Вы тут

Кропелькі дабрыні


У Бабруйску прайшоў фестываль творчасці і здароўя, на які штогод збіраюцца маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

У пасёлку Кісялевічы на ўскраіне Бабруйска, дзе раней была вайсковая часць, праходзіць фестываль пад назвай "Кропелькі дабрыні ў моры здароўя". У адным з былых штабных будынкаў размясціўся духоўна-асветніцкі цэнтр Свята-Іверскага храма, і на паляне каля яго ўсталявалі сцэну, зрабілі імправізаваную залу, спартыўную пляцоўку.

— Ой, тут столькі людзей, — радуецца Алеся, якая сядзіць у інваліднай калясцы. — Я даўно не бачылася з сябрамі. Калі шчыра, такіх магчымасцяў у нас не многа.

— Тут усё нам настолькі падабаецца, што не магу гаварыць без слёз, — жанчына, якая ўпершыню прывезла дачку-інваліда на фестываль, не здолела стрымаць эмоцыі.

— Гэта ўнікальная магчымасць для нас вось так цікава бавіць час, — кажа яшчэ адна маці. — Мой сын не размаўляе, але пад музыку танцуе і ўсміхаецца.

Група жанчын з каляровымі пампонамі ў руках рыхтуецца да выступлення:

— Фестываль цікавы: мы тут танцуем шмат, нават танга! — расказваюць яны наперабой. — Мы адчуваем сябе артысткамі. Тут і сілы прыходзяць, і добры настрой.

"Кропелька дабрыні..." мае на ўвазе адаптацыю і рэабілітацыю моладзі з сацыяльна слабых катэгорый. Сёлета фестываль праводзіцца ўжо ў шосты раз: на яго прыехала больш за сотню ўдзельнікаў з Магілёўскай вобласці.

Арганізуе фестываль цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна горада Бабруйска, сумесна з уладамі і царквой.

— Мы хочам зрабіць жыццё нашых маладых людзей больш яркім, і для многіх удзельнікаў гэта ледзь не ўнікальная магчымасць выбрацца з дому і пабыць з сябрамі, — каментуе Таццяна Сінькевіч, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў у Ленінскім раёне Бабруйска. — Гэта адзіны фестываль у краіне, які праводзіцца ў такім фармаце, на прыродзе.

Усё навокал сапраўды выглядае як летні лагер, толькі з папраўкай на стан здароўя людзей. Дзяжурыць "хуткая дапамога". Сярод публікі дзелавіта рухаюцца маладыя хлопцы і дзяўчаты ў ярка-чырвоных майках з надпісамі на спіне "Валанцёр". Гэта старэйшыя школьнікі і студэнты, якія дапамагаюць інвалідам.

— Я не магу быць абыякавай, — сказала Яна. — Валанцёрам я працую гадоў пяць, хочацца дапамагаць. Я пасябравала са Светай, яна на інваліднай калясцы. І ведаеце, нічым мы ўвогуле не адрозніваемся, проста ў кожнага з нас свае асаблівасці і магчымасці.

— На фестывалі не толькі адпачываюць, але абавязкова займаюцца творчасцю і спортам. Не толькі паказваюць свае "хатнія нарыхтоўкі" на сцэне, але бяруць удзел у майстар-класах, якія праводзяць вядомыя людзі: напрыклад, футбаліст Эдуард Градабоеў, мастак Анатоль Концуб, кераміст Алег Ткачоў і іншыя.

— Вядома, маладым інвалідам найперш у жыцці патрэбна медыцынская дапамога, — разважае Таццяна Сінькевіч. — Але наша задача менавіта тут — даць людзям адпачыць, пабыць разам. Таму што лепшы ўрач — гэта добры настрой.

Айцец Сергій, настаяцель Свята-Іверскага храма, лічыць, што ў стаўленні грамадства да людзей з абмежаванымі магчымасцямі нешта зрушылася з мёртвай кропкі: нездарма фестываль "Кропелькі дабрыні..." пачынаўся з маленькага збору, а цяпер разросся да абласнога ўзроўню.

— Царква заўсёды кажа, што для Бога няма розніцы, з абмежаванымі здольнасцямі чалавек альбо не, — падкрэслівае святар. — Можа, людзей з абмежаванымі магчымасцямі ён яшчэ больш любіць, як мы шкадуем, напрыклад, сваю параненую руку...

У Свята-Іверскім храме для ўдзельнікаў фестывалю ў дзень памяці лекара Панцеляймона здзейснілі малебен аб здароўі, правялі духоўную гутарку. Тут спецыяльна зрабілі пандус: раней інвалідаў-калясачнікаў падымалі па прыступках на высокі царкоўны ганак на руках, а цяпер для іх і тут будзе безбар'ернае асяроддзе.

Сёлета тэма фестывалю — "Давайце берагчы адно аднаго!" Арганізатары называюць гэта крыкам душы, таму што ўсім хочацца, каб ў жыцці было больш узаемнага разумення, падтрымкі і ўвагі. Людзі кажуць, што трэба вучыцца быць цярпімымі адно да аднаго, дараваць дробныя крыўды, не выліваць на іншых дрэнны настрой і памятаць, што жыццё — вельмі крохкая рэч, калі не ведаеш, што можа здарыцца ў наступную хвіліну. Гэта ўрок для грамадства ад удзельнікаў бабруйскага сацыяльнага фестывалю.

Самы кранальны момант фестывалю — агульны здымак. Каля сцэны шчыльна, каб усе трапілі ў кадр, пасадзілі і паставілі ўсіх: унізе — інваліды-калясачнікі, наверсе — валанцёры. Даваць каманду на ўсмешку фатографу не давялося: усім раздалі рознакаляровыя шары, і, калі іх разам адпусцілі ў паветра як сімвал кропелек дабрыні ў нашым свеце, усе разам смяяліся ад шчасця, з надзеяй на добрае жыццё, лепшае здароўе і моцнае сяброўства.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

г. Бабруйск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.