Вы тут

Чыпсуюць усе!


Сёння адзначае свой "дзень народзінаў" пагарджаны дыетолагамі ўсяго свету, затое ўлюбёны многімі людзьмі прадукт — чыпсы. І гэта не местачковае свята, прыдуманае з бухты-барахты аматарамі смачнай ды нездаровай ежы, а гістарычны факт, пацверджаны сур'ёзнымі кулінарнымі крыніцамі. Прычым споўнілася хрусткім бульбяным лустачкам не абы-колькі, а 160 гадоў!

Самыя першыя чыпсы, як лічыцца, прыгатаваў нехта Джордж Крам, шэф-повар гатэльнага рэстарана ў амерыканскім гарадку Саратога-Спрынгс. Калі адзін з наведвальнікаў — паводле легенды, гэта быў вядомы мільянер Карнэліус Вандэрбільт — вярнуў на кухню сваю порцыю смажанай бульбы, заявіўшы, што скрылёчкі нарэзаны занадта тоўста, Крам нашаткаваў бульбу амаль празрыстымі, як папера, лустачкамі, пасаліў і абсмажыў іх да хрусту ў алеі. Кліент, якога задумаў правучыць шэф-повар, ніколькі не пакрыўдзіўся — наадварот, прыйшоў у захапленне ад гэтай стравы. Дзякуючы "сарафаннаму радыё" бульбяныя лускавінкі хутка сталі фірменнай стравай рэстарана, а праз некалькі гадоў Крам адкрыў уласны рэстаран, у якім на сталах заўжды стаялі кошыкі са смажанымі бульбянымі скрылёчкамі.

Упершыню ў Савецкім Саюзе

чыпсы з'явіліся ў 1963 годзе пад назвай "Хрумсткая бульба Маскоўская ў лустачках" і вырабляліся Масхарчкамбінатам № 1. У Беларусі вытворчасць "сваіх" чыпсаў была засвоена ў 1980-х, і, што праўда, даволі хутка прадукт набраў папулярнасць. Безумоўна, у нашай краіне чыпсаў не прадаецца штогод, як у ЗША, на 6 мільярдаў долараў, але бульбяныя прамавугольныя пласцінкі без дабавак у многіх гарадах былога Саюза дагэтуль называюць "беларускімі".

Таму не дзіўна, што дзень нараджэння чыпсаў будзе адзначацца і ў нас. У прыватнасці, будзе праведзены аўтапрабег 6 грузавікоў з чыпсамі. Маршрут яго праляжа па 11 гарадах краіны (Мінск, Бабруйск, Баранавічы, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Наваполацк, Орша, Пінск. З 12 да 17 гадзін у кожным з населеных пунктаў пры падтрымцы мясцовых улад будзе зладжана праграма забаўляльных мерапрыемстваў. У ёй, акрамя абмену хрумсткіх скрылёчкаў на добрыя словы ў адрас чыпсаў і іх свята, запланаваныя выступленні айчынных гуртоў, віктарыны і конкурсы. А ў сталіцы, куды даставяць усе сабраныя віншаванні і пажаданні, арганізатар свята, адзін з найбуйнейшых вытворцаў беларускіх чыпсаў, усталюе ў летняй кавярні Палаца Рэспублікі адмысловую канструкцыю, якая павінна стаць асновай будучага музея-выставы чыпсаў. "Дзень беларускіх чыпсаў наша кампанія адзначае ўжо не першы раз, а сёлета мы вырашылі падысці да гэтага мерапрыемства яшчэ больш маштабна", — адзначыў заснавальнік і генеральны дырэктар кампаніі "Анега" Сяргей Мета.

Таксама Дзень чыпсаў будзе адзначацца ў сталічным парку забаў "Drеаmlаnd", наведвальнікам якога прапануюць тэматычную гульню-квэст і складанне ўласнага "рэцэпту" чыпсаў.

5 фактаў з "жыцця" чыпсаў:

  • слова "чыпсы" паходзіць ад англійскага "сhір" — "стружка" альбо "сhірs" — "кавалачкі, лустачкі";
  • першая ўпакоўка для чыпсаў — вошчаная папера, каб вырашыць пытанне з іх захоўваннем і транспарціроўкай, — з'явілася ў 1926 годзе. Адсюль бярэ пачатак канцэпцыя пакеціку чыпсаў. А ў 1932 годзе была заснавана марка Lау's — брэнд, які дажыў да нашых дзён;
  • для прыгатавання 1 кг класічных чыпсаў патрэбна 5-6 кг якаснай бульбы, прычым клубні павінны быць шчыльнымі, з нізкай колькасцю цукру, без пашкоджанняў унутры і з роўнай паверхняй;
  • акрамя бульбы, чыпсы можна гатаваць з морквы, буракоў, кабачкоў і баклажанаў, бананаў, яблыкаў і груш, хурмы, сыру і г.д. Але ў сучаснай прамысловасці большасць чыпсаў вырабляецца з кукурузнай, рысавай ці пшанічнай мукі з дабаўленнем крухмалу, спецый, араматызатараў і ўзмацняльнікаў смаку, таму карысных для здароўя выніковы прадукт ніяк не назавеш. Канадцы нават называюць чыпсы "junk fооd" — "смеццевая ежа".
  • у ЗША ў 1937 годзе была створана асобная навуковая ўстанова — Нацыянальны інстытут бульбяных чыпсаў (пазней перайменаваны ў Міжнародны), якая вядзе навуковыя даследаванні ў галіне вытворчасці чыпсаў.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».