Вы тут

У Беларусі развіваецца рынак здаровага харчавання


Народная мудрасць гаворыць: усе нашы хваробы ад нерваў. Але тут варта было б дадаць — і ад няправільнага харчавання. Наша самаадчуванне залежыць непасрэдна ад таго, што мы ядзім, але не ўсе надаюць гэтаму асаблівае значэнне. Аб тым, якім павінен быць правільны рацыён харчавання, як сфарміраваць яго ў дзяцей, дзе ў Беларусі знайсці "здаровыя" прадукты і калі ў рэспубліцы з'явіцца Канцэпцыя здаровага харчавання, карэспандэнт БЕЛТА размаўляе з начальнікам аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні кандыдатам біялагічных навук Людмілай Мельнікавай.

— Людміла Аляксандраўна, раскажыце аб асноўных прынцыпах здаровага харчавання. Ці адрозніваюцца гэтыя правілы для розных узроставых груп насельніцтва?
— Асноўныя прынцыпы рацыянальнага харчавання распрацаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Іх пяць, і згодна з імі харчаванне павінна быць умераным, збалансаваным па незаменных харчовых рэчывах, чатырохразовым, прычым кожны прыём ежы прадугледжвае параўнальна невялікую колькасць яды, разнастайным і паўнацэнным. Апошняму прынцыпу надаецца асаблівае значэнне. Галоўнае тут — штодзённае ўжыванне свежай агародніны, садавіны і зеляніны.

Гэтыя прынцыпы ўніверсальныя, і калі іх захоўваць, то ва ўсіх груп насельніцтва ёсць шанц пазбегнуць праблем з лішняй вагой. Калі ж гаварыць аб нормах фізіялагічных патрэбнасцяў у харчовых рэчывах і энергіі, то яны, вядома, розныя для мужчын і жанчын, дзяцей і падлеткаў. У Беларусі распрацаваны такія нормы, іх можна знайсці ў дзяржаўным нарматыўным дакуменце, які вызначае велічыні аптымальных патрэбнасцяў у харчовых рэчывах і энергіі для розных груп насельніцтва.

— Па статыстыцы мінулага года, амаль 30 працэнтаў беларусаў пакутуюць ад атлусцення. Асабліва актуальная гэта праблема адносна дзяцей і моладзі. Якія шляхі яе вырашэння вы бачыце? Як сфарміраваць прывычкі здаровага харчавання ў дзіцяці?

— Дзіцячае атлусценне даволі актуальная праблема, паколькі вядзе да сур'ёзных парушэнняў як фізічнага, так і псіхічнага здароўя дзіцяці.

Навучыць дзяцей есці карысную і здаровую ежу няпроста. У 2011-2012 гадах у рамках дзяржаўнай навуковай праграмы "Дзіцячае харчаванне" мы даследавалі спажывецкія густы навучэнцаў пры выбары прадуктаў харчавання. Аказалася, што харчовыя густы падлеткаў з сярэдніх школ горада Мінска — гэта фастфуд, ласункі, паўфабрыкаты глыбокай тэхналагічнай апрацоўкі, салодкая газіроўка, энергетычныя напіткі, чыпсы. На гэта накладваецца нерэгулярнае харчаванне, аднастайная ежа, перавышэнне колькасці ежы, сядзячы спосаб жыцця перад камп'ютарам. Як вынік, назіраецца павелічэнне колькасці дзяцей з лішняй вагой.

Праведзеныя апытанні сярод бацькоў паказваюць, што толькі 10 працэнтаў з іх усведамляюць, што харчаванне аказвае сур'ёзны ўплыў на здароўе, і прывіваюць культуру здаровага харчавання падрастаючаму пакаленню. Таму каб дзеці раслі здаровымі, у першую чаргу самі бацькі павінны навучыцца правільна харчавацца і навучыць гэтаму сваіх дзяцей. Уважлівы падбор прадуктаў, правільна арганізаваны рэжым харчавання, кантроль за колькасцю і якасцю ежы, стымуляцыя рухальнай актыўнасці — гэта тое нямногае, што дапаможа дзіцяці ў далейшым быць здаровым чалавекам.

— Якія смакавыя густы ў беларусаў? Якія прадукты яны часцей за ўсё спажываюць, а чаго недаядаюць?

— Беларусы з-за сваіх прывычак ужываюць больш, чым трэба, тлустых малочных і мясных прадуктаў. Прычым мяса мы часцей ядзім не ў натуральным выглядзе, а ў выглядзе разнастайных сасісак і каўбас, у якіх — 30-40 працэнтаў тлушчу. Хлеба, булачак з мукі вышэйшага гатунку, бульбы ў нашым рацыёне таксама залішне, а вось агародніны, садавіны, зеляніны, злакаў, рыбы і морапрадуктаў мы недаядаем. Акрамя таго, вельмі любім салодкае і прывучаем да яго дзяцей.

У нашым рацыёне пераважаюць насычаныя жывёльныя тлушчы і лёгкія вугляводы. Як вынік, згодна з праведзенымі даследаваннямі, беларусы, асабліва падлеткі і людзі сталага ўзросту, адчуваюць недахоп не толькі ў вітамінах А, D, С, В 1, В 2, фоліевай кіслаце, але таксама ў харчовых валокнах, поліненасычаных тлустых кіслотах, мінеральных рэчывах, такіх як магній, кальцый, жалеза, ёд, селен.

— Апошнім часам стала модна адмаўляцца ад ужывання мяса і станавіцца вегетарыянцам або сыраедам. Плюсы і мінусы такога харчавання, якія ёсць супрацьпаказанні?

— Адносіны да вегетарыянства неадназначныя нават сярод спецыялістаў. Адны даследчыкі прызнаюць вегетарыянскую дыету адэкватнай, іншыя пацвярджаюць, што ў рацыёне ў абавязковым парадку павінен быць бялок жывёльнага паходжання. Адназначна можна сцвярджаць, што доўгае прымяненне строгага вегетарыянства, пры якім выключаюцца любыя віды мяса жывёлы, птушак, рыб, морапрадукты, а таксама малако і малочныя прадукты, яйкі, з гадамі прыводзіць да рэзкага дэфіцытужалеза, цынку, кальцыю, вітамінаў А, В 2, В 12, D, незаменных амінакіслот. Хоць колькасць жалеза, медзі, цынку ў рацыёнах строгіх вегетарыянцаў можа быць дастатковай, але засваяльнасць іх з раслінных прадуктаў нізкая. Нават у здаровых людзей, якія выключылі са свайго рацыёну ўсе прадукты жывёльнага паходжання, могуць развівацца дысбіёз, гіпавітаміноз і бялковая недастатковасць.

Улічваючы, што вегетарыянства не можа забяспечыць павышаную патрэбнасць у лёгказасваяльным кальцыі, у жанчын у перыяд постменапаўзы і ў пажылых людзей высокая рызыка развіцця астэапарозу. Таксама вядома, што лёгказасваяльнае жалеза знаходзіцца толькі ў прадуктах жывёльнага паходжання, недахоп яго ў вегетарыянскай дыеце можа прыводзіць да развіцця жалезадэфіцытнай анеміі. Такім чынам, строгае вегетарыянства нельга лічыць рацыянальным харчаваннем для дзяцей, падлеткаў, цяжарных жанчын, кормячых маці, пажылых людзей, спартсменаў.

— Як вы ацэньваеце беларускі рынак прадуктаў здаровага харчавання і ці шырока прадстаўлены прадукты для алергікаў, людзей, хворых на дыябет?

— Рынак здаровага харчавання ў Беларусі толькі пачынае развівацца. Але яго важнасць і перспектыўнасць усведамляюць усе, хто займаецца вытворчасцю і продажам такіх прадуктаў.

Да прадуктаў здаровага харчавання адносяць арганічныя, функцыянальнага прызначэння і БАДы. Арганічнымі або экалагічна чыстымі прадуктамі называюць тыя, што атрыманы ў натуральных умовах без выкарыстання ГМ-тэхналогій, хімічных угнаенняў, гармонаў росту, харчовых дабавак. Цяпер у Беларусі адсутнічае прававая база, якая датычыцца арганічнай вытворчасці, няма дзяржаўных стандартаў і адпаведных тэхналагічных нарматываў. Пакуль што ніводнае сельгаспрадпрыемства ў нашай краіне не мае сертыфіката на выпуск такой прадукцыі. Таму сур'ёзна гаварыць аб наяўнасці арганічных прадуктаў на паліцах нашых магазінаў лічу неабгрунтаваным.

На рынку функцыянальных прадуктаў сітуацыя іншая. У 2007 годзе ў Беларусі зацверджаны і ўведзены ў дзеянне стандарт, які ўстанаўлівае тэрміны і паняцці ў гэтай галіне. Так, функцыянальным лічыцца прадукт харчавання, абагачаны фізіялагічна функцыянальнымі інгрэдыентамі для захавання і паляпшэння здароўя. Рынак такіх прадуктаў у нашай краіне актыўна фарміруецца. Умоўна яны прадстаўлены некалькімі групамі, сярод якіх можна адзначыць збожжавыя, малочныя прадукты і безалкагольныя напіткі.

Адносна вытворчасці ў Беларусі прадуктаў для лячэбнага харчавання пытанне застаецца адкрытым. Яны ствараюцца на стыку дыеталогіі і фармакалогіі для лячэння і прафілактыкі сацыяльна значных захворванняў, напрыклад, такіх як алергія і дыябет. Пры гэтым функцыянальныя інгрэдыенты, дабаўленыя ў такія прадукты, павінны даказаць сваю медыцынскую перавагу ў стандартызаваных клінічных даследаваннях.

— Ці з'яўляюцца такімі ўжо небяспечнымі прадукты, якія змяшчаюць трансгенныя рэчывы, як аб гэтым гавораць некаторыя СМІ? Якая іх доля на беларускім рынку?

— Спрэчкі аб бяспецы для арганізма чалавека прадуктаў харчавання на аснове генна-мадыфікаваных аб'ектаў вядуцца ва ўсім свеце. Аднак пакуль што ні ў праціўнікаў, ні ў прыхільнікаў ГМА няма дастатковай колькасці аргументаў і навуковых фактаў па гэтым пытанні.

Разам з тым у Беларусі распрацавана і бесперапынна ўдасканальваецца сістэма кантролю за абаротам ГМА, якая ўкаранёна ў практыку дзяржаўнага нагляду, санэпіднагляду, аграпрамысловага комплексу краіны, мытнай службы і іншых зацікаўленых ведамстваў.

Існуе таксама пералік харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання, якія падлягаюць кантролю за наяўнасцю ў іх ГМ-складальнікаў. У яго ўключаны прадукты з генетычна мадыфікаванай соі і кукурузы. У адпаведнасці з пастановай Саўміна такія прадукты падлягаюць абавязковай маркіроўцы з пазначэннем звестак аб тым, што яны з'яўляюцца генетычна мадыфікаванымі або ў іх саставе ёсць такія кампаненты.

Маніторынгавыя даследаванні паказваюць, што колькасць прадукцыі, якая змяшчае ГМА, на рынку Беларусі адносна невялікая і ў апошнія гады захоўваецца на ўзроўні 1 працэнта. Так што ні аб якой перавазе ГМА над традыцыйнай прадукцыяй не можа быць і размовы.

— Купляючы прадукты ў магазіне, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу, у тым ліку ў радку "састаў"?

— Калі гаварыць аб харчовых дабаўках, якія ўваходзяць у састаў прадукту, то нічога лішняга туды не дабавяць. Калі прадукт дазволены для выкарыстання, ён апрыёры бяспечны для нас, няхай гэта будзе ГМА, харчовыя дабаўкі, фарбавальнікі, эмульгатары, стабілізатары і г.д. Іх дабаўляюць роўна столькі, колькі патрэбна для дасягнення тэхналагічнага эфекту, і гэта вельмі строга кантралюецца дзяржавай у розных акрэдытаваных лабараторыях.

А вось на што сапраўды трэба звяртаць увагу пры куплі, дык гэта на тэрмін прыгоднасці прадукту, таму што калі ён скончыўся, прадукт можа стаць небяспечным для здароўя. Пасля куплі трэба абавязкова паглядзець на этыкетцы, як захоўваць прадукт, пры якой тэмпературы, колькі яго можна захоўваць пасля адкрыцця. І, вядома, часцей заглядаць у халадзільнік, наводзіць там парадак, таму што нават калі мы купляем першапачаткова бяспечныя прадукты, яны могуць нанесці шкоду нашаму здароўю пры няправільным захаванні і ўжыванні.

Хрысціна РАШАНОК,
БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе». 

Культура

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Мы сустрэліся з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ, каб пагаварыць пра найбліжэйшыя і, магчыма, больш далёкія перспектывы.