Вы тут

"Белая Русь": каб выйграваць — трэба працаваць


Пра сканчэнне сезона адпачынкаў, лета і вяртанне да надзённасці сведчыць не толькі надвор'е. Новы палітычны сезон распачало Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь". У Мінску ўчора адбылася чарговая нарада яго Рэспубліканскага Савета.

Абмяркоўвалі пытанні стратэгічныя. Гаворка на сустрэчы кіраўніцтва РГА "Белая Русь" ішла аб падрыхтоўцы і ўдзеле структур арганізацыі ў палітычнай кампаніі 2014 года па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў ХХVІІ склікання.

Аб тым, з чым на будучыя выбары ідзе "Белая Русь", расказаў старшыня аб'яднання Аляксандр Радзькоў.

— Арганізацыя набірае сілу, — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч. — Зараз нас 140 тысяч. Гэта 2,5 працэнта ад усяго працаздольнага насельніцтва краіны. Адметна, што моладзь складае 26 працэнтаў у складзе "Белай Русі". Больш за 40 працэнтаў членаў арганізацыі працуюць у сферы адукацыі. Да нас прыходзяць новыя ініцыятыўныя і энергічныя людзі. Там, дзе яны ўзначальваюць "пярвічкі", адразу пачынае віраваць жыццё: так адбылося ў Лунінцы, Лельчыцах, іншых кутках Беларусі. Але трэба ісці да людзей не толькі ў гарадах, варта не забывацца на раёны, на вёскі.

"Белая Русь" пашырае і міжнародную дзейнасць: падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з польскай партыяй "Самаабарона", латвійскай партыяй "Згода", выказалі намер аб супрацоўніцтве прадстаўнікі Народна-дэмакратычнай партыі Таджыкістана.

1377511043978_24-23

 

Аляксандр Радзькоў выказаў свае адносіны да дыскусіі аб тым, ці павінна "Белая Русь" станавіцца палітычнай партыяй: "Так, мы моцная палітычная сіла, мы падтрымліваем Прэзідэнта. І грамадскасць добра ўспрымае "Белую Русь" у гэтай якасці. але большасць людзей ставіцца да партыйнасці сёння негатыўна: маўляў, раней была КПСС, а зараз партыі з'яўляюцца нейкімі маргінальнымі плынямі".

Для любой палітычнай грамадскай сілы выбарчая кампанія ў структуры ўлады — гэта момант ісціны. Бо праз выбары, агітацыю ёсць магчымасць прыйсці ў кожны рэгіён. На думку Аляксандра Радзькова, акрамя традыцыйных прыхільнікаў "Белай Русі", арганізацыя павінна больш шчыльна працаваць з прыватнымі прадпрымальнікамі — гэта кемлівыя, крэатыўныя, дзёрзкія людзі.

Але як і ўсякая палітычная сіла, якая паважае сябе, "Белая Русь" уважліва прыглядаецца да моладзі. Аб тым, як прывабіць да сваіх ідэй тых, хто праз пяць-дзесяць гадоў будзе вырашальнай сілай у грамадстве і краіне, думаюць усе палітыкі. "Белая Русь" настроена таксама рашуча. Мала таго, што амаль кожны трэці ў арганізацыі — малады чалавек да 31 года, дык яшчэ было вырашана пазнаёміць з "Белай Руссю" беларускае юнацтва — праз мастацкія, журналісцкія творы іх аднагодкаў. У сакавіку аб'яўлены конкурс журналісцкіх работ "Залатое пяро Белай Русі". Учора ўзнагародзілі пераможцаў вышэйназванага конкурсу творчых работ у галіне журналістыкі, які праводзіла для юных фатографаў, кінааматараў, журналістаў і блогераў. Зразумела, што тэмы творчага палёту павінны былі быць звязаны з той дзейнасцю, якую праводзіць грамадскае аб'яднанне. На суд журы было прадстаўлена 350 работ. Арганізатараў конкурсу відавочна парадавала геаграфія — шмат удзельнікаў з невялікіх гарадоў і вёсак. Але самым кранальным момантам цырымоніі ўзнагароджання стала знаёмства са сталічнай пераможцай — Крысцінай Скуратовіч. Бо да журы і ўсяго Рэспубліканскага Савета "Белай Русі" звярнулася маці дзяўчынкі: са слязамі ўдзячнасці яна расказала, што сама шмат гадоў таму прыехала ў Беларусь з Арменіі, працуе настаўніцай, на беларускай зямлі нарадзіла і выгадавала чатырох дзяцей і ганарыцца тым, што яны — беларусы. Калектыўным пераможцам сталі юныя маладзечанскія журналісты з клуба "Маладзік" — яны здымаюць кіно, займаюцца фотасправай.

Калі ўзрадаваная прыемнымі прызамі моладзь з бацькамі і настаўнікамі адправіліся на экскурсію па Мінску, удзельнікі нарады шчыра віталі яшчэ аднаго героя дня — юбіляра, аднаго з заснавальнікаў "Белай Русі", Героя Беларусі Паўла Марыева.

Неверагодна, але факт: гэтага прыгожага, годнага і мудрага чалавека віншавалі з 75-годдзем!

Ларыса Ракоўская.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.