Вы тут

Нестандартны варыянт


У матчы плэй-оф Лігі Еўропы"Мінск" прайграў бельгійскаму "Стандарду" — 0:2.

Можна доўга разважаць, наколькі не пашанцавала футбольнаму клубу "Мінск" у першым раўндзе плэй-оф Лігі Еўропы трапіць на досыць моцную каманду еўрапейскага ўзроўню — бельгійскі "Стандард". Безумоўна, розніца ў майстэрстве гульцоў дзвюх дружын ёсць. І хатні матч "гараджан" з бельгійскімі гасцямі паказаў, што разрыў гэты істотны.

Не, справа не ў тым, што клуб з горада Льеж мае нейкі "зорны№ склад. Хіба толькі вопытны паўабаронца Еле Ван Даме,

колішні гулец легендарных "Аякса" і "Андэрлехта", можа пахваліцца больш-менш сур'ёзнай папулярнасцю. У астатнім "Стандард" адсоткаў на 70 укамплектаваны маладымі бельгійскімі футбалістамі, няхай ў сваёй большасці і афрыканскага аходжання. Менавіта адзін з такіх "праспектаў" Мішы Бачуай і забіў першы гол у вароты Ўладзіміра Бушмы на шостай хвіліне другога тайма. У тым гульнявым эпізодзе сербскі абаронца мінчан Неманья Рніч быццам і не думаў апякаць 19‑гадовага саперніка, які дакладна рваўся ў бой. Гэта ўдвая крыўдна, бо ў першым перыядзе падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі вельмі грунтоўна выглядалі на сваёй палове поля.

Безумоўна, паўплывала выдаленне абаронцы "гараджан" Аляксандра Свярчынскага, які пабачыў ад арбітра дзве жоўтыя карткі. Дарэчы, "фалілі" мінчане недапушчальна многа і часцей за ўсё занадта адкрыта. Але асноўная прычына паражэння беларусаў, якая ляжыць на паверхні, — пасіўнасць у нападзенні. Досыць сказаць, што за ўвесь матч "гараджане" правялі пяць атак! Ды і тое… толькі адна з іх магла завяршыцца паспяхова. Але японскі варатар "Стандарда" зрабіў проста неверагодны "сейв", адбіўшы мяч, які ляцеў ў самую "дзявятку" пасля ўдару Дзмітрыя Гарбушына.

Зусім разгубіўшыся, падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі прапусцілі і другі гол ад яшчэ аднаго маладога бельгійца Фрэдэрыка Бюло. У гэтым выпадку не можа не здзіўляць, наколькі рацыянальна футбалісты з Льежа рэалізавалі ўсе свае шанцы. Бо, не дэманструючы нейкай завоблачнай гульні, атрымаць перамогу над сапернікам, які гуляе амаль што на сваім максімуме, — гэта сапраўднае майстэрства.

Поўную перавагу бельгійцаў пасля матча адзначыў і галоўны трэнер мінчан Вадзім Скрыпчанка: "„Стандард“ быў мацнейшы ва ўсіх кампанентах гульні. А мы правялі матч вельмі нясмела. Выдаленне Свярчынскага прымусіла больш шчыльна дзейнічаць у абароне. Адсюль недастатковая колькасць атак і назапашаная да канца матча стомленасць. Трэба абстрагавацца ад гэтага выніку і пастарацца згуляць у Льежы больш рашуча. Гэта праграма мінімум".

У гасцях "Мінск" згуляе ўжо 29 жніўня. А раптам ў "гараджан" атрымаецца і ў гэты раз заскочыць у апошні вагон…

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.