Вы тут

"Цудоўная сямёрка" вяртаецца ў эфір і набірае ўдзельнікаў


Арыгінальнае спартыўнае рэаліці-шоу, прыдуманае і рэалізаванае 6 гадоў таму (тады яшчэ тэлеканалам "Лад"), вяртаецца на экран. Праўда, у істотна змененым і абноўленым выглядзе. Цяпер спаборнічаць у розных відах спорту ўдзельнікі будуць не індывідуальна, а ў складзе дзвюх каманд. Пасля трэніровак пад кіраўніцтвам прафесійных спартсменаў і вопытных трэнераў каманды выступяць у сямі эпізодах: спачатку засвояць кёрлінг, потым паспрабуюць свае сілы ў фігурным катанні, хакеі, рэгбі і г. д. У суперфінале ў прысутнасці вялікай колькасці балельшчыкаў сустрэнуцца каманда пераможцаў усіх эпізодаў і каманда тэлегледачоў…

Уласна, абноўленае рэаліці-шоу ўжо знаходзіцца на нізкім старце і чакае апошніх сваіх удзельнікаў. 24 і 25 жніўня ў Белтэлерадыёкампаніі

адбудзецца кастынг ахвотных увайсці ў каманды "Цудоўнай сямёркі". Прычым у адборы важнае значэнне будзе мець не толькі добрая фізічная форма, але таксама асабістыя характарыстыкі: камунікабельнасць, уменне працаваць у камандзе, пачуццё гумару. Папярэдне ўсе ахвотныя могуць запоўніць анкету ўдзельніка на сайце тэлеканала "Беларусь 2" — httр://www.bеlаrus2.bу/ru/vеlіkоlерnауа-sеmеrkа-vоzvrаshсhеnіе.

Дарэчы

Узрост і геаграфія пражывання ўдзельнікаў, сцвярджаюць арганізатары праекта, значэння не маюць. Але разлічваць свае сілы ўсё ж давядзецца, і гаворка не толькі пра фізічныя намаганні: трэніроўкі і здымкі праекта будуць праходзіць у спартыўным комплексе "Мінск-Арэна" глыбокай ноччу — з 0 да 4 гадзін раніцы.

Хто на новенькага?

—У кожную каманду ўвойдуць па тры медыяперсоны ("зоркі" эстрады, акцёры, іншыя вядомыя людзі) і па чатыры тэлегледачы, — расказвае рэжысёр праекта Анатоль Вечар.

—Ці будуць сярод удзельнікаў прафесійныя спартсмены, як у першым сезоне, дзе нязвыклыя для сябе віды спорту засвойвалі тэнісістка Вольга Барабаншчыкава, кікбаксёр Карына Аляксандрава, біятланіст Вадзім Сашурын?

1376927315244_17-11

—У першым эпізодзе — дакладна не. Хоць вельмі хацела ў ім паўдзельнічаць Алена Зубрылава, але здымкі супалі з яе неадкладнымі справамі за мяжой. У наступныя эпізоды, мяркую, будзем запрашаць і спартсменаў. Затое магу сказаць, што з шасці "зорных" удзельнікаў першых каманд у нас будуць чатыры спевакі (сярод іх, напрыклад, саліст гурта "Дразды" Віталь Карпанаў — Аўт.), балерына з Вялікага тэатра оперы і балета і вядомы акцёр тэатра і кіно. Папулярныя асобы, дарэчы, ахвотна адгукаюцца на нашы прапановы, таму, можна сказаць, сярод іх ідзе асобны кастынг.

Вядучым рэаліці-шоу "Вялікая сямёрка. Вяртанне" стане загартаваны першым сезонам праекта спявак Уладзімір Пугач (эпізод "Горныя лыжы"). У яго ж выкананні, толькі з новай аранжыроўкай, будзе гучаць гімн "Цудоўнай сямёркі" — песня "Прыцягненне неба".

—А дзеля якіх "штаноў з лампасамі" ўсе гэтыя высілкі? Пераможца першага сезона "Вялікай сямёркі" Вадзім Сашурын, помніцца, у якасці прыза атрымаў аўтамабіль…

—Ну, так, калі можна гэта назваць аўтамабілем — ён выграў "Ніву Шэўрале", — смяецца рэжысёр. — Сёлета ў суперфінале прыз таксама будзе не меншы, запэўніваю вас. Дый пераможцы кожнага з сямі эпізодаў атрымаюць каштоўныя прызы.

Часу на раскачку ва ўдзельнікаў няма, дый гледачам засталося чакаць зусім нядоўга. У эфір "Цудоўная сямёрка. Вяртанне" пойдзе практычна "з колаў" (ужо на другім тыдні верасня) і будзе выходзіць па суботах або нядзелях.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?