Вы тут

ІНТЭГРАЦЫЯ ПРАЗ КАРПАРАЦЫІ


Беларусь і Расія рыхтуюцца да распрацоўкі і рэалізацыі шэрагу буйных сумесных праектаў, якія стануць першым крокам да стварэння беларуска-расійскіх транснацыянальных карпарацый (ТНК).

Пра гэты намер было заяўлена на нядаўна праведзенай сустрэчы прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгорам Рапотам. Абмеркаванню пытання стварэння сумесных беларуска-расійскіх ТНК быў прысвечаны візіт і віцэ-прэм'ера ўрада Расійскай Федэрацыі Аркадзя Дварковіча, які адбыўся 12 лютага.

Вядома, што такія прадпрыемствы, як МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, МТЗ, "Беларуськалій", "Нафтан", "Гродна Азот", Мазырскі НПЗ, прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу (ВПК) і інш. даўно цікавяць расійскі бок. Але найбольш прымальнай формай еўразійскай інтэграцыі для Беларусі з'яўляецца не "інтэграцыя праз прыватызацыю", а "інтэграцыя праз стварэнне ТНК".

Калі зыходзіць з таго, што Адзіная эканамічная прастора і будучы Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) будуць мець поспех толькі ў выпадку накіраванасці на стварэнне новага грамадскага багацця, а не на перадзел старога, тады галоўным арыенцірам эканамічнай палітыкі Беларусі, Расіі і Казахстана павінна стаць менавіта стварэнне еўразійскіх ТНК. Фармат інтэграцыі праз стварэнне ТНК дазволіць, з аднаго боку, пазбегнуць няплённай канкурэнцыі паміж сабой у межах АЭП, а з другога — павысіць канкурэнтаздольнасць на знешнім глабальным рынку.

Зусім нядаўна Цэнтр інтэграцыйных даследаванняў Еўразійскага банка развіцця (ЦІД ЕАБР)

выдаў аналітычны даклад пад назвай "Тэхналагічная кааперацыя і павышэнне канкурэнтаздольнасці ў АЭП", які таксама прысвечаны пытанню стварэння еўразійскіх ТНК. У ім разглядаецца стан тэхналагічнай кааперацыі і карпаратыўнай інтэграцыі на тэрыторыі АЭП і фармулююцца прапановы па іх паглыбленні. Акрамя таго, дадзены прапановы па распрацоўцы агульнай гандлёва-прамысловай палітыкі, накіраванай на павышэнне навукаёмістасці прамысловай вытворчасці краін — удзельніц інтэграцыйнага аб'яднання, фарсіраванае ўваходжанне эканомікі АЭП у новы (шосты) тэхналагічны ўклад і павышэнне яе сукупнай канкурэнтаздольнасці.

Але гэтая задача не простая, яна патрабуе ўдасканалення інстытутаў, праз якія ажыццяўляецца дзяржаўнае (і наддзяржаўнае — для АЭП) заахвочванне тэхналагічнай і навуковай кааперацыі, карпаратыўнай інтэграцыі, стымуляванне інавацыйнай дзейнасці эканамічных суб'ектаў, а таксама выкарыстанне адпаведных інструментаў бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі, стварэнне перспектыўных стратэгічных канцэпцый, распрацоўка і рэалізацыя палітыкі асваення эканомікамі краін Мытнага саюза вытворчасці, заснаванай на пятым і шостым тэхналагічных укладах.

Сёння аб'ектыўныя ўмовы эканамічнага развіцця АЭП патрабуюць павышэння ролі прамысловага комплексу ў гаспадарчых сістэмах краін — членаў інтэграцыйнага аб'яднання. Асаблівасць АЭП у цэлым заключаецца ў тым, што прамысловы і кадравы канкурэнтны патэнцыял тут існуе. Страчаныя з савецкіх часоў звёны патрабуюць аднаўлення, што больш рэальна, чым стварэнне за кароткі час гэтага патэнцыялу наноў. Але для рэалізацыі гэтай задачы патрабуецца глабальная канкурэнтная макрастратэгія АЭП на ўзроўні тэхналогій і кааперацыі, а таксама ўзгодненай карты высокіх і навукаёмістых тэхналогій, якія падлягаюць засваенню і развіццю ў Адзінай эканамічнай прасторы. Важнейшымі элементамі прамысловай палітыкі АЭП павінны стаць спецыялізацыя, кааперацыя, карпаратыўная інтэграцыя і праектны падыход.

Пры гэтым гаворка павінна ісці не толькі пра ўзгодненую прамысловую палітыку краін — удзельніц АЭП, але і пра агульную гандлёва-прамысловую палітыку. Для гэтага трэба стварыць адзіны орган АЭП у галіне планавання прамысловага развіцця, размяшчэння вытворчых сіл, рэгулявання цэн і цэнаўтварэння, галіновых асацыяцый і саюзаў АЭП, якія прадстаўляюць узгодненыя інтарэсы вытворцаў, міждзяржаўныя кампаніі на аснове дзяржпакетаў акцый, выпрацаваць працэдуры фарміравання і рэалізацыі адзінай гандлёва-прамысловай палітыкі і экспартнай стратэгіі ў рамках АЭП.

На сённяшні дзень, паводле даследавання "Маніторынг узаемных інвестыцый у краінах СНД", якое праводзілася ў 2012 годзе ЦІД ЕАБР і Інстытутам міжнароднай эканомікі і міжнародных адносін Расійскай акадэміі навук, стан карпаратыўнай інтэграцыі ў АЭП мае нізкія паказчыкі. Яны сведчаць аб нязначнай карпаратыўнай інтэграцыі Расіі з Казахстанам і Беларуссю ў галіне апрацоўчай прамысловасці і машынабудавання. Супрацоўніцтва сканцэнтравана ў асноўным у галіне нетраспажывання і нафтахіміі, якія не патрабуюць развіцця новых прарыўных тэхналогій.

Між тым, асаблівы інтарэс з пункту гледжання рэальнай інтэграцыі ўяўляе кааперацыя і інтэграцыя дзяржкампаній або кампаній з дамінуючай доляй дзяржавы, бо канкурэнцыя паміж імі ў АЭП далёка не заўсёды апраўдана, як, напрыклад, у выпадку канкурэнцыі МАЗа з КамАЗам (бо цягне дадатковыя выдаткі і не дазваляе рэалізаваць эфект маштабу). Патрабуецца выпрацоўка такога падыходу, пры якім канкурэнцыя ўнутры АЭП заахвочваецца толькі там, дзе яна сапраўды мэтазгодная.

Рэалізацыя планаў стварэння аб'яднанай кампаніі "Расбелаўта" на аснове інтэграцыі МАЗа і КамАЗа магла б паслужыць першым прыкладам сур'ёзнай прамысловай інтэграцыі на тэрыторыі АЭП. Лёс і поспех еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў будзе залежаць ад здольнасці бакоў дамовіцца аб такім фармаце аб'яднання. У іншым выпадку (напрыклад, прымусу да прыватызацыі) стане зразумела, што пад шыльдай еўразійскай інтэграцыі расійскі капітал вырашае свае задачы па ўзмацненні сваіх бізнэс-імперый.

Акрамя агульнай гандлёва-прамысловай палітыкі, неабходнай умовай з'яўляецца таксама фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай палітыкі АЭП, арыентаванай на паскоранае станаўленне (даганяючае развіццё) вытворчасцяў пятага тэхналагічнага ўкладу, у аб'ёме, дастатковым для фарсіраванага ўваходжання (прарыўныя тэхналогіі) у шосты тэхналагічны ўклад. Дзеля гэтага трэба стварыць міждзяржаўную арганізацыю (ці трансфармаваць Цэнтр высокіх тэхналогій ЕўрАзЭС) — Еўразійскае агенцтва высокіх і навукаёмістых тэхналогій. Такая арганізацыя павінна стаць свайго роду тэхналагічным банкам АЭП, мець самастойны бюджэт, узаемадзейнічаць з венчурным капіталам, адбіраць прыярытэтныя і сістэмна неабходныя высокатэхналагічныя праекты, фінансуючы іх на першым этапе.

На сённяшні дзень у Расіі і Беларусі ў галіне прамысловасці самым вялікім патэнцыялам высокатэхналагічнага развіцця валодае ВПК. Магчыма, дзеля паскарэння тэхналагічнага і інавацыйнага развіцця ў межах АЭП трэба стварыць еўразійскі аналаг Агенцтва перспектыўных абаронных і навукова-тэхнічных праектаў (DАRРА), як у ЗША.

Гісторыя стварэння Еўрапейскага саюза пачыналася з утварэння ў 1950 годзе Еўрапейскага аб'яднання вугалю і сталі, гэта значыць, тых галін прамысловасці, якія былі звязаны з ВПК. Па аналогіі, мажліва, і стварэнне

ЕАЭС трэба пачынаць якраз з аб'яднання ВПК Беларусі, Расіі і Казахстана?! Але ўсё роўна гаворка ідзе пра "інтэграцыю праз стварэнне ТНК", а не прыватызацыю...

 

Арсеній Сівіцкі, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.