Вы тут

Чаму пакрыўдзіўся Дон Хуліа. І ў чым сакрэт геніяльнасці Далі


Іспанія была маёй даўняй марай — можна нават сказаць, дзіцячай. Спачатку мяне вабіла старажытная гісторыя і, зразумела, тое, што засталося ад яе матэрыяльнага: крэпасці, замкі, вежы, цэрквы... Потым мяне пачала захапляць культура і традыцыі Пірынэяў: карыда, танцы (ох, фламенка!) і, зразумела, музыка — меладычная і жывая, напоўненая пачуццём такога кахання, ад якога адразу губляеш галаву. Пазней так атрымалася, што я пачала цікавіцца іспанамоўнай літаратурай і кіно — і, зразумела, жаданне наведаць гэтую краіну стала яшчэ больш навязлівым...

1376583306272_1

У пагоні за "Ценем"

Аднойчы мы з маёй сяброўкай разгаварыліся пра нашы "падарожныя" мары. Вольга даўно ўпадабала Румынію, была там неаднойчы на адпачынку і нават самастойна па падручніку вывучыла румынскую мову. Яна тады спытала ў мяне: "А чаму ты не вучыш іспанскую мову — табе ж так падабаецца Іспанія?". І сапраўды, чаму? Відаць, таму, што не хапала стымулу? На той момант я ўжо неаднойчы бралася за вывучэнне і… кідала свае спробы.

"Вырашальная" размова з Вольгай адбылася ў пачатку лютага мінулага года. Да канца таго семестра я прайшла паўтара падручніка і ўжо магла чытаць і разумець іспанамоўныя газеты ў інтэрнэце. Сёлета я вырашыла: зраблю ўсё магчымае, каб мара стала рэальнасцю. Мне хацелася быць самастойнай ва ўсім, ды і падарожжа маё не абяцала быць падобным да традыцыйнага — пясок, мора, сонца… Я марыла паехаць у Барселону хаця б на тыдзень, каб пагуляць па Гатычным квартале, бо менавіта там адбываецца дзеянне маіх любімых кніг пра Іспанію "Цень ветру" і "Гульня анёла" Карласа Руіса Сафона. Самастойна зрабіць візу аказалася складаным, дагэтуль я яшчэ ніколі не займалася браніраваннем білета на самалёт і нумара ў атэлі. Таму вырашыла звярнуцца ў турфірму.

Спакусы Барселоны

Так я апынулася ў невялікім прыморскім гарадку Ларэт-дэ-Мар (назва, дарэчы, перакладаецца як "месца каля мора, дзе растуць лаўровыя дрэвы"). У некурортны сезон мясцовых жыхароў там не набярэцца і 50 тысяч, але ў гарачую "пару" прыязджае столькі турыстаў, што дзіву даешся. Але, тым не менш, Ларэт — самы звычайны прыморскі гарадок у Іспаніі. Таму перспектыва праляжаць на пляжы ўвесь адпачынак мяне зусім не вабіла. І я вырашыла адправіцца ў невялікае падарожжа па Каталоніі (Ларэт-дэ-Мар знаходзіцца менавіта ў гэтай іспанскай правінцыі).

1376583309482_2

Барселона — адзін з гарадоў свету, які найбольш часта наведваюць турысты. У некаторых месцах пешаходам прыходзілася хадзіць адзін за адным, бо каля таго ж Сабора Святога Сямейства (Саграда Фамілія) людзей вельмі шмат. Таму там я нават пазайздросціла падарожнікам у спецыяльных турыстычных аўтобусах. Гэта незвычайны транспарт — двухпавярховы, пасажыры — толькі на другім незашклёным паверсе, дзе ёсць бясплатны інтэрнэт і магчымасць праз навушнікі праслухаць аповед пра тую ці іншую славутасць горада на іспанскай, англійскай, нямецкай, польскай, французскай, рускай і некаторых іншых мовах.

Каля сабора можна наведаць вялікую краму і набыць там усё, што заўгодна: ад магніціка да таўшчэзнай кнігі пра дзівосы, пабудаваныя Гаўдзі. Там жа можна набыць кружку з "Гернікай" Пікасо за 16 еўра або гадзіннік у выглядзе вышэйзгаданага храма за 25 еўра. Дарэчы, кнігі пра архітэктуру Гаўдзі, прычым з прыгожымі ілюстрацыямі, тут не такія ўжо і дарагія. Я знайшла сабе кнігу на рускай мове (каб вы ведалі, колькі ў Іспаніі рускамоўных турыстаў!) за 13 еўра. А тым, хто не хоча сябе стрымліваць у шопінгу, трэба абавязкова наведаць дзевяціпавярховы гандлёвы цэнтр, што знаходзіцца каля той жа плошчы Каталоніі, дзе можна набыць усё што заўгодна з вялікімі зніжкамі.

Гуляючы па знакамітым бульвары Рамбла, дзе, акрамя шматлікіх сувенірных крам і рэстаранчыкаў, ёсць "жывыя" скульптуры, вулічныя музыканты, карэты, можна дайсці да старога порта, перад якім узвышаецца статуя Калумба. Калі на яе падняцца, перад вамі адкрыецца панарама ўсяго горада.

Што цікава, у самой Барселоне няма буйных вытворчых прадпрыемстваў: гэта горад-музей і ўсе фабрыкі і заводы вынесены за межы горада.

Здыміцеся з папугаем!

Ці не ў кожным іспанскім горадзе ёсць на што паглядзець і дзе прагуляцца. Менавіта гэта я мела на ўвазе, калі выпадкова набыла білет у суседні прыморскі гарадок Бланес, што знаходзіцца ў 20 хвілінах язды на аўтобусе ад Ларэт-дэ-Мар. Калі я апынулася на аўтавакзале ў Бланесе, то, прызнацца, не ведала, куды пайсці. Таму спачатку рушыла да мора, бо ў прыморскіх гарадках усе дарогі вядуць туды. Пляжы ў такіх гарадках, як правіла, вельмі чыстыя, як і вада ў моры.

Гуляючы па старой частцы горада, вырашыла спытаць у мясцовых жыхароў, што цікавага можна паглядзець у гарадку. Але каталонцамі, з якімі я разгаварылася, аказаліся жыхары Барселоны. Тым не менш яны параілі мне паехаць у "Пінья дэ Роса" — батанічны сад, дзе растуць розныя кактусы. Чаму барселонцы прыехалі ў Бланес? Адказ я атрымала вельмі лагічны: на мора. Так робіць большасць карэнных жыхароў сталіцы, бо Барселона — вялікі партовы горад і мора там не вельмі чыстае. Вось і ездзяць на электрычках або аўтобусах многія людзі адпачываць у маленькія прыморскія гарадкі. З барселонцамі мне пашанцавала: яны таксама збіраліся ехаць у кактусавы сад. І таму праз пяць хвілін мы ўжо сядзелі ў турыстычным цягнічку — гэта аўтамабілі з вагончыкамі, як у сапраўднага цягніка, але са звычайнымі коламі.

Турыстаў на ўзбярэжжы Іспаніі шмат. І таму не дзіва, што ў мясцовых жыхароў заўсёды мноства ідэй, як не даць ім сумаваць і як зарабіць на гэтым. Вось і пры ўваходзе ў "Пінья дэ Росу" мне на плячо сеў вялізны зялёны… папугай. Гэта было так нечакана, што я ўздрыгнула і ўскрыкнула. І Дон Хуліа (так звалі папугая) у адказ ушчыпнуў мяне сваёй вялікай дзюбай: маўляў, ці можна быць такой няветлівай? І што вы думаеце адбылося потым? Пасля таго, як я прайшлася па шматлікіх дарожках саду (там было што паглядзець: кактусы часам дасягалі велічыні аднапавярховага дома, а колькі ж кветак!) мяне аклікнула жанчына і прапанавала набыць вялікі фотаздымак, на якім я стаю з вытарашчанымі вачыма і разяўленым ротам (відаць, гэта быў той самы момант, калі я крычала). А на маім плячы паважна сядзіць Дон Хуліа, якога цяпер ніколі не забуду, хоць мне і не спадабалася, як я атрымалася на фота.

Ці трэба сцерагчыся трамантаны?

Трамантана — гэта назва паўночнага ветру ў Каталоніі, а таксама ў некаторых абласцях Італіі і Францыі. Вецер вядомы сваім шкодным уздзеяннем на нервовую сістэму (і вучоныя гэта пацвярджаюць), яго нават называюць "ветрам вар'яцтва". Тым не менш знакаміты сын каталонскай зямлі, эксцэнтрычны геній Сальвадор Далі менавіта гэтаму ветру прыпісваў свой унікальны талент.

Падчас майго падарожжа ў Фігерас (горад, у якім нарадзіўся Далі) я сустрэлася і з трамантанай. Праўда, у вобразе дзяўчыны, чыя сукенка развяваецца ветрам, — гэта і ёсць вобраз "ветру вар'яцтва". Што цікава, невялічкі Фігерас, дзе няма мора і пляжаў, вельмі прыцягальны для турыстаў. І ўсё дзякуючы Сальвадору Далі. Калісьці, калі той ужо стаў вядомым мастаком, скульптарам, рэжысёрам і яшчэ Бог ведае кім, мэр Фігераса звярнуўся да яго са сціплай просьбай — падарыць гораду, у якім нарадзіўся творца, хаця б адну карціну або копію, зробленую самім Далі. Што адказаў Далі? "Я падару гораду не карціну, а цэлы музей!". І пачаў сам працаваць над стварэннем музея-тэатра (там не толькі карціны) у свой гонар. Зараз гэта другі — пасля знакамітага "Эль Прада" ў Мадрыдзе — па наведвальнасці музей у Іспаніі. Хадзіць па залах з экскурсаводам не дазваляюць — каб не было затораў. Таму ў кожнага наведвальніка ёсць унікальная магчымасць паглыбіцца ва ўласную падсвядомасць.

Амаль кожны экспанат мае сваю асобную гісторыю, часам анекдатычную. Напрыклад, пры ўваходзе ў круглым унутраным дворыку вы ўбачыце (на сцяне будынка) шмат статуй залатых чалавечкаў, якія вельмі нагадваюць знакамітую статуэтку "Оскар". Лічыцца, што Далі разам з рэжысёрам Бунюэлем чакалі "Оскара" за свой сумесны фільм "Андалузскі сабака". Але так і не атрымалі. Далі, відаць, вырашыў выправіць такую памылку і ўзнагародзіў сябе сам.

На скутары па вузкіх вулачках

Жыроне каля дзвюх тысяч гадоў, і зараз, гуляючы па яе вузкіх вулачках, акунаешся ў даўніну. Тут не так шмат турыстаў, як у музеі-тэатры Далі або ў Барселоне. Таму можна паназіраць за штодзённым жыццём каталонцаў амаль "знутры". Якія яны? Вельмі патрыятычныя. На кожным жылым доме — каталонскі сцяг. Вельмі рацыянальныя. Калі я гуляла па крапасной сцяне, якая знаходзіцца даволі высока над зямлёй, то магла ўбачыць, як выглядаюць унутраныя дворыкі саміх жыронцаў. На дахах размяшчаюцца шэзлонгі і нават невялічкія басейны з пляжным парасонам. Сапраўды, у Жыроне няма мора, але гарачае іспанскае сонца ёсць. Таму на сонечным баку дома часта можна ўбачыць вялікія бакі, дзе награваецца вада.

Яшчэ іспанцы маюць вельмі тонкае пачуццё прыгожага. Акрамя таго, што яны змаглі зберагчы старажытную забудову сваіх гарадоў, амаль у кожным двары цвітуць магнолія і алеандр. Кветкі тут паўсюдна…

У старых кварталах Жыроны вулачкі, як правіла, вельмі вузкія. Але аўтамабільны рух там не забаронены. Прыходзіцца прыціскацца вельмі шчыльна да сцяны, каб хоць як-небудзь абысці аўтамабіль. А яшчэ ў Іспаніі вельмі шмат людзей, якія, выбіраючы паміж машынай і скутарам, аддаюць перавагу апошняму. І хутка, і ў заторах прастойваць не трэба.

Музей на вышыні 700 метраў

Мне хацелася ў сапраўдныя горы. А ці не самая вядомая гара ў Каталоніі — Мансерат. Так-так, менавіта там знаходзіцца вядомы манастыр. Як аказалася, Мансерат — гэта месца не столькі турыстычнае, колькі паломніцкае. Лічыцца, што ікона Божай Маці Мансерацкай можа выконваць самыя запаветныя жаданні. Таму чарга да яе расцягваецца дзесьці метраў на 150—200. І стаяць у ёй трэба мінімум 3—4 гадзіны. У памяшканні, што знаходзіцца за іконай, можна ўбачыць вялікую колькасць падарункаў Мадонне, якія прыносяць людзі, чые мары здзейсніліся.

Што цікава, перад уваходам у манастырскі сабор ёсць невялікая круглая пляцоўка: ужо колькі дзясяткаў гадоў людзі заходзяць туды і нібыта цягнуцца да сонца. Гэта своеасаблівы абрад (быццам дапамагае здзяйсняць мары і дадае чалавеку сілы).

У манастыры ёсць уласны мастацкі музей, дзе сабраны творы знакамітых мастакоў — і не толькі іспанскіх. Пікасо, Эль Грэка, Далі, Караваджа, Клод Манэ, Дэга — гэта далёка не ўсе аўтары шэдэўраў, выстаўленых у музеі. А яшчэ ў ім не так шмат людзей, як, напрыклад, у музеі Далі ў Фігерасе або ў "Эль Прада" ў Мадрыдзе, таму экспанаты можна разглядаць павольна і нікому пры гэтым не замінаць.

…Час адпачынку хутка праляцеў. Мая мара здзейснілася. Шчыра кажучы, я нават ганарылася тым, што падарожжа было такім яркім.

Надзея ЮШКЕВІЧ. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».