Вы тут

Адчуй, што значыць стварыць сваю калекцыю


У часы, калі яшчэ не было мабільных тэлефонаў, камп'ютараў і інтэрнэту, калекцыянаванне было масавым заняткам. Тады рэдка можна было знайсці школьніка, які б нічога не збіраў, — настолькі гэтая з'ява была распаўсюджанай.

Давай мяняцца!

У шматлікіх гандлёвых кропках, на пошце прадаваліся маркі розных серый — жывёлы, птушкі, гістарычныя асобы, творы мастацтва... Вялікай падзеяй было атрымаць марку з замежжа, скажам, пры дапамозе ліставання з дзецьмі краін сацыялістычнага лагера — Польшчы, Румыніі, Балгарыі... Маркі адклейвалі нават з канвертаў і клалі ў спецыяльны альбом з плёначнымі "кішэнькамі" — клясер.

Калекцыянавалі паштоўкі, каляндарыкі, прыгожыя абгорткі ад цукерак (асабліва, калі нехта прывозіў іх з Прыбалтыкі і іншых краін), а фанцікі ад жвачак не толькі збіралі, але яшчэ і нюхалі, бо водар ад іх доўга трымаўся на паперы.

1376583283881_15-29

Шмат хто збіраў фотаздымкі знакамітых савецкіх кінаакцёраў, якія прадаваліся наборамі ці паасобку. На адваротным баку гэтых здымкаў змяшчалася кароткая біяграфічная даведка і фільмаграфія "зоркі". А вось выявы замежных артыстаў купіць было немагчыма. Але на дапамогу юным калекцыянерам прыходзіў каляровы часопіс пра кіно "На экранах". Звычайна інфармацыя пра фільмы суправаджалася партрэтамі галоўных герояў, якія савецкая моладзь старанна выразала і наклейвала на кардон.

Збіралі значкі — для іх былі спецыяльныя альбомы з паралонавымі аркушамі, каб можна было прышпіліць, а часам чаплялі і проста на тканіну. Некаторыя маглі сабе дазволіць калекцыянаваць мініяцюрныя мадэлі аўтамабіляў — яны былі даволі дарагія (па 5, 7, 10 рублёў і больш), затое ў іх адчыняліся дзверы! Многія збіралі манеты, а калі хто прывозіў іх з замежжа (той жа Польшчы, Чэхаславакіі) — гэта было свята! Вымпелы, мяккія цацкі — калекцыі можна было стварыць з чаго заўгодна. Імі ганарыліся, іх клапатліва захоўвалі (а, магчыма, некаторыя захоўваюць і цяпер свае дзіцячыя "скарбы"), папаўнялі і мяняліся, мяняліся, мяняліся...

Забыцца нельга, адрадзіць

 

У Беларусі вырашылі паспрабаваць адрадзіць масавае калекцыянаванне сярод дзяцей, каб сучасныя падлеткі змаглі перажываць тое радаснае хваляванне, якое ўзнікае, калі знаходзіш новую рэч для свайго збору, калі ўжо марыш пра наступную... Іншымі словамі, адчуць, што значыць ствараць калекцыю.

Менавіта для гэтага пры Міжнародным дабрачынным фондзе "Сям'я — Яднанне — Айчына" ў маі з'явіўся Беларускі цэнтр дзіцячага калекцыянавання, на базе якога праводзіцца бестэрміновая акцыя для дзяцей і падлеткаў "Ствары сваю калекцыю". Адзіная ўмова ўдзелу ў акцыі — дзіцячы ліст, дасланы на адрас цэнтра. У адказ на лісты валанцёры бясплатна дасылаюць дзецям першапачатковы матэрыял для стварэння калекцыі — манеты, маркі, паштоўкі і іншае.

Арганізатары цвяроза ацэньваюць свае магчымасці, таму не разлічваюць, што ўсе дзеці, якія атрымаюць першапачатковы матэрыял, стануць калекцыянерамі. Але гэта і не з'яўляецца асноўнай мэтай акцыі. Сутнасць праекта ў тым, каб маладое пакаленне адарвалася ад вуліцы і камп'ютара, пачало нечым захапляцца, працаваць розумам, а таксама каб яно зразумела, што не ўсё ў свеце можна купіць і прадаць. Бо, пэўна, адзіны з відаў калекцыянавання, які набывае шырокае распаўсюджанне сёння, — гэта "калекцыянаванне" грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў...

Арганізатар праекта, член праўлення фонду "Сям'я — Яднанне — Айчына" Аляксандр Вялічка займаецца калекцыянаваннем 50 гадоў. А пачалося ўсё з дзвюх банкнотаў, якія ў дзяцінстве падараваў яму дзядзька. Таму і цяпер Аляксандр Міхайлавіч перакананы, што ў дзяцей, якія атрымаюць у падарунак паштоўку ці манету, прачнецца жаданне стварыць уласны збор. Таму што гэта прыгожа, калі перад табой ляжыць шэраг разнастайных уласных марак на адну тэматыку, і цікава, бо ў кожнай з іх — свая гісторыя.

Зрабі ўнёсак — дашлі паштоўку

Першасную ўвагу арганізатары надаюць дзецям з сельскай мясцовасці і з праблемных сем'яў. У аддаленых рэгіёнах Беларусі знайсці першапачатковы калекцыйны матэрыял даволі складана. Да таго ж для дзяцей у Мінску праводзіцца шмат мерапрыемстваў, існуе мноства гурткоў, і дзятва ў большасці занятая, а на перыферыі становішча іншае. Усцешвае, што хлопчыкі і дзяўчаты з глыбінкі ўжо адгукаюцца на прапанову заняцца калекцыянаваннем.

— У сваіх лістах дзеці часцей за ўсё просяць манеты, паштоўкі, маркі, — распавядае Аляксандр Вялічка. — Праўда, адзін хлопчык папрасіў даслаць яму самурайскі меч. На гэта мы адказалі, што меч — прадмет аздаблення кватэры, і па яго трэба звяртацца да бацькоў, але даслалі паштоўку з пажаданнем пачаць новы від калекцыянавання.

Акцыя праводзіцца на дабрачынных пачатках — матэрыяламі для рассылкі дзеляцца калекцыянеры і проста неабыякавыя людзі. Па дапамогу ў правядзенні мерапрыемства Аляксандр Вялічка звяртаецца не толькі да арганізацый і ведамстваў, але і да ўсіх беларусаў. У кожнага знойдуцца дома паштоўкі, манеты, банкноты ці значкі.

— Калі кожны жыхар краіны даслаў бы нам хаця б адну паштоўку, у нас назбіралася б іх некалькі мільёнаў!

Праўда, афіцыйныя структуры пакуль што не спяшаюцца адгукацца. Толькі сталічны метрапалітэн перадаў Беларускаму цэнтру дзіцячага калекцыянавання пяцікапеечныя манеты, якімі ў савецкія часы аплачвалі праезд у метро. Але арганізатараў такая пасіўнасць не спыняе.

— Мы хочам зрабіць калекцыянаванне сямейным захапленнем. Безумоўна, гэты занятак патрабуе некаторых фінансавых выдаткаў. Але ж тое, што мы прапануем збіраць, каштуе не так дорага, да таго ж існуе абмен. Мы нават хочам арганізаваць на старонках дзіцячых газет спецыяльны раздзел, у якім дзеці маглі б мяняцца пры дапамозе ліставання.

Акцыя "Ствары сваю калекцыю" — гэта толькі пачатак. У планах Беларускага цэнтра дзіцячага калекцыянавання выпусціць серыю брашур "Юны нумізмат", "Юны баніст", "Юны філакарціст", "Юны філатэліст" і "Юны калекцыянер". Яны раскажуць пра тое, як пачаць калекцыянаванне, як і дзе захоўваць калекцыі, як іх папаўняць. Акрамя таго мяркуецца арганізаваць у навучальных установах лекцыі і перасоўныя выставы, якія
служылі б нагляднымі ілюстрацыямі да ўрокаў і адначасова прывівалі дзецям культуру калекцыянавання. Як гэта будзе выглядаць, Аляксандр Вялічка прадумаў да дробязяў:

— Напрыклад, урок гісторыі. Тэма — 1917 год. На ўрок мы прынясём прадметы гэтага перыяду. Бо адна справа — вывучаць сухія факты па падручніку, і зусім іншая — пабачыць "ужывую" і памацаць гэтыя прадметы. Цяпер мы праводзім перамовы з Міністэрствам адукацыі наконт ажыццяўлення нашай ідэі.

Але гэта — у планах. А пакуль што ўзяць удзел у акцыі "Ствары сваю калекцыю" могуць усе ахвотныя. Для гэтага трэба даслаць ліст на адрас: 220121 Беларусь, г. Мінск, вул. Прытыцкага, 65, Беларускі цэнтр дзіцячага калекцыянавання МДФ. У лісце абавязкова ўказаць зваротны адрас, імя і прозвішча (сваё і аднаго з бацькоў), узрост, а таксама кірунак калекцыянавання.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.