Вы тут

Што гатуюць знакамітасці?


"Віно — гэта вельмі дорага. Вы не спрабавалі гатаваць, дадаючы гранатавы сок?" — размовы такога характару цягам двух дзён можна было пачуць у сталічным парку Горкага. Кухары-прафесіяналы, аматары гатаваць і проста смачна паесці сабраліся тут на ІІ Міжнародны кулінарны фестываль, каб паспаборнічаць, падзяліцца сакрэтамі майстэрства і паўдзельнічаць у дэгустацыях. Свята, арганізаванае інтэрнэт-праектам "Смачны блог" і Гільдыяй кухараў і шэф-кухараў Беларусі, прыйшлося мінчанам да смаку.

1377015462761_1

"Бітва" на патэльнях

Калі леташні, першы фэст быў своеасаблівым "тэставым" мерапрыемствам, то сёлета ён значна пашырыўся: Мінск наведалі госці з ЗША, Італіі, Расіі, Украіны, Літвы, Грузіі, Казахстана, Узбекістана. А адной з галоўных падзей фестывалю стала правядзенне конкурсу "Залаты кіцель-2013" на званне лепшага кухара Беларусі.

—Я бачу вялікую канкурэнцыю і высокую якасць гэтай канкурэнцыі, — падзяліўся з карэспандэнтам "Звязды" член журы конкурсу "Залаты кіцель-2013", майстар італьянскай кухні Інстытута "Саtеrіnа dе Mеdісі" Габрыэль Занардэлі, які летась сам удзельнічаў у фестывалі.

Конкурс складаўся з некалькіх секцый, у якіх удзельнікі з аднолькавага набору прадуктаў павінны былі прыгатаваць дзве порцыі адной стравы: адну — для журы, адну — для гледачоў. На прыгатаванне кухарам давалася гадзіна. Пераможцу чакаў тытул лепшага кухара Беларусі, магчымасць паехаць на найбуйнейшую сусветную спецыялізаваную выставу Hоst 2013

у Мілан, а таксама прайсці навучанне ў Кіеўскай кулінарнай акадэміі.

Для конкурсу недалёка ад цэнтральнага ўвахода пад вялікім навесам была арганізавана сапраўдная вялікая кухня з рабочымі сталамі, варачнымі паверхнямі і духавымі шафамі.

Першай катэгорыяй спаборніцтваў былі стравы з мяса. Пайшоў адлік часу, і кухары ўзяліся за справу: рэзалі, адбівалі, марынавалі мяса, наразалі гародніну, смажылі і запякалі, гатавалі соусы…

1377015465399_2

Некаторыя гледачы засталіся глытаць слінкі каля гарачага — у прамым і пераносным сэнсе — цэху, а нехта перамясціўся да сцэны насупраць, дзе кухар Яўген Галецкі ў гэты час даваў майстар-клас па гатаванні сапраўднай італьянскай піцы. Шэф так спрытна круціў, падкідваў у паветра і лавіў аснову з цеста, што, здавалася, яна вось-вось павінна выслізнуць з рук ці парвацца. Пасля на яго месца прыйшоў Іван Фядышын — на гэты раз з майстар-класам па акрошцы на кефіры. Некаторым удалося нават прадэгуставаць страву. Казалі, атрымалася смачна.

Тым часам канкурсанты пачалі адзін за адным заяўляць аб гатоўнасці сваіх страў. Па чарзе майстры спачатку прадстаўлялі свае кулінарныя шэдэўры (знешне яны выглядалі як сапраўдныя мастацкія творы, дзе былі ўлічаны нават кампазіцыя і каляровая гама інгрэдыентаў) на суд журы, слухалі заўвагі, а пасля выстаўлялі перад гледачамі. Праўда, ацаніць конкурсныя стравы, на жаль, многім наведвальнікам давялося толькі знешне.

1377015467673_3

Канкурсант Яўген Талайкоўскі з Гродна на фестывалі ўпершыню. На пытанне, чаму вырашыў узяць удзел у спаборніцтвах, адказаў проста: "Люблю гатаваць". Прафесійна Яўген займаецца гэтай справай ужо пяць гадоў. На конкурсе ён гатаваў свініну па-вясковаму з шыі і грудзінкі з грыбным соусам і дранікамі. Ад адной толькі назвы ўжо пачынае смактаць пад лыжачкай. Але…

—Журы крыху раскрытыкавала маю страву, бо яе падача не адпавядае конкурсу, — падзяліўся Яўген. — Страва павінна быць адкрытай, а я прыгатаваў, паводле беларускіх традыцый, у гаршчэчку.

Тым не менш кухар не засмуціўся, бо галоўнае ў конкурсе, на яго думку, не перамога, а ўдзел.

Майстры кулінарыі яшчэ доўга спаборнічалі: ім трэба было прыгатаваць стравы з птушкі, рыбы… Па выніках конкурсу, званне лепшага кухара Беларусі атрымаў шэф-повар з Мінска Вячаслаў Фядзюк.

1377015469161_4

"Зоркі" з апалонікамі і кулінарны рэкорд

Дзвюма вышэйзгаданымі пляцоўкамі кулінарны фэст не абмяжоўваўся. На працягу ўсёй алеі ўздоўж Свіслачы стаялі павільёны ад рэстаранаў і кавярняў, навесы, дзе прадаваліся спецыі, соусы, кнігі па кулінарыі. У адным з такіх кніжных павільёнаў адбывалася аўтограф-сесія арганізатара фестывалю і аўтара кулінарных кніг Таццяны Назарук. Падчас фэсту яе вельмі цяжка было "вылавіць", бо Таццяна не толькі займалася "літаратурнай" часткай, але і дапамагала арганізоўваць спаборніцтвы.

—Мы ладзім Міжнародны кулінарны фестываль для таго, каб развіваць мастацтва кулінарыі і садзейнічаць павышэнню якасці грамадскага харчавання, якая ў нас, шчыра кажучы, не на высокім узроўні, — распавяла Таццяна Назарук. — Сёлета фестываль доўжыцца два дні. Упершыню праходзіць прафесійны конкурс шэф-кухараў. Таксама навінкі — майстар-класы ад кухараў і фінал конкурсу "Чэмпіён смаку", заснаваны на глядацкай дэгустацыі прадуктаў харчавання. Акрамя таго, мы выехалі ў цэнтр Мінска, зрабіўшы фестываль больш даступным, чым летась, калі ён праходзіў у Дзяржынскім раёне.

Ад праанансаванай Таццянай "народнай дэгустацыі" прадуктаў харчавання некаторых вытворцаў карэспандэнт "Звязды" вырашыла адмовіцца, бо рызыкавала быць задушанай аматарамі бясплатнай прадукцыі. Не падысці было і да стэнда карвінг-клуба, дзе Жанна Дзятлава праводзіла майстар-клас па мастацкім выразанні фантастычных кветак з ківі, мандарынаў, яблыкаў і іншых прадуктаў. А непадалёк ад карвінг-пляцоўкі майстар барбекю Павел Галянкоў дзяліўся сваімі сакрэтамі.

1377015471163_5

—Любое мяса пажадана марынаваць за 12—14 гадзін да гатоўкі, рыбу — за 3—4 гадзіны, гародніну — за 5—10 хвілін, — распавядаў ён, рыхтуючы для смажання кавалак мяснога стэйка.

Прыемным сюрпрызам для гледачоў стала кулінарная бітва медыяперсон, якая адбывалася на другі дзень свята. На дзве каманды падзяліліся спявак Аляксей Хлястоў, рэдактар часопіса "Пінгвін" Ірына Кабаксакал, біятланістка, алімпійскі прызёр Дар'я Домрачава, пісьменніца і журналіст Тамара Лісіцкая, радыёвядучы Глеб Марозаў, тэлевядучы Дзмітрый Урангель, вядучая навін спорту Ганна Эйсмант і стыліст Наталі Рашэ. Знакамітасці атрымалі 1,5 гадзіны, каб прыгатаваць чатыры стравы — з кожнага ўдзельніка па адной. Аднак "зоркі" "перавыканалі план" і за адведзены час зрабілі яшчэ некалькі дадатковых смачнасцяў. "Чатыры стравы за гадзіну — нармальная сітуацыя, весела было", — пракаментавала спаборніцтвы Тамара Лісіцкая, якая ўзяла сабе ў памочнікі двух сваіх дзяцей. А вось Аляксей Хлястоў, нягледзячы на тое, што яго каманда прайграла, застаўся задаволены конкурсам.

—Гэта даволі цікавае і прыемнае баўленне часу, магчымасць прывіць людзям густ да правільнага харчавання. Я пагадзіўся на ўдзел у спаборніцтве, бо люблю гатаваць і смачна есці, — распавёў спявак "Звяздзе".

Так, у суправаджэнні конкурсаў, майстар-класаў і забаўляльнай канцэртнай праграмы прайшоў кулінарны фестываль. Яго кульмінацыяй стала прыгатаванне самай вялікай у свеце пасты даўжынёй у 103 метры, для якой падрыхтавалі 30 кілаграмаў цеста. Пасля ўсталявання кулінарнага рэкорду страву раздалі ўсім ахвотным.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».