Вы тут

Вандроўкі па лініі фронту


Калі вядомы журналіст і фатограф Уладзімір Багданаў калісьці пачаў здымаць беларускія краявіды, канкрэтная тэмы не выбіраў. Вандруючы па краіне, фатаграфаваў замкі, касцёлы, цэрквы, сядзібы... І аднойчы заўважыў, што сярод шматлікіх фотаздымкаў — нямала аб'ектаў Першай сусветнай вайны. Тады гэтая глабальная, сусветнага значэння тэма мала кім была даследавана. "Замалёўваць" гэтую белую пляму ўзяўся ён.

Убачыць "вайну"... з космасу

2004 год. У Нацыянальным гістарычным музеі — выстава Уладзіміра Багданава. На фотаздымках — каля 50 аб'ектаў Першай сусветнай вайны. Нямала за паўгода працы! За 10 гадоў фатограф адшукаў і даследаваў ужо каля тысячы аб'ектаў. Пошукі не спыняюцца і сёння...

— Беларусь — тая тэрыторыя, праз якую, асабліва ў ХХ стагоддзі, адна за адной прайшлі войны, пакінуўшы пасля сябе значны след, — расказвае Уладзімір Багданаў. — Мы нават уявіць не можам, што валодаем вельмі цікавай і арыгінальнай спадчынай. Калі кажам аб тым, што засталося пасля Першай сусветнай вайны, адразу ж згадваюцца фартыфікацыйныя збудаванні. Іх дастаткова шмат, яны прыкметныя, некаторыя нядрэнна захаваліся.

Лінія фронту была на Беларусі амаль 3 гады. Толькі нямецкіх бетонных укрыццяў — некалькі тысяч. Рускія вайскоўцы з бетону амаль нічога не будавалі: на доўгачасовую абарону на сваёй тэрыторыі яны не разлічвалі. Таму ўмацаваных ліній нашага боку амаль не захавалася. Праўда, калі пашанцуе, вандруючы па беларускіх лясах, можна натрапіць хіба што на былыя акопы рускіх войск.

1376927307837_1

Града шырынёй у чатыры кіламетры раздзяляе азёры Нарач і Мядзел. Менавіта толькі на гэтым перашыйку падчас некалькіх паездак Уладзімір Багданаў знайшоў амаль 120 нямецкіх бетонных збудаванняў самага рознага прызначэння. Адны з іх захаваліся больш, іншыя — менш. Яны ёсць нават на астраўках, што "выглядваюць" з азёр. Тут жа ўдалося адшукаць і дзясяткі кіламетраў акопаў (як нямецкіх, так і рускіх), ямы ад шматлікіх бліндажоў і зямлянак.

— Дзякуючы такому рэльефу мясцовасці наступствы Першай сусветнай вайны відаць нават з космасу! — сцвярджае фатограф.

Архітэктурныя "ахвяры" Вялікай вайны

Усе памятаюць цудоўны выгляд Крэўскага замка. Многія знаёмы з яго гісторыяй. І мала хто ведае, што ён таксама лічыцца помнікам Першай сусветнай вайны: ад рускай артылерыі замак пацярпеў значна больш, чым ад набегаў мангола-татар і варожых князёў.

У сакавіку 1918 года ў Брэсцкай крэпасці

быў падпісаны Брэсцкі мір, які паклаў канец вайне на Усходнім фронце. Таму і гэты славуты аб'ект архітэктурнай спадчыны звязаны з эпохай Вялікай вайны. Як і Нясвіжскі палац, што якраз знаходзіўся непадалёку ад фронту. Радзівілы арганізавалі там рускі шпіталь. Гісторыкі сцвярджаюць, што дзякуючы гэтай акалічнасці і ўдалося захаваць шэдэўр беларускага дойлідства.

А ў Магілёве захаваліся дамы, дзе размяшчалася царская Стаўка. У адным з іх бываў апошні рускі імператар Мікалай. Дзейнічае і вакзал, каля якога рэвалюцыянерамі быў забіты генерал Духонін, апошні галоўнакамандуючы рускай арміяй.

І такіх прыкладаў шмат. Руіны некаторых храмаў і сёння нагадваюць пра наступствы Першай сусветнай вайны. Яны не такія вядомыя, але не менш унікальныя. Цудоўны Суткаўскі манастыр стаяў бы зараз у Наваспаску, што на Смаргоншчыне, цэрквы — пад Карэлічамі і ў Івашкавічах, што ў Зэльвенскім раёне.

Затое ў Ашмянскім раёне ў ідэальным стане захавалася гаўптвахта. Гэта, вядома, не аб'ект архітэктуры, але помнікам мінулага стагоддзя яе ўсё-такі можна лічыць. "Дзейнічае" былая гаўптвахта і зараз — мясцовы жыхар прыстасаваў памяшканне для захоўвання бульбы. Дзіўны беларускі народ!

1376927311412_2

Там, дзе сняцца вечныя сны

Асобная тэма, на якую выйшаў Уладзімір Багданаў, — могілкі, брацкія магілы, месцы пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны.

— Трэба ўяўляць сабе, што вайсковыя могілкі таго часу вельмі адрозніваюцца ад пахаванняў Другой сусветнай, — перакананы мой суразмоўца. — Гэта звязана з тым, што раней было іншае стаўленне да супрацьлеглага боку: вораг ворагам, але калі ён загінуў, яго трэба пахаваць па-чалавечы. Таму пераважная частка могілак часоў Першай сусветнай вайны былі змешанымі.

Сёння ў Беларусі толькі арыгінальных помнікаў на вайсковых могілках тых гадоў захавалася больш за 60. Амаль усе яны пабудаваны немцамі. Справа ў тым, што праціўнікі рабілі помнікі з каменю, а крыжы — з бетону. Рускі бок, на жаль, адкладваў гэтую справу на потым: лічылі, што яны на сваёй зямлі, яшчэ ўсё паспеюць. Зразумела, тыя драўляныя крыжы, якімі яны абазначалі месцы пахаванняў, страчаны. Як і магілы нашых суайчыннікаў. І хутчэй за ўсё, назаўсёды.

Праўда, некаторыя з іх фатографу ўсё ж такі ўдаецца знаходзіць. Адны "адрасы" ведае сам, другія падказвае літаратура, трэція — людзі. У пошуку асабліва карысныя карты 1920—1930-х гадоў, якія сёння існуюць у шырокім доступе. Прычым не толькі рускія, але і нямецкія. Крыніца інфармацыі — і палкавыя кнігі, якія пасля вайны выпускалі немцы. Асабліва каштоўныя іх фотаальбомы: на кожным фотаздымку — подпіс, дзе пазначаны людзі, населены пункт і год. Дарэчы, толькі па нямецкіх фотаздымках можна вывучаць гісторыю Першай сусветнай вайны: немцы рабілі іх усюды, дзе былі. Чаго не скажаш пра рускіх...

Апошняя вандроўка і новыя адкрыцці

У гэтым даследаванні Уладзіміру Багданаву дапамог фотаздымак ваеннага ўрача рускай арміі Аляксандра Зусмановіча, які знайшоў у інтэрнэце. Пад ім подпіс: "Брацкая магіла загінуўшых ад задушлівых газаў, пушчаных праціўнікам супраць ст. Залессе. 1916 г." На здымку — крыж на вялікай свежай магіле, якая знаходзіцца побач з драўлянай царквой.

— Тэлефаную мясцовым краязнаўцам, з якімі я ўжо неаднойчы працаваў, — успамінае Уладзімір Анатольевіч. — Яны пацвярджаюць, што была такая царква, але яна даўно згарэла. У 1967 годзе, на Вялікдзень, старшыня калгаса разам са сваімі падначаленымі аблілі яе гаручым і падпалілі. Расказвалі, што нават сцяжынка, па якой яны цягалі бензін, палала агнём!

Вызначыць месца брацкай магілы станавілася ўсё складаней. Зразумела, што амаль за 100 гадоў на могілках, дзе нават царква знікла, шмат што змянілася і выглядае ўсё па-іншаму. Нягледзячы на гэта, Уладзімір Багданаў накіраваўся на Смаргоншчыну.

На гэтых могілках ён аказаўся ўпершыню. Прыпаркаваўшы аўтамабіль пры ўваходзе, дастаў раздрукоўку са здымкам Зусмановіча і пайшоў з ёй апытваць людзей, якія працавалі непадалёк. Пагутарыў. Толькі ніхто з іх пра царкву ніколі не чуў. Тым больш, не мог паказаць месца, дзе яна стаяла.

Давялося тэлефанаваць знаёмаму, які ведае гэтыя мясціны. Праўда, асаблівай дапамогі не атрымаў: па тэлефоне сарыентавацца на могілках няпроста. Фатографу ўдалося зразумець толькі тое, што царква стаяла дзесьці ў цэнтры. Яшчэ ён даведаўся, што тут знаходзіцца магіла медсястры санітарнага цягніка, якая загінула ў 1917 годзе. На помніку павінны былі быць адлюстраваны чэрап і косці.

Паблукаўшы на могілках дзесьці з паўгадзіны, даследчык не мог ні за што зачапіцца. Ужо сыходзячы, напаткаў пажылога мужчыну. Для чыстага сумлення Уладзімір Багданаў паказаў яму фотаздымак. І трэба ж, які поспех! Мясцовы жыхар не толькі ведаў пра царкву, а нават бачыў яе, калі быў малым. Аляксандр Броўка паказаў, дзе і як стаяла царква. Высветлілася, што храм стаяў бокам да алеі і размяшчаўся недалёка ад каплічкі, якая захавалася. Давялося ўбачыць фрагменты фундамента — камяні, якія ўтваралі вугал. "Пры мне яна ўжо не працавала, але стаяла тут, старая, з амаль чорнага дрэва", — успамінаў мясцовы жыхар. Расказаў і пра тое, як яна была знішчана савецкай уладай.

— Затым ужо няцяжка было адшукаць металічную агароджу з маленькім абеліскам, якая стаяла каля самага храма, — расказвае Уладзімір Багданаў. — Знайшліся і камяні-помнікі, адлюстраваныя на фотаздымку. Пасля таго, як вызначыліся кропкі каардынат, усё астатняе аказалася зусім простым. Варта было адысці на прыкладнае месца, адкуль амаль 100 гадоў таму мог здымаць Зусмановіч, і адразу можна было ўбачыць іншыя аб'екты. Нават надпісы на камянях сышліся. Тады я зразумеў, дзе знаходзілася брацкая магіла. Гэтае месца зараз пустуе, больш позніх пахаванняў там няма.

Мясцовы жыхар паказаў і тую магілу медсястры, пра якую расказваў знаёмы. На надмагіллі сапраўды вылучаліся чэрап і косці, што не вельмі адпавядала надпісу на помніку: "Здесь покоится прах сестры милосердия Ольги Викентьевны Митюкевич,безвременно скончавшейся на 22-м году жизни в марте 1917 года."

У перспектыве Уладзімір Багданаў плануе ўсталяваць на месцы брацкай магілы памятны знак ці хаця б звычайны крыж, які нагадваў бы мясцовым жыхарам пра подзвіг салдат, сярод якіх маглі быць іх землякі. А сёння ён пакуль што ўносіць інфармацыю аб гэтым аб'екце ў свой электронны каталог, у якім ужо змяшчаецца каля 300 месцаў пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны.

Варварства без апраўдання

— Пэўны памятны знак на месцы могілак ці там, дзе раней былі брацкія магілы, неабходны, — дадае Уладзімір Анатольевіч. — Асабліва на тых, якія зараз закінуты ці знаходзяцца ў лясах ці іншых цяжкадаступных месцах. У тым ліку для таго, каб зберагчы аб'екты мінулай вайны ад нападу "чорных капальнікаў". Пагрозы можна чакаць і ад мясцовых жыхароў. На жаль, ХХ стагоддзе змяніла адносіны людзей не толькі да культурных каштоўнасцяў, але і да ўсяго астатняга. Магчыма, такі знак якраз і створыць своеасаблівую ахоўную зону. Калі аб'ект нікому не патрэбны, ён найбольш прываблівае да сябе ўвагу гэтых людзей. У такім выпадку кожны, хто трапіць на такое месца, будзе ведаць, што яно ахоўваецца дзяржавай.

Падчас савецкага перыяду і так было нямала страчана: аб'екты фартыфікацыі і месцы пахаванняў узрывалі пасля вайны, знішчалі мэтанакіравана. У некаторых вёсках, якія размяшчаліся ўздоўж лініі фронту, фундаменты калгасных будынкаў і нават хат складаюць не толькі бетонныя фрагменты нямецкіх бліндажоў, а часам і помнікі з ваенных могілак.

Даследчык Першай сусветнай вайны згадаў адну Радаўніцу. Тады ён ехаў на Валожыншчыну — на амаль нікому невядомыя могілкі ў лесе, каб паставіць свечку па загінулых падчас аднаго з баёў. Калі прыехаў, не паверыў вачам: могілкі былі раскапаны літаральна два дні таму. У выніку рабаўнікамі аказаліся мясцовыя хлопцы, якіх хутка знайшлі.

Успамінае Уладзімір Багданаў і тое, як колькі разоў краязнаўцы расказвалі яму пра вялікія нямецкія могілкі ў вёсцы Круплі, што ў Іўеўскім раёне на Гродзеншчыне. Нават паказвалі, дзе яны размяшчаліся. Толькі ніводнага следу ад былых могілак адшукаць так і не ўдалося. Праз некаторы час даследчык выпадкова натрапіў на падборку фотаздымкаў, на якіх была пазначана гэтая вёска і гады.

— Ячэ раз еду ў тыя Круплі, знаходжу мясцовага дзеда, які мне і расказаў, як былі знішчаны нямецкія могілкі. Аднойчы, пасля вайны, адзначаючы свята Перамогі, прыехалі сюды былыя чырвонаармейцы. З дапамогай коней вырвалі дубовыя крыжы, затым іх спалілі... Так і адзначылі свята. Нічым, як варварствам, гэта больш і не назавеш.

Захаваліся ў Беларусі і вельмі шыкоўныя помнікі на нямецкіх могілках. Толькі і тыя ўжо сапсавалі... У скульптуры арла, што стаіць на могілках у вёсцы Пронькі ў Мядзельскім раёне, адбіта галава, прастрэлены крылы. У помніку ў Карабанах, што на Брэстчыне, замест каменнага чалавека засталіся толькі яго ногі. І такіх прыкладаў вельмі шмат.

— Не па-чалавечы гэта, вымяраць стаўленне да могілак ці помнікаў толькі па нацыянальнай прыналежнасці, — лічыць фатограф. — Нельга забываць, што ў Беларусі нямала добраўпарадкаваных немцамі могілак, на якіх пахаваны і рускія салдаты. Напрыклад, на помніку ў вёсцы Невель на Піншчыне на дзвюх мовах напісана: "Друзья и враги смертью объединены". Ёсць нават і такія могілкі, на якіх няма ні аднаго немца, але ўсе славянскія прозвішчы напісаны на іх па-нямецку. Як прыклад — могілкі пад Сновам, што пад Нясвіжам, дзе знаходзіўся рускі лазарэт. Драўляныя крыжы там памянялі на бетонныя ў 1930-я гады, калі гэта была тэрыторыя Заходняй Беларусі, і зроблена ўсё было на нямецкія грошы.

Сёння стаўленне да аб'ектаў гістарычнага мінулага амаль не змянілася. Бетонныя бліндажы, доты, акопы, па якіх можна было б вывучаць гісторыю фартыфікацыі, часта пераўтвараюцца ў звалкі для смецця. На палях, дзе яны перашкаджаюць сельскагаспадарчай дзейнасці, ад іх імкнуцца пазбавіцца. Дзіўна, што яшчэ нешта захавалася. Толькі з такім стаўленнем да гістарычнага мінулага і гэта можам страціць.

...Вядомы журналіст і фатограф не ставіць перад сабой глабальных мэт. Як ён сам лічыць, яго задача — толькі знайсці аб'екты Вялікай вайны. Сам працэс пошуку цікавіць Уладзіміра Багданава. Невыпадкова ўвесь вольны час ён прысвячае вандроўкам па Беларусі. А колькі яшчэ працуе напярэдадні падарожжа. І ўсё трымаецца на адным энтузіязме, за які, вядома, грошай не плацяць, ды і асаблівай пахвалы не дачакаешся. Толькі каб не было такіх апантаных людзей, як Уладзімір Багданаў ці Барыс Цітовіч, які на Вілейшчыне аднавіў шматлікія аб'екты таго часу, наўрад ці мы сёння, акрамя гісторыі за школьны курс, ведалі б нешта пра Першую сусветную вайну. Больш за тое, маглі б і не пабачыць той спадчыны, якая хутка адзначыць свой векавы юбілей.

Вераніка КАНЮТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці ўсюды ў рэгіёнах краіны ёсць магчымасць займацца спортам?

Ці ўсюды ў рэгіёнах краіны ёсць магчымасць займацца спортам?

Ці заўжды актыўнасць беларусаў знаходзіць належныя ўмовы для прымянення?

Грамадства

Чэмпіёны па веславанні ў Бабруйску растуць не дзякуючы, а насуперак

Чэмпіёны па веславанні ў Бабруйску растуць не дзякуючы, а насуперак

​Пра заслугі бабруйскіх весляроў ведаюць нават тыя, хто далёкі ад гэтага віду спорту.

Грамадства

У Абухаве гадуюць спартсменаў і мараць аб узнаўленні басейна

У Абухаве гадуюць спартсменаў і мараць аб узнаўленні басейна

Штогод адсюль выходзяць майстры спорту, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.

Грамадства

Якім быць новаму музею МТЗ?

Якім быць новаму музею МТЗ?

Рэтра-трактары і 5D-сімулятар.