Вы тут

Славісты свету збяруцца ў Мінску


20 — 27 жніўня ў Мінску пройдзе ХV Міжнародны з'езд славістаў. Ён праводзіцца раз у пяць гадоў у розных славянскіх краінах, і сёлета менавіта наша сталіца прымае гасцей. Традыцыйна, да мовы, культуры, фальклору краіны, у якой праводзіцца з'езд, звернута асаблівая ўвага ў дакладах замежных навукоўцаў. Таксама яны маюць магчымасць непасрэднага знаёмства з народам і яго культурай.

Рашэнне аб правядзенні ХV Міжнароднага з'езда славістаў у Мінску прынята ў 2008 годзе ў Охрыдзе (Рэспубліка Македонія) падчас правядзення папярэдняга форуму. Дарэчы, тэматыка выпрацоўваецца перад з'ездам за некалькі гадоў. Сёлета будзе ўзнята шмат тэм, прысвечаных гісторыі і культуры Беларусі, пачынаючы ад мовы першага статута ВКЛ і Бібліі Скарыны і заканчваючы праблемамі беларускай трасянкі.

Рабочыя мовы з'езда — гэта ўсе славянскія мовы. Таму кожны навуковец, выступаючы на сваёй мове, усе іншыя мовы таксама павінен разумець. Многія нашы выступоўцы будуць карыстацца менавіта беларускай, што паспрыяе яе больш шырокаму распаўсюджванню ў міжнародным навуковым асяродку.

Беларускія навукоўцы ўдзельнічаюць у Міжнародным з'ездзе славістаў з самага яго пачатку — з 1920-х гадоў, таму маюць добры вопыт і высокі ўзровень падрыхтаванасці. Дарэчы, правядзенне такога з'езда — таксама сведчанне прызнання развіцця нашай славістыкі.

Беларускі камітэт славістыкі працуе на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аднак важна, што нашу краіну будуць прадстаўляць не толькі акадэмікі, але і навукоўцы з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і амаль усіх іншых універсітэтаў краіны.

Старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў Аляксандр Лукашанец пракаментаваў адну з актуальных у нашым грамадстве тэм, якая будзе актыўна асвятляцца таксама і на з'ездзе, — беларускую трасянку:

— Трасянка — гэта не выключна беларуская з'ява. Яна існуе ўсюды, дзе суіснуюць розныя мовы. Гэта праблема — звычайная з'ява ў двухмоўных і шматмоўных грамадствах. Можна прыгадаць літоўскую мову і яе дыялекты, украінскую, таксама мову памежжа Польшчы і Германіі — гэта таксама адлюстравана ў дакладах сёлетняга з'езда.

Дарэчы, беларусістыка вывучаецца ў шэрагу вышэйшых навучальных устаноў розных краін, сярод якіх Японія, Славакія, Польшча, Сербія. А ў Маскве нават быў выдадзены падручнік беларускай мовы для краін СНД. Аляксандр Лукашанец упэўнены, што беларускамоўная кампетэнцыя цяпер даволі высокая, аднак не хапае нацыянальнага моўнага асяродку і звычкі гаварыць па-беларуску.

Намеснік старшыні Міжнароднага камітэта славістаў, галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Генадзь Цыхун патлумачыў, чаму славянскія краіны часта нават супернічаюць за права правядзення з'езда:

— З'езд славістаў — з'ява даволі рэдкая. І кожнай краі-
не хацелася б паказаць сваю кампетэнцыю ў гэтай галіне і атрымаць стымул для далейшага яе развіцця і распаўсюджвання ў грамадстве. Мерапрыемства выклікае цікавасць розных краін да мовы, культуры народа, які прымае з'езд. Гэта своеасаблівая прапаганда ўсяго беларускага. Кругагляд славістаў пашыраецца, бо яны сустракаюцца з народам, яго мовай, культурай, фальклорам.

Дарэчы, беларускі фальклор звярнуў на сябе асаблівую ўвагу даследчыкаў, бо ў многіх краінах ён папросту не захаваўся, а ў Беларусі існуе ў аўтэнтычным выглядзе.

Сярод айчынных дакладчыкаў можна адзначыць Міхася Тарэлку, які будзе расказваць пра кітабістыку — навуку пра пісьмовыя помнікі беларускіх татараў, якія напісаны арабскай вяззю, але адлюстроўваюць жывую беларускую гаворку, бо татарская мова ў нас была страчана. Эльжбета Смулкова з Польшчы раскажа пра гаворкі памежжа. Прыедзе і вядомы англійскі даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін.

ХV Міжнародны з'езд славістаў адкрыты для свабоднага наведвання.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?