Вы тут

БЕЛЫ ПТАХ, ЯКІ АДЛЯЦЕЎ...


Спасаўка — шчодры час года... Шчодры мёдам і садавіной, шчодры цеплынёй сонца... Вось-вось пазалацее лістота... Прыгожая пара. Некалі амаль у гэтую пару для Пушкіна пачыналася Болдзінская восень... А для многіх з нас, беларускіх журналістаў, час сумны, бо вось днямі сабраліся на жалобную сустрэчу на Паўночных могілках: сёння год, як няма сярод нас на гэтым свеце нашага сябра, для многіх іншых калег — настаўніка і кіраўніка, Уладзіміра Бельскага — Валодзі. Былога шматгадовага галоўнага рэдактара сёння звяздоўскай "Чырвонкі", старшыні Дзяржкамдруку, аднаго з першых надзвычайных і паўнамоцных паслоў нашай краіны ў Чэхіі і Славакіі, пазней — галоўнага рэдактара газеты "Сям'я" і банкаўскага аналітыка, палітолага, пісьменніка і паэта, сябра і светлага-светлага чалавека... Колькі там яшчэ нават да той пенсіі было — нейкай нібыта мяжы — а чалавека год як няма з намі...

1376927323183_17-26

У нас, журфакаўцаў БДУ імя Леніна выпуску 1981-га, ён быў старастам курса. Пасля войска і падрыхтоўчага аддзялення каму, як не яму, было наканавана вазіць нас па "бульбах" і будатрадах, арганізоўваць у інтэрнатах на Кастрычніцкай дыскатэкі са святламузыкай, пластмасавыя пласцінкі для ліхтароў якой мы разам з ім шукалі па навакольных сметніках... Не фізікі-хімікі, а менавіта журналісты першымі зрабілі такі цуд для нашых інтэрнатаўскіх суботніх вечарын...

Рэдактарства "Чырвонкай" прыпала для яго на няпросты канец 90-х і доўжылася да 1996-га. Газета была вялікатыражная, цікавая, а на "чырвонкаўскім" паверсе Дома друку можна было папросту пагаварыць з Міколам Федзюковічам і Валерыем Івановым, Анатолем Ярмоленкам і з музыкантамі толькі што народжаных тады многіх беларускіх гуртоў, са славутымі літаратарамі...

Народны артыст Беларусі, кампазітар Валерый Іваноў:

— Самыя светлыя ўспаміны пра гэтага чалавека і самая адчайная туга па ім... Вельмі мала людзей, якія маглі столькі часу аддаваць сябрам... Мне Валодзя прысвяціў паэму — вось узяў і напісаў... Былі мы адзін у аднаго і ў кватэрах, і ў бацькоўскіх дамах... А ён жа са знакамітых калінкавіцкіх Юравічаў... І я пачуваўся там як дома, бо з ім было цёпла. Я не люблю такіх слоў — "заўчасна пайшоў", "мог бы яшчэ жыць"... Жыві ты 50 або 100 гадоў... Але калі адыходзіць Асоба — гэта страшэнна сумна і ў жыцці вельмі не хапае нечага вялікага і істотнага. Я дакладна ведаю: пры такіх людзях, як ён, для многіх з нас жыццё робіцца куды лепшым...

...А спяваць Валодзя, будучы студэнтам, любіў вясковыя прыпеўкі, і, напэўна, найлепшую беларускую песню пра завушніцы....

Пятро РАМАНЧУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.