадской плошчы. Воінаў-сувязістаў і іх сем'і павіншаваў губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура. Старшыня аблвыканкама азнаёміўся з умовамі быту, адпачынку вайскоўцаў, прыняў ўдзел у адкрыцці водна-паркавага ансамбля і абноўленай экспазіцыі, што размясцілася ў пакоі баявой славы.

У падраздзялення надзвычай багатая і слаўная гісторыя. 6 чэрвеня 1943 года ў Свярдлоўску на базе 53-га асобнага запаснога палка сувязі пачалося фарміраванне корпуснага батальёна сувязі. А 28 чэрвеня батальёну прысвоены нумар і найменне — 694-ы асобны батальён сувязі. Баявое хрышчэнне вайскоўцы прынялі 13 ліпеня ў раёне ракі Зуша, дзе забяспечвалі сувязь дывізіям, што наступалі на горад Арол. Гэты дзень і лічыцца днём нараджэння вайсковай адзінкі. З таго часу шмат чаго памянялася. Аднак галоўная задача — забеспячэнне ўрадавай сувяззю вышэйшых асоб дзяржавы — засталася ранейшай.

З 1986-га па 1993 год палком камандаваў палкоўнік (цяпер у адстаўцы) Пётр Безкаравайны. "Гэта быў нялёгкі перыяд, распаўся Савецкі Саюз. Паўстала пытанне: што рабіць далей? Я ведаў, што для незалежнай дзяржавы патрэбна ўрадавая сувязь. А іншых падраздзяленняў, хто б яе наладзіў, не было. Давялося даказваць, адстойваць свой пункт гледжання, — згадвае Пётр Мінавіч. — І я вельмі ганаруся, што наш полк працягвае шлях, прымнажае слаўныя традыцыі старэйшых пакаленняў воінаў-сувязістаў, а былыя лейтэнанты і капітаны, што служылі пры мне, дастойна камандуюць падраздзяленнямі".

За апошнія гады значна змяніўся выгляд палка. Тэхніка сувязі пераводзіцца на лічбавыя сістэмы перадачы інфармацыі, уведзены ў дзеянне метралагічная лабараторыя, палігон сувязі і ўнутраная лічбавая АТС для абслугоўвання абанентаў. Значна палепшыліся ўмовы службы і пражывання ваеннаслужачых. У казармы падведзена гарачая вада, абсталяваны душавыя кабінкі, устаноўлены машыны для мыцця бялізны, пабудаваны новы кантрольна-тэхнічны пункт, капітальна адрамантавана каравульнае памяшканне, адна з казармаў. "У нашых планах усё гэта захаваць і прымножыць", — зазначыў выконваючы абавязкі начальніка тылу падпалкоўнік Юрый Куцкевіч.

"Дзяржава павінна абараніць свой народ, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Мяркую, без функцыянавання такіх падраздзяленняў галоўны канстытуцыйны абавязак быў бы невыканальны", — падзяліўся ўражаннямі ад наведвання аб'екта Барыс Батура. — У пачатку Вялікай Айчыннай вайны з-за парушэння сувязі было страчана кіраванне арміяй. Без такога падраздзялення нельга арганізаваць шырокамаштабныя баявыя дзеянні і наогул сур'ёзныя аперацыі".

Павіншавалі воінаў-сувязістаў таксама намеснік старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Ігар Бусько і старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,
Маладзечанскі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.