Вы тут

Занятасць у Мінску: толькі факты


Самую высокую зарплату ў Мінску шукайце ў будаўнічых арганізацыях, фінансавай сферы і ў галіне высокіх тэхналогій.

Як заявіла начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ, высокая аплата прапануецца па вакансіях кваліфікаваных рабочых будаўнічых прафесій — іх сярэдняя заработная плата складае звыш 6 млн рублёў. Даволі высокі ўзровень аплаты па вакансіях у фінансавай сферы, у сферы высокіх тэхналогій. Пры гэтым яна адзначыла, што наймальнік, паведамляючы аб вакансіі, паказвае самую нізкую мяжу аплаты працы — без надбавак і прэміяльных.

Але ўсё ж сярэдні ўзровень аплаты па большасці вакансій у Мінску складае 3 млн 800 тыс. рублёў — пры сярэдняй зарплаце ў чэрвені ў сталіцы 6 млн 700 тыс. рублёў.

• • •

Сталічны рынак працы па-ранейшаму арыентаваны на рабочыя прафесіі, якія склалі на 1 ліпеня гэтага года 77,7% ад агульнай колькасці заяўленых наймальнікамі вакансій.

Найбольш запатрабаваны будаўнікі (арматуршчыкі, бетоншчыкі, муляры), а таксама вадзіцелі аўтамабіляў, прадаўцы, швачкі, слесары, электрагазазваршчыкі, цесляры, сталяры, электраманцёры, кандуктары, кантралёры-касіры, кухары і інш. Прычым 12% вакансій арыентаваны на некваліфікаваную і нізкакваліфікаваную рабочую сілу. Сярод спецыялістаў запатрабаваны інжынерныя кадры, урачы-спецыялісты, медыцынскія сёстры.

• • •

Таццяна Кудзевіч

адзначыла, што ў Мінску працягваецца пераразмеркаванне работнікаў са сферы вытворчасці ў сферу паслуг. Так, у апошняй зараз занята больш за 66% усіх працуючых. Зніжаецца занятасць насельніцтва ў буйным прамысловым сектары, на транспарце і ў сувязі. Сёлета ў першым паўгоддзі ў Мінску склаўся адмоўны баланс руху кадраў: колькасць прынятых на працу папоўніла колькасць звольненых толькі на 87,4%.

Асобы старэй за працаздольны ўзрост складаюць сёння 14% ад усіх тых, хто працуе ў Мінску. А ў сферах аховы здароўя і адукацыі кожны чацвёрты работнік дасягнуў пенсійнага ўзросту.

• • •

У горадзе ў садзейнічанні занятасці ў студзені—чэрвені гэтага года мелі патрэбу 12 тысяч мінчан, з іх 7,2 тысячы былі зарэгістраваны як беспрацоўныя. Пастаянную або часовую працу атрымалі 5,8 тыс. чалавек, у тым ліку 3,5 тыс. беспрацоўных. Перыяд працаўладкавання ў сярэднім склаў менш за 2 месяцы. Прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка арганізавана для 413 чалавек, якія навучаліся па 30 прафесіях, найбольш запатрабаваных на рынку працы.

• • •

Сярод зарэгістраваных беспрацоўных у сталіцы лідзіруюць мужчыны: яны складаюць 65%. Гэтую тэндэнцыю, калі беспрацоўе становіцца ўсё больш мужчынскім, спецыялісты назіраюць на працягу апошніх 6 месяцаў.

Сярэдні ўзрост беспрацоўных у Мінску складае 38 гадоў.

Гарадскімі ўладамі прымаюцца меры для прыцягнення беспрацоўных і незанятых грамадзян у будаўнічую галіну. Тым, хто звярнуўся ў службу занятасці, было выдадзена больш за 1,5 тыс. накіраванняў для працаўладкавання ў будаўнічыя арганізацый горада. "У выніку працу ў гэтых арганізацыях атрымалі 542 чалавекі", — сказала Таццяна Кудзевіч.

• • •

У горадзе расце прыток замежнай працоўнай сілы. Гэта звязана з актыўным прыцягненнем замежных інвестыцый. Усяго на працу ў Мінск па працоўных дагаворах прыцягнуты 6261 замежны грамадзянін. Па словах Таццяны Кудзевіч, каля 70% прыехаўшых на працу ў Мінск замежнікаў працуюць менавіта ў будаўнічай сферы. У асноўным гэта муляры, цесляры, бетоншчыкі, тынкоўшчыкі, страхары, электрамантажнікі, арматуршчыкі.

Большасць замежнікаў, якія працуюць у Мінску, — грамадзяне Кітая (33% ад агульнай колькасці), а таксама Узбекістана, Літвы, Латвіі, Турцыі.

• • •

Субсідыі для арганізацыі ўласнай справы за мінулыя паўгода атрымалі больш за 120 беспрацоўных мінчан. Большасць з іх арганізавала прадпрымальніцкую дзейнасць у сферы паслуг. Гэта рамонтныя работы, рознічны гандаль, транспартныя паслугі.

Варта нагадаць, што субсідыі для адкрыцця ўласнай справы прадастаўляюцца беспрацоўным, зарэгістраваным у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, якія з-за сітуацыі на рынку працы не могуць атрымаць прыдатную працу і вырашылі арганізаваць значныя для горада віды прадпрымальніцкай дзейнасці.

Памер субсідыі складае 11 БПМ (1 БПМ, або бюджэт пражытковага мінімуму, сёння раўняецца 1 млн 026 тыс. рублёў).

Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».