Вы тут

Крысціна КОЗЕЛ: "Калі на полі з'яўляюцца каманды, у мяне наварочваюцца слёзы"


Футбол — яе стыхія. Насуперак усім стэрэатыпам, быццам не жаночая гэта сфера, яна не пабаялася заявіць пра свой інтарэс і пацвердзіць яго прафесіяналізмам у працы. І вось цяпер у тых, хто паверыў аднойчы ў Крысціну Козел, ёсць магчымасць чытаць яе матэрыялы на старонках газеты "Усё пра футбол", а таксама глядзець і слухаць у аўтарскай праграме "Ко́зел пра футбол" на ІнтэрнэтТБ Белтэлерадыёкампаніі. Пра тое, за што можна любіць беларускі футбол, як вырашыць праблему пустых трыбун і як выкарыстоўваць "кадравы" рэсурс, мы і паразважалі з Крысцінай падчас сустрэчы.

1377255217349_1

— Як даўно вы захапляецеся футболам?

— Дакладна сказаць не магу, але гэта працягваецца з таго часу, як я сябе памятаю. А прафесійна захапляюся футболам апошнія гады тры-чатыры. Відаць, бацька вельмі моцна чакаў сына, таму любоў да гэтага віду спорту перадалася і мне. Ён быў прыхільнікам-аматарам. Я і сёння, калі чую "цокат" бутсаў, прыгадваю дзяцінства. Мы з ім пастаянна наведвалі матчы, а потым я ўжо сама рабіла гэта. Калі нейкую гульню паказвалі па тэлевізары, пазначала яе на палях тэлепраграмы, каб не прапусціць, бо для мяне гэта было настолькі істотна і натуральна, як, напрыклад, для маці прагляд серыяла.

— А сябе не думалі паспрабаваць у гэтым відзе спорту?

— Футбол — гульня для мужчын. Калі гуляюць жанчыны, я не супраць. Але прыгожа, размашыста і лепш за мужчыну ніхто, на мой погляд, не выступіць на футбольным полі. Для мяне футбол — як тэатр, дзе не кожнаму дадзена іграць на сцэне, а вось паглядзець — можа любы ахвотны.

— Ведаю, што паралельна з захапленнем футболам вы займаліся музыкай і танцамі — гэта ўжо ўплыў маці?

— Не, таксама бацькі, хаця маці заўсёды ва ўсім падтрымлівала і падтрымлівае мяне. Тата прытрымліваўся меркавання, што дзіця трэба развіваць усебакова. Спачатку мяне аддалі на танцы. Яшчэ я вельмі хацела іграць на фартэпіяна, а ў маёй вёсцы было шмат ахвотных займацца на гэтым інструменце. Мы дачакаліся сваёй чаргі, і я ўсё ж такі трапіла ў музычную школу. І па сённяшні дзень музыка ў мяне паўсюль. Я нават для сваёй праграмы "Козел пра футбол" выбіраю музычнае суправаджэнне. Вось паглядзела матч і адразу ведаю, на якую мелодыю яго лепш пакласці.

— "Козел пра футбол" — аўтарскі праект. Як ён з'явіўся?

— У Белтэлерадыёкампанію я прыйшла праз кастынг. Кіраўніцтва ІнтэрнэтТБ заўважыла маё захапленне футболам і мне прапанавалі напісаць канцэпцыю праекта, які б адлюстроўваў маё бачанне падзей у гэтай тэме. Мы зрабілі стаўку на моладзь і на дынамічнасць падачы інфармацыі. Памятаю, пасля першай праграмы глядзела на колькасць паведамленняў з водгукамі і думала, што там, мабыць, шмат негатыўных рэакцый. А яны ўсе аказаліся станоўчымі. Потым мы стварылі групу ў сеціве, і, мяркуючы па колькасці падпісчыкаў, інтарэс да праекта ёсць. І тое, што ў нас маладая аўдыторыя, таксама плюс, бо чалавек з юнага ўзросту расце прывучаным да футбола.

— Ці мае ваша творчая свабода нейкія рамкі і як на гэта рэагуе аўдыторыя?

— Пэўныя рамкі, безумоўна, існуюць, таму што ёсць першапачаткова прапісаная канцэпцыя. Там дакладна паясняецца, што мы робім агляд матчаў чэмпіянату Беларусі — стабільна раз на тыдзень. Плюс яшчэ нейкія знакавыя матчы асвятляем. Гэта можа быць матч юнацкай зборнай ці Ліга Еўропы. Нязменным застаецца толькі наша жаданне паказаць лепшае ў беларускім футболе. Першапачатковая мэта — папулярызацыя нашага футбола. Я не кажу, што мы паказваем толькі станоўчыя бакі ў гэтай тэме, бо, напрыклад, калі балельшчык сыходзіць, то я лічу патрэбным не ўтойваць такія факты. Тэма не самая прыгожая, але хочацца паказаць, што і на беларускі футбол можна і варта хадзіць. А з наведваннем у нас сёння бяда.

— Праблему запаўнення трыбун магчыма неяк вырашыць?

— Сітуацыю трэба разглядаць і працаваць над ёй комплексна, пра што ўжо не раз вялася размова і з журналістамі, і з Федэрацыяй футбола. Немагчыма вырашыць праблему праз кропкавае ўздзеянне ў той ці іншай нішы. Зразумела, што ад каманды чакаюць добрай гульні. Але каб балельшчыкі прыйшлі падтрымаць сваіх фаварытаў, то камандзе трэба працаваць са сваёй аўдыторыяй. Калі такая праца прысутнічае, то балельшчыкі прыйдуць на стадыён. Яшчэ важна таксама правільна падаваць інфармацыю пра ўсё тое, што адбываецца ў футболе. Я не кажу, што журналісты павінны выключна станоўча расказваць пра матч, нават калі згулялі няўдала. Знайсці добрае на гэтым фоне — праца, якая не акупіцца адразу ж і лаўраў з такой тактыкі мець не будзеш. Лёгка прыйсці на матч нерэйтынгавай каманды і сказаць: было сумна. Неспрыяльныя дні бываюць у кожнага з нас, але ці варта ўвесь час выносіць іх на публіку. Упэўнена: калі больш казаць пра станоўчае, то з часам да цябе прыслухаюцца. І з такім падыходам, калі спартсменам будуць створаны добрыя ўмовы, калі каманда будзе імкнуцца добра гуляць, а СМІ пачнуць прафесійна расстаўляць акцэнты, падсумоўваючы вынікі, пакрысе мы зможам выйсці на нармальны ўзровень наведвання.

— А як вы рэагуеце на падзеі матча, калі наведваеце яго ў якасці балельшчыка?

— Я зразумела, што адкрыта "хварэць" можна толькі за зборныя. Сярод каманд у мяне ёсць тыя, каму сімпатызую, але, з улікам прафесійнай этыкі, не буду іх называць. Кожны раз знаходжу ў кожнай каманды свае плюсы, з-за чаго мне радасна ад іх перамог, і, у сваю чаргу, я засмучаюся з-за іх няўдач. У мяне існуе абавязковы рытуал прыходзіць на размінку. Нават калі яшчэ не рабіла праект, то ўсё роўна наведвала адкрытыя трэніроўкі зборных. Заўсёды цікава паглядзець на ўзровень падрыхтоўкі каманды, паспрабаваць прадбачыць, якую схему гульні абярэ трэнер. Мне прыносіць задавальненне проста сесці на трыбуне і паназіраць, нібы ты знаходзішся ў тэатры за кулісамі. А калі каманды з'яўляюцца на полі, наварочваюцца слёзы, настолькі я люблю гэтае дзейства. Проста я разумею, што зараз яны падораць тое, дзеля чаго не шкада ні грошай, ні часу, толькі б убачыць. Падчас самога матча я стараюся не паказваць эмоцый, а ўважліва назіраю за гульнёй, аналізую. Мая страсць таксама — футбол юнакоў. На іх магу глядзець бясконца.

— У газеце "Усё пра футбол" вы курыруеце тэму юнацкіх зборных. Як ацэньваеце патэнцыял маладога пакалення?

— Патэнцыял у нас ёсць. Але ў мяне заўсёды прысутнічае ўнутранае хваляванне: толькі б малады рэсурс не загубілі на этапе станаўлення. Бо калі хлопцам гадоў па сямнаццаць-васямнаццаць і іх пачынаюць выкарыстоўваць для ігры на дарослым узроўні, то ў выніку недзе ў дваццацігадовым узросце яны здаюць свае пазіцыі. Пры ўсім гэтым глядзіш на нашых юнакоў і разумееш: ёсць чым вока парадаваць.

— Ёсць нейкія думкі наконт таго, як захаваць імкненне да поспеху юных, але каб яны не страцілі запалу ў вачах?

— Тут няма ніякіх сакрэтаў. Ёсць толькі агульнапрынятыя крытэрыі, якія і выкарыстоўваюць нашы трэнеры. Я не магу нічога сказаць пра трэнераў у клубах, бо сутыкаюся з імі не часта, але трэніроўкамі нашых зборных займаюцца прафесіяналы, якія ведаюць сваю справу. Важную ролю адыгрывае псіхалагічны складнік, дзе падлеткі патрабуюць асаблівай увагі. Часам жорсткая тактыка ім можа нашкодзіць. А бывае, што і наадварот — дасць добры вынік. Галоўная бяда нашых юнакоў — іх бясконцае нацэльванне на вынік. Трэба разумець, што матчы ладзяцца не толькі дзеля кубкаў і медалёў, не менш важна паказаць гульню на ўзроўні. Безумоўна, трэба настройвацца на перамогу, але не варта рабіць яе галоўнай мэтай. Чаму спартсмену не даць магчымасці выпрацаваць нейкую сваю схему, каб потым у сталым узросце ў яго быў запас ведаў і навыкаў. Вельмі сумна бывае, калі глядзіш спіскі юнацкіх зборных і там усе "зоркі", а потым у нацыянальную зборную з іх трапляе толькі некалькі чалавек.

1377255219699_2

Алена ДРАПКО.

Фота Надзеі БУЖАН
і з уласнага архіва Крысціны КОЗЕЛ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.