Наш САД


Драматургія новая. Драматургія іншая. Але беларуская. Чаканая. Якую хочацца ўбачыць на сцэне. Бо гэта ці не лепшая магчымасць паглядзець на сябе збоку, толькі дзякуючы тым людзям, якія хочуць з табой жа пагаварыць пра цябе і паразважаць: а што ж з табой адбываецца? На якім свеце сёння пачуваецца чалавек, які жыве ў нашай краіне? Але рэпертуарныя тэатры аддаюць перавагу (калі ёсць нагода) класіцы. Так, і яна можа гучаць сучасна. Але ж у кожнага часу ёсць свае ідэі і свая патрэба іх увасаблення на сцэне.

Сёлета ў праграме міжнароднага тэатральнага праекта "Тэарт" нам збіраюцца паказаць беларускую праграму. І гэта вялікая справа: таму што сучасны тэатральны рух вядзе да ўзнікнення тэатральных праектаў, дзе ёсць пошук, эксперымент і новыя формы. Але самае галоўнае: ёсць думкі, якія прапаноўваюць для асэнсавання драматургі новай фармацыі. І яны хочуць быць пачутымі. Дзеля гэтага, напрыклад, узнікла ў нас Студыя альтэрнатыўнай драмы, калі коратка — САД. Адным з яе стваральнікаў быў Дзмітрый Багаслаўскі, малады драматург, п'есы якога добра ведаюць у Расіі (і ставяць нават такія вельмі вядомыя тэатры, як Маякоўскага ў Маскве). П'еса "Каханне людзей" ідзе ўжо ў 9 гарадах Расіі... Дзмітрый чалавек тэатральны — тры гады таму скончыў рэжысёрскі факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І хоць сам прызнаецца, што вялікі ўплыў на яго аказалі творы Марыса Метэрлінка, але незвычайнасць яго п'ес адзначана не на адным драматургічным конкурсе (сярод якіх, напрыклад, фестываль маладой драматургіі "Любімаўка-2011"). А ўжо на "Любімаўцы-2012"

яго п'еса "Ціхае шапаценне сыходзячых крокаў" стала адной з пераможцаў.

У беларускага гледача будзе магчымасць пазнаёміцца са спектаклем паводле п'есы Дзмітрыя Багаслаўскага "Ціхае шапаценне сыходзячых крокаў" у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ўжо ў верасні. А ў кастрычніку спектакль стане ўдзельнікам беларускай праграмы міжнароднага фестывалю "Тэарт". Пастаноўка ажыццявілася дзякуючы супрацоўніцтву з расійскай Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў. Але самае цікавае ў гэтым: спектакль стварае рэжысёр з Кыргызстана Шаміль Дыйканбаеў, які працуе ў Кыргызскім нацыянальным тэатры, дзе стварыў лабараторыю сучаснай драматургіі. Яго зацікавіла спачатку менавіта п'еса "Каханне людзей", і было жаданне паставіць яе. Але аказалася, што ў Дзмітрыя ёсць новая п'еса...

— Выбар п'есы — гэта цікавая з'ява, — прызнаецца Шаміль Дыйканбаеў. — Я ведаю аднаго рэжысёра, які выбірае так: маўляў, ці не паставіць нам Шэкспіра?.. У мяне атрымліваецца па-іншаму: хочацца — менавіта гэтую. Вядома, на выбар ўплываюць яшчэ іншыя прычыны: што важна для грамадства, краіны, людзей, сярод якіх ты жывеш, з якімі кантактуеш.

1377511119335_24-18

Кантакты, дарэчы, дапамаглі рэжысёру і драматургу знайсці адзін аднаго: размова пра стварэнне сумеснага спектакля разам з Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў вялася на фестывалі ў Кішынёве, дзе ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускага Цэнтра сучаснай драматургіі. Яго задачай з'яўляецца папулярызацыя беларускай драматургіі. Дзеля папулярызацыі ладзіліся, напрыклад, чытанні п'ес беларускіх аўтараў. Хоць бы дзякуючы гэтаму ўжо магло з'явіцца ўяўленне, што наш тэатр ўсё-такі адгукаецца на жыццё сучаснікаў. Але каб п'есу паставіць, патрэбны яшчэ рэжысёр. Творчы свет такі: рэжысёр ставіць, як правіла, тое, што адчувае. І можа быць, для п'ес Дмітрыя Багаслаўскага і іншых маладых драматургаў, якія сёння вядомыя ў Расіі, проста яшчэ няма сваіх рэжысёраў у Беларусі? Наогул маладых рэжысёраў у нас не шмат, а іх пастаноўкі — рэдкія з'явы наогул. Такая рэчаіснасць: наш тэатр у асноўным рэпертуарны, больш традыцыйны, дзе трэба думаць пра запаўняльнасць залы і прыбытак ад квіткоў. Тут не рызыкнеш, таму з эксперыментамі зусім не проста. Выйсце не новае, вядомае — стварэнне альтэрнатыўных пляцовак, дзе якраз месца і для эксперыментаў, і для новых формаў, і нават для новых ідэй. У нас сёння такой пляцоўкай можа стаць Цэнтр беларускай драматургіі. І па яго працы адчуваецца, што ў моладзі ёсць цікавасць да новай драматургіі. Аляксандр Марчанка, яго кіраўнік, лічыць:

— Ёсць розныя маладыя рэжысёры. Ёсць Кацярына Аверкава. Але яе цікавасць — рабіць спектаклі на зразумелых умовах і на вядомых пляцоўках. Яна не першы год працуе. Тым не менш яна зрабіла ўвесну чытку п'есы Паўла Пражко "Тры дні ў пекле". Цудоўна атрымалася. Але яна хацела б бачыць спектакль. Яна прадэманстравала мастацкаму кіраўніцтву тэатра, што з гэтай п'есы можа атрымацца паўнавартасны спектакль. Калі мы гаворым пра студэнтаў, якія прыходзяць і імкнуцца нешта рабіць, то ў іх усё робіцца на цікавасці. Яны нічога не просяць, акрамя магчымасці папрацаваць з тым ці іншым матэрыялам. Ёсць Таццяна Арцімовіч, якая будзе ўжо другі спектакль "Гаспадар кавярні" паказваць у "Графіці", на яго прадаюцца квіткі. Мы разумеем, што тэатральны працэс у Беларусі выходзіць за рамкі рэпертуарных тэатраў.

Дзеля таго, каб актывізаваць працэсы ў айчыннай драматургіі, была створана і Студыя альтэрнатыўнай драмы — аб'яднанне маладых драматургаў. З вынікамі працы гэтай супольнасці лепш за ўсё знаёміцца ў супольным праекце — так вырашылі драматургі. І ўтраіх — Дзмітрый Багаслаўскі, Віктар Красоўскі і Сяргей Анцалевіч — стварылі адну п'есу "Раtrіs" у жанры дакументальнага тэатра, не вельмі распаўсюджанага цяпер у нашай краіне: "Каб беларускі глядач убачыў, дзе ён жыве". І самае дзіўнае — яны самі ж яе ставяць. Новы драматычны тэатр прадэманструе вынікі працы на фестывалі "Тэарт". Пра задачы нашага САДу Дзмітрый Багаслаўскі разважае так:

— Чаму мы гэта зрабілі? Таму што вельмі цяжка нам прабіць гэтую сцяну неразумення з боку беларускіх рэжысёраў. Таму вырашылі самі звярнуць на сябе ўвагу. І ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі мы сталі спачатку праводзіць чыткі нашых п'ес... Насамрэч тэатр адгукаецца на нейкія з'явы, факты з жыцця пераводзіць у факты мастацтва. Для мяне ў тэатры важна, каб гэта было шчыра. Калі гэта шчыра зрабіў рэжысёр, калі шчыра зрабіў артыст, то ў мяне не ўзнікае пытанняў.

Свой погляд на працэсы ў беларускім тэатры мае тэатральны крытык, прафесар Таццяна Арлова:

— Мне здаецца, што сёння ў сувязі з існаваннем фестывалю "Тэарт" адбываецца сур'ёзны прарыў. Як правіла, адбываецца так, што на любых міжнародных фестывалях заўсёды добра выглядаюць калектывы з Расіі і іншых краін, а Беларусь сціплая, талерантная, спакойная, не можа заявіць пра сябе сур'ёзнымі рэчамі. Зараз у беларускай драматургіі назіраюцца цікавыя працэсы. Аляксандр Марчанка праз супрацоўніцтва з Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў зламаў гэтую сцяну. Сёлета ў фестывалі "Тэарт" 5 спектакляў паводле беларускай драматургіі!.. Хоць паўсюдна кажуць пра беларускую драматургію за межамі Беларусі. Не думаю, што пасля таго, як гэта адбудзецца, у нас усе адразу пачнуць ставіць спектаклі, беларускай драматургіі. Але сам факт, што мы заяўляем пра яе, — вельмі дарагі. Мы гаворым, што сённяшняя маладая драматургія — новая драма, якая выклікае шок. Гэта не зусім так. З першага знаёмства я, як крытык, улюбілася ў Дзіму Багаслаўскага. Ён унёс новую ноту ў гэтую плынь. Ён працягвае лепшыя традыцыі тэатра і раптам паказвае, як цікава гэта можна рабіць сучаснай мовай, сучаснымі формамі. Ёсць драматургія Дударава, Дзялендзіка, Петрашкевіча, а ёсць і тое, чаго патрабуе час. Гэта важна для тэатра, каб ён не сыходзіў у "забаўлялкі", у касавасць, якая сёння цісне. Для гэтага ёсць шоу-бізнес, няхай ён робіць сваю справу. Але ў тэатра вельмі цікавыя мэты, і мы не павінны ад іх адступаць, таму што трэба даследаваць душу чалавека, трэба пра яе гаварыць, каб мы не згубілі апошняе, што ў нас ёсць, — духоўнасць...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.