Вы тут

Неба і зямля Авяніра Кансценчыка


Сапраўдным упрыгажэннем праваслаўных могілак у Стоўбцах з'яўляецца двухметровы помнік цёмна-чырвонага мармуру, увянчаны крыжам. На пастаменце высечаны евангельскія словы: "Придиите ко мне вси труждающиися и обремененнии, и аз упокою вы"(Мф.11.28), а пад імі чытаецца: Авянір Маркавіч Кансценчык, псаломшчык Стаўпецкай царквы, палкоўнік рускай арміі, кавалер ордэна св. Георгія, капітан паветранага карабля "Ілья Мурамец". Сканаў 29.ХІІ.1935 г. з роду 46 гадоў.

Тут пахаваны герой-лётчык, наш суайчыннік. Чаму мы цытуем надпіс на яго магіле? Справа ў тым, што ў шэрагу выданняў пра яго (у самых, здавалася б, аўтарытэтных, нават энцыклапедычных) ёсць мноства недакладнасцяў. Пачынаючы з прозвішча: прыводзячы дакладную фатаграфію помніка, тым не менш перадаюць яго як "Касценчык", незразумелым чынам страчваючы літару "н". Мы пастараемся, наколькі гэта магчыма, удакладніць некаторыя акалічнасці біяграфіі Авяніра Маркавіча.

Нарадзіўся ён 2 жніўня 1889 года ў Гродне. Аб яго паходжанні пішуць па-рознаму: "у сям'і служачага","з беларускіх сялян", "у сям'і беларусаў". А на самой справе? У "Даведачнай кніжцы Гродзенскай епархіі на 1905 год" знаходзім дыякана на вакансіі псаломшчыка Марка Іванавіча Кансценчыка, які служыў у гарадскім кафедральным саборы святой Сафіі, Прамудрасці Божай і быў рукапаложаны ў духоўны сан у 1987 годзе (гэта значыць, праз 8 гадоў пасля нараджэння сына Авяніра). Ды і ці стаў бы далёкі ад царквы чалавек прысвойваць сваім сынам выключна царкоўныя імёны — Авянір, Апалінарый?

Такім чынам, правільны адказ — "нарадзіўся ў сям'і свяшчэннаслужыцеля".

Цалкам натуральна, бацька хацеў, каб сыны прынялі свяшчэнніцкі сан (так, дарэчы, і адбылося з яго сынам Апалінарыем).

Таму Авянір заканчвае ў 1908 годзе 4 класы Літоўскай духоўнай семінарыі ў Вільні,

але, заклаўшы першы круты віраж у сваім жыцці, выбірае пасля кар'еру ваеннага. Многія семінарысты па розных прычынах выбіралі цывільнае поле дзейнасці, але каб вось так, з семінарскай лавы і ў афіцэры? "Сапраўды крута", — скажа малады чытач.

6 жніўня 1910 года Кансценчык выпушчаны з Віленскага пяхотнага вучылішча ў званні падпаручніка. У 1910—1913 гг. служыць у гэтым званні ў 33-м пяхотным Ялецкім палку (з 15 лістапада 1913 г. — паручнік). У 1914 г. камандзіраваны ў ваенную авіяцыйную школу (Гатчына), пасля заканчэння якой назначаецца малодшым афіцэрам Брэст-Літоўскага крапаснога авіяцыйнага атрада.

Нагадаем, што ў гэты час авіяцыя (і ваенная, у прыватнасці) развівалася ў Расіі надзвычай актыўна. Вельмі таленавіты канструктар І.І. Сікорскі стварае цяжкі чатырохматорны біплан "Ілья Мурамец", які працяглы час не меў аналагаў і стаў першым у свеце пасажырскім самалётам. Упершыню ў гісторыі авіяцыі самалёт аснашчаны камфартабельным салонам, спальнымі пакоямі, ваннай і прыбіральняй; тут ёсць ацяпленне і электрычнае асвятленне. За кароткі прамежак часу "Ілья Мурамец" ставіць цэлы шэраг рэкордаў грузападымальнасці, колькасці пасажыраў, часу і максімальнай вышыні палёту.

З пачаткам Першай сусветнай вайны ўсе пабудаваныя ў той час самалёты "Ілья Мурамец" перадаюцца ў Імператарскі ваенна-паветраны флот, і Мікалай ІІ зацвярджае пастанову ваеннага савета аб стварэнні эскадры паветраных караблёў "Ілья Мурамец" — першага ў свеце злучэння цяжкіх бамбардзіроўшыкаў.

22 верасня 1914 г. у эскадру пераводзіцца лётчык Авянір Кансценчык, дзе з 13 снежня выконвае абавязкі камандзіра паветранага карабля "Ілья Мурамец".

Баявыя вылеты, баявыя будні. Надыходзіць час подзвігу. 13 красавіка 1916 года экіпаж А.М. Кансценчыка атрымлівае загад атакаваць важны чыгуначны вузел Даўдзевас паблізу ад Фрыдрыхштата. Карабель быў сустрэты ўраганным агнём зенітных батарэй, тым не менш яго камандзір смела знізіўся, каб мець магчымасць больш дакладна прыцэліцца, зрабіў над станцыяй правільны круг і скінуў 13 бомбаў. Пападанні, як паказалі пасля фотаздымкі, былі выдатнымі. Пры замыканні першага палётнага круга адзін з варожых снарадаў узарваўся пад самым корпусам карабля. Другі — спераду яго. Цяжка паранены і кантужаны, Кансценчык, які сыходзіў крывёй, знайшоў у сабе сілы, каб зрабіць над станцыяй яшчэ адзін круг і скінуць 7 бомбаў. У гэты час — новы снарад і чарговыя пашкоджанні. Кансценчык паранены шрапнеллю ў грудзі навылёт. Упаўшы з пілоцкага крэсла, ён пацягнуў штурвал на сябе, прымусіўшы карабель падняцца ўверх. "Мурамец" страціў хуткасць, а пасля стаў крута пікіраваць. Немцы назіралі за яго падзеннем, але радасць іх аказалася дачаснай. Памочнік камандзіра, паручнік В.Ф. Янковіус не разгубіўся, змог дабрацца да пілоцкага крэсла і ўзяў кіраванне на сябе. З вялікай цяжкасцю ён стабілізаваў вялізны самалёт на вышыні 1500 м. Гэта была нялёгкая задача. Тры рухавікі, нягледзячы на пападанні, працавалі нармальна, чацвёрты быў пашкоджаны, а яго лопасць — разбіта ў шчэпкі.

Прыкладна праз гадзіну Янковіус пасадзіў пашкоджаны карабель на свой аэрадром. Пры пасадцы правае крыло з трэскам абвісла, закранула зямлю і развярнула карабель. Як аказалася, адным з пападанняў быў амаль перабіты пярэдні ланжэрон правага крыла, а ўсяго ў караблі налічылі да 70 прабоін.

У хуткім часе сталі вядомыя і вынікі налёту. Апошняя серыя бомб, скінутая артылерыйскім афіцэрам Шнеўрам, накрыла цягнік з боепрыпасамі, станцыя была амаль цалкам разбурана.

За гэты баявы вылет А.М. Кансценчык быў узнагароджаны ордэнам св. Георгія 4-й ступені. Атрымалі ўзнагароды і астатнія члены экіпажа. Тут жа адзначым, што да гэтага часу Кансценчык ужо меў ордэны св. Станіслава 3-й ступені з мячамі і бантам і 2-й ступені з мячамі, св. Ганны 3-й ступені з мячамі і бантам і 2-й ступені з мячамі, св. Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам. Подзвіг лётчыка знайшоў сваё адлюстраванне ў шэрагу публікацый тагачасных газет і часопісаў Расіі.

Параненага героя даставілі ў шпіталь горада Рыгі. Пасля доўгага выздараўлення ён ужо не змог лятаць, але застаўся ў наземнай службе эскадры. 6 жніўня 1917 года атрымаў званне штабс-капітана.

Новае выпрабаванне, новы віраж лёсу: кастрычніцкі пераварот і грамадзянская вайна падзялілі лётчыкаў на два непрымірымыя лагеры. Кансценчык застаецца верным прысязе, служыць у Дабравольніцкай арміі, а пасля — ва ўзброеных сілах поўдня Расіі. Заканчвае вайну палкоўнікам (інакш нічым не патлумачыш надпіс на яго помніку). Пасля эвакуацыі з Крыма эмігрыруе ў Югаславію, пасля вяртаецца на Радзіму — у Заходнюю Беларусь.

Некаторы час ён жыў у Маладзечне, а з 1933 года — у Стоўбцах, дзе ўладкаваўся на службу псаломшчыкам у мясцовую царкву. Акрамя гэтага асноўнага свайго абавязку, Авянір Маркавіч выкладаў у вясковых школах Закон Божы.

Усё вярнулася на кругі свае. Вось дзе і спатрэбіліся 4 класы семінарыі. Дзіўная справа: узлёт, геройскія палёты і пасадка на роднай зямлі. Праваслаўны семінарыст, які стаў афіцэрам і ваенным лётчыкам, завяршае свой зямны шлях псаломшчыкам і выкладчыкам Закона Божага беларускім дзецям.

Паводле слоў прыхаджан, Авянір Маркавіч карыстаўся сярод іх вялікім аўтарытэтам, быў сціплым і ўважлівым да людзей, вельмі любіў дзяцей, адрозніваўся высокай культурай і шырокай адукаванасцю, меў абсалютны слых і цудоўны голас, іграў на многіх музычных інструментах.

Што сказаць пра смерць нашага героя?

У канцы 1935 года Авянір Маркавіч захварэў на сыпны тыф і памёр 29 снежня. Магчыма, што на яго смерць паўплывалі і старыя баявыя раны. Аднак, па сведчанні відавочцаў, ніводная пахавальная працэсія ў Стоўбцах не збірала столькі народу.

Мармуровы помнік на магіле Авяніра Кансценчыка быў усталяваны стараннямі яго брата, свяшчэнніка Апалінарыя, які да 1939 года вельмі часта прыязджаў сюды са Смаргоні (таму надпіс на помніку і заслугоўвае поўнага даверу).

...Непрыкметна набліжаецца і стагадовы юбілей пачатку Першай сусветнай вайны. Да такой падзеі можна прымеркаваць шэраг сціплых, але годных мерапрыемстваў. Аддаючы даніну памяці Авяніру Маркавічу Кансценчыку, вельмі пажадана назваць у яго гонар вуліцы як у Стоўбцах, так і на яго радзіме, у Гродне, усталяваць адпаведныя мемарыяльныя дошкі (тым больш, што такая прапанова ўжо агучвалася ў СМІ).

Наш герой заслужыў гэта і перад Богам, і перад людзьмі.

Павел БАЯНКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».