Вы тут

Звяртаемся да хірурга


На пытанні наведвальнікаў сайта www.dоktоrа.bу і чытачоў газеты "Звязда" адказала загадчыка хірургічнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяна МІХАЙЛАВА.

— Аляксандр, 27 гадоў. Ударыў правае калена. Прайшоў курс фізіялячэння (магніт, азакерыт і інш.). Заключэнне МРТ: карціна траўматычнага пашкоджання структур правага каленнага сустава (з пераважна задніх рагоў абодвух меніскаў з прыкметамі разрыву) + пярэдняй крыжападобнай звязкі (прыкметы субтатальнага разрыву) + участкаў унутрыкоснага ацёку ў праекцыі сцегнавой бярцовай косці (верагодна, як вынік трансхандральнага пашкоджання) + умерана выражанага сінавіту. Ці патрэбна ў гэтым выпадку аперацыя?

— Так, аперацыя неабходна. Вам паказана артраскапія для выдалення ўчасткаў траўмаванага меніска і правядзення пластыкі крыжападобнай звязкі.

— Тры дні таму ўкалола ў каленны сустаў дыпраспан. Спачатку стала лягчэй, боль знік, але хруст і пухліна засталіся. Суставы "выкручвае". Праз які час дзейнічае дыпраспан і што рабіць, калі з'яўляюцца пабочныя эфекты?

— Эфект ад увядзення дыпраспану звычайна надыходзіць праз 48-72 гадзіны. Пабочныя эфекты праяўляюцца ў залежнасці ад сімптомаў. Наогул дыпраспан не з'яўляецца базавым прэпаратам для лячэння астэаартрозу. Магчыма, вам неабходны працяглы прыём хондрапратэктараў з дабаўленнем фізіятэрапеўтычнага лячэння. Далейшае ж увядзенне дыпраспану немэтазгоднае.

— Мне 37 гадоў. З 23 гадоў пастаянна ныюць калені. Хварэла на хламідыёз. У дзяцінстве былі частыя ангіны. Дыягназ ставіць не жадаюць: маладая для артрозу. Ультрагук паказаў пад каленямі дзве кісты, але траўмаў у мяне не было. Другі ўрач сказаў, што гэта вадкасць і яе трэба выдаліць лазерам. Пасля 10 працэдур боль не знік, а толькі крыху зменшыўся. У абласной паліклініцы прызначылі электрапраграванне з гідракартызонам. Востры боль, які мучыў пасля лазера на ўнутраным баку нагі ў раёне калена, амаль прайшоў, але праблема 15-гадовай даўніны засталася: калі падыму крыху больш за 5-7 кг, то праз пару гадзін — моцны боль. Праходзіць пасля працяглых націранняў. Аднак дыскамфорт ёсць заўсёды, асабліва ноччу. Што рабіць?

— Калі ўлічыць перанесеныя захворванні, то вам неабходна кансультацыя ўрача-рэўматолага, які паставіць дыягназ і прызначыць комплекснае лячэнне. Дыягназ астэаартрозу ў вашым узросце ставяць даволі часта. Наогул пры вызначэнні з лячэннем спецыяліст павінен улічыць асаблівасці вашай работы, вашу вагу, прыём гарманальных прэпаратаў і інш.

— Мне 62 гады. Дыягназ — гонартроз 2-й ступені левага каленнага сустава і 3-4-й ступені — правага. Рабілі рэнтген і ўльтрагук. З правым суставам стаю ў чарзе на пратэзаванне. Востры боль падчас хады, калені апухаюць, як і ўся правая нага. Маю лішнюю вагу (114 кг), варыкознае расшырэнне на правай назе, хварэю на цукровы дыябет 13 гадоў. Атрымаў з Германіі гамеапатычны сродак Trаumеtl у ампулах. Мне параілі пакалоць, каб зняць боль і ацёчнасць. Што параіце? Куды рабіць уколы і як часта?

— Прэпарат траўмель, як многія іншыя гамеапатычныя сродкі, не ўваходзіць у арсенал паўсядзённых прызначэнняў урача траўматолага-артапеда. Трэба разумець, што вынік ад прымянення гэтага прэпарата індывідуальны. Рэкамендуецца да 20 ін'екцый: 10 унутрысустаўна і 10 унутрымышачна. Калі ж улічыць вашу спадарожную паталогію, то спадзявацца на выдатны вынік не даводзіцца. Трэба імкнуцца знізіць вагу, паколькі гэта, як, дарэчы, і цукровы дыябет, можа стрымліваць хірургаў ад актыўнай хірургічнай тактыкі. Ніякі эндапратэз не праслужыць доўга пры вазе 114 кг, аперацыя ж вельмі траўматычная. Звярніцеся да ўрача-хірурга і па прычыне лячэння паталогіі сасудаў.

— У 1986 годзе паставілі дыягназ: двухбаковы прыроджаны вывіх сцёгнаў. Каля 4 гадоў праляжала ў бальніцы, перанесла некалькі аперацый. Пасля выпіскі выконвала ўсе рэкамендацыі ўрачоў — фізіяпрацэдуры, масаж, плаванне і г.д. Летась па выніках чарговага здымка паставілі дыягназ — асэптычны некроз абедзвюх галовак сцегнавых касцей. Якія існуюць метады лячэння гэтага захворвання?

— У будучым, калі з'явяцца тэхнічныя магчымасці, з улікам перанесеных аперацый, вам паказана татальнае эндапратэзаванне тазасцегнавых суставаў. Зараз неабходна тэрапія-падтрымка: хондрапратэктары курсамі, сасудзістыя прэпараты, масаж спіны і ніжніх канечнасцяў, лячэбная фізкультура, санаторна-курортнае лячэнне.

— Дзіяна, 21 год. У сакавіку зламала шчыкалатку. Дыягназ — закрыты, аскольчаты пералом унутранай шчыкалаткі, задняга краю вялікай галёначнай косці, вонкавай шчыкалаткі малой галёначнай косці правай галёнкі са змяшчэннем адломкаў. Пашкоджанне правага галёнкаступнёвага сустава, падвывіх ступні. Шчыкалатку ўпраўлялі пад наркозам. Сказалі, што ўпраўлена добра. На здымку ўсё ў парадку. Праз 7-10 дзён трэба рабіць здымак, каб пераканацца, што няма змяшчэння. Зараз нага падпухла, часам боль моцны. Прымаю кетарол у таблетках. Ці лічыцца нормай наяўнасць апухласці і болю? Якія абязбольваючыя лепш прымаць? Як доўга давядзецца быць у гіпсе?

— Вы зламалі, як кажуць траўматолагі, тры шчыкалаткі. З улікам наяўнасці падвывіху стапы і цяжкасці атрыманай траўмы, ацёк — нармальная з'ява. Прэпарат кетарол вельмі часта і абгрунтавана прызначаецца пры гэтай паталогіі. Можна выкарыстоўваць ін'екцыйную форму. Калі ацёк працягвае нарастаць, боль гэтым прэпаратам не знімаецца, неабходна кансультацыя хірурга, паколькі пры імабілізацыі можа развівацца тромбафлебіт павярхоўных і нават глыбокіх вен. Імкніцеся нагу трымаць прыўзнятай. Працягласць імабілізацыі залежыць ад таго, як хутка будзе зрастацца ваш пералом. Пры гэтым будуць выконвацца кантрольныя здымкі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».