Вы тут

У СВК "Астрамечава" справілі Дажынкі


Напэўна, пры такой гарачыні паветра свята апошняга снапа ладзілі ў Астрамечаве першы раз. На тэрмометры было 37 вышэй за нуль! Як заўважыў галоўны аграном гаспадаркі Вячаслаў Шэўчык, прырода нібы спецыяльна паказала ўсім прысутным, у якіх умовах часта працуюць камбайнеры, як цяжка дастаецца хлеб.

1376400191457_1

І хоць у "Астрамечаве" шмат гадоў традыцыйна адзначаюць дзень апошняга снапа грунтоўна — з канцэртам і віншаваннямі, але на гэты раз праграму скарацілі, каб людзі менш стаялі пад сонцам. Тым больш што свята заўсёды праводзіцца ў полі. Героі жніва прыйшлі на пляцоўку ў лёгкіх святочных кашулях, а ўздоўж дарогі, у цяньку пад дрэвамі іх чакалі жонкі ва ўласных іншамарках, каб потым, ушанаваных чырвонымі стужкамі перадавікоў, падарункамі і канвертамі з прэміяй, адвезці дадому.

Была і сімвалічная апошняя палоска збажыны. Звычайна яе зжыналі сярпамі ўдзельніцы фальклорнага гурта са жніўнымі песнямі і карагодамі. На гэты раз, паводле слоў кіраўніка "Астрамечава" Аляксея Скакуна, рызыкаваць здароўем сталых жанчын не сталі. Каласы скасіў за лічаныя хвіліны камбайн і пад апладысменты прысутных ссыпаў іх у кузаў грузавіка. Затым галоўны аграном, нібы сват на вяселлі, абнёс па крузе ўсю бяседу караваем з новага ўраджаю. Заканчэнне работы блаславіў мясцовы святар.

Сапраўды, для сельскіх жыхароў канец уборкі збожжавых каласавых культур вельмі важная вяха. На дажынках казалі, што з гэтай работай справіліся ў гаспадарцы недзе за 12 дзён. За кожны дзень работы камбайнер зарабляў у сярэднім мільён рублёў. Усяго ў сельгаспрадпрыемстве ўбрана 4529 гектараў. З гектара атрымана па 48,1 цэнтнера збожжа.

На імправізаваную пляцоўку святкавання запрасілі герояў жніва, якія паказалі найлепшыя вынікі. Гэта экіпажы камбайнераў у складзе Уладзіміра Разановіча і Леаніда Анішчука, Анатоля Тамчука і Аляксандра Зіноўчыка, Паўла Панько і Міхаіла Піліпчука. Найбольш збожжа перавезлі вадзіцелі Васіль Бенідзісюк, Васіль Мельнічук і Аляксандр Давідзюк. Падарункі героям жніва дарыла ў гэты дзень не толькі свая гаспадарка, але і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Паўлюковіч, а таксама Вольга Ключэўская, прадстаўнік абкама галіновага прафсаюза.

1376400193283_2

З дажынкамі астрамечаўцаў павіншавалі калегі. Лідарам па ўраджайнасці на Брэстчыне сёлета з'яўляецца Ляхавіцкі раён. Менавіта адтуль прыйшла тэлеграма, дзе гаворыцца, што "Астрамечава" ў чарговы раз пацвердзіла свой высокі статус адной з перадавых гаспадарак рэгіёна. А калегі з Валкавыскага раёна пажадалі новых працоўных дасягненняў.

— Мы добра папрацавалі, — сказаў старшыня "Астрамечава" Аляксей Скакун. — Атрымалі нядрэнны ўраджай. Калі прырода нам паспрыяла б, выпала больш дажджоў, то сёння мы мелі б яшчэ большую ўраджайнасць. Але і ў гэтых умовах вытворчы ўчастак "Лышчыцы" на круг сабраў больш чым па 50 цэнтнераў збожжа з гектара.

Калі матэрыял быў гатовы да друку, стала вядома, што ўсе гаспадаркі Брэсцкага раёна паспяхова завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых. Гэта значыць, дажынкі справіў цэлы раён.

Святлана ЯСКЕВІЧ. Фота аўтара і Яніны Кяпцюхі.

Брэсцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.