Вы тут

Чысць і чысціня


Гэта не першы наш прыезд у Чысць. І зноў адзначаем змены да лепшага ў добраўпарадкаванні тэрыторыі. Чысць расце, прыгажэе і ўяўляе сабой утульнае, з добрай інфраструктурай і сацыяльнай сферай месца жыхарства.

Сёння ў самім пасёлку жыве больш за 6000 чалавек. Яшчэ 240 жыхароў — у дзвюх суседніх вёсках. Відаць, улічваючы патэнцыял пасёлка, да сельсавета нядаўна далучылі вёску Раёўка з насельніцтвам каля 600 чалавек. Для іх паслуг два дзіцячыя садкі (адзін з іх прызнаваўся лепшым у вобласці і краіне сярод сельскіх дзіцячых дашкольных устаноў). Ёсць школа мастацтваў, дзе вучаць музыцы, маляванню, харэаграфіі і г.д.

Задаволены людзі сваёй аптэкай, паліклінікай, бальніцай, якія ўкамплектаваны кваліфікаваным персаналам і абсталяваны сучаснай тэхнікай. Старшыня Чысцінскага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Пяцюшык у сувязі з гэтым расказаў цікавую гісторыю на медыцынскую тэму. Калі з-за рамонту інфекцыйнага аддзялення ў маладзечанскай бальніцы было вырашана часова размясціць яго ў чысцінскай, то частка насельніцтва гэтую навіну сустрэла ў штыкі: збіралі сходы, пісалі петыцыі. Але потым агледзеліся, прызвычаіліся і... пачалі патрабаваць, каб інфекцыйнае аддзяленне засталося ў Чысці.

Малады і кампактны

— Чалавеку што патрэбна ў першую чаргу? Прыстойная і надзейная, на доўгатэрміновую перспектыву, праца з нармальнай зарплатай, камфартабельнае жыллё і спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Усё гэта ёсць у Чысці. Але галоўнае — усё ж праца, бо яна, нібы якар, замацоўвае чалавека і яго сям'ю на месцы, стымулюе добраўпарадкаваць і ўпрыгожваць тэрыторыю пражывання, — разважае Анатоль Пацюшык. І працягвае: — Наш пасёлак кампактны. І вельмі малады — быў заснаваны ў 1955 годзе. Пачатак не абяцаў яму бліскучай будучыні. Узводзіўся ён побач з торфараспрацоўкамі. І калі б тады нехта сказаў, што гэтае паселішча стане ўзорам для іншых сельскіх населеных пунктаў, фантазёра ўзнялі б на смех. Асновай для развіцця нашай тэрыторыі стала "Забудова".

І сапраўды, лёс пераважнай большасці жыхароў пасёлка цесна звязаны з гэтым горадаўтваральным прадпрыемствам. Яшчэ ў 1990-м па рашэнні раённага Савета дэпутатаў на базе Чысцінскай асацыяцыі па жыллёвым будаўніцтве было створана адкрытае акцыянернае таварыства "Забудова". 4 жніўня 2010 года яго перайменавалі ў ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Забудова"

, якая ўключае ў сябе чатыры сучасныя заводы па выпуску поўнага камплекту матэрыялаў, вырабаў і канструкцый для ўзвядзення энергаэфектыўнага жылля. "Забудову" сёння ведаюць далёка за межамі краіны: яе гандлёвыя прадстаўніцтвы дзейнічаюць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Смаленску, Мурманску, Стаўрапалі і іншых расійскіх гарадах. Зразумела, кіраўніцтва "Забудовы" заўсёды падтрымлівала і падтрымлівае высілкі сельскай улады па навядзенні і падтрыманні парадку.

1377076461450_1

Далей ад правінцыйнасці

— Нашаму Савету ў пэўным сэнсе пашанцавала, што яго дэпутатам ужо чацвёртае скліканне запар выбіраецца Святлана Купчык. Выдатны спецыяліст, здольны арганізатар, у многім дзякуючы яе намаганням Чысць зараз выглядае так, як выглядае. Увогуле, тое, што вы бачыце, — сумесны вынік работы сельвыканкама, дэпутатаў і работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З імі разам мы наладзілі скошванне травы, абрэзку ветак, спілоўванне старых, ужо небяспечных дрэў. Бо інакш населены пункт будзе выглядаць запушчаным, непрыбраным, правінцыйным. Напрыклад, два касцы — адзін ад сельсавета, другі ад службы ЖКГ спраўляюцца са скошваннем травы, — гаворыць Анатоль Пяцюшык.

Паводле слоў дэпутата Святланы Купчык, майстра філіяла ўпраўлення камунальнага абслугоўвання, сакрэт чысціні ў пасёлку просты: трэба любіць тыя мясціны, дзе ты жывеш і працуеш. І дапамагаць прывіваць гэтую любоў мясцовым жыхарам.

— Вядома, чыста там, дзе не смецяць. Разам са старшынёй Савета раз на тыдзень робім аб'езд тэрыторыі. Асаблівая ўвага — прыватнаму сектару, дзе нярэдка можна ўбачыць няскошаную траву, пустазелле ўздоўж агароджы, непрыбраныя рэшткі будаўнічых матэрыялаў... Аднак мэта аб'ездаў не толькі ў тым заключаецца, каб убачыць недахопы. Спакойна гутарым з гаспадарамі сядзібы, пераконваем у неабходнасці сачыць за парадкам на тэрыторыі. Зразумела, аднымі размовамі ці выдачай адпаведных прадпісанняў прадстаўнікі Савета не абмяжоўваюцца. Наладзілі вось рэгулярны рух па прыватным сектары трактара, які збірае загадзя вынесеныя мяхі з адходамі і смеццем. Дзякуючы такой пастаяннай рабоце з людзьмі паступова ўдалося пакончыць са стыхійнымі звалкамі, — кажа Святлана Рыгораўна.

Сярод даўніх і надзейных партнёраў сельсавета — мясцовая школа. Вясной, напрыклад, вучні дапамагаюць садзіць дрэвы, кусты, прыбіраць ад смецця лясныя масівы ў пасёлку і вакол яго. Хаця часам дзеці могуць і перастарацца: летась столькі назграбалі шышак і іголак, што на іх вываз спатрэбілася некалькі 20-тонных МАЗаў.

Школьнікі ўсё часцей уладкоўваюцца летам на працу ў чысцінскі філіял ЖКГ, іх бяруць у якасці рабочых. Працоўны дзень — 4 гадзіны. Работа не цяжкая: кветкі высаджваць, клумбы палоць, смецце прыбіраць. Карысць двайная, лічыць дэпутат. Нейкую капейку моладзь заробіць, а галоўнае, на сабе адчуе, што значыць падтрыманне парадку і чысціні.

Зеляніны шмат не бывае...

Хаця Чысць знаходзіцца сярод лесу — нават у самім пасёлку на кожным кроку сустракаюцца сосны і бярозы, а паветра тут свежае і насычанае пахамі палявых кветак і дрэў — у сваім штогадовым плане мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі выканкам надае вялікую ўвагу азеляненню тэрыторыі. Загадзя прадугледжваецца закладка газонаў, кветнікаў, пасадка дрэў і кустоў. Мясцовая ўлада праводзіць комплекснае добраўпарадкаванне пасёлка, што дае найбольшы эфект. З гэтай нагоды запланавана стварэнне малых архітэктурных формаў і дэкаратыўных кампазіцый, рамонт дзіцячых пляцовак, устаноўка кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў, намечаны бягучы рамонт фасадаў асобных будынкаў, абсталяванне месца адпачынку ў лясным масіве, рамонт і ўстаноўка пяці смеццязборнікаў на аўтобусных прыпынках, аднаўленне і замена дарожных знакаў, ямачны рамонт шэрагу вуліц пасёлка і г.д.

1377076463728_2

У сельсавеце асаблівую ўвагу надаюць прыцягненню насельніцтва да азелянення двароў, уласных падворкаў. Як падкрэсліў старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч, які ў той дзень таксама завітаў у Чысць, пасёлак неаднаразова выходзіў пераможцам рэспубліканскага і абласнога спаборніцтваў на лепшы сельскі населены пункт па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Леанід Тугарын.

фота Яўгена Пясецкага.

Маладзечанскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?