Вы тут

У ценю ляснога бізнесу


Не зважаючы на закон і здзекваючыся з прыроды, зарабляюць браканьеры "ціхага палявання"

Удалым прыкладам арганізацыі малога бізнесу сёння анікога не здзівіш, праўда? Бізнес, бізнес, бізнес — чуем мы штодзень, разумеючы: культ грошай ахоплівае ўсё новыя і новыя прасторы. Летам аб'ектам заробкаў становіцца лес. Ягадна-грыбныя бізнесмены працягваюць налёты. Часта празмерна ўпэўнена, настойліва, нахабна. Тады гутарка ідзе далёка не пра бізнесменаў. Справу маем з ягадна-грыбнымі браканьерамі.

У грыбы з граблямі

У 1990-я за кілаграм беларускіх лісічак еўрапейцы гатовы былі плаціць 5 долараў. Народ на радасцях бег у мясцовыя лясы з граблямі. Навошта? Каб разгрэбці мох і ўсімі праўдамі-няпраўдамі адкалупаць надзейна схаванае сямейства рыжых. Тым больш у Германіі дзейнічаў асобны прынцып: есці толькі маленькія. Грыбоў у той не такі ўжо і далёкі час у Беларусі было проста безліч.Толькі добры дождж цёплай ноччу — раніцай можна смела выбірацца ў лес і неабмежаваная колькасць кілаграмаў гарантавана. Чаго наш брат толькі і не зробіць дзеля абяцаных еўрапейскіх грошай!

Сёння айчынныя лясы напаткалі цудоўныя наступствы: колькасць грыбоў зменшылася ў разы. Лісічкі ёсць, але не так, каб процьма. За кілаграм гэтым летам давалі 20 тысяч рублёў. Крыху не дацягвае да 5 долараў, ці не так? Але справа не ў гэтым. Проста выдатна, калі хтосьці мае жаданне збіраць грыбы. Калі ласка, хадзі ляснымі сцежкамі, дыхай свежым паветрам, усміхайся... Карацей кажучы, радуйся жыццю. Можаш чыста з-за спартыўнага інтарэсу назбіраць вядро, ці два, ці тры. Хочаш — вары суп, хочаш — сушы на зіму. Тваё права. Калі ж грыбнік адчувае, што яму і мора па калена, маючы адзін-адзіны аргумент: "Што хачу — тое і раблю"... Не, гэта ўжо нахабства. Адмыслова для грыбнікоў, чые хаты на перыферыі, ёсць такое паняцце, як дзяржаўная лясная ахова.

Калі выкарыстоўваеш граблі, то пакаранне заўсёды жорсткае. Апрача істотнага штрафу за варварскае збіранне грыбоў, браканьера чакае і сума ў 4 мільёны за пашкоджанне лясной падсцілкі. Гэта ледзь не тое ж самае, што пайсці ў Белавежскую пушчу і ссячы там якое дрэўца. Калі ніводнаму стварэнню не прыйдзе ў галаву апошняя ідэя, то ахвотныя знішчыць мох сустракаюцца. Вера Філіповіч, адзін з галоўных супрацоўнікаў сектара па ахове лесу, у сваёй практычнай дзейнасці сутыкалася з выпадкамі, калі грузавікі нават успамінаў не пакінулі ад лясной падсцілкі. За кожныя 3 квадратныя метры самаўпэўненым наведвальнікам давялося заплаціць касмічную суму грошай. Вось такая нешчаслівая казка.

Ягадны дазор

Безумоўна, колькасць грыбных бізнесменаў значна саступае ягадным. Адна справа — блукаць у пошуках рыжых шапачак, зусім іншая — проста перамяшчацца па чарнічных купінах. Вось чаму ўлетку менавіта ягадны бізнес квітнее неймаверна. Найбольш жвавыя бізнесмены за тыдзень прыносяць дахаты як мінімум 2 мільёны. Адзін чарнічны сезон — мільёнаў 8. Справа ў тым, што збіраць рукамі ягады на продаж вельмі цяжка. Мала ў каго хопіць вытрымкі гнуць спіну цэлы дзень. Збіраючы рукамі, чалавек губляе шмат часу, а вось схітрыўшы…

Тым часам дзяржаўная лясная ахова не спіць. Толькі за чэрвень і ліпень вартаўнікі лясных багаццяў зрабілі 1049 рэйдаў па ўсёй рэспубліцы. І, вядома ж, за 356 збіральнікамі ягад замацавалі статус браканьераў. Абсалютнае першынство ў гэтым плане належыць Брэсцкай вобласці. На другім месцы размясцілася Гомельская. Паводле звестак Міністэрства лясной гаспадаркі, самай "небраканьерскай" можна з упэўненасцю лічыць Магілёўскую вобласць, дзе колькасць злоўленых склала ўсяго 2 чалавекі.

1377076402851_21-23

"Затрыманыя заўсёды гавораць, што збіраюць ягады толькі дзеля сябе і сваёй сям'і. Але хто ведае: як там насамрэч? Мы ж па хатах не ходзім, не глядзім… Таму даводзіцца верыць, што ўсе беларусы робяць варэнне, а не ладзяць падпольны сезонны бізнес", — адзначае Вера Філіповіч, а пасля дадае: — Ніхто не гаворыць, што нельга праз дзве гадзіны зноў пайсці ў ягады. Калі ласка. Але калі чалавек перад сабой дзесяць бочак з чарніцамі каціць, гэта ўжо наша справа. Калі ён збірае ў забароненых месцах, калі варварскім спосабам збірае, мы яго адназначна пакараем". Так, законам дазволена вынесці з лесу за адзін раз 30 кілаграмаў. Галоўнае — зрываць ягады рукамі. Самаробныя прылады ў выглядзе шуфлікаў строга забаронены. "Шморгалкі" — вось як гэтыя няхітрыя прыстасаванні называюць на Гродзеншчыне.

Жыхары Навагрудскага раёна скардзяцца: "Ходзяць з гэтымі "шморгалкамі" і ўсё "шморгаюць" і "шморгаюць" чарніцы. Язык не павернецца ўжыць у дачыненні да іх слова "збіраюць". Вось і з суседняй Любчы штодзень прыязджаюць. Толькі рабочы дзень скончыцца — так адразу ж едуць да нас, у Наберажную. Гадзіна — і поўнае вядро. Ніякіх намаганняў не патрэбна. "Шморг", "шморг"… Сквапныя людзі цяпер пайшлі, нічога ім не шкада… І гэта ж трэба — кожны вечар прыязджаюць! Дык хто ж супраць? Нікому не шкада. Няхай бы і рвалі колькі заўгодна, але рукамі. Толькі рукамі. А то праз пяць гадоў унукам і паўлітра з'есці не назбіраеш".

Справа ў тым, што збіранне ягад металічнымі шуфлікамі лічыцца за браканьерства абсалютна справядліва. "Шморгалкі" пашкоджваюць ягаднік. Часта вырываюць яго з каранямі. Была зялёная купіна буйных сініх ягад, а засталося знішчанае месца. Голыя сцяблінкі не тое што без ягад… Без лістоў! Павырываныя, яны тырчаць карэннем уверх. І ўсё гэта паволі жоўкне, пакуль канчаткова не ператворыцца ў карычневую пляму пасярод зялёнага моху. Затое браканьеры на гэтай купіне тысяч 150 зарабілі. А вось мясцовыя жыхары абураюцца. Паміж сабой яны асуджаюць прыезджых браканьераў. Але гэта паміж сабой. Ніхто не хоча кідаць камяні ў знаёмыя агароды. Пенсіянерам шмат не трэба: хоць якую-небудзь ягаду назбіраць, каб варэнне зімою было. Можа, і замарозіць пару пакетаў. Ва ўсіх у думках толькі адно: "Унукі прыедуць".

Меры пакарання ў кожным асобным выпадку ягаднага браканьерства розныя. Вядома, ёсць прыблізныя штрафы ад 5 да 20 базавых велічынь. Ключавое слова — "прыблізныя". Сёлета можна канстатаваць і з'яўленне "льготных гаваняў" (ад 0 да 20 базавых). Чаму такая розніца? Адна справа, калі металічным шуфлікам збірае ягады стары, хворы чалавек. Вінаваты? Так, безумоўна. Але ён, няшчасны, сам згаджаецца, спалохана кажа: "Прабачце". Ведае, па чым фунт ліха… Што ж тут скажаш? Іншая справа, калі гэта злосны парушальнік. Уводзіш яго імя ў базу звестак, а там інфармацыя, што ён, прайшоўшы лес уздоўж і ўпоперак, ужо другі раз злоўлены на браканьерстве. Супрацоўнікі дзяржаўнай лясной аховы тлумачаць яму сітуацыю, а парушальнік сварыцца з імі. Не, паводле яго слоў, ён — сапраўдны анёл. Вядома ж, адразу на месцы складваюць пратакол. І вось тут "анёлу" прыходзіцца раскашэліцца: штрафы, калі пратакол накіроўваецца ў суд і віна браканьера даказваецца, вельмі высокія. Тут 20 базавых стануць самым мілым з усіх магчымых варыянтаў. Сёлета склалі 25 пратаколаў, з якіх 14 — у Віцебскай вобласці.

Шукаем самых разумных

Асобная справа датычыцца прыватных скупшчыкаў. Не ўсе, вядома, але многія з іх забіраюць у вяскоўцаў грыбы і ягады па заніжаных цэнах. Ведаюць: бабуля не даедзе да суседняй вёскі здаць чарніцы і лісічкі ў дзяржаўную краму. Таму з'яўляецца выдатная нагода на чужым карку, але ўсё ж такі хоць крыху да грашовага раю наблізіцца. Паверце, такія ідэі ў іх галовах сядзяць цвікамі. Па абуванні простых беларусаў у лапці майстроў хапае. Вось чаму дзяржаўная лясная ахова арганізоўвае рэйды сумесна з падатковай, санітарнай службамі, а таксама ДАІ. У чэрвені і ліпені здзейснілі 130 такіх рэйдаў. Менавіта яны даюць магчымасць пракантраляваць наяўнасць адпаведных дакументаў у скупшчыкаў, выявіўшы зладзеяў.

Маем праблему: беларусы збіраюць грыбы і ягады варварскім чынам. Што далей? Каб лішні раз не расчасаць лысаму валасы, давайце максімальна звузім сітуацыю. Так, мы збіралі па-браканьерску раней, збіраем і цяпер. Так, мы ведаем, што гэта дрэнна. Калі нас зловяць на гарачым, то штраф заплацім і, безумоўна, паабяцаем у будучыні стаць бездакорнымі ў гэтым плане. А зараз галоўнае: адкуль у праблемы ногі растуць?

Чаму беларусы, трапляючы ў тую ж самую Чэхію, не бачаць нічога дрэннага ў тым, каб сарваць колькі чужых яблыкаў, якія так і глядзяць на нас цераз плот? Чаму калі нас караюць там, за мяжой, мы вельмі абураемся? Гэта ж два яблыкі! У Беларусі такое гучыць проста смешна. Абсурд. А ў далёкіх суседзяў на кожным кроку — прыватная ўласнасць, дакранацца нельга.

А лес? Хто яго гаспадар? Дзяржава. У беларускім жыцці выраз "дзяржаўная ўласнасць" мы разумеем па-свойму. Калі дзяржаўнае — то можна забраць. Калі дзяржаўнае — то няма сэнсу даглядаць, шанаваць. Дзяржаўнае — гэта і тваё, і маё. Гэта наша агульнае і нічыйнае адначасова. А яшчэ ў кожнага ёсць сваё. І сваё мы даглядаем, шануем.

Вось такая свядомасць, дакладней — яе адсутнасць. Застаецца спадзявацца: свядомасць прачнецца раней, чым на святое ніколі.

Маргарыта СІДАР.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».