Вы тут

УВАГА, СЭР!


Калі гавару, што люблю чытаць дэтэктывы, людзі здзіўляюцца: хіба дэтэктыў не для хатніх гаспадынь? Аднак, як высвятляецца, захапленне дэтэктывам сярод прафесійных крытыкаў — з'ява звычайная. І ў гэтым лёгка пераканацца, калі паглядзець на імёны тых, хто перакладаў тэксты для зборніка дэтэктыўнага апавядання "Злачынства, сэр!", які пабачыў свет у сярэдзіне гэтага лета. Такая вялікая канцэнтрацыя крытыкаў у ролі перакладчыкаў ставіць рэцэнзента ў цяжкае становішча: ну як крытыкаваць калег?!

Паколькі зборнік складаецца з дзвюх частак і дадатка (а таксама прадмовы, каментарыя і біяграфічнага паказальніка), можна было б паразважаць, чым "Зладзейства, сэр!" і "Бясчынства, сэр!" — адпаведна, так называюцца часткі — адрозніваюцца між сабой.

А можна проста канстатаваць, што задавальненне ад традыцыйнага дэтэктыва зусім іншае, чым ад іранічных, парадыйных ці нават гратэскных тэкстаў, якія і сталі зместам другой часткі. Як на мой прыватны погляд, сумнеўна змешваць задавальненні рознага характару, але гэта справа густу.

Кніга змяшчае як класічныя творы, добра вядомыя не толькі аматарам літаратуры (апавяданні Гілберта Кіта Чэстэртона, Эрнэста Тэадора Амадэя Гофмана, Эдгара Алана По, Карэла Чапэка, Аркадзя Аверчанкі

і інш.), так і тэксты практычна не знаёмых беларускаму чытачу аўтараў (Даніэла Капітанява, Брэт Гарт, Рэкс Стаўт). Імёны Стывена Ван Дайна і Роланда Нокса відавочна павінны быць знаёмыя не толькі чытачам, але ў першую чаргу даследчыкам гэтага літаратурнага жанру і пісьменнікам, якія сябе ў ім спрабуюць, бо гэтыя два тэарэтыкі міла і густоўна высмеялі ўсе клішэ дэтэктыва, нават тыя, пра якія звычайны чытач нават не задумваўся б.

Паколькі зборнік "Злачынства, сэр!" складаецца з твораў перакладных, то было б лагічна паразважаць над якасцю перакладаў. Але каб правесці якаснае параўнанне перастварэнняў з арыгіналамі, рэцэнзент павінен быў бы ведаць як мінімум восем моў (нямецкую, англійскую, славацкую, французскую, польскую і інш.), што тэарэтычна цалкам магчыма. Аднак, хутчэй за ўсё, гэта будзе не вельмі цікава патэнцыйнаму пакупніку, які заўсёды чакае вердыкту — каму і навошта адрасаваная гэтая кніга і ці варта яе чытаць?

Таму абмяжуюся кароткім удакладненнем — пераклады вельмі рознай якасці: адны перакладзены на бліскучую беларускую (асабліва адзначу "Забойства ў Жлуктаве", пераклад Сяргея Сматрычэнкі), у другіх хапае русізмаў (што і зразумела, бо пераклады рабіліся з гэтай мовы). Аднак тут хочацца зрабіць невялічкае адступленне... І нагадаць усім, хто спрычыніўся да гэтага цікавага праекта, што ўсё ж пераклад твораў дынамічных жанраў (дэтэктыў, экшн, фантастыка) не заўсёды патрабуе мудрагелістай — няхай сабе і выдатнай — мастацкай мовы. Бо такія ўжо людзі гэтыя, аматары дэтэктываў — яны пільна сочаць за сюжэтам, глытаючы старонку за старонкай. І, іншым разам, складаныя сказы іх могуць вельмі раздражніць. Таму, як гэта ні парадаксальна, найбольш цікавай і чытабельнай падалася "Цана любові" Даніэля Клугера (у перакладзе Уладзя Лянкевіча), якая нават пры некаторых хібах чыталася на адным дыханні. А менавіта гэтага і чакае звычайны чытач ад дэтэктыўнага апавядання.

Хоць зноў жа, на мой літаратуразнаўчы погляд, далёка не ўсе творы ў кнізе можна далучыць да жанру апавядання. Прынамсі, не кожны беларускі чытач зразумее, што тэкст у сто старонак можна назваць апавяданнем, бо як ні круці, а школа вучыць, што пад гэтым словам усё ж разумеюць кароткую форму мастацкай прозы. Можа, для кагосьці гэта і неістотна, але, як адзначана ў самой кнізе, аматары дэтэктыва — людзі злыя, уважлівыя і самі схільныя да гвалту. І яны вельмі не любяць, калі іх дураць (глядзі "Дзесяць запаветаў дэтэктыўнай літаратуры" і "Дваццаць правілаў дэтэктыўшчыка" ў перакладзе Юлі Цімафеевай). Таму калі напісана на вокладцы "зборнік дэтэктыўнага апавядання", то лепш усё ж змясціць пад ёю сапраўды дэтэктыўныя апавяданні. А то раптам які чытач, падобна спадарыні С. з апавядання Вольгі Такарчук "Прачынайся, ты забіты" вырашыць помсціць за тое, што сюжэт развіваецца не так дынамічна, як ён чакае?

Аматары дэтэктыва — людзі, якія заўважаюць усе дэталі. Таму, калі на карэньчыку цікавай стыльнай вокладкі стаіць рымская лічба "І", то яны мяркуюць, што гэтаму ёсць тлумачэнне. Але што азначае гэтая лічба і нашто яе паставілі на карэньчык кнігі, так і застаецца загадкай. Як і сказ у анатацыі: "Амаль усе апавяданні ў зборніку друкуюцца ўпершыню". Бо дастаткова ж зазірнуць у змест, каб зразумець, што гаворка ідзе пра тое, што ўпершыню яны друкуюцца на беларускай мове.

Наогул, у кнізе "Злачынства, сэр!" шмат цьмяных месцаў, якія іншым разам патрабуюць дэшыфроўкі. Напрыклад, ужо на першай старонцы сутыкаешся з наступным выказваннем: "А між іншым, гэты дамастрой дэтэктыва цікавы менавіта з часавай адлегласці. "А як яны там жылі, бедныя?" — спытае распешчаны чытач. І задумаецца. Сапраўды, як жыць у свеце, дзе апавядальнік або дэтэктыў не можа аказацца злачынцам, а кітайцы ўвогуле забаронены?"

Шчыра кажучы, я таксама распешчаны чытач, я не хачу разгадваць галаваломкі! Хоць трэба быць справядлівай, працытаваныя вышэй словы з прадмовы Кацярыны Маціеўскай пасля прачытання ўсёй кнігі становяцца больш-менш зразумелымі. Аднак жа трэба яшчэ дайсці да той апошняй старонкі...

Усе гэтыя заўвагі зроблены не для таго, каб пакрытыкаваць аўтараў, перакладчыкаў, крэатараў гэтага неардынарнага, практычна адукацыйнага праекта, а для таго каб папярэдзіць чытачоў — што варта, а што не варта чакаць ад гэтай кнігі. Безумоўна, хатняя гаспадыня, якая яе будзе гартаць, хутчэй за ўсё збянтэжыцца з прычыны відавочнай "непапсовасці" выдання. А вось студэнт, выкладчык, крытык і літаратуразнаўца (асабліва філалагічных факультэтаў) адчуюць асалоду, бо кніга адрасавана менавіта ім — разумным, дасведчаным знаўцам сваёй і чужой літаратуры, якія ўмеюць смяяцца нават са злачынства. Калі вы адносіце сябе да падрыхтаваных чытачоў з высокім ІQ, то гэтая кніга для вас.

Ганна КІСЛІЦЫНА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».