Вы тут

Звяртаемся да педыятра і артапеда


На пытанні наведвальнікаў сайта www.dоktоrа.bу і чытачоў газеты "Звязда" адказала загадчыца педыятрычнага аддзялення №2 17-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Таццяна ДАРАФЕЕВА.

— Дзіцяці 1 год і 2 месяцы. За апошнія тры тыдні перахварэлі на атыт сярэдняга вуха, ларынгіт (без стэнозу гартані). Пасля ларынгіту ў крыві былі павышаны трамбацыты (480). Ультрагук брушной поласці ў норме, біяхімічны аналіз крыві ў норме, аднак кальцый і ферыцін павышаныя — 2,56 і 53,12. Якая ж норма ферыціну для дзіцяці ў гэтым узросце? У бланку медцэнтра ўказаны дыяпазон 10-300 і ў той жа час ён пазначаны як павышаны. Чым небяспечны павышаны ўзровень кальцыю?

— Узровень кальцыю — 2,56 ммоль/л і ферыціну — 53,12 мг/мл не павышаны. Норма кальцыю — 2,2-2,75 ммоль/л. Норма ферыціну для дзяцей — 30-140 мг/мл. У педыятрыі павышаны ўзровень кальцыю часцей за усё назіраецца пры перадазіроўцы вітаміну D3. Сімптомамі павышэння ўзроўню кальцыю ў крыві з'яўляюцца павышаная смага, млосць, страта апетыту, павышаныя стамляльнасць і раздражнёнасць. Працягла існуючы павышаны ўзровень кальцыю прыводзіць да змен у коснай сістэме, павышаецца ломкасць касцей, з'яўляецца схільнасць да ўтварэння камянёў.

— У 4 гады ў дзіцяці двойчы быў павышаны паказчык аналізу на хларыды поту. Дзіця хварэла штомесяц з кашлем і адкашліваннем. З 2 гадоў нам параілі выдаліць адэноіды, міндаліны. Я недзе вычытала, што адэноіды — гэта прычына лямбліёзу. Лямбліі мы выявілі ў крыві і нібыта вывелі. Адэноіды не выдалілі, лячылі харчовымі дабаўкамі, рабілі расціранні крэмам "тайфу". У 4 і 6 гадоў дзіця лячылі ў санаторыі — інгаляцыі, салявыя шахты... У 10 гадоў дзіця хварэла досыць працягла, паставілі бранхіт. Пры гэтым урач накіраваў на даабследаванне ў пульманалагічнае аддзяленне. Паўторныя аналізы на хларыды поту зноў далі павышаны паказчык у параўнанні з нормай. Урачы параілі здаць кроў абодвум бацькам і дзіцяці для ДНК-тэста. Муж адмаўляецца, гаворачы што дастаткова паўторных аналізаў на хларыды поту. Я чула, што трэба зрабіць здымак насаглоткі. Здымак страўніка нам рабілі: праблем тут няма.

— Павышаная колькасць хларыдаў у потавай спробе вашага дзіцяці ўказвае на магчымую наяўнасць такога спадчыннага захворвання, як мукавісцыдоз. Мукавісцыдоз абумоўлены наяўнасцю паталагічнага гена, атрыманага ад бацькоў, праяўляецца зменамі з боку органаў дыхання і стрававання. Для вызначэння паталагічнага гена вам рэкамендавана прайсці ДНК-тэст. У далейшым жа вам спатрэбіцца кансультацыя генетыка.

— Ганна. Майму сыну 1 год і 7 месяцаў. З нараджэння ў яго нізкі гемаглабін. Здалі агульны аналіз крыві. Урач лабараторнай дыягностыкі ўказаў на нейтрапенію і лімфацытоз. Вось паказчыкі: эрытрацыты 4,81; гемаглабін 130; гематакрыт 38; сярэдні аб'ём эрытрацыта 79; сярэдняе ўтрыманне гемаглабіну ў эрытрацыце 27; сярэдняя канцэнтрацыя гемаглабіну ў эрытрацыце 342; трамбацыты 234; лейкацыты 7,9; базафілы % 1; эазінафілы % 3; нейтрафілы: палачкаядзерныя % 1; сегментаядзерныя % 9; лімфацыты % 82; монацыты % 4. Хуткасць асядання эрытрацытаў — 4. Што гэта азначае? Што нам рабіць? Тэмпературы няма, здалі аналіз на дысбактэрыёз...

— З улікам змяненняў у агульным аналізе крыві, неабходна паўтарыць аналіз праз 2-3 тыдні. Пры захаванні змяненняў вашаму дзіцяці спатрэбіцца кансультацыя ўрача-гематолага. Накіруе да яго ваш педыятр.

— У дзіцяці набытая з-за пералівання крыві аўтаімунная гемалітычная хвароба. Дзіцяці 10 месяцаў. Зараз — стадыя рэмісіі. Патрэбны добры ўрач-педыятр. Парайце, да каго звярнуцца.

— Ваша дзіця павінна назірацца ва ўрача-гематолага па месцы жыхарства.

На пытанні наведвальнікаў сайта www.dоktоrа.bу і чытачоў газеты "Звязда" адказала загадчыца артапедычнага аддзялення 17-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Вераніка НАВОЕВА.

— Дзіцяці 3 месяцы. Расшыфруйце, калі ласка, вынік ультрагукавога даследавання тазасцегнавых суставаў. Правы: пазіцыя галоўкі цэнтравана, ядро акасцянення не вызначаецца; вонкавы косны выступ выражаны добра, лімбус вузкі, размешчаны тыпова, вугал а: 62, вугал б: 59; тып сустава па R Grаf: развіты сустаў 1А. Левы: пазіцыя галоўкі цэнтравана; ядро акасцянення не вызначаецца; скошанасць покрыўкі вяртлужнай упадзіны; вонкавы косны выступ згладжаны; лімбус вузкі, размешчаны тыпова; вугал а: 56, вугал б: 70; тып сустава па R Grаf: дысплазія ІІБ. Наколькі гэта сур'ёзна? Якія можна даць рэкамендацыі? Урач, акрамя падушкі Фрэйка, нічога больш не прапісаў.

— Урач выставіў правільны, своечасовы дыягназ. На гэтым этапе лячэння асноўным з'яўляецца правільнае становішча ног, неабходнае для стварэння аптымальных суадносін і развіцця элементаў тазасцегнавога сустава. Для дасягнення неабходнага становішча (адвядзення і згібання ў тазасцегнавым суставе) выкарыстоўваюцца розныя віды шын. Пры гэтым тыпе дысплазіі аптымальным з'яўляецца шына Фрэйка. Таксама да лячэння можна дадаць пасіўны лячэбна-фізкультурны комплекс на згібанне і адвядзенне ў тазасцегнавым суставе падчас замены памперса.

— Дзіця было на кантрольным ультрагуку пасля 2,5 месяца нашэння падушкі Фрэйка. Вынік: галоўка цэнтравана; ядраў няма; покрыўка сфарміравана і не зменена, косны выступ акругленай формы, вугал справа а — 68, б — 52; злева: а — 65, б — 54. Заключэнне: тып 1б. Пахруствае левы сустаў пры выкананні "лягушкі". Што гэта азначае?

— Па выніках кантрольнага ўльтрагуку можна меркаваць аб дасягненні добрага выніку лячэння. "Шчаўчкі", "пахрустванні" пры выкананні лячэбнай фізкультуры ў тазасцегнавым суставе дапушчальныя.

— Дзіцяці 3 месяцы. На рэнтгене выявілі дысплазію тазасцегнавога сустава. Заключэнне пасля рэнтгену: лінія Шэнтана неперарыўная з абодвух бакоў, ядры галовак сцегнавых касцей не сфарміраваны, справа: а=31°, h=8 мм; злева а=26°, h=9 мм. Прызначылі шыну Кошлі на тры месяцы (23 гадзіны ў суткі) і лячэбную фізкультуру (круціць ножкі 100 і больш разоў у дзень). Да шыны прывыкаем цяжка. Ці можна насіць менш часу (ноччу і нейкі час днём)? Або прымяніць іншыя працэдуры (падушка, масаж)?

— Улічваючы даныя рэнтгенаграмы, узрост дзіцяці, доктар выставіў правільны, своечасовы дыягназ. На гэтым этапе лячэння асноўным з'яўляецца правільнае становішча ножак, неабходнае для стварэння аптымальных суадносінаў і развіцця элементаў тазасцегнавога сустава. Для дасягнення неабходнага становішча — адвядзення і згібання ў тазасцегнавым суставе — выкарыстоўваюцца розныя віды шын. Прывучаць дзіця да шыны неабходна паступова. Першыя 3-5 дзён — толькі ў дзённы час. Таксама варта працягваць пасіўную лячэбную фізкультуру на згібанне і адвядзенне ў тазасцегнавым суставе падчас змены памперса. Кантрольны агляд праводзіцца, як правіла, праз 1,5 месяца нашэння шыны.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.