28 верасня, панядзелак

Вы тут

У Моталі было смачна!


Брэндавы ізраільскі кухар упадабаў беларускія дранікі

Моталь у шосты раз стаў месцам міжнароднага кулінарнага фестывалю. У суботу зранку ў мястэчка збіраліся шматлікія госці. Большасць з іх старалася паспець у Спаса-Праабражэнскую царкву на святочную службу, прысвечаную 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Адтуль удзельнікі літургіі прайшлі на цэнтральную плошчу, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Прысутных блаславіў епіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфаній.

Сёлета фэст асаблівы акцэнт зрабіў на гісторыю краю. У будынку пошты адкрылі філіял археалогіі Мотальскага музея народнай творчасці. Новы музей атрымаў назву "Нашы карані". Як расказала загадчыца філіяла Алена Заляшчук, збіраць экспанаты для новай экспазіцыі пачалі гадоў дваццаць таму. Цікавыя шыльды, камяні, памятныя дошкі, дакументы прыносілі мясцовыя жыхары, школьнікі. Цяпер гэты матэрыял, апрацаваны спецыялістамі, утварыў цікавы зрэз старонак гісторыі краю.

Чым-чым, а гісторыяй амаль 600-гадовы Моталь багаты. Некалі яму паспрыяла славутая Бона Сфорца, каралева польская, вялікая княгіня літоўская. Спадабаліся ёй мясціны, а таксама працавітыя людзі. Вось і ўзвяла прыгожая італьянка адну са сваіх рэзідэнцый у Моталі. Атрымала мястэчка магдэбургскае права ў 1555 годзе, нават раней, чым павятовы Пінск.

Пацягнуліся сюды гандляры, рамеснікі. Слава пра мотальскія кірмашы пакацілася далёка за межы Палесся.

І самае каштоўнае, што многія рамёствы, звычкі, традыцыі Моталь сумеў захаваць, лічы, да нашых дзён. Адна жанчына згадала, як у савецкія часы яна, вучаніца дзявятага класа, мінчанка, прыязджала ў Моталь шыць кажух. Сапраўды так. Калі дублёнкі былі вялікім дэфіцытам ва ўсёй краіне, у Моталі іх шылі многія гаспадары і тым нядрэнна зараблялі.

У Моталі нарадзіўся і вырас выдатны вучоны-хімік, першы прэзідэнт дзяржавы Ізраіль Хаім Вейцман. Варта адзначыць, што да 1941 года ў мястэчку жыло многа яўрэяў. І цяпер амаль на кожным фэсце бываюць госці з Ізраіля. А ўдзельнікі фестывалю праяўляюць цікавасць да традыцыйнай яўрэйскай кухні, стравы з якой некалі гатавалі ў гэтых мясцінах. Сёлета кулінарнае свята наведаў гаспадар і шэф-кухар старэйшага ізраільскага рэстарана ўсходнееўрапейскай кухні ў Тэль-Авіве Замі Шрайбер. На яго майстар-клас у сталовую мясцовай школы сабралася шмат гледачоў. Спадар Шрайбер прыгатаваў больш за дзясятак страў усходнееўрапейскай яўрэйскай кухні і шчодра частаваў ахвотных. Баклажаны з часнаком, пячонка, фаршыраваная рыба — усё гэта літаральна раставала ў роце. Калега (бо ўсё пакаштаваць было немагчыма) ацаніў салату з яек, маянэз для якой кухар гатуе сам.

Замі Шрайбер сказаў журналістам, што яму было цікава наведаць беларускую глыбінку як першакрыніцу той самай усходнееўрапейскай кухні. Рэцэпты страў, якія падаюць у адным са знакамітых рэстаранаў Тэль-Авіва, прыйшлі ў Ізраіль адсюль таксама.

— А сёння на снеданне я ўпершыню ў жыцці еў беларускія дранікі. Яны мне спадабаліся. Магчыма, я ўключу іх у меню свайго рэстарана, — заўважыў адзін з брэндавых ізраільскіх кулінараў.

На свяце прайшлі і майстар-класы беларускай кухні. Аляксандр Чыкілеўскі, шэф-кухар сеткі рэстаранаў таварыства "Піўны рад", вядучы праграмы "Справа густу", вучыў гатаваць нашы традыцыйныя стравы. Вядома, гледачы цікавіліся верашчакай. Яе, аказваецца, падавалі яшчэ пры двары Аўгуста ІІІ, а таксама Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Напрыклад, для сапраўднай верашчакі каўбаскі варацца ў піве. Ёсць яшчэ шмат нюансаў прыгатавання гэтай смачнай ежы. Цяпер на гэту тэму выдадзены брашуры, ёсць інфармацыя на сайтах, якую прапагандуе "Суполка кухараў" — грамадскае аб'яднанне, што імкнецца прывіваць культуру ежы і цікавасць да гісторыі айчыннай кухні.

Як заўсёды, на "Мотальскіх прысмаках" вабілі багатыя падворкі сельсаветаў, на якія руплівыя гаспадыні прывезлі ўсё самае смачнае і адметнае са сваіх вёсак. Каля палатак фермерскай гаспадаркі Андрэя Мінюка, вытворчага кааператыва "Моталь" Мікалая Шыкалая зранку стаялі чэргі. Бо дзе яшчэ можна купіць такія прыгожыя і натуральныя мясныя вырабы, апетытныя каўбасы! Паводле традыцыі, дастойна выглядала са сваёй прадукцыяй "Агра-Моталь" — адно з самых моцных сельгаспрадпрыемстваў на Брэстчыне.

Спяваў-гуляў Моталь да позняга вечара. Не дзіва, што дасціпныя работнікі культуры ледзь не ў кожную канцэртную праграму любяць устаўляць фірменную мотальскую смяшынку: " — Якое Іванава? Тое, што каля Масквы? — Не тое, што каля Моталя". Сапраўды, Моталь на гэты час становіцца сталіцай Іванаўскага раёна, бо ў самім Іванаве рэдка бывае столькі гасцей адразу, якім абавязкова кажуць: "Чакаем праз год".

Ва ўрачыстых абставінах падчас міжнароднага фестывалю намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі пасольства Ізраіля ў Беларусі Ганна Бен-Эзра ўручыла рэпрынтнае выданне аўтабіяграфію Хаіма Вейцмана "У пошуках шляху" (Trіаl аnd Еrrоr) Сяргею Мусіенку.

Гэтая кніга ўпершыню была выдадзена на англійскай мове ў 1949 годзе, а пасля перакладзена на многія мовы свету, вытрымала шмат перавыданняў.

У пачатку кнігі напісана працытаванае вышэй прысвячэнне музейнаму комплексу "Дом Першага Прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Хаіма Вейцмана ў Моталі".

Сяргей Мусіенка — не толькі вядомы беларускі палітолаг, але і стваральнік Дома-музея Хаіма Вейцмана — у сапраўдным сямейным доме Вейцманаў у мястэчку Моталь Брэсцкай вобласці, дзе прайшло дзяцінства будучага першага прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.