Вы тут

«Сучасная беларуская нейрахірургія адпавядае еўрапейскім стандартам»


Дзякуй Богу, ён-такі не стаў урачом-неўролагам. Беларусь магла не далічыцца такога нейрахірурга! Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч вось ужо 50 гадоў выконвае аперацыі на галаўным і спінным мозгу. Яго імя, лічыце, ужо ўпісана ў гісторыю айчыннай нейрахірургіі. У Арнольда Фёдаравіча былі і ёсць пасады, званні, вучні, пацыенты, якім удалося працягнуць жыццё... Але самае важнае — светлая галава і залатыя рукі. Смеяновічу гэтымі днямі спаўняецца 75 гадоў. Ён — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, доктар медыцынскіх навук. Але самае важнае — як загадчык нейрахірургічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Неўралогія і нейрахірургія", ён па-ранейшаму аперыруе цяжкіх пацыентаў. Сёння Арнольд Фёдаравіч расказвае пра сябе, сваю практычную дзейнасць, беларускую нейрахірургію і асаблівасці тых захворванняў, якія даводзіцца лячыць... Толькі ў хірургію!Лячэбны факультэт Медыцынскага інстытута ў Мінску я скончыў у 1960 годзе. У аддзеле кадраў мяне хацелі накіраваць на месца неўрапатолага. Але я ведаў з самага пачатку, што буду толькі хірургам, і паеду хоць у Расію, хоць ва Украіну — толькі каб займацца хірургіяй. Мне заўсёды хацелася адразу бачыць вынік сваёй працы. Хірургія дае такую магчымасць. Акрамя таго, яна, без перабольшання, з'яўляецца вяршыняй аховы здароўя... У мяне быў сябар, які таксама марыў стаць хірургам, аднак трапіў пры размеркаванні ў санітарныя ўрачы. Так санітарным урачом усё жыццё і адпрацаваў... Я ж у аддзеле аховы здароўя даведаўся, што ў Дрыбіне ёсць вакансія... І паехаў туды на тры гады. Пасля вярнуўся ў Мінск і трапіў у Беларускі навукова-даследчы інстытут неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, дзе кіраўніком нейрахірургічнага аддзела быў прафесар Яфрэм Ісакавіч Злотнік. Па сутнасці, гэта заснавальнік беларускай школы нейрахірургаў. Злотнік упершыню не толькі ў Беларусі, але і на прасторы СССР выканаў шэраг аперацый. Можна сказаць, я сёння займаю пасаду, якую ў 1989 годзе, ад'язджаючы за мяжу, перадаў мне Яфрэм Ісакавіч... 1376400248486_10gni-55555555 Інстытут неўралогіі некалькі разоў мяняў сваю назву і ў 2007 годзе стаў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам "Неўралогія і нейрахірургія". Нейкі час я нават быў дырэктарам інстытута. Аднак сёння зноў займаю тую пасаду, да якой ляжыць душа і дзе магу займацца канкрэтнай справай. Галаўны мозг, спінны мозг — Нейрахірургія — адна з самых складаных і адказных спецыяльнасцяў. Бо тут мы маем справу з галаўным і спінным мозгам, нервамі... Спецыяльнасць, безумоўна, маладая. На тэрыторыі Савецкага Саюза ёю пачалі займацца толькі ў 1930-я гады. У Беларусі — у 1950-я, калі за справу і ўзяўся Злотнік. Сучасная беларуская нейрахірургія адназначна адпавядае еўрапейскім стандартам. Цэнтр перажыў сур'ёзную рэканструкцыю. Нашы аперацыйныя пабудаваны паводле сучасных праектаў, аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое дазваляе выконваць усе нейрахірургічныя ўмяшанні, што існуюць у свеце. Абсталяванне ў аперацыйных дазваляе сачыць за аперацыяй, станам хворага. З дапамогай навігацыйнай сістэмы можна дабрацца да самай дробнай пухліны, анеўрызмы... Усё ж такі ў нашай справе размова можа ісці пра міліметры. У Беларусі ўжо шмат маіх вучняў, якія аперыруюць, скажам, у абласных цэнтрах. Я дабіваўся і дабіўся таго, каб у 2000 годзе ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі пачалі чытаць курс нейрахірургіі, прычым наогул як для хірургаў, так і для траўматолагаў, якія ў раённых і абласных цэнтрах павінны выконваць і цяпер ужо выконваюць нескладаныя аперацыі, звязаныя з траўмамі галавы, пазваночніка і г.д. Немагчыма ў шэрагу выпадкаў чакаць, пакуль прыедзе прафесар з Мінска. Ён можа не паспець. Наогул у ВНУ рыхтуюць проста ўрача-хірурга, які на практыцы ўжо становіцца хірургам-афтальмолагам, ці кардыёлагам, ці нейрахірургам... Каб стаць, што называецца, нармальным нейрахірургам, патрэбна каля сямі гадоў практыкі. Ва ўніверсітэце даецца мінімум ведаў, неабходных такому спецыялісту. Маё сапраўднае навучанне адбывалася на практыцы... Калі ўпершыню давялося назіраць, як ускрываецца чэрап, як прафесар Злотнік выконвае нейкія маніпуляцыі з галаўным мозгам, цяжка было асэнсаваць убачанае: няўжо той, хто ляжыць на аперацыйным стале, зможа калі-небудзь расплюшчыць вочы, хадзіць, смяяцца?! Прыкладна за сем гадоў можна асвоіць шмат дробных і вялікіх аперацый, асэнсаваць, што робяць старэйшыя калегі, зразумець нюансы дыягностыкі і стаць самастойным спецыялістам. Многія віды абследавання, якія мне даводзілася выконваць і якія былі надта агрэсіўнымі (як, напрыклад, пнеўмаэнцэфалаграфія), сёння не выконваюцца. Бо з'явілася ангіяграфія, камп'ютарная, магнітна-рэзанансная тамаграфія. З'явілася малатраўматычная эндаваскулярная хірургія... Выключыць анеўрызмуАкцёр Андрэй Міронаў загінуў з-за моцнага кровацячэння, справакаванага разрывам анеўрызмы. Анеўрызма — гэта, груба кажучы, мяшэчак, пузыр, які ўтвараецца ў сасудзе галаўнога мозга. Прычына такога расшырэння сасуда — у паталогіі яго сценак. Пры фізічных і маральных нагрузках, пры наяўнасці атэрасклерозу, артэрыяльнай гіпертэнзіі ціск крыві павялічваецца. І аднойчы ў гэтым слабым месцы сасуд разрываецца і кроў выліваецца. Пашкоджаная частка галаўнога мозга гіне. У выпадку моцнага кровазліцця гіне і сам чалавек. Апошнім часам усё радзей трапляюцца пацыенты з адной анеўрызмай. Як правіла, іх некалькі. Абясшкодзіць анеўрызму і тым самым папярэдзіць катастрофу можна толькі адным спосабам — устанавіць прыстасаванне, якое "выключыць" гэты сасуд з кровазвароту. Але як падабрацца да сасуда, які знаходзіцца ў галаўным мозгу? Ёсць толькі два шляхі. Можна ўскрыць чэрап і выканаць адкрытую маніпуляцыю. А можна правесці эндаваскулярнае ўмяшанне — устанавіць спецыяльнае прыстасаванне з дапамогай катэтара, які падводзіцца праз сцегнавую артэрыю да самой анеўрызмы. Анеўрызму адчуць немагчыма. Бывае так, што ў працэсе росту анеўрызма закранае нерв, дзейнічае на навакольныя тканкі як пухліна, з-за чаго з'яўляюцца ўскладненні... Вы бачылі, ад мяне выходзіла пацыентка? У яе заплюшчылася вока. Павека перастала паднімацца. Зрабілі камп'ютарную тамаграфію, выявілі анеўрызму і вось цяпер своечасова яе прааперыравалі... Часам жа анеўрызма заяўляе аб сабе той катастрофай, пра якую мы сказалі вышэй, — яна разрываецца. Як гэта папярэдзіць? Пакуль такое немагчыма. Камп'ютарную тамаграфію не выконваюць "на ўсякі выпадак". Гэта нятанны від даследавання і не настолькі шырока даступны. Пра інсульт і грыжу дыска — Атэрасклероз, астэахандроз, глаўкома — гэта расплата за працяглае жыццё... Мы старэем, старэюць нашы сасуды і тканкі. Узняцце крывянога ціску, безумоўна, становіцца фактарам рызыкі ўзнікнення інфаркту міякарда або інсульту. Калі высокі ціск не лячыць, сасудзістая катастрофа непазбежная. Проста нейкі час сасуды яшчэ могуць вытрымліваць, але ж не бясконца. Што такое інсульт? Галаўному мозгу, як і любому іншаму органу, патрабуецца пастаянны прыток крыві, узбагачанай кіслародам. Пры разрыве або закупорцы сасудаў, якія дастаўляюць гэтую кроў (у нашым выпадку да галаўнога мозгу), здараецца інсульт, у выніку чаго частка яго клетак гіне. Пры разрыве сасуда кроў выліваецца ў мозг, і гэта — гемарагічны інсульт. Пры закупорцы сасуда — атэрасклератычнай бляшкай, або тромбам, які сфарміраваўся ў выніку некаторых захворванняў, — мае месца інсульт ішэмічны. Кіслароднае галаданне ў закупораным участку, зноў жа, прыводзіць да гібелі часткі клетак. Падчас ангіяграфічнага даследавання можна ўбачыць, дзе менавіта перакрыты сасуд, увайсці ў яго з дапамогай катэтара і паставіць стэнт для аднаўлення свабоднага краватоку... Спінны мозг забяспечвае сувязь галаўнога мозга з усімі органамі і сістэмамі. Самыя распаўсюджаныя паталогіі спіннога мозга — пухліны і міжпазванковыя грыжы. Апошнія бываюць і прыроджанымі, аднак часцей за ўсё яны таксама звязаны з пасталеннем арганізма і зношваннем, дэгенерацыяй храстковых тканак. Грыжа — гэта выпадзенне. У такім выпадку мы кажам пра выпадзенне храстковага дыска, які выконвае ролю амартызатара паміж пазванкамі. Пры выпадзенні ў той ці іншы бок можа пераціскацца нерв. Адсюль і боль, які адчувае хворы. Прычым боль, які аддае ў нагу, — гэта характэрная прыкмета захворвання. "Стаць на месца" міжпазванковы дыск ужо не зможа. Аднак у шэрагу выпадкаў пацыент не адчувае болю. Наяўнасць жа болевага сіндрому — паказанне да аператыўнага ўмяшання. Аперацыя малатраўматычная, выконваецца праз невялікі разрэз. Пасля выдалення грыжы ціск на нерв спыняецца і боль адступае. Чалавеку з такім захворваннем неабходна надалей пазбягаць пад'ёму любога цяжару, рэзкіх рухаў. Такой паталогіяй, як артэрыя-вянозная мальфармацыя, таксама займаюцца нейрахірургі, а вось траўмамі пазваночніка — пераважна траўматолагі... Калі падчас гібелі клетак галаўнога мозга можна гаварыць аб пэўнай кампенсацыі, паколькі навакольныя тканкі здольныя браць на сябе страчаныя функцыі, то са спінным мозгам нічога падобнага немагчыма. Разрыў спіннога мозга падчас траўмы азначае, што ўсё, што ніжэй участка разрыву, не будзе функцыянаваць. Спінны мозг не зрастаецца... Без фанатызму — Ніякіх праблем з тым, каб трапіць у клініку, няма. Шэраг аперацый выконваецца планава. Проста ёсць усё ж такі спецыфіка ўстановы... Аперацыя па прычыне выдалення грыжы дыска — гэта аперацыя, так бы мовіць, абласнога ўзроўню... Асабіста я часцей выконваю аперацыі па выдаленні пухлін і анеўрызмаў. Бываюць даволі складаныя выпадкі, калі для абмеркавання лячэння збіраецца кансіліум. Гэта норма нашай працы. Тут не важна, прафесар ты ці акадэмік... Гэта заўсёды твая асабістая вучоба, якая не заканчваецца ніколі... Не, я не думаю пра аперацыі кожную хвіліну свайго жыцця. Цяпер я і не нервуюся моцна... У выхадныя ці пасля працы спакойна займаюся хатнімі справамі. Іншая справа, любую маніпуляцыю, безумоўна, трэба абдумаць. Але толькі ў гэтых сценах... Камп'ютарнае абсталяванне дазваляе ў межах цэнтра сачыць за аперацыяй. Не толькі ў аперацыйнай, але і ў сваіх кабінетах. Усяго ў Беларусі звыш 120 нейрахірургаў, і гэта дастатковая колькасць. Сярод цяперашніх маладых спецыялістаў ёсць некалькі прадстаўніц прыгожага полу. Дарэчы, у Беларусі нейрахірургамі былі ўсяго тры жанчыны — Марыя Паўлавец, Рыма Купрыяненка, Ніна Красільнікава... Пол або званні ў хірургіі — не паказчык. Як і ў любой іншай галіне гэта павінна быць прызваннем... Ніколі асабліва не захапляўся спортам. Наогул нічога не раблю пастаянна — так, час ад часу. Крыху фізічных практыкаванняў... Усяго пакрысе... Без фанатызму. Аблівацца халоднай вадой да яшчэ сталаму чалавеку — не, гэта не карысна. У мяне быў адзін знаёмы, усё ледзяной вадой абліваўся. Аднойчы абліўся — і інфаркт... Не трэба правакаваць надта моцныя скачкі ціску. Трэба жыць павольна, рабіць тое, што прыемна... Вядома, я не ўяўляю таго часу, калі давядзецца сысці з працы... Што рабіць дома?.. Я быў ва многіх еўрапейскіх клініках. Некалі было лёгкае пачуццё зайздрасці да іх абсталявання, інструментарыя... А цяпер ніякай зайздрасці. Я ведаў, што паступова прыйдзе час, і ў нас таксама будзе належнае аснашчэнне... Можна і тут нармальна жыць ды працаваць. Праз два тыдні знаходжання за мяжой я заўсёды адчуваў, што хачу дадому. Таму ніколі не хацеў адсюль з'язджаць... Святлана БАРЫСЕНКА. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў загадчыка нейрахірургічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, акадэміка НАН Беларусі Арнольда Смеяновіча з 75-годдзем. "Упэўнены, што Ваш талент, навуковы аўтарытэт і багаты практычны вопыт будуць і ў далейшым садзейнічаць развіццю беларускай медыцыны, захаванню і ўмацаванню чалавечага патэнцыялу нашай краіны", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.