Вы тут

І вучаць сумленна, і паліва не просяць


У гэты год, які ў нашай краіне абвешчаны Годам эканоміі і беражлівасці, на першы план выйшлі пытанні рацыянальнага выдаткоўвання фінансавых і матэрыяльных сродкаў, што выдаткоўваюцца на баявую падрыхтоўку беларускай арміі.

Важны акцэнт у гэтым кірунку традыцыйна зроблены на выкарыстанне сучасных вучэбна-трэніровачных сродкаў. Як паказвае практыка, шырокае ўкараненне ў баявой вучобе сучасных камп'ютарных тэхналогій і методык навучання дазваляе не толькі паспяхова рыхтаваць ваенных спецыялістаў з найменшымі затратамі матэрыяльных рэсурсаў, але і павышаць якасць іх навучання.

Параўнальна нядаўна на ўзбраенне 59-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў паступіў унікальны па сваіх магчымасцях трэнажорны комплекс ТБ-543. Навінка, якая распрацавана сумесна беларускімі і расійскімі спецыялістамі, прызначана для навучання і падтрымання навыкаў кіравання шматвосевага колавага цягача МАЗ-543 без расходу мотарэсурсу і гаруча-змазачных матэрыялаў.

— Трэнажор ТБ-МАЗ-543 з'яўляецца незаменным памочнікам для падрыхтоўкі механікаў-кіроўцаў колавага цягача, — адзначае начальнік 59-й школы падпалкоўнік Андрэй Чухлеб

. — З яго дапамогай навучэнцы маюць магчымасць дасканала вывучыць работу органаў кіравання і кантрольна-вымяральных прыбораў, асвоіць паслядоўнасць дзеянняў, пачынаючы ад запуску рухавіка і заканчваючы выкананнем вучэбных задач. Трэнажор у стане забяспечыць выкананне амаль усіх вучэбных практыкаванняў, прадугледжаных курсам кіравання баявых і спецыяльных машын без выезду на рэальны аўтадром.

Дарэчы, "язда" на "камп'ютарным МАЗе" дае да 40% вучэбнай практыкі кіравання рэальным шматвосевым цягачом. Ужо на першапачатковай стадыі навучання ён дапамагае курсантам атрымаць неабходныя навыкі (па запуску падагравальніка, кранання машыны з месца), а таксама пазбавіцца ад псіхалагічнай боязі буйнагабарытнай тэхнікі. А гэта даволі складаныя задачы. Асабліва для маладога салдата.

Адзін з галоўных элементаў трэнажора — працоўнае месца інструктара па кіраванні. Гэта чатыры маніторы, камп'ютарная клавіятура з маніпулятарам, прынтар, акустычная сістэма і мікрафон.

Паводле слоў інструктара старшага сяржанта Андрэя Нікуліна, на маніторы індывідуальна для кожнага навучэнца можна запраграмаваць не толькі выкананне вучэбнага практыкавання, але і выбраць любыя ўмовы надвор'я, пару года і сутак, парадак пераадолення перашкод. Націснуў клавішу — і віртуальны аўтадром з прапанаваным рэльефам мясцовасці гатовы.

На дубліруючым маніторы кіраўнік мае магчымасць назіраць, з якой хуткасцю рухаецца "40-тонны цягач" па трасе, як пераадольвае натуральныя і штучныя перашкоды. Візуальна можна кантраляваць таксама паслядоўнасць дзеянняў маладога механіка-кіроўцы падчас падрыхтоўкі машыны да руху. На экране манітора інструктар мае магчымасць бачыць паказанні ўсіх прыбораў у кабіне аўтамабіля, якія фіксуюць абароты рухавіка, хуткасць руху, ціск масла і тэмпературу ахаладжальнай вадкасці.

Імітатар шасі МАЗ-543 працуе ва ўсіх плоскасцях і здольны мадэляваць рэальныя паводзіны цягача ў залежнасці ад рэльефу мясцовасці. Дынамічная платформа так праўдападобна "скача па выбоінах", што калі не выконваць меры бяспекі падчас віртуальнага кіравання, можна займець і самы сапраўдны сіняк.

— Не чакаў, што трэнажор можа быць такім "жывым", — прызнаўся радавы Ігар Куцкоў. — Рухаючыся па віртуальнай "трасе", адчуваеш няроўнасці мясцовасці, павароты і хуткасць "машыны". Увогуле, усё як у рэчаіснасці.

У перапынку гутару з начальнікам цыкла кіравання і тэхнічнай падрыхтоўкі маёрам Дзмітрыем Дзёмчавым. Яго меркаванне аб электронным комплексе было адназначным: трэнажор добры і карысць ад яго відавочная.

— ТБ-543 максімальна набліжаны да ўмоў эксплуатацыі рэальнай тэхнікі, што дазваляе павысіць якасць і эфектыўнасць навучання, скараціць час падрыхтоўкі механікаў-кіроўцаў і аблегчыць працу выкладчыцкага саставу. Ужо за некалькі планавых заняткаў курсанты атрымліваюць нядрэнныя навыкі ў кіраванні шматвосевай машынай.

Яшчэ адзін плюс электроннай сістэмы ў тым, што тут можна на 100% кантраляваць навучанне курсантаў, чаго немагчыма зрабіць на рэальнай тэхніцы. Наяўнасць на маніторы зваротнай сувязі дазваляе інструктару своечасова выявіць індывідуальныя памылкі кожнага навучэнца і прымусіць выправіць іх, паўторна адпрацаваўшы дзеянні па элементах.

Нельга не адзначыць і яшчэ адной істотнай вартасці электроннай распрацоўкі — гэта эканомія гаручага, мотарэсурсу і запчастак дарагой тэхнікі. Як высветлілася, сапраўдны цягач МАЗ-543 з танкавым рухавіком расходуе ад 125 да 170 літраў дызпаліва на 100 кіламетраў (у залежнасці ад загрузкі машыны і ступені яе эксплуатацыі). Падлічана, што пры выкананні толькі пачатковага практыкавання за адзін "кружок" па аўтадроме шматвосевая машына вучэбна-баявой групы "з'ядае" больш чым сем літраў саляркі (а пры адпрацоўцы пераадолення перашкод па элементах гэтая сума падвойваецца). Літаральна некалькі хвілін спатрэбіліся вопытнаму афіцэру, каб на паперы падлічыць рэальную эканомію гэтага трэнажора пры навучанні 70 цяперашніх курсантаў за ўвесь перыяд навучання. Яна склала... каля 17 тон дызельнага паліва. Нядрэнны вынік. А калі прыплюсаваць сюды яшчэ расход масла, рамонт шматвосевай тэхнікі, кошт запасных частак? Не трэба быць вялікім матэматыкам, каб зразумець, наколькі відавочная выгада такога трэнажора. Дарэчы, за гадзіну працы ТБ-543 расходуе ўсяго... каля трох кілават электраэнергіі. За гэты час на ім паспеюць папрактыкавацца 8-9 навучэнцаў, што ў два разы больш, чым было б на машыне.

Сярэдні гарантыйны тэрмін службы сучасных трэнажорных комплексаў — не менш як 10 гадоў, або дзесяць тысяч гадзін эксплуатацыі. Матэматыка тут простая. Можна лёгка падлічыць, за які тэрмін акупляюцца трэнажоры, калі вядома, што іх кошт роўны сямі працэнтам ад кошту рэальнай ваеннай тэхнікі.

Безумоўна, нават такія сучасныя трэнажоры, якімі б дасканалымі яны ні былі, усё роўна не змогуць замяніць палявую вывучку воінаў на "жывой" тэхніцы. Гэта як лётчыка нельга навучыць лятаць на самалёце без рэальных фігур вышэйшага пілатажу. Але практыкай даказана, што на пэўным этапе навучання будучых малодшых спецыялістаў (да 40% вучэбных заняткаў) сёння немагчыма абысціся без сучасных камп'ютарных тэхналогій.

Мікалай МАКАРЭВІЧ, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.