Вы тут

АЛЁ, Народ на провадзе


Казалі адно...

Гадоў з пяцьдзясят таму мой добры сябар Віктар Луцкі вучыўся ў Беларускім лесатэхнічным інстытуце і, як многія тады, летам ездзіў на асваенне цаліны. Студэнтаў выкарыстоўвалі там як недарагую рабочую сілу, сялілі, як правіла, у бараках. У той год, напрыклад, у вялікім — жыло сорак хлапцоў, а ў прыбудове да яго — 12 дзяўчат.

Дык вось. Аднойчы ў час абедзеннага перапынку студэнты селі гуляць у карты і вельмі ж захапіліся: не згледзелі, адкуль на небе з'явілася хмара, адкуль паліўся дождж... Ды гэтакі спорны, у спёку...

Карацей, хлопцы нічога ўцяміць не паспелі ды толкам агледзецца, як новая навіна: з дзіркі ў даху выскачыў нейкі вогненны шарык памерам з курынае яйка і... як бабахне! Хлопцы, можна сказаць, узляцелі з лавы, прыўзняліся ў паветра...

Шаравая ж маланка не зачапіла, дзякаваць Богу, нікога. Толькі напалохала, бо піск у дзявочай прыбудове пачаўся проста неймаверны!

Хлопцы, вядома ж туды — на галасы, на выручку. А там...

Студэнткі, напаўголыя (ведама, духата), як звар'яцелыя носяцца паміж ложкаў, крычаць, вішчаць...

І толькі адна, самая прыгожая, па-старэчы абхапіўшы галаву рукамі, хістаецца ў бакі і ў страшнай роспачы паўтарае: "Усё... Я глухая... Я зусім глухая... І хто ж мяне замуж такую возьме?.."

Як высветлілася, тая шаравая маланка найперш ударыла ў прыбудову і дзяўчат мала таго што напалохала — яшчэ і аглушыла! Прычым настолькі, што спачатку яны нічога не чулі.

...Віктар, успамінаючы гэты "цалінны" выпадак, заўсёды смяецца. Найбольш з таго, што ўсе дзяўчаты спявалі "Раньше думай о Родине...", выдавалі сябе за вельмі эмансіпаваных і ідэйных, гаварылі, наколькі важна для іх скончыць вучобу, здзейсніцца ў прафесіі, уступіць у партыю, зрабіць кар'еру...

А напраўду, як высветлілася, усе яны хацелі замуж. І вельмі баяліся, што з нейкімі недахопамі іх проста могуць не ўзяць.

Уладзімір Шулякоўскі,
г. Мінск

...А магло быць іначай!

У пачатку 1970-х гадоў райкам партыі накіраваў мяне на пасаду дырэктара вясковай сярэдняй школы. Ехаць на новае месца мне, шчыра кажучы, не вельмі хацелася, ды нічога ж не зробіш — партыйная дысцыпліна. Так я апынуўся ў вёсцы Юркевічы, прыжыўся тут, жыву, цяпер на пенсіі ўжо, а тады працаваў, дзе загадалі і, вядома ж, па розных службовых абавязках нярэдка ездзіў па навакольных вёсках, бо дзеці ў школе з усёй акругі... Часта бываў і ў райцэнтры.

Дабіраўся туды як прыйдзецца: калі аўтобусам, калі пехатой, калі на нейкіх спадарожных падводах-машынах... А нарэшце змогся — вырашыў купіць аўтамабіль. Грошай трохі было сваіх, трохі дапамаглі бацькі. І вось, нарэшце, у мяне свая машына — навюткі "Запарожац"!

...На ім якраз вяртаюся неяк з райцэнтра. Бачу — галасуе аднавясковец. Яго Мішам звалі, а мянушка — Спелы (мусіць, таму, што твар у яго заўсёды чырвоны).

Вядома ж, я прыпыніўся, падабраў — чалавек сеў, едзе. І пры гэтым, не паверыце, мяне ж... папракае (ведама, п'яны). Кажа:

— Бач, Мікітавіч, як ты разбагацеў тут, у нашай вёсцы, як распанеў. Ведама — дырэктар! Ужо пешкі і не ходзіш, ужо машыну сабе прыдбаў...

— Так, — згаджаюся, — я распанеў, я прыдбаў... А ты, Міша, мне па праўдзе скажы: колькі ты прапіў вось такіх "Запарожцаў"? (Бо я ж ведаю, што працаваў ён бульдазерыстам, асушаў Палессе... Грошы заграбаў, можна сказаць, каўшамі — іншаму начальству не снілася... І калі б не піў...).

Думаў, пакрыўдзіцца ён. Гляджу — не: сапраўды звіліны "ў кучку сабраў", пальцы загінае — лічыць, зводзіць даходы з расходамі! І праз хвілю нават лічбу выдае:

— Ну, не менш як два!

— Значыць, — кажу, — мы на роўных: ты атрымаў задавальненне ад таго, што дзве машыны прапіў, я — ад таго, што на адной езджу і не залежу цяпер ні ад аўтобуса, ні ад надвор'я... Ды яшчэ і цябе вось падвожу. А магло быць — наадварот. Ты, Міша, падумай...

Як педагог са стажам скажу: калі б Мішу гэтую думку нехта падкінуў раней, можа, ён і зрабіў бы нейкія высновы, можа, не быў бы Спелым?

Васіль Пяшэвіч,
в. Юркевічы,
Жыткавіцкі раён.

Знаходлівы хлопец

...Пятрок вельмі спяшаўся на спатканне. Таму замест вячэры нагбом выпіў вялізны кубак кефіру ды жвава пабег у бок старога парку.

Арына чакала яго, як звычайна, пад кучаравымі ліпамі. Увечары там на дзіва ўтульна і камфортна. Але ж на гэты раз сядзець на лаўцы дзяўчына не хацела, адразу ж прапанавала пагуляць ля рэчкі.

Пятро згадзіўся, бо таксама не супраць быў пахадзіць, падыхаць свежым паветрам, адпачыць яшчэ і душой.

Яны прайшліся ўжо туды-сюды, пагаманілі, нават крыху пажартавалі. Але праз нейкі час юнак адчуў, што яму зусім не да смеху. У яго арганізме стала адбывацца нешта не тое: кішкі, што называецца, ігралі марш, жывот гудзеў, як той бубен!

Пятро з усіх сіл імкнуўся затармазіць, заглушыць гэтыя вулканічныя працэсы, ён трымаўся, як мог, але... спатыкнуўся — і тут жа прагрымеў выбух.

Хлопец спалохана зірнуў на дзяўчыну: пачула? Як быццам не? Але ж ён на ўсякі выпадак хацеў падстрахавацца. І нават знайшоў, што сказаць. Паказаў рукою на неба: чуеш, маўляў, дзесьці грыміць? Можа, і дождж зараз будзе? То пойдзем, пасядзім дзе ў кавярні.

Дзяўчына задрала галаву і, заўважыўшы ў небе чорную хмарку, згодна кіўнула галавой.

Хлопец з палёгкай уздыхнуў: значыць, пранесла?

Ганна Атрошчанка,
г. Гомель

"Давайце вясёлае!"

Пра сучасныя песні гаварыць не хочацца, бо ў іх мала што мелодыі ніякай, дык яшчэ і зместу няма. "Твои глаза — два бриллианта, три карата" — гэта, як зазначыў гумарыст Задорнаў, проста жах, бо свіныя ж вочкі...

А вось даўнейшыя песні — яны вельмі прыгожыя, вельмі мілагучныя, хоць словы ў іх (тут я зноў пагаджуся з Задорнавым) не заўсёды супадаюць з мелодыяй. Кожны, мусіць, чуў, а то і сам спяваў: "И за борт её бросает в набежавшую волну..."?

Гэта ж, згадзіцеся, пра забойства! Гэта ж трагедыя, жах — тут плакаць трэба! А выканаўцы — не: яны ў тыя хвалі быццам купальскі вяночак укінулі.

Ці вось яшчэ казакі спяваюць вельмі прыгожую песню "Ванька Ключнік" (дарэчы, на словы паэта Крастоўскага) "...А княгіня молодая умирает на ноже". Зноў жа трагедыя, зноў жах! А спяваюць — вельмі весела. Да таго ж яшчэ і прысвістваюць...

Зрэшты, гэта так, да слова, што неяк сабраліся нашы вясковыя бабулі песні паспяваць. І адну зацягнулі, і другую, і трэцюю. Ды ўсё нешта сумныя... Кшталту: "Жыву я ад маменькі далёка, мне не з кім прывету перадаць...". Альбо "Зялёная вішня" — са словамі: "Няма табе, донька, ні лыжкі, ні міскі"...

Карацей, і паспявалі яны як быццам, а на душы не палягчэла, не адлягло. "До, — рашылі, — давайце нешта вясёлае!"

І песню ўмомант знайшлі! Якую? Ды як дзед бабу тапіў... Помніце: "А як баба ўзнырне, дык дзед кіем падпіхне..."

І не шкада яе! Можа, таму, што дрэнная баба? А можа, таму, што ў песні вельмі ўжо вясёлая мелодыя!

Соф'я Кусянкова,
в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.