Вы тут

Ці лёгка быць ляўшой?


Наш свет зручны для тых, хто максімальна падобны да іншых. Усім, хто выбіваецца з агульнай масы, жыць бывае цяжэй. "Белыя вароны" вымушаны пастаянна падладжвацца пад умовы, створаныя для пераважнай большасці. З нагоды міжнароднага дня леўшуноў мы пацікавіліся, ці лёгка ім жывецца.

1376927319500_1

Раман Шамшорык, майстар спорту па кікбоксінгу, менеджар па рэкламе таварыства "Кажан", г. Гродна:

У нашай сям'і ўсе ляўшы, пачынаючы ад прадзеда і заканчваючы мною. Непераадольныя цяжкасці, звязаныя з гэтым, узнікаюць даволі рэдка. Так, камп'ютарная мышка дакладна не для нас стваралася, але ж не праблема перацягнуць яе на супрацьлеглы бок. Не вельмі зручна трымаць камеру правай рукой, але дзякуючы пастаяннай практыцы спраўляюся. Мабыць, адзіная непераадольная цяжкасць паўстае, калі вучышся карыстацца зброяй. Справа ў тым, што любы аўтамат разлічаны на праварукіх. Чаму? У адваротным выпадку ты рызыкуеш уласным тварам у прамым сэнсе гэтага слова: затвор размесціцца якраз перад тварам, і першая ж гільза трапіць у цябе. Але станоўчыя моманты для ляўшы ёсць таксама. Напрыклад, паводле этыкету відэлец патрэбна трымаць у левай руцэ, што для нас цалкам натуральна. Шмат пераваг маюць ляўшы ў спорце. Калі твой партнёр па кікбоксінгу — праўша, то ён, адпаведна, чакае ад цябе ўдару справа. Праціўнік ставіць абарону на правы бок, а ты лёгка трапляеш у яго злева. Як правіла, тады да перамогі застаецца адзін крок.

1376927320239_2

Пётр Казлоў, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, г. Гродна:

Ці лёгка мне? Неяк не вельмі. З самага маленства аловак з маёй левай рукі перакладвалі ў правую. Вось вы вазьміце і напішыце што-небудзь левай рукой. Атрымаецца крыва, ці не так? А потым здзіўляюцца, чаму я пішу, як курыца лапай. Гавораць, д'ябал быў ляўшой. Таму ў кожным з нас ёсць нешта дэманічнае. На вялікае шчасце, эпоха сярэднявечча засталася далёка за спінай і інквізіцыяй сёння нас не запалохаеш. Дарэчы, колькасць такіх, як я, — 5% ад усіх жыхароў планеты. Калі ж сур'ёзна і без драматызму, то ўсё нармальна. Часам нават прыемна: знаёмыя даведваюцца, што я ляўша, і адразу ж пачынаюць лічыць мяне за творчую асобу. Вядома, гэта проста стэрэатып, але самаацэнку павышае.

1376927322678_3

Маргарыта Данцова, кансультант крамы "Свет камп'ютарных тэхналогій", г. Гродна:

Сучасным ляўшам значна прасцей. Вось у часы СССР ім даводзілася не зусім салодка. Каму ж захочацца перавучвацца пад прымусам? Сёння ж кожны мае права на самастойны выбар. Можна завітаць у спецыяльныя сеткавыя крамы, разлічаныя адмыслова на ляўшэй. Звычайна там гандлююць канцтаварамі. Напрыклад, адметнай формы ручкі. Праўшы імі карыстацца не здолеюць. Сапраўды эксклюзіўныя рэчы для творчых людзей. Аднойчы зайшла на сайт пра ляўшэй і для ляўшэй — і здзіўленню майму не было межаў. Сярод нас выявілася добрая палова найлепшых галівудскіх акцёраў, наймацнейшых палітыкаў і вайскоўцаў, безліч філосафаў, мастакоў і музыкантаў. Як жа натхнілі мяне іх імёны! Джым Кэры і Скарлет Ёхансан, Фрыдрых Ніцшэ і Франц Кафка, Леў Талстой і Льюіс Кэрал. Сёння ў Беларусі вельмі цэніцца мысленне нелінейнае, вобразнае, арыгінальнае. Таму быць не падобным на астатніх — гэта цудоўна. Як пісаў Марк Твэн, "калі ты заўважыў, што тваё меркаванне супадае з большасцю, час змяняцца".

Падрыхтавала Маргарыта СІДАР.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.