Вы тут

Іван Ліпніцкі: "Душа баліць, калі бачу "сляды" ад "актыўнага" адпачынку"


У Мінскай вобласці 2013 год аб'яўлены Годам навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання. Аб тым, што ўжо зроблена, наш карэспандэнт гутарыць са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Іванам Ліпніцкім.

— Іван Эдуардавіч, для вобласці тэма года не новая: навядзеннем парадку на зямлі займаліся і летась, і пазалетась... Чым адметны 2013 год у гэтай справе?

— Калі вельмі лаканічна, то комплексным падыходам да вырашэння злабадзённых праблем, яшчэ большай канцэнтрацыяй намаганняў на загадзя вызначаных кірунках дзейнасці і, на мой погляд, лепшай выніковасцю работы райсаветаў і сельсаветаў. Гэта дасягнута ў значнай ступені дзякуючы распрацоўцы абласнога плана па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый. У дакуменце вызначаны мерапрыемствы на год, указаны тэрміны выканання і адказныя асобы.

— Вядома, яшчэ пакуль рана гаварыць аб зробленым за год, але ўсё ж можна падвесці папярэднія вынікі — у прыватнасці, акрэсліць тыя задачы, на якіх цяпер засяроджаны намаганні Саветаў?

— Якраз нядаўна ў Барысаве мы абмяркоўвалі гэтую праблематыку на сумесным выязным пасяджэнні прэзідыума Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і абласнога штаба па навядзенні парадку на зямлі, які ўзначальвае намеснік старшыні аблвыканкама Васіль Іванавіч Акуліч. У размове ўдзельнічалі члены прэзідыума Мінскага аблсавета і абласнога штаба, старшыні раённых Саветаў дэпутатаў, а таксама начальнікі раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, былі запрошаны таксама і прадстаўнікі тых абласных службаў, якія ў той ці іншай ступені маюць дачыненне да тэматыкі пасяджэння.

1377076458539_21-18

Перад тым, як сабрацца ў вялікай зале, усе пабывалі на аб'ектах і тэрыторыях, у прыватнасці, Барысаўскага раёна

, на свае вочы ўбачылі як здабыткі, так і асобныя недапрацоўкі, праблемныя моманты ў дзейнасці мясцовай улады, над вырашэннем якіх яшчэ трэба працаваць. Мы імкнуліся, каб гэта была не экскурсія, а знаёмства з канкрэтным досведам, вартым пераймання.

Напрыклад, у Мінскім, Пухавіцкім, Смалявіцкім, Дзяржынскім раёнах, дзе шмат садаводчых таварыстваў і многія тысячы дачных пабудоў, даволі паспяхова вядуць барацьбу з несанкцыянаванымі звалкамі. Доўгі час яны былі моцным "забруджвальным фактарам" лясоў, псавалі іх знешні выгляд, раздражнялі і абуралі людзей, неабыякавых да захавання роднай прыроды. Сёння праблема вырашаецца двума шляхамі: мы дамовіліся аб абавязковым прыбіранні ў нядзелю вечарам і раніцай у панядзелак прыдарожных скрынь для смецця на аўтобусных прыпынках. Звычайна ў гэтыя дні яны перапоўнены пакетамі з бутэлькамі і рэшткамі ежы. Карыстаючыся выпадкам, звяртаюся да мінчан і гасцей Міншчыны: выкідайце смецце ў скрыні, выстаўленыя ў спецыяльных месцах. Па другое, сельскія Саветы праводзяць мэтанакіраваную работу са старшынямі садаводчых таварыстваў па арганізацыі за пэўную плату вывазу з іх тэрыторыі бытавых адходаў.

Потым пасля паездкі ўжо ў Барысаве адбылася прынцыповая і адкрытая размова. Выступіў кожны старшыня раённага Савета. Яны расказалі аб зробленым згодна з планам, унеслі канкрэтныя прапановы па паляпшэнні работы, выказвалі свой погляд на існуючыя праблемы. Увогуле шмат цікавага і карыснага напрацавана Саветамі ў раёнах вобласці, ёсць чым падзяліцца з калегамі з іншых рэгіёнаў. Нагадаю, лейтматыў усёй размовы ў Барысаве — неабходна ўзмацніць тлумачальную работу з людзьмі па месцы жыхарства. Зразумела, не забываць і такі інструмент уздзеяння на нядобрасумленных грамадзян, як штрафы, адміністрацыйныя пакаранні... Але парадак і чысціня будуць толькі тады, калі кожны з нас усвядоміць, што навакольнае асяроддзе трэба і берагчы, і ахоўваць.

У прыватнасці, старшыня Лагойскага раённага Савета Пётр Вабішчэвіч расказаў, як па ініцыятыве дэпутатаў, пачынаючы з красавіка, дзейнічаюць рабочыя групы па навядзенні парадку на зямлі. Кожны тыдзень шэсць такіх груп выязджаюць на замацаваныя за імі тэрыторыі і, па магчымасці, аказваюць метадычную і практычную дапамогу на месцах. У іх складзе — работнікі арганізацый і ўстаноў раёна, якія пры неабходнасці садзейнічаюць сельсаветам ва ўстаноўцы і афарбоўцы платоў, прыбіранні могілак, пасадцы саджанцаў дрэў і кустоў. Штогод у раёне падводзяцца вынікі работы па добраўпарадкаванні сярод сельсаветаў, арганізацый і прадпрыемстваў, домабудаванняў грамадзян. Пераможцам уручаюцца дыпломы і грашовыя прэміі.

Зазначу, апошнім часам у сельсаветаў з'явілася адносна новая задача — выяўленне і ліквідацыя вакол населеных пунктаў шкодных, чужародных беларускай прыродзе раслін. Каб прадухіліць распаўсюджванне папуляцыі баршчэўніку Сасноўскага, у тым жа Лагойскім раёне арганізавана група з 12 чалавек, якія вядуць вайну з небяспечнай раслінай на тэрыторыі дзевяці сельсаветаў. Ну чым не карысны досвед?

— Няўжо такія высілкі патрэбны для барацьбы з нейкім пустазеллем?

Баршчэўнік Сасноўскага — гэта сур'ёзны праціўнік, голымі рукамі не возьмеш. Яго скошваюць, выкопваюць, нават ужываюць ядахімікаты, а ён зноў адраджаецца. Трэба 11 гадоў запар скошваць расліну, каб яна перастала расці на ўчастку. Ці восенню выкапаць яе карані. Важная заўвага: далёка не кожнаму варта дазваляць з ёю змагацца. Бо гэта расліна ядавітая, яе сок можа нанесці шкоду чалавеку — сур'ёзныя балючыя апёкі. Таму баршчэўнік скошваюць людзі падрыхтаваныя, пасля інструктажу, у спецыяльнай вопратцы.

Не менш шкодны сумнік канадскі, які таксама праявіў сябе ў якасці здольнага прыстасаванца. Гэта сімпатычная зялёная расліна з жоўтымі кветкамі вельмі агрэсіўная. І чым хутчэй разгорнецца работа ў раёнах па выкараненні гэтых так званых інвазіўных небяспечных раслін-чужынцаў, тым лепш будзе для зямлі.

— Летам часта праблемнымі з'яўляюцца месцы масавага адпачынку. Што робіцца для падтрымання там парадку?

— Ды многае. Добраўпарадкоўваюцца пляжы, месцы для купання, стаянкі для турыстаў, аўтамабіляў і г.д. Ведаеце, душа баліць, калі бачыш чорныя плямы ад вогнішчаў, горы смецця і пустых бутэлек, нярэдка разбітых, пасля "актыўнага" адпачынку. Чамусьці некаторыя аўтааматары лічаць дазволеным заехаць на машыне ў возера ці раку і вымыць да бляску свайго жалезнага "каня". Хаця, упэўнены, усе ведаюць, што такія дзеянні недапушчальныя. Часам складваецца ўражанне, што некаторыя нашы суграмадзяні не жывуць адным днём у сэнсе стаўлення да прыроды, быццам бы сюды ўжо ніколі не вернуцца. Вяртаюцца, праўда, на ўжо прыбраныя за такімі дзікунамі пляжы і ўзбярэжжы. І зноў смецяць...

— Ліквідацыя аварыйных дрэў — дарагая паслуга для сельскіх пенсіянераў. Як тут сельсаветы працуюць?

— Спілаваць і ўтылізаваць велізарнае дрэва, якое ў моцны вецер небяспечна хістаецца над вясковай хатай, б'е тоўстымі галінамі па даху — справа не простая, і як вы слушна заўважалі, нятанная. Не заўсёды сельсаветы маюць сродкі на масавую ліквідацыю аварыйных дрэў. Прымальна было б, на мой погляд, практыка, калі б выдаткі дзяліліся пароўну паміж гаспадаром дома і той арганізацыяй, якая бярэцца спілаваць дрэва. Людзі ўжо ведаюць, што перш чым пачаць гэтую работу, трэба адключыць электрычнасць, на вуліцы на пэўны час перакрыць рух машын і людзей, выканаць іншыя меры і правілы тэхнікі бяспекі. Ды і зваліць дрэва трэба правільна. Тут не абысціся без абсталяванага неабходнымі прыстасаваннямі аўтамабіля і кваліфікаваных спецыялістаў. Сваю задачу яны звычайна выконваюць хутка і якасна, без пашкоджанняў дамоў, іншых пабудоў. Дарэчы, у многіх сельсаветах ужо стварыліся чэргі ахвотных спілоўваць каля хаты аварыйнае дрэва. Усе яны знаходзяцца на ўліку ў органах мясцовай улады.

— Яшчэ адна роднасная праблема — знос старых хат-развалюх, якія сваім непрывабным выглядам псуюць вонкавы выгляд любога населенага пункта...

— Дом знесці — не дрэва спілаваць. Тут можна сутыкнуцца з непрыемнасцямі юрыдычнага характару. Бо як бывае? Стаіць такі дом на курыных лапках не першы год без нагляду, паступова разбураецца, двор зарастае хмызняком, пустазеллем. Калі хто і заходзіць сюды, дык мясцовыя выпівохі. Менавіта па іх віне часцей за ўсё гараць кінутыя хаты. Сельсавет пэўны перыяд шукае гаспадара, не знаходзіць і вырашае знесці гэтую "прыгажосць". Зносіць. А праз пэўны час з Расіі ці Украіны прыязджае ўладальнік, так бы мовіць, нерухомасці, і ўздымае лямант: груба парушылі яго правы ўласніка! І падае ў суд, які нярэдка становіцца на яго бок. Ужо па некалькіх справах рашэнні былі прыняты не на карысць сельсаветаў. Таму трэба быць вельмі абачлівымі пры зносе няхай і занядбанай хаціны з праваленым дахам. У любым выпадку неабходна дзейнічаць па законе.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».