Вы тут

Азаранка зноў лепшая за Уільямс!


Вікторыя Азаранка перарывае 14-матчавую пераможную серыю Серэны Уільямс, БАТЭ нечакана саступае "Гомелю", а хакейнае "Дынама" церпіць няўдачу на хатнім турніры памяці Руслана Салея. "Звязда" падводзіць спартыўныя вынікі за мінулы тыдзень.

1. Вікторыя Азаранка паклала ў сваю скарбонку яшчэ адну перамогу ў прадстаўнічых тэнісных спаборніцтвах. Гэтым разам наша тэнісная прыма выдатна згуляла ў фінале турніру, што адбыўся ў амерыканскім Цынцынаці. Пра значнасць гэтага мерапрыемства сведчыць і прызавы фонд, які перавысіў 2 мільёны долараў. Цікава, што аспрэчваць перамогу беларусцы прыйшлося з Серэнай Уільямс — напэўна, з самым нязручным для сябе апанентам. Дагэтуль яны сустракаліся 14 разоў і толькі двойчы перамога была на баку мінчанкі. На шчасце, гэты паядынак не стаў працягам не вельмі добрай для Вікторыі гісторыі супрацьстаяння. 2:6, 6:2, 7:6 (8:6) — лік, які стаў пераможным для Азаранкі ў чарговым матчы з Серэнай Уільямс. "У гэтай вялікай бітве ніхто не хацеў саступаць, — прызналася пасля цяжкага паядынку шчаслівая Вікторыя. — Але гэта была чыстая барацьба. Я сапраўды шчаслівая". У рэйтынгу жаночай тэніснай асацыяцыі па-ранейшаму лідзіруе Серэна Уільямс, другую пазіцыю займае Азаранка, а на трэцім месцы — расіянка Марыя Шарапава.

2. Бурляць эмоцыі і на футбольных палях Беларусі. Да завяршэння другога "кола" айчыннага першынства застаецца толькі адзін тур. Пасля другога адрэзка клубы падзеляцца на дзве шасцёркі, у адной з якіх будзе весціся барацьба за медалі, а ў другой — за выжыванне. І пакуль толькі некалькі клубаў забяспечылі сабе месца ў групе мацнейшых — "Шахцёр", БАТЭ, мінскае "Дынама" і "Гомель". Між іншым, менавіта "Гомель" стаў галоўнай сенсацыяй 21-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Падапечныя Аляксея Мяркулава на сваім полі ў другі раз у гэтым сезоне перамаглі барысаўскі БАТЭ — 3:2. Матч атрымаўся відовішчным, багатым на вострыя моманты і сабраў на трыбунах гомельскага стадыёна 7600 гледачоў —рэкордная колькасць балельшчыкаў у сёлетнім першынстве. Іншыя сустрэчы прынеслі наступныя вынікі: "Тарпеда" — "Нёман" 1:1, "Дынама" (Мінск) — "Белшына" 2:0, "Славія" — "Дынама" (Брэст) 1:1, "Нафтан" — "Дняпро" — 2:1, "Шахцёр" — "Мінск" 4:1. За першае месца моцна трымаецца "Шахцёр" (на рахунку гарнякоў 49 балаў), у БАТЭ 45 балаў, а ў мінскага "Дынама" — на 14 менш.

3. У хатнім турніры па хакеі памяці Руслана Салея сталічнае "Дынама" фінішыравала на трэцім месцы. Падапечныя Аляксандра Андрыеўскага

двойчы саступілі па булітах хабараўскаму "Амуру" (1:2) і маскоўскаму "Спартаку" (1:5) і перамаглі гродненскі "Нёман" 3:1. А вікторыю святкавалі хабараўчане, якія ў вырашальным матчы перайгралі "Спартак" — 3:2.

4. Сёлетняе першынство свету па лёгкай атлетыцы не парадавала айчынных спартсменаў і балельшчыкаў бляскам медалёў. Лепшым вынікам для беларусаў так і засталося 4-е месца Вольгі Сударавай у скачках у даўжыню, пра што мы ўжо пісалі тыдзень таму. У агульным заліку лепшай была зборная Расіі. На рахунку нашых усходніх суседзяў 7 залатых, 4 сярэбраныя і 6 бронзавых узнагарод.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».