Вы тут

Не прымірэнне, а справа міру


Франц Масер — сапраўдны немец, былы кіраўнік паліцыі акругі Дэсаў (зямля Саксонія-Ангальт), спецыяліст па канстытуцыйным праве. Ён некалькі разоў уваходзіў у лік міжнародных назіральнікаў падчас выбарчых кампаній у Рэспубліцы Беларусь.

Аднак ёсць у гэтага выдатнага чалавека яшчэ адна падстава для цікавасці да нашай краіны — гэта справа, аб якой ён пажадаў расказаць на працягу інтэрв'ю.

1376653434730_16-24

— Спадар Масер, у Беларусі вы сталі вядомым як міжнародны назіральнік, які насуперак волі заходніх міжнародных інстытутаў дамагаўся аб'ектыўнай ацэнкі выбарчага працэсу ў нашай краіне. З чым звязана такая ваша пазіцыя?

— Перш за ўсё, з тым, што ў Беларусі сапраўды створана выдатная, добра адладжаная сістэма, якая забяспечвае свабоднае волевыяўленне грамадзян і аб'ектыўнае, справядлівае падвядзенне вынікаў галасавання. Паверце, нават для нас, немцаў, прамыя і роўныя выбары — гэта ўжо часам не такая ўжо і даступная справа. Напрыклад, калі праходзяць агульнаеўрапейскія выбары ў Еўрапарламент, для таго, каб абраць туды свайго кандыдата, неабходна сабраць 600 тысяч галасоў нямецкіх выбаршчыкаў. А ў Люксембургу досыць 6 тысяч галасоў! І дзе ж тут роўнасць?

Ці іншы прыклад — Еўрапейская камісія. Гэта нявыбарны орган, ён прызначаецца без якой-небудзь сувязі з волевыяўленнем грамадзян, але пры гэтым прымае дырэктывы, якія маюць найвышэйшую сілу на тэрыторыі ўсяго саюза.

Калі маеш справу з такой бюракратычнай машынай, ніякім чынам не падпарадкаванай інтарэсам выбаршчыкаў, пачынаеш больш уважліва прыглядацца да іншага, альтэрнатыўнага вопыту. І вопыт Беларусі ў гэтым сэнсе мне падаўся годным для вывучэння.

— Аднак тыя ж інстытуцыйныя назіральнікі, ад АБСЕ, ПАСЕ, часта даюць іншыя, негатыўныя ацэнкі.

 

— Ды гэта смешна! Па-першае, ацэнкі гэтыя непаслядоўныя. Яны негатыўна ацэньваюць, напрыклад, сітуацыю ў Беларусі, але пры гэтым цалкам ігнаруюць парушэнні правоў чалавека і свабод у саміх заходніх краінах.

Па-другое, ацэнкі гэтыя вызначаюцца не сутнасцю справы, а той устаноўкай, якая ёсць у назіральнікаў. Яны часам нават не ведаюць асноўных палажэнняў беларускага выбарчага заканадаўства.

І, нарэшце, усім добра вядома, што негатыўная ацэнка выбараў 19 снежня 2010 года звязана, у першую чаргу, з тымі падзеямі, якія мелі месца пасля выбараў — з разгонам дэманстрацыі, зусім не мірнай, на плошчы Незалежнасці. Я быў там і бачыў, што адбывалася. Бачыў напад на дом урада. Бачыў, як дзейнічалі беларускія сілы правапарадку. Як паліцэйскі, магу сказаць, што дзеянні гэтыя былі вельмі прафесійнымі і максімальна карэктнымі, без прымянення спецсродкаў і залішняй сілы. Мне таксама вядома аб замежным фінансаванні тых канкрэтных людзей, якія былі завадатарамі беспарадкаў 19 снежня 2010 года.

На жаль, заходнія міжнародныя назіральнікі часцей арыентаваны на тое, каб выконваць палітычны заказ, у тым ліку за кошт спакою ў канкрэтнай краіне. А я лічу для сябе галоўным — захаванне міру і стабільнасці.

— Тады давайце пра гэта і пагаворым. Чаму вы сталі займацца праблемай нямецкіх ваенных пахаванняў на тэрыторыі Беларусі?

— Напрыканцы 1990-х я займаўся гуманітарнымі праектамі дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У той жа перыяд у Рагачоўскі райвыканкам звярнулася грамадзянка Германіі спадарыня Аонк з просьбай знайсці на тэрыторыі Беларусі пахаванне яе брата, які загінуў падчас Другой сусветнай вайны. Месца было знойдзена пры дапамозе архіўных даных і мясцовых жыхароў, у тым ліку — непасрэдных удзельнікаў вайны, якія вызвалялі гэтую зямлю. Цяпер недалёка ад вёскі Хадасовічы пры падтрымцы кіраўніцтва Рагачоўскага райвыканкама добраўладкаваны нямецкія ваенныя могілкі. Іх змагла наведаць спадарыня Аонк, іншыя зацікаўленыя людзі.

Пасля гэтага сталі паступаць аналагічныя просьбы ад іншых грамадзян, чые сваякі і сябры загінулі на тэрыторыі Беларусі. Калі ў 2006 годзе мы налічвалі каля 3500 групавых і адзіночных нямецкіх ваенных пахаванняў часоў Другой сусветнай вайны, то сёння размова ідзе пра больш чым 8 тысяч такіх месцаў толькі на тэрыторыі Беларусі.

— Як у Беларусі ставяцца да вашай ініцыятывы?

— З разуменнем. Мы атрымліваем поўнае садзейнічанне з боку беларускіх улад, грамадскіх аб'яднанняў, акадэмічнай супольнасці. І гэта мяне вельмі радуе.

Усе разумеюць: у нас няма мэты рабіць кідкія мемарыялы. Гаворка ідзе аб устанаўленні імё-
наў загінулых і іх пахаванні, каб і сваякі ведалі, дзе яны ляжаць, куды можна прыехаць, каб ушанаваць памяць сваіх продкаў.

Я ведаю, колькі нацярпеліся беларусы падчас вайны. Але важна разумець і адваротнае: далёка не ўсе немцы ўчынялі гэтыя злачынствы і наогул хацелі ісці на вайну. Мой 19-гадовы брат прапаў без вестак пад Магілёвам у 1944 годзе. Ён быў малады, у яго ўсё жыццё было наперадзе, ён зусім не хацеў ісці ваяваць. Але ёсць палітычныя, гістарычныя працэсы, вырвацца з якіх асобны чалавек не можа.

Магу прывесці адну дзіўную гісторыю, звязаную з маёй працай. Нямецкая жанчына Ліла Тэвісэн беспаспяхова шукала свайго мужа, які служыў у радах Вермахта і ваяваў на тэрыторыі СССР. У яе з'явілася інфармацыя, што месца пахавання мужа знаходзіцца ў Расіі. Але калі яна прыехала туды, то зразумела, што яе муж спачывае не тут.

Тады яна, жыхарка Гамбурга, напісала пра сваю праблему ў адным з мясцовых часопісаў, які трапіў на вочы мне. І я вырашыў паспрабаваць дапамагчы ёй. Пасля працы ў нямецкіх архівах стала зразумела, што яе муж ваяваў і загінуў у Беларусі. Дзякуючы кантакту з беларускімі партнёрамі неўзабаве высветлілася, што гэты чалавек памёр, калі быў ваеннапалонным, непадалёк ад Рэчыцы. Пасля апытання мясцовых жыхароў месца пахавання было знойдзена. А далей дзякуючы садзейнічанню амбасадара Беларусі ў Германіі спадара Скварцова і мясцовых улад на месцы пахавання была абсталявана магіла. А нашчадкі гэтага салдата змаглі знайсці супакаенне, ушанаваўшы яго памяць.

У любым выпадку, вайна завяршылася. Беларусь і Германія — гэта два еўрапейскія народы, якія могуць і павінны ставіцца адзін да аднаго як суверэнныя дзяржавы і, такім чынам, роўныя партнёры. Некалі беларускія гарады мелі магдэбургскае права, а Беларусь і Германія фактычна межавалі, былі суседзямі. Мы — зусім не чужыя адзін аднаму народы.

Таму я бачу працу па ўвекавечанні памяці загінулых салдат як справу міру. Не прымірэння, як гэта любяць называць у сродках масавай інфармацыі, а будаўніцтва міру, мірных адносін дзвюх краін і двух народаў праз захаванне памяці аб загінулых.

— Ваша праца, напэўна, атрымлівае ўсебаковую падтрымку з боку Германіі?

— На жаль, не зусім так. Падтрымка ёсць, але раней яна была больш адчувальнай. Сёння ж, у тым ліку з-за маіх ацэнак палітычнага працэсу ў Беларусі, яна адчуваецца менш. Так, вышэйзгаданае пахаванне каля вёскі Хадасовічы я ствараў на свае ўласныя зберажэнні.

У цэлым, на жаль, падыход афіцыйных структур да гэтай праблемы не пазбаўлены недахопаў. Напрыклад, нямецкае аб'яднанне, упаўнаважанае федэральным урадам, пачынае дзейнічаць у дачыненні да пахаванняў, дзе знойдзены астанкі больш чым 50 чалавек. Адзіночныя пахаванні, могілкі ваеннапалонных і зніклыя без вестак выпадаюць з іх поля зроку. Таму такое важнае значэнне мае праца грамадскіх арганізацый, асобных энтузіястаў у гэтай сферы. Але падобная дзейнасць, вядома, усё роўна павінна праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам і ва ўзаемадзеянні з органамі ўлады.

— Якія планы на будучыню ў гэтай важнай працы?

— Зараз сабрана шмат інфармацыі аб пахаваных на тэрыторыі Беларусі нямецкіх салдатах Першай і Другой сусветных вайнаў.

Аказваецца, у перыяд 1914—1918 гадоў вельмі папулярным сярод нямецкіх салдат заняткам было рабіць фатаграфіі з лініі фронту. Існуе велізарная картатэка такіх фотакартак. Калі яе супаставіць з інфармацыяй аб загінулых, то можна ўшанаваць іх памяць, размясціўшы на месцах пахавання не толькі імёны і прозвішчы, але і фатаграфіі гэтых людзей. Улічваючы, што ў гісторыі Першай сусветнай вайны не было тых зверстваў і жорсткасцяў, якія прынёс нацызм, гэта магло б стаць вельмі перспектыўным праектам, які прыцягнуў бы на тэрыторыю Беларусі тысячы людзей з Германіі і іншых краін Еўропы.

З гісторыі Другой сусветнай вайны, як я ўжо казаў, у нас ёсць інфармацыя аб больш чым 8 тысячах месцах пахаванняў нямецкіх салдат. А ўсяго за час нашай працы з беларускімі ўладамі і грамадскімі арганізацыямі мы дапамаглі ўстанавіць імёны некалькіх дзясяткаў тысяч загінулых нямецкіх ваеннапалонных.

У нашых бліжэйшых планах — сістэматызаваць і выдаць гэтыя даныя для інфармавання, перш за ўсё сваякоў загінулых, а таксама федэральнага ўрада з мэтай прыцягнення ўвагі да этычнага боку пошукаў, рэканструкцыі нямецкіх пахаванняў і захавання іх як гістарычнай памяці, накіраванай на ўмацаванне і захаванне міру ў нашым агульным еўрапейскім доме для наступных пакаленняў. Спадзяюся, і ваша выданне ўнясе свой уклад у гэтую справу.

Гутарыў Юрый Царык.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.