Вы тут

Лекі з малака ад спецыяльных коз


Адзін час "зоркамі" тэлеэкрана сталі... козлікі і козачкі. З выгляду звычайныя, беленькія, рухавыя гарэзы. На самай жа справе падобныя яны на іншых толькі знешне. Гэта першыя ў рэспубліцы, ды і на прасторах СНД, трансгенныя дробнарагатыя жывёліны. Выведзены яны не дзеля павышэння малочнай ці мясной прадуктыўнасці.

А для чаго ж тады? Дзеля атрымання... лекаў, якія не маюць пабочных для чалавека эфектаў. Справа ў тым, што вучоныя Інстытута біялогіі гена АН РФ здзейснілі сапраўдны прарыў у стварэнні асобай геннай канструкцыі. Ёй няма роўных у свеце. Тэхналогія адкрыла рэальныя перспектывы атрымання лактаферыну чалавека.

"Хіміі" ў прамым і пераносным сэнсе мы ўжо нахапаліся даволі. Яна прысутнічае амаль у кожнай мікстуры. Больш за тое, да яе маюць уласцівасць прызвычайвацца самыя старыя доўгажыхары Зямлі — мікраарганізмы. Яскравы прыклад таму адкрыццё і атрыманне такога антыбіётыка, як пеніцылін. Сотні тысяч раненых у гады Вялікай Айчыннай вайны

абавязаны вяртанню да жыцця менавіта гэтаму вынаходніцтву. Аднак з цягам часу з'явілася ўстойлівасць да антыбіётыкаў і прыстасаванасць мікрафлоры да гэтага і шэрагу іншых лекавых прэпаратаў.

Таму вучоныя многіх краін скіравалі свае пошукі ў барацьбе з хваробамі на стварэнне лекаў на аснове прыродных бялкоў. Праблемы ў тым, каб выбраць такі бялок, які б валодаў высокім бактэрыялагічным дзеяннем, каб не адбывалася да яго адаптацыя патагенных мікраарганізмаў, каб ён актывізаваў імунітэт і быў абсалютна бясшкодны. І такі ўніверсал ёсць. Імя яму лактаферын. Знаходзіцца ён у малозіве, малацэ, сываратцы крыві, лейкацытах. Паводле сцвярджэння спецыялістаў, гэта адзіны від бялка, які валодае бактэрыястатычным і бактэрыцыдным дзеяннем. Ён нагадвае механізм работы антыбіётыкаў. Толькі шкодзіць ён не толькі бактэрыям, але і клеткам арганізма чалавека. Лактаферын жа не дапускае вірусныя часцінкі да клетак. садзейнічае знішчэнню шкодных бактэрый.

Упершыню лактаферын быў выяўлены і выдзелены з малака кароў яшчэ ў 1939 годзе, а потым у 1960 годзе і з малака кормячых маці. Аднак шырокага практычнага прымянення ён не знайшоў, акрамя як харчовых дабавак.

Сёння і ў многіх краінах вядзецца інтэнсіўнае вывучэнне атрымання рэкамбінантнага лактаферыну біятэхналагічнымі метадамі з выкарыстаннем жывых аб'ектаў: раслін, мікраскапічных грыбкоў, млекакормячых і клетачных сістэм.

Расійскія і беларускія вучоныя ў пачатку новага стагоддзя паставілі перад сабой мэту выдзеліць лактаферын з малака коз. Чаму іменна гэтых капытных? Тут пераплятаюцца біялагічны і эканамічны фактары. Козы хутка размнажаюцца, якасць малака найбольш адпавядае патрабаванням, самі яны не з'яўляюцца носьбітамі небяспечных для людзей інфекцый. Плюс і тое, што ўтрыманне і догляд іх не выклікае вялікіх выдаткаў. Вось і была прынята праграма "БелРасТрансген" на 2003—2007 гады, а потым і працягнута да 2013 года. Фінансавалася яна з бюджэту Саюзнай праграмы.

Паколькі Інстытут біялогіі гена Расійскай акадэміі навук ужо меў пэўныя тэарэтычныя напрацоўкі, за НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі стаяў больш практычны бок справы. У выніку мноства (звыш 500) складаных мікрахірургічных аперацый і былі атрыманы першыя козлікі Лак-1 і Лак-2 (дагэтуль яны здаровенькія, бадзёра падбрыкваюць) з генам лактаферыну чалавека ў сваім геноме.

Гэтыя чатырохногія жыўчыкі распладзіліся, маюць 112 дачок — цэлы статак. Козачкі разам з малаком прыносяць лактаферын у сярэднім па 5 грамаў на кожны літр, а некаторыя ўдвая больш. Навукова-доследныя інстытуты медыцынскага профілю абедзвюх краін пацвердзілі адпаведнасць лактаферыну прыроднаму бялку па ўсіх характарыстыках. Цяпер справа за яго прамысловай вытворчасцю. Гэты ўнікальны шматфункцыянальны бялок незаменны не толькі ў фармакалогіі і медыцыне, але і ў харчовай галіне, касметалогіі, спорце.

— Значыць, ён патрэбны ў немалых аб'ёмах, — гаворыць генеральны дырэктар РУП "НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі", заслужаны работнік сельскай гаспадаркі рэспублікі Мікалай Папкоў. — Таму мы будуем ферму для прадуктыўных коз на 250 галоў, ствараем спецыялізаваную высокатэхналагічную ўстаноўку (цэх) па прамысловым выдзяленні з казінага малака лактаферыну высокай чысціні. Скажу шчыра: задача аказалася не такой простай, як здавалася спачатку. Аналагаў жа няма. Даводзіцца весці шматварыянтны навуковы тэхналагічны і тэхнічны пошук. Яшчэ раз пераканаліся, што праблему можна вырашыць толькі сумеснымі намаганнямі з расійскімі калегамі. Яны сур'ёзна рушылі наперад, у іх больш магутная навукова-матэрыяльная база.

Закладзеныя параметры ў дзвюх папярэдніх праграмах "БелРасТрансген" паспяхова рэалізаваны. На чарзе наступная "БелРасФарм" да 2018 года, лагічны працяг папярэдніх. Спыняцца ні ў якім разе нельга. І не толькі таму, што канкурэнты могуць абагнаць. Гаворка ж пра самае дарагое — здароўе людзей. Прамысловая фармацэўтычная вытворчасць біялагічна бяспечных і высокаэфектыўных лекавых прэпаратаў новага пакалення, функцыянальных харчовых прадуктаў для дзяцей і дарослых на аснове лактаферына з'яўляецца жыццёва неабходнай. Да таго ж нельга ігнараваць і экспартную магчымасць.

Мікалай ШЛОМА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».