Вы тут

Сяргей Рублеўскі


Людзі аніяк не могуць даць сабе веры, што Бог, раззлаваны на свавольных Адама і Еву, беззваротна выгнаў абаіх і ўсіх нашчадкаў — гэта значыць, нас з вамі — з раю. Асабліва — жанчыны: у іх карацейшая памяць на грэх. Да таго ж гэтае нявер'е зноў і зноў падсілкоўваецца хараством ды асалодай, якія кладуцца на душу залатымі зараніцамі не надта асэнсаванага, але такога жывога і пераканаўчага вобраза раю.

Закаханаму юнаку, уджаленаму пацалункам красуні, здаецца, што мінулага няма, а ёсць толькі будучыня — бязмежная, як вечнасць.

Выведзены подручкі на сонечны прыгрэў зусім нямоглы дзядок згадвае на прызбе мінулае і, ачмурэлы ад свежага водарнага паветра і спеву птушак, раптам адчувае, што не баіцца смерці... Хіба можа такое хараство назаўсёды заплюшчыць сваю зыркасць сённяшняй, як і ўчора маючай быць балючай, ночкай?!

Мурзаты хлапчук, які ў цесным коле сябрукоў пруточкам выкочвае з гарачага прысака свежаспечаную бульбіну, а тады похапкам, перакідваючы яе з далоні на далонь, трохі астуджвае, абірае і, апякаючы язык і паднябенне, бо не церпіцца, таропка есць, каб не прапусціць смак маленства...

Апантаны рыбалоў на гумавай лодцы, нібы на ўдала прынесенай ветрам лісцінцы, з натхнёным сэрцам аддаецца рачной плыні і, зачараваны чысцінёй і хараством свету, узрушаны таямніцай блізкай прысутнасці шчупакоў, раптам заўважае, што час для яго, у адрозненне ад ракі, не цячэ, а сашчыльніваецца ў адно імгненне. Дзень-імгненне роўны вечнасці, якая хутка праходзіць...

Дзяўчыне, якая забылася на сябе ў любошчах, здаецца, што яе няма, як учарашняй веснавой пупышкі — раскрылася, і толькі гарачыя, пяшчотныя вусны каханага даюць шчаслівыя знакі вяртання з забыцця...

Колькі іх, такіх нязгасных у памяці водбліскаў раю, якія абачлівыя людзі называюць "шчаслівымі імгненнямі"!

1377255228618_23-10

Уяўленне пра ніколі не бачаны, але, здаецца, такі магчымы рай заўсёды звязана з часам, пераканаўчай прыкметай Божай прысутнасці ў нашым жыцці.
Гэтая акалічнасць была ўдала скарыстана архітэктарамі камунізму, запраектаванага як шырока адкрыты для ўсіх рай на зямлі. А больш дакладна, маючы быць шырока адкрыты ў "светлай будучыні".

Рай — заўсёды абяцанне. Сучаснасць толькі напаўняе душу неўміручай надзеяй.

Прайшло столькі гадоў, а я не магу дараваць запальчываму і няўседліваму, "тропку бліну", як у нас кажуць, Мікіту Хрушчову за тое, што ён здратаваў, спаліў і попелам развеяў светлую, як абяцаная будучыня, надзею мільёнаў і мільёнаў людзей. У тым ліку і маю. Гэта ж трэба, у першай палове 1960-х гадоў заявіць, што камунізм у СССР будзе пабудаваны к 2000 году. На той час вучань малодшых класаў, я і па сёння добра памятаю падручнік, фарзацы якога спрэс былі задрукаваны карцінкамі будучага бестурботнага жыцця з адпаведнымі подпісамі да іх. Шматпавярховыя гмахі — кожнаму будзе па бязвыплатнай кватэры, карпусы курортаў — кожны ўлетку будзе млець у салодкай стоме на цёплым марскім пясочку... Ну і гэтак далей.

А дзе тое? Пытанне зусім не рытарычнае пасля столькіх чалавечых ахвяр, пакладзеных на алтар камунізму. Даўно мінуў 2000 год, а цудадзейныя перамены не толькі не адбыліся, але, наадварот, будаўнічая пляцоўка "светлай будучыні" ўшчэнт разрабавана, вокны і дзверы з незавершаных муроў павыдзіраны з коранем ды разнесены па сядзібах...

А трэба было не хваліцца загадзя, не абвяшчаць тэрмін спраўджвання мары і надзеі!

Праўда, Мікіта — буду справядлівым — у свой час вельмі ўсцешыў мяне з сябрукамі. Апантаны кукурузалюб, "каралеву палёў" ён патрабаваў садзіць у калгасах квадратна-гнездавым спосабам, а не высяваць сеялкай, як цяпер. Тоўстыя пругкія сцёблы, з якога боку ні глянь, стаялі роўненькімі радочкамі, густое лісце давала прахалодную засень, сакаўныя кіяхі спакусліва тырчэлі на сцёблах у розныя бакі: адламай, аблушчы і пакаштуй малочныя салодкія зярняты... Мяцёлкі кукурузы былі куды вышэй ад нашых стрыжаных галоў, але я і дагэтуль не ведаю, вялікі быў тады ўраджай ці так сабе. Таму што сам быў маленькі...

О, як мы, жэўжыкі, бегалі па тых кукурузных радах, аж трэтар ішоў! Як гулялі ў хованкі — не знайсці, ды і самому лёгка было згубіцца ў паглынальнай зеляніне так, што даводзілася перасякаць усё поле, каб выбіцца на які ўскраек...

Кукурузнае каралеўства ад Мікіты Хрушчова

было для нас, акцябрат і піянераў, дзівоснай райскай купінай. Але што ж гэта за рай, з якога нават не Бог, а час выганяе адразу, як толькі заканчваецца дзяцінства...

Апроч самага распаўсюджанага абяцання раю на тым і на гэтым свеце, калі вызначальным фактарам з'яўляецца якраз час (трэба толькі дачакацца!), ёсць і прасторавы спосаб, прытым не абяцання, а рэальнага пошуку і заснавання раю на зямлі. Тэрмін для гэтага патрабуецца непараўнальна меншы. У некаторых выпадках гэты спосаб больш дакладна назваць геаграфічным.

Нават манахі, Божыя служкі, якія даводзяць да ладу свой прытулак, прымерваюцца не інакш як да намаляванага ўяўленнем, з падказкі Бібліі, вядома, райскага куточка.

Ды і ў звычайных людзей тое самае. Шмат хто імкнецца атрымаць добры надзел на беразе ракі ці возера і каб яшчэ лес ці якія зараснікі нерушныя падступалі да самай мяжы, збудаваць церамок, а на двары, замкнёным ад суседзяў высокай агароджай, пасадзіць сартавыя, каб на ўсю шапку, ружы, дзівосныя, прывезеныя з-за мора дрэвы і хмызы, а яшчэ паставіць агромністы вальер з высакароднымі прыгажунамі аленямі, а на волю выпусціць злых, мардатых, са зверскім выскалам, але ласкавых да сваіх сабак... Некаторыя людцы агароджу ўзводзяць такую шчыльную і высокую, што, здаецца, і сам Бог не пералезе. І тут дарэчы згадаць выказванне аднаго знаўцы іўдзейскага містычнага вучэння Кабалы: гэта не Бог, сцвярджае ён, выгнаў Адама і Еву з раю, а, наадварот, Адам адтуль выгнаў Яго...

Што да гэаграфічных пошукаў раю, дык самай запамінальнай такой спробай з'яўляецца марская экспедыцыя Хрыстафора Калумба ў 1492—1493 гг. Хачу звярнуцца не да гістарычных хронік, а да славутага рамана аргенцінскага пісьменніка Абеля Пасэ "Райскія сабакі". Паводле гэтага цікавага твора, Хрыстафор адправіўся ў сваё далёкае падарожжа з блаславення абазнаных у старажытным таямнічым вучэнні адзінаверцаў. Яўрэі тады цярпелі вялікі націск ад іспанскіх улад: іх пад прымусам абавязвалі прымаць хрысціянства, пагражалі выгнаннем з краіны, што і адбылося акурат у 1492 годзе, калі караблі Калумба былі ў далёкай экспедыцыі. Дык, натуральна, што ён, патаемны іўдзей, яшчэ не ведаў пра трагедыю сваіх адзінаверцаў і зацята, з зайздроснай рашучасцю і мужнасцю вёў караблі, каб выканаць у тым ліку і іх наказ. У прадчуванні бяды духоўныя старэйшыны яўрэяў загадалі яму адшукаць прыдатны зямны куток для свайго народа, каб у выпадку рэпрэсій у Іспаніі знайсці прытулак хоць на краі свету. Зазначу, што спрактыкаваны ў марской справе Хрыстафор плыў не наўгад, куды вочы глядзяць, а вызначыў курс з улікам свайго стараннага даследавання накіду карты фларэнтыйскага географа і касмагона Паола Тасканэлі. Накід дзякуючы выпадку патрапіў яму ў рукі.

Калі 12 кастрычніка 1492 года Калумб нарэшце ступіў на востраў Сан-Сальвадор Багамскага архіпелага, дык ачмурэлы ад радасці, адразу прызнаў: вось ён, той шуканы нерушны прытульны куток, сапраўдны рай на зямлі!

Высока ў небе шчодрылася зыркае сонца, з галіны на галіну павольна пераляталі нібы адмыслова размаляваныя ўспрытнёнымі мастакамі да свята птушкі, на дрэвах віселі невядомыя дагэтуль сакаўныя плады... "Бог напуціў мяне. Бог ведае, якога куточка на зямлі варты мой гнаны народ..." — падумаў Калумб.

Чым далей ад берага ён з камандай заходзіў у глыб вострава, тым больш і больш поўніўся перакананнем: ну так і ёсць, гэта рай на зямлі. Нарэшце знойдзены!

Традыцыйна амаль што цалкам аголеных зычлівых, гасцінных тубыльцаў Хрыстафор, калі верыць Абелю Пасэ, прыняў не інакш як за цемнаскурых анёлаў. Дык і сам скінуў з сябе вопратку і загадаў тое самае зрабіць камандзе: у раі — які грэх, які сорам, усё — у мінулым!..

А тады Хрыстафор папрасіў паказаць яму самае вялізнае дрэва на востраве — і Калумба прывялі да яго. Вось яно — Дрэва жыцця! Магутны, глыбока ўкаранёны ствол, разгалістая крона з чароўным пошумам лісця ды спевам птушак, які, здаецца, навечна заблытаўся ў густых тонкіх галінках. Самае месца для марскога гамака стомленага карабельнага стырнавога. Лацвей падвязаць яго на тоўстых ніжніх суках...

Калумб так і зрабіў, а тады лёг у хісткую люльку даверліва, як дзяцёнак, якога пахінула на сон. Вейкі яго і сапраўды пачалі зліпацца, а сон — барляць у свядомасці рэальнасць і ўяўленне пра яе...

Каманда тым часам, скарыстаўшы момант, узялася за звыклую справу: новаспечаныя каланізатары пачалі рабаваць і гвалціць тубыльцаў, абладжваючы сваё часовае жыццё па ўзоры Садома і Гаморы.

Калі мы адкладзём у бок раман Абеля Пасэ і звернемся да іншых, дакументальных крыніц інфармацыі, дык знойдзем шмат прыкладаў нечуваных дагэтуль на зямлі паводзін узброеных людзей у дачыненні да мірнага насельніцтва. Ачмурэлыя ад пажады спажывы адкрывальнікі Новага Свету падчас шматлікіх далейшых экспедыцый ды рабскага закабалення карэнных народаў залілі кантыненты Амерыкі крывёю, завалілі трупамі нічым не вінаватых людзей. Напрыклад, у Іспаньёле, дзе да 1492 года ў суладдзі з райскай прыродай шчасліва жылі каля 9 мільёнаў таінас, к 1570 году засталося ўсяго дзве лядашчыя вёсачкі карэнных жыхароў, пра якіх Калумб у свой час пісаў: "лепшых і такіх ласкавых на свеце людзей няма".

Ёсць пісьмовае сведчанне і з другога боку, з кнігі мая Чылам Балам: "Калі белыя спадары прыйшлі на нашу зямлю, яны прынеслі страх і завяданне кветак. Яны знявечылі і згубілі квецень іншых народаў... Марадзёры днём, злачынцы па начах, забойцы свету".

Вядомы амерыканскі гісторык Дэвід Станард у кнізе "Амерыканскі Халакост" піша, што самыя ўдалыя, калі іх можна так назваць, з народаў Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі сёння захавалі не больш за 5 працэнтаў ад сваёй ранейшай колькасці.

Іспанскія каланісты вешалі, засмажвалі на ражнах, спальвалі індзейцаў на кастрах, секлі людзей на кавалкі і кармілі сваіх сабак. Ці проста секлі без дай прычыны... Хаця не, так яны правяралі вастрыню толькі што наточаных на прыбярэжных камянях мячоў. Дэвід Станард падлічыў, што сярэдняя працягласць жыцця збіральнікаў кокі, індзейскіх рудакопаў доўжылася не больш за тры ці чатыры месяцы. Прыкладна такі ж тэрмін жыцця быў і ў паднявольных рабочых фабрыкі сінтэтычнай гумы ў Асвенцыме ў 1943 годзе.

Вынішчэнне еўрапейцамі карэннага насельніцтва двух амерыканскіх кантынентаў, на думку даследчыкаў, з'явілася самым масавым і доўгім генацыдам у сусветнай гісторыі. Так што Гітлеру было ў каго павучыцца.

Але аблуднае памкненне ўзяцца за Божую справу і пабудаваць ці знайсці гатовы рай на зямлі або нешта падобнае да яго застаецца з чалавекам. І геаграфічны падыход да ажыццяўлення мары-мэты цяпер, у эру немагчымага пры Калумбе развіцця камунікацый, па-ранейшаму з'яўляецца вельмі спакуслівым. Многія ж людзі з усіх куткоў свету і па сёння лічаць Амерыку гістарычна аформленым райскім надзелам. Іх зусім не засмучае той факт, што "цемнаскурыя анёлы" ратуюцца ў рэзервацыях. Хоць, можа, гэтае міжвольнае і своеасаблівае адцуранне ад вычварэнскага свету індзейцы і сапраўды лічаць своеасаблівым райскім затулкам. Прынамсі, у параўнанні з лёсам сваіх далёкіх продкаў.

Ну а што мае родныя беларусы, людзі, якія не маюць свайго марскога ўзбярэжжа і, адпаведна, расцуглянай геапалітычнай ініцыятывы? Якое ў іх прымерванне да ўзорнага жыцця першалюдзей, якіх Бог надзяліў было сваім блаславёным затулкам?

Звужу адказ на гэтае пытанне сардэчна цёплымі межамі роднасці і скажу толькі пра пакаленне маёй мамы, людзей, якія перажылі Вялікую Айчынную вайну.

Мама, патомная сялянка, старанная калгасніца, ніколі не думала пра райскае жыццё. Нават не сніла яго. Яна толькі заўсёды баялася, каб зноў не вярнулася пекла, і, як многія беларускі ейнага веку, пры ўсіх жыццёвых нягодах і выпрабаваннях толькі і ведае, што як малітоўны рэфрэн паўтарае: "Абы не было вайны..." Маўляў, і нішчымніцу перажывём, і голад, і холад, толькі б не загрымела смяротным громам неба, не ператварылася родная зямелька ў пякельную патэльню, толькі б не ахвяраваць сваімі сынкамі дзеля яе ратавання... Некаторыя глабальныя людзі з пакалення nехt наракаюць на бабулек: "От жа, вам усё адно, як мы жывём і як хочам жыць, толькі і ведаеце: абы вайны не было..." А я ж не наракаю.

Мая старэнькая матуля ўжо другі год жыве са мной у гарадской кватэры. Нямоглая, на вуліцу выходзіць рэдка, усё сядзіць у сваім пакойчыку ды глядзіць тэлевізар, каб не так моцна заціскала сэрца самота. За свой гарадскі час маці наглядзелася тэлеперадач больш, чым за ўсё доўгае — ад прыпару да прыпару — папярэдняе жыццё.

Аднойчы мама пасля таго, як перагледзела розныя вечаровыя навіны пра грамадскі неспакой у краінах свету, закалоты, памежныя сутычкі ды міжнацыянальную разню, узрушаная, не ўтрымала ў сабе балючую трывогу:

— А-я-яй, што робіцца... Мусіць, будзе вайна... — і запытальна і разгублена паглядзела на мяне.

— Не, — адказаў я. — Не будзе!

І раптам адчуў слабіну ў сваіх простых словах, іх непераканаўчасць і дадаў:

— Не, мама. Адкуль ты ўзяла? Не будзе аніякай вайны. Была ўжо...

А ўсё адно зніякавеў, бо міжволі згадаў радкі блізкага маёй душы рускага паэта Мікалая Рубцова, здарожаны лірычны герой якога (верш "Рускі агеньчык") у цёмнай глухмені пайшоў на святло ў акенцы і знайшоў начны прытулак з угрэўнай печчу, цёплай вопраткай у хаціне адзінокай бабулі. І пачуў ад яе такое самае пытанне:

"Огнём, враждой
Земля полным-полна,
И близких всех душа
не позабудет...
— Скажи, родимый,
будет ли война?
И я сказал: — Наверное, не будет.
— Дай бог, дай бог...
Ведь всем не угодишь,
А от раздора пользы не прибудет... —
И вдруг опять:
— Не будет, говоришь?
— Нет, — говорю, — наверное, не будет!
— Дай бог, дай бог..."

Вось гэтае "напэўна", такое зашмальцаванае і такое далікатна-трапнае ў гэтым кантэксце слова і развярэдзіла маю душу. Але хіба мог я сказаць яго маме, хіба павінен я гаварыць з ёй так, як хочацца пісаць...

Калі разабрацца, дык і для мяне сёння галоўнае — абы не было вайны.

Праўдзівае разуменне раю дадзена толькі шчырым вернікам. Чалавек, які надзелены духоўным зрокам, бачыць у Божым бласкавёным кутку не толькі затулак ад хвароб і смерці, не толькі вызваленне ад зморных клопатаў па здабыванні хлеба на кожны дзень, не толькі атуляльную, сатканую з душэўнага спакою і лагоды, пялюшку, не толькі дзіцячае дурэнне пад шапатлівым Дрэвам Жыцця ў дзіўнай суладнасці з усімі жывымі істотамі, калі можна, як катуську, пачасаць за вухам тыгра... Не толькі... Ён разумее, што рай — найперш месца сустрэчы з Богам ды поўныя святла з Ягонай ласкі і спагады размовы з Ім... Не раўнуючы, як было ў Адама з Евай да выгнання: Госпад прыходзіў да іх штовечар, гутарыў, патлумачваў што да чаго ў свеце, настаўляў на правільнае жыццё як клапатлівы бацька. А ў рэшце рэшт, раззлаваны непаслухмянствам, выправіў свавольнікаў у поўны небяспекі свет, як людзі бывае выпраўляюць з дому шкадлівых дзетак-пераросткаў. Засталося толькі святло са шчыліны прыадчыненых — перш за ўсё нашым ўяўленнем — дзвярэй у Ягоны запаветны куток. Грукаць у дзверы не трэба: ідзі па жыцці праведным шляхам, расці дзяцей, любі людзей, не рабі ім зла, бойся Бога — і дзверы ў ягонае царства адчыняцца. ...Пасля непазбежнага для кожнага чалавека апошняга імгнення, якое напоўніцца не падуладнай усведамленню, існай і страшнай сваёй глыбінёй вечнасцю.

А святло са шчыліны прыадчыненых дзвярэй бруіцца і бруіцца...

Душа ўлагоджваецца існаваннем на свеце ўнучкі і ўнука, дочак і матулі...

З алоўка ў начной цішы саслізгваюць на чысты аркуш пялёсткамі райскай квецені родныя словы...

Лісцінку маёй гумавай лодкі павольна нясе ласкавая плынь Касплі: ад адной кветкавай купіны — да другой, ад адного спеўнага птушынага хмыза — да новага, не менш рознагалосага, ад самовага віра — да шчупачынага, ад вёскі да вёскі, у якіх жывуць прыхільныя, як радня, людзі...

Мілагучная Каспля падалася мне аднойчы рукавом райскай плыні...

Калі я скажу, што рай на зямлі — гэта Радзіма, хто мне паверыць?..

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.