Вы тут

Дзеці і водпуск — рэчы несумяшчальныя?


Адпачынак з дзецьмі не заўсёды праходзіць гладка. Як не сапсаваць яго сабе і навакольным?

Варыянт першы: свае ўласныя

Праяўляць вынаходлівасць і цвёрдасць

Гэта найбольш лёгкі варыянт з усіх магчымых. Чаму? Саўладаць са сваім нашчадкам прасцей, чым з чужымі дзецьмі. Акрамя таго, вы ж самі вырашалі, браць дзіця ў паездку ці не... Ні для каго не сакрэт: адпачынак з усімі дамачадцамі хоць і лічыцца карысным, расслабіцца бацькам у такіх умовах не ўдаецца. Што рабіць? Калі выбар усё ж зроблены на карысць нашчадкаў, скарыстайцеся парадамі і гарантавана атрымаеце асалоду ад курортнага жыцця... хаця б крыху.

Загадзя абмяркуйце з дзіцем правілы. Можна нават сказаць: "Ты паедзеш з намі, толькі калі будзеш паслухмяным — у абед у нас ціхі час, а вечарам ты кладзешся спаць у 21.00. І без слёз, як дарослы. Дамовіліся?". Галоўнае — з першага ж дня строга прытрымлівацца гэтай схемы, не робячы ніякіх патуранняў.

Бярыце з сабой шмат гульняў, альбомаў, кніг, каб заняць яго рознымі цікавымі рэчамі ў вольны час. Часта слёзы і ныццё — ад суму.

Бачыце, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю і малы "зрываецца з катушак"? Спыняйце. Цвёрда, без істэрык. Дарэчы, пасля гэтага важна "вытрымаць характар" хаця б паўгадзіны-гадзіну. Бессэнсоўна лаяць дзіця — і адразу ж купляць яму марозіва.

Варыянт другі: дочкі і сыночкі сяброў

Трымаць некаторую дыстанцыю

Знаёмая сітуацыя: прагнеш паўнацэннага адпачынку, але па самых розных прычынах прыходзіцца ехаць у водпуск з сябрамі, у якіх малыя? І вось апошнія стаяць на галаве, а табе нават нельга павысіць голас — не "свае" ж... Хаця, былі б свае, ужо даўно можна было б паставіць на месца! Як выйсці з падобнай сітуацыі?

Да паездкі агаварыць усе дэталі і забяспечыць сабе камфорт. Напрыклад, калі вы будзеце знімаць домік каля мора, дамоўцеся з сябрамі, што ў вас будзе асобны пакой. Інакш ёсць вялікі шанц быць "закупоранымі" ў адно памяшканне з малымі. Асабліва, калі вы без пары.

З самага пачатку старайцеся выбудаваць у адносінах з дзецьмі сяброў нейкі бар'ер. Гэта не значыць, што не трэба з імі кантактаваць. Проста не дазваляйце садзіцца на шыю і не паказвайце прыяцельскіх адносін: "Давай сходзім у магазін", "Ідзі, паглядзім разам фільм", "Запляці мне касічку" і г.д. Паверце, такое сяброўства можа выйсці бокам.

Варыянт трэці: чужыя

Кантактаваць на роўных

У самалёце, атэлі і на пляжы... чыесьці дзеці крычаць і дурэюць, а іх бацькі не звяртаюць на гэта ўвагі. Што рабіць? Нармальнаму чалавеку цярпець гэта немагчыма! Вось некаторыя рэкамендацыі псіхолагаў.

Самы просты, хоць і ненадзейны спосаб штосьці змяніць — звярнуцца непасрэдна да дзіцяці. Толькі не са строгім тварам: "Хлопчык, перастань дурэць!". На жаль, многіх свавольнікаў гэтыя словы толькі разахвоцяць. Лепш зрабіць цалкам спакойны твар і ціха папрасіць: "Малады чалавек, у мяне моцна разбалелася галава — гуляйце крыху цішэй". Калі з дзецьмі размаўляюць на роўных, яны рэагуюць хутчэй.

Калі дзеці зусім буйныя, можна пагаварыць з іх бацькамі. Але зноў жа не варта гэта рабіць у загаднай або здзеклівай форме: "Няхай ваш сын...". Гэта толькі выкліча агрэсію. Лепш скажыце: "Будзьце так ласкавы, папрасіце сыночка...".

І галоўнае, калі шукаеце цішыні, адразу ж выбірайце атэль "без дзяцей". Такія сёння існуюць.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.