Вы тут

Замест пральні-аўтамата — драўляная жлукта


Як мылі бялізну нашы продкі, раскажуць у музеі

Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей, бадай, самы малады сярод аналагічных устаноў краіны. З'явіўся ён у 1992 годзе і знаходзіцца ў двухпавярховым будынку разам з раённай бібліятэкай. Можна з упэўненасцю сказаць, што і само збудаванне мае гістарычную каштоўнасць: яму ўжо больш за сто гадоў і якраз тут была абвешчана савецкая ўлада на Ігуменшчыне (тады Чэрвень называўся яшчэ Ігуменам).

1376404790579_13-18

— Першым дырэктарам музея стаў Анатоль Сцяпанавіч Фурык, навуковым супрацоўнікам — Вячаслаў Бярнардавіч Мысліцкі, наглядчыкам — Ніна Мікалаеўна Ледар, захавальнікам фондаў — Ірына Мікалаеўна Кішко. У падрыхтоўчай рабоце па зборы экспанатаў удзельнічалі работнікі культуры ўсяго раёна, але менавіта на невялікі калектыў музея лягла асноўная нагрузка па стварэнні экспазіцыі і фонду, — распавяла дырэктар музея Алена ЗАБАРОНАК. — З верасня 1992 года па жнівень 2004-га музей узначальвала Ганна Міхайлаўна Аўласенка. Гісторык па адукацыі, яна наладзіла сяброўскія сувязі з многімі вядомымі ўраджэнцамі раёна. У музеі праводзілася шмат цікавых і змястоўных мерапрыемстваў. Шмат яна папрацавала і па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі "Памяць. Чэрвеньскі раён"

, якая выйшла ў 2000 годзе. Дзякуючы ёй, шмат якія навуковыя супрацоўнікі авалодалі асаблівасцямі музейнай справы. Набывала ў той час вопыт і я.

Нягледзячы на малады ўзрост, музей сабраў значную калекцыю: звыш 8,5 тысячы асноўнага і 2,5 тыс. прадметаў навукова-дапаможнага фондаў. Штогод тут арганізуецца па 10-12 разнапланавых выстаў, а колькасць наведвальнікаў дасягае 7-10 тысяч. І як вынік, добры прыбытак ад аказання паслуг.

Але галоўнае для калектыву сёння, як і дваццаць гадоў таму, — збор і захаванне матэрыяльнай спадчыны, вывучэнне і прапаганда гісторыі і культуры рэгіёна, праца з наведвальнікамі. Пры музеі створаны краязнаўчы клуб "Бонда". У ім — дзве секцыі. У першай, якую ўзначальвае навуковы супрацоўнік Станіслава Баркоўская, удзельнічаюць людзі сярэдняга і сталага ўзросту. Інтэлектуальная моладзевая секцыя працуе пад кіраўніцтвам Ірыны Вабішчэвіч.

Удзельнікі клуба шмат падарожнічаюць па знакамітых мясцінах. І з кожнай паездкі прывозяць не толькі ўражанні, але і новы матэрыял. На Чэрвеньшчыне, дарэчы, 23 аб'екты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. "Напрыклад, у Смілавічах захаваліся рэшткі сядзібна-паркавага комплексу, які калісьці належаў Манюшкам і Ваньковічам. Па дарозе туды наведваем помнікі археалогіі — у прыватнасці, камень-следавік, — гаворыць Алена Забаронак. — Экскурсіі замаўляюць і ўстановы, і школы. Але калі ў іх няма транспарту, то мы самі дастаўляем экспазіцыі на месца: аўтобус прадастаўляе аддзел культуры райвыканкама".

Апошнім часам музейныя работнікі прапаноўваюць наведвальнікам новыя формы работы — інтэрактыўныя і перасоўныя выставы, мультымедыйныя прэзентацыі. У Дзень музеяў, напрыклад, зладзілі маляўнічае дзейства на пляцоўцы перад музеем, дзе паказалі працэс мыцця бялізны нашымі продкамі з дапамогай драўлянай жлукты (бочкі). Раней у ёй выварвалі бялізну, кідаючы ў ваду нагрэтыя ў печцы камяні, з выкарыстаннем попелу ў якасці мыйнага сродку. Акрамя таго, наведвальнікаў частавалі гарбатай, заваранай на духмяных зёлках. Звычайна абрадавыя, побытавыя прэзентацыі з мінулага прымяркоўваюцца да розных свят — напрыклад, Вялікадня, Купалля. Ладзяцца і персанальныя выставы пісьменнікаў, паэтаў. Плённа супрацоўнічае раённы музей і з многімі музеямі краіны. У прыватнасці, гісторыі беларускай літаратуры, Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выставы з іх фондаў рэгулярна прапаноўваюцца ўвазе наведвальнікаў.

— Распрацоўваем вельмі шмат праектаў. Напрыклад, усе ведалі, што падчас фашысцкай акупацыі ў Чэрвені існавала яўрэйскае гета, дзе загінулі 2000 вязняў. Але вельмі доўга гэты факт не быў пацверджаны дакументальна. Навуковы супрацоўнік Ірына Вабішчэвіч вельмі актыўна ўзялася за распрацоўку гэтай тэмы і адшукала шмат матэрыялаў. Паводле іх мы выдалі буклет "Месца смуткуе па страчаных дзецях сваіх", які прэзентавалі на першым музейным форуме ў Гродне, — зазначыла Алена Забаронак. — Працуем і над папаўненнем экспанатаў, шукаем прадметы рознымі шляхамі. Па суботах ладзім экспедыцыі ў раён: у многіх сем'ях захоўваецца шмат побытавых прадметаў даўніны. Здараецца, што і самі людзі прыносяць прадметы, сярод якіх сустракаюцца даволі цікавыя і ўнікальныя: іконы, манеты, кнігі. На закупку такіх прадметаў выдзяляюцца бюджэтныя сродкі. На гэтыя мэты ідзе і прыбытак ад платных паслуг.

— І якія экспанаты самыя цікавыя і дарагія для супрацоўнікаў? — імкнуся даведацца ў суразмоўцы.

— Усе без выключэння, бо гэта наша гісторыя. Тым не менш ёсць найбольш каштоўныя. Зараз у рэспубліцы ствараецца Дзяржаўны каталог музейнага фонду, куды мы перадалі 25 прадметаў, у тым ліку16 — сёлета. Гэта работы з дрэва ў выкананні мясцовага разьбяра, члена Саюза майстроў Беларусі Мікалая Няхая. Усе яны зарэгістраваны.

Сапраўды, супрацоўнікам музея ёсць што паказаць прыхільнікам мастацтва, археалогіі, даўніны, але, на жаль, няма такіх магчымасцяў: маленькае памяшканне не адпавядае, так бы мовіць, ні "прасторавым" нормам, ні тэмпературнаму рэжыму. А тым часам на балансе музея больш за 8 тыс. адзінак захоўвання, колькасць фонду дазваляе стварыць яшчэ нейкую цікавую экспазіцыю. Новага памяшкання для музея пакуль не абяцаюць: гарадок невялікі, вольных плошчаў няма. Разам з тым, сёлета музею плануецца перадаць у якасці філіяла дом фальклору ў вёсцы Іванічы. Мяркуецца, што там размесціцца новая экспазіцыя. Пакуль яе назва і канцэпцыя вызначаюцца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,

Чэрвеньскі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.