Вы тут

Славісты: што пра іх трэба ведаць


Слова "славісты" днямі будзе гучаць часта: сёння адкрыццё Міжнароднага з'езда ў канцэртнай зале "Мінск". У гісторыю правядзення з'ездаў навукоўцаў, якія вывучаюць адметную культуру славянскага свету ва ўсім яе багацці, упісаны назвы розных краін. Першай яго прымала ў 1929 годзе чэшская Прага. Адметна, што бывалі і адмены з'ездаў з-за выключнай сітуацыі ў адной са славянскіх краін: у 1939 годзе трэці з'езд не адбыўся з-за таго, што ў Польшчы ўжо кіпела Другая сусветная вайна. І толькі ў 1955 годзе справа трэцяга з'езда была завершана ў Бялградзе на міжнароднай славістычнай канферэнцыі. Прымалі з'езд славістаў нашы суседзі: у Маскве (1958 год), у Кіеве (1983), а Польшчы пашчасціла двойчы — у 1973-м і 1998 гадах. І Беларусь дачакалася — можа, менавіта ў той момант, калі яе культуры патрэбна асэнсаванне праблем на навуковым узроўні, каб выпрацаваць кірункі яе далейшага развіцця. Калі патрэбна разуменне, што ў нашай культуры дапамагае краіне існаваць. І каб суаднесці погляд знутры з поглядамі звонку.

 

Для чаго патрэбны з'езд?

Вядома, бываюць канферэнцыі, сустрэчы, дзе можна абмеркаваць нейкія тэмы, падыскутаваць. Але з'езд — гэта найбольш шырокая форма міжнароднага навуковага супрацоўніцтва славістаў. Міжнародныя з'езды і канферэнцыі арганізоўвае Міжнародны камітэт славістаў — з мэтай абмеркавання і вырашэння важных навуковых пытанняў славістыкі. Камітэт і кіруе з'ездам.

Што такое Міжнародны камітэт славістаў?

Ён быў створаны пасля Другой сусветнай вайны, у 1955 годзе ў Бялградзе — для ўзнаўлення і пашырэння міжнародных сувязяў у галіне славістыкі і традыцый міжнародных славістычных кангрэсаў. МКС з'яўляецца выканаўчым органам міжнароднага аб'яднання славістаў, якое складаецца з нацыянальных славістычных камітэтаў ці арганізацый. Яго мэта — арганізацыя міжнароднага супрацоўніцтва славістаў на шырокай аснове і садзейнічае развіццю навук, якія даследуюць славянскія мовы і літаратуры, гісторыю культуры славянскіх народаў.

Як улічыць інтарэсы ўсіх славянскіх краін?

Кожная краіна прадстаўлена ў МКС адным нацыянальным славістычным камітэтам ці арганізацыяй і мае права на аднаго члена МКС, які прызначаецца на тэрмін не менш чым 5 гадоў. З прычыны выключнага становішча права на аднаго члена МКС маюць арганізацыі лужыцкіх сербаў. Старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта славістаў з'яўляецца Аляксандр Лукашанец, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, першы намеснік дырэктара дзяржаўнай навуковай установы "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Ён жа старшынствуе ў Міжнародным камітэце славістаў.

Колькі прадстаўнікоў ад краіны можа прысутнічаць на з'ездзе?

У Міжнародным камітэце славістаў на цяперашні момант прадстаўлены 42 краіны. Кожная краіна мае свае квоты, колькі ўдзельнікаў яна дэлегуе на з'езд. Найбольшае прадстаўніцтва ў Расійскай Федэрацыі — 70 чалавек. Польшчу прадстаўляюць 55 навукоўцаў. Украіну — 35. Але некаторыя краіны неславянскага свету тым не менш маюць вялікія супольнасці славян на сваёй тэрыторыі, а таксама цікавых даследчыкаў-славістаў. Напрыклад, вылучаецца Германія. Ад гэтай краіны на з'ездзе 45 дэлегатаў. Таксама немалое прадстаўніцтва славістаў з ЗША — 35. Беларусь можа прадставіць 25 удзельнікаў, і гэта даволі вялікая лічба сярод славянскіх краін.

Для чаго гэта нам патрэбна?

Бадай самае галоўнае пытанне. Таму што шмат тэм, заяўленых для абмеркавання на з'ездзе тычацца беларускай культуры. Адметна, што беларуская культурная сітуацыя (не толькі моўная!) цікавіць даследчыкаў з іншых краін. Напрыклад, Даніэль Бунчыч з Германіі падзеліцца развагамі пра "Пісьмовасць Беларусі на сутыкненні Усходу і Захаду (паміж двума алфавітамі, дзвюма арфаграфіямі, дзвюма мовамі)". У той жа час Курта Вулхісера з ЗША цікавіць сучасны момант і ён прапануе на абмеркаванне тэму: "Новыя беларускамоўныя: металінгвістычны дыскурс, сацыяльная ідэнтычнасць і моўны узус". Даследчыкам з Беларусі і Літвы цікавая тэма функцыянавання і ўзаемадзеяння розных славянскіх моў і літаратур у Вялікім Княстве Літоўскім. Але ў беларускай культуры столькі тэм для вывучэння, што яны шчыра захапляюць замежных навукоўцаў. Як, напрыклад,Марыю К'яру Фэро прыцягнула асоба Святой Ефрасінні Полацкай. Часам мы самі не ўсведамляем, якое багацце назапашана нашымі папярэднікамі, але калі пра гэта кажуць іншыя, то і сапраўды варта падумаць: што нас, беларусаў, робіць народам? Дарэчы, магчымасці будуць, вось хоць бы падчас пасяджэння "круглага стала" на тэму "Скарыніяна ў славянскім і еўрапейскім кантэксце". Лепшы момант узгадаць аднаго чалавека, які нёс іншым веды і імкнуўся напоўніць душу чалавека святлом вечных ісцін. Вось яна, карысць ад вучонага чалавека — праз стагоддзі адзначана. Сучасныя вучоныя Беларусі — ваша слова!

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!