Вы тут

Песні эпохі


Асоба тыдня: кампазітар Ігар Лучанок, які адзначыў 75-годдзе. У гэтыя дні, калі Ігар Міхайлавіч прымаў віншаванні, краіна мела магчымасць узгадаць ды спяваць яго творы. Справа ў тым, што некаторыя самі прывязваюцца, як толькі чуецца назва: мелодыя прыгожая, ды і вядомая, што сядзіць у галаве, а словы так выдатна кладуцца на гукі, што самі просяцца да вымаўлення: такія словы! У самых вядомых песень Ігара Лучанка (а яго больш ведаюць людзі менавіта па песеннай творчасці) аўтары слоў — беларускія паэты-класікі. Быў час, калі гэтыя песні ведаў ці не кожны. Але яны і цяпер жывуць і гучаць. Катэгорыя часу наогул вельмі важная для разумення такога кампазітара і чалавека, як Ігар Лучанок. Таму што яго песні выражалі час.

1376400264262_10-4

Патрыятычныя

У той час, калі рос і сталеў Ігар Лучанок, кожны чалавек павінен быў усвядоміць сябе перш за ўсё патрыётам. Патрыётам савецкай краіны. Хоць у жыцці Ігара Міхайлавіча, магчыма пачаткам патрыятызму — чалавечага — было адчуванне малой радзімы. У прыватнасці, ён і зараз пры ўсіх сваіх рэгаліях вельмі ганарыцца тым, што з'яўляецца ганаровым грамадзянінам Мар'інай Горкі, хоць жыў у сталіцы Беларусі і шмат сталіц віталі яго. Месца жыхарства — гэта адно, яно для таго, каб было больш зручна працаваць. А радзіма — трошкі іншае. Яна нават у думках грэе. Можа быць з-за таго такія адносіны, што сям'і бацькоў прыходзілася пераязджаць, а былі і моманты, калі пачуцці прыходзілі праз сапраўдны боль. Вайна ўмяшалася, раз і назаўсёды акрэсліўшы галоўную каштоўнасць — радасць самога жыцця. Пакаленне (а можа, і не адно) жыло (ці жыве), вымяраючы ўсе з'явы рэчаіснасці праз тыя выпрабаванні. Лучанок з таго пакалення, якое апявала мір. І з гэтага пасляваеннага міру родам яго творчая слава. З песні "Памяць сэрца", якая прынесла перамогу на Усесаюзным конкурсе — спеваку Віктару Вуячычу і аўтару Ігару Лучанку. Песень пра вайну з'яўлялася тады шмат. Але песні пра вайну беларускага паходжання былі адметныя асаблівым патрыятызмам, які вельмі клаўся на той час: у іх быў пафас, які сведчыў пра справядлівасць перамогі. І калі сёння, напрыклад, паслухаць лучанкоўскую "Если бы камни могли говорить", то пачуць у ёй і цяпер можна не толькі словы, але і пачуцці, якімі песня павінна была зараджаць людзей. Самае галоўнае з іх — вера ў справядлівасць таго, што адбылося і што адбываецца. З гэтай верай і ствараў Лучанок, і не толькі песні, але і больш буйныя творы — такія, як вакальна-сімфанічная паэма "Вайна не патрэбна". Людзі, якія тады працавалі ў гэтым рэчышчы, нібыта кожным разам адчувалі сябе пераможцамі. Кожны твор, які быў прыняты і загучаў на абшарах вялікай краіны, быў, па сутнасці, персанальнай перамогай для аўтараў: канкурэнцыя была высокая. Вытрымлівалі яе, можа быць, тыя, для каго думкі і ідэі былі насамрэч не чужыя. У гэтым сэнсе ў Ігара Лучанка песні былі сапраўды

Ідэйныя

І ад гэтага ён не адмаўляецца. Ніколі не адмаўляўся. Лучанок з тых людзей, для якіх словы "партыя" і "Ленін" былі не проста патрэбнымі сімваламі для адлюстравання. Так, у той час былі частка камуністаў, якія не столькі служылі ідэалам, колькі імкнуліся добра ўладкавацца ў жыцці ці кар'еры (і гэты фальш спараджаў пэўныя адносіны ў грамадстве, дзе не было руху наперад). Але былі іншыя. Былі ідэйныя рамантыкі. Якія верылі ў шчырасць ідэалаў і, адпаведна, шчыра іх прасоўвалі. Вось яны і сёння не баяцца сказаць пра сваю партыйную прыналежнасць і вернасць ідэалам. Лучанок не баіцца і гаворыць, нягледзячы на тое, што той час прайшоў. Таму і з творчасці сваёй не выкрэслівае нічога. Ні песню пра Леніна, ні баладу, прысвечаную камуністам, ні "Комсомольскую юность". І з гонарам распавядае пра тое, што ў той час рабіў свой творчы ўнёсак у прасоўванне ідэй рэвалюцыйнага пераўтварэння ў іншым свеце. Там былі свае героі. Героі яго песень. Ён напісаў "Баладу аб Чэ Гевары", і "Расстраляную песню" ў памяць пра чылійскага паэта і камуніста Віктара Хары, які быў пакараны дыктатарам Піначэтам. У гэтых песень быў свой час, але цяпер яны не гучаць: героі іншыя. Акцэнты змясціліся, памкненні людзей. Каго цяпер прыцягнеш пераўтваральнай рамантыкай невядома куды ехаць будаваць БАМ таму, што гэта вельмі патрэбна Вялікай Радзіме? А Лучанок ездзіў, бачыў, быў сведкам, пісаў з верай у чалавечую сілу — "Брыганціны". Былі ж часы... Цяпер вялікія літары змяніліся на малыя ў абодвух словах "вялікая радзіма". Але ад гэтага ў іх не стала менш напаўнення. Таму што веліч можа быць і ў малым. А радзіма грэе незалежна ад велічыні. І гэта Лучанок разумеў. І тут быў шчыры (!): калі пісаў песні на беларускую тэму і пра Беларусь. І гэтыя песні ў яго творчасці напоўнены дзіўнай душэўнасцю і пранікнёнасцю.

Лірычныя

Гэта песні, па якіх яго пазнаюць і цяпер, хоць прайшлі дзесяцігоддзі з моманту іх з'яўлення. Гэта песні на беларускай мове, але па іх ведаюць Лучанка далёка за межамі Беларусі, як ні дзіўна. За іх яго любяць. Гэта нібыта яго паралельнае жыццё, калі ён проста чалавек. Так, і ў тым патрыятычна-ідэйным ён быў сабой, але ў большай ступені для іншых — што было заўважана і адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР і прэміяй Ленінскага камсамола. А вось тут ён быў у большай ступені для сябе і для творчасці. А гэта, як ні дзіўна, нашмат больш дае іншым.

Яно дае гармонію. Яна нараджаецца тады, калі словы сустракаюцца з найбольш адпаведнай ім мелодыяй. Дзіўнае адчуванне таго, што Купала, можа быць, адчуваў нейкую такую мелодыю, калі пісаў сваю "Спадчыну". Ці ў Коласа падобныя гукі нарадзілі словы "Мой родны кут, як ты мне мілы..." Але тут яшчэ дадаліся і выканаўцы. Магутныя выканаўцы "Песняры" — і вось тады не малую ролю адыграў іх час. Іх час, калі ў песні цанілася прыгажосць і арыгінальнасць, якую мала хто мог прапанаваць. Адной з такіх "песняроўскіх" адметнасцяў, як ні дзіўна, была беларуская мова, якая, дарэчы, у нейкі момант стала моднай у СССР дзякуючы гурту з Беларусі. Натуральна, і таму, што было што спяваць тады. Супрацоўніцтва з Ігарам Лучанком дало безліч выдатных твораў, якія для свайго часу былі наватарскімі. Напрыклад, кантата Лучанка "Курган" на словы Янкі Купалы ў выкананні "Песняроў" ператварылася ў паэму-легенду "Гусляр": мала такіх твораў тады выконвалі папулярныя калектывы! Але з тых зорных "песняроўскіх" песень ёсць такія, што спявай у ХХІ стагоддзі — і атрымаеш удзячнага слухача. Цяпер можна спяваць "Алесю" на словы Куляшова. Можна спяваць "Вераніку" (верш Багдановіча). І калі іх пачуць раз, то другі захочацца спяваць разам з тым, хто спявае. А потым іх мелодыі ўвойдуць у свядомасць як узоры самых прыгожых песенных твораў Беларусі. Незалежна ад часу. І незалежна ад таго, хто іх выконвае. Таму што былі цудоўныя песні Лучанка і ў "Сяброў", і ў "Верасоў", і ў Яраслава Еўдакімава. Песні, якія дапамагалі артыстам быць заўважанымі. Але не толькі артыстам. Таму што час Лучанка — гэта яшчэ і час аўтараў, імёны якіх запаміналіся. Аўтары выдатных песень не менш шанаваліся ў грамадстве, чым аўтары буйных музычных формаў. Аднак Ігар Лучанок умеў і гэта: усё-такі ён быў вучнем Анатоля Багатырова — аднаго з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай кампазітарскай школы. А пасля ў Санкт-Пецярбургу і Маскве Лучанок удасканальваў сваё майстэрства. Ён пісаў творы для сімфанічнага аркестра, кантаты, санаты, канцэрты. Але здолеў паказаць, што песня можа быць мастацтвам, як бы гэта высока і пафасна ні гучала.

Калі гаварыць пра Ігара Лучанка, то без пафасу наогул не атрымліваецца. З аднаго боку, пафас быў уласцівы той эпосе, якая яго спарадзіла як творцу. З другога боку, ён гэтую эпоху агучваў. А з трэцяга — як бы ён і сёння ні вяртаўся ва ўспамінах да пафасу савецкіх часоў, той часткай сваёй творчасці, якая была, па сутнасці, беларускай, ён адкрываў шлях да Беларусі.

Народныя

Не дзіва, што многія яго песні часам хочацца назваць народнымі: яны пайшлі ў народ. Ці напісаныя на народныя словы (як "Дударыкі"). Ці скіраваныя да яго нібыта малітва (як "Аvе Mаrіа"). Песні прынеслі яму народную любоў — за што і званні народнага артыста БССР і народнага артыста СССР. Народны — гэта яшчэ і просты. Што да Ігара Лучанка, то, як і любы творца, ён чалавек складаны і, можа, нават парадаксальны, але пры гэтым па-чалавечы вельмі просты.

Час Лучанка яшчэ не прайшоў. У яго ёсць прыхільнікі і слухачы як тут, так і за межамі Беларусі. Ёсць аднадумцы. Ёсць прыхільнікі таго часу і ідэй. І хоць кампазітар Лучанок актыўна ствараў у часы СССР, але найбольш адметная яго праца (і застаецца актуальнай), якая створана дзеля Беларусі. Таму сярод узнагарод Ігара Міхайлавіча асаблівая — ордэн Францыска Скарыны (чалавека, імя якога захавалі стагоддзі). І тут ёсць доля пафасу (небеспадстаўнага): частка яго песень будзе гучаць, пакуль існуе Беларусь і беларуская мова. Прынамсі, у Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.