21 Верасень, пятніца

Вы тут

АДКБ І НАТА: ХТО БУДЗЕ НЕСЦІ АДКАЗНАСЦЬ ЗА АФГАНІСТАН?


У гэтым годзе адзначаецца 20-годдзе Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Гэтай падзеі была прысвечана навукова-адукацыйная праграма для маладых спецыялістаў з краін СНД "АДКБ — 20 гадоў: вынікі і перспектывы", якая праводзілася 20—22 лістапада ў Маскве. Арганізатарамі праграмы выступілі Фонд публічнай дыпламатыі імя Аляксандра Гарчакова сумесна з Сакратарыятам АДКБ і Інстытутам АДКБ. Падчас панэльнай дыскусіі генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа нагадаў гісторыю стварэння гэтай Арганізацыі, распавёў пра яе сённяшнюю дзейнасць і актуальныя выклікі для бяспекі нашых краін.

З улікам таго, што праграму складалі эксперты і супрацоўнікі Сакратарыята АДКБ, можна вызначыць некалькі галоўных тэм, якія пранізваюць дзейнасць Арганізацыі сёння. Гэта пытанне ўдасканалення ваеннага супрацоўніцтва ў межах АДКБ, "праблема 2014" (вывад з тэрыторыі Афганістана Міжнародных сіл садзейнічання бяспекі), праблема наркатрафіку і незаконнай міграцыі, рэфармаванне еўраатлантычнай архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва АДКБ з іншымі міжнароднымі арганізацыямі (НАТА, ШАС, АБСЕ, ААН і г.д.), тэрарызм і радыкальны экстрэмізм, супрацьстаянне нетрадыцыйным выклікам і пагрозам у сферы жорсткай і мяккай бяспекі, пытанні міратворчасці, забеспячэнне бяспекі інфармацыйнай прасторы краін-удзельніц АДКБ.

У параўнанні з НАТА, што існуе ўжо 62 гады, АДКБ — вельмі маладая арганізацыя. Яна была ўтворана ў 2002 годзе на падставе рашэння прэзідэнтаў Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана аб пераўтварэнні Дамовы аб калектыўнай бяспецы ў паўнавартасную міжнародную арганізацыю. Дамова аб калектыўнай бяспецы была падпісана 15 мая 1992 года (Беларусь далучылася 31 снежня 1993 года) і разглядалася як інструмент падтрымкі бяспекі на ўжо дэзынтэграванай на той час постсавецкай прасторы, якая паступова пачала пагружацца ў чараду міжнацыянальных і міжэтнічных канфліктаў.

Сёння АДКБ не з'яўляецца блокам, які ствараўся дзеля супрацьстаяння з НАТА. Наадварот, гэта, перш за ўсё, эфектыўны інструмент супрацьстаяння тым выклікам і пагрозам, з якімі сутыкаюцца краіны-ўдзельніцы Арганізацыі. Калі зараз многія эксперты гавораць аб глабалізуючай ролі Альянса (дзейнасць НАТА за межамі зоны сваёй адказнасці), то АДКБ канцэнтруе сваю ўвагу пераважна на пытаннях унутранай бяспекі.

Тым не менш, НАТА і АДКБ аб'ядноўвае асноўны прынцып, згодна з якім існуюць абедзве вышэйзгаданыя арганізацыі. Гэты фундаментальны прынцып зафіксаваны ў артыкуле 5 Паўночнаатлантычнай дамовы і Артыкуле 4 Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што агрэсія супраць аднаго з членаў гэтых арганізацый разглядаецца як агрэсія супраць усіх дзяржаў-удзельніц (супраць арганізацый у цэлым).

Некаторыя эксперты адзначаюць, што АДКБ імкнецца ва ўсім браць прыклад з НАТА. Для некаторых з іх было відавочна, што пры стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ арыентавалася на Сілы рэагавання НАТА. У нейкім сэнсе такія аналогіі апраўданы. Але наяўнасць агульных тэндэнцый у АДКБ з НАТА, хутчэй, абумоўлена тым, што абедзве гэтыя арганізацыі сутыкаюцца сёння з агульным спектрам нетрадыцыйных пагроз, чым простым жаданнем нешта механічна капіраваць.

19 снежня 2012 года ў Маскве пройдзе саміт АДКБ, на якім будуць абмяркоўвацца пытанні аптымізацыі дзейнасці Арганізацыі ў свеце новых выклікаў для рэгіянальнай бяспекі. Плануецца, што, акрамя іншых, падчас саміта будуць разглядацца пытанні ўдасканалення ваеннага супрацоўніцтва (стварэнне калектыўных войскаў АДКБ, стварэнне сіл спецыяльных аперацый АДКБ, стварэнне авіяцыйнага кампанента для падтрымкі ваенных і міратворчых аперацый); стварэнне сістэмы калектыўнага рэагавання на тэхнагенныя катастрофы і надзвычайныя сітуацыі; удасканаленне сістэмы крызіснага рэагавання (стварэнне адзінага цэнтра крызіснага рэагавання АДКБ).

Таксама падчас саміта будзе разглядацца сітуацыя, якая склалася вакол удзелу ў АДКБ Узбекістана. Сёння ў прэсе часта можна сустрэць інфармацыю, згодна з якой Узбекістан выйшаў з АДКБ. Але гэта памылковае меркаванне. На самой справе Узбекістан толькі прыпыніў свой удзел, захаваўшы за сабой права ў любы момант аднавіць паўнавартаснае членства. Тым не менш, з боку краін-удзельніц АДКБ ёсць і шэраг прэтэнзій да Узбекістана, у папрок якому ставіцца нежаданне каардынаваць свае знешнепалітычныя дзеянні з астатнімі ўдзельнікамі, а таксама нежаданне прымаць удзел у стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання.

Хутчэй за ўсё, трэба чакаць, што Узбекістан адновіць сваё членства ў АДКБ па меры пагаршэння ваенна-палітычнага становішча ў Цэнтральнай Азіі ў свеце "праблемы 2014" — вываду з тэрыторыі Афганістана Міжнародных сіл садзейнічання бяспецы. Ужо сёння разглядаецца негатыўны, але даволі рэалістычны сцэнарый, згодна з якім вывад войскаў Кааліцыі прывядзе да новай грамадзянскай вайны ў Афганістане, якая таксама можа дэстабілізаваць сітуацыю ў краінах Цэнтральнай Азіі — перш за ўсё, Таджыкістане і Узбекістане, а разам з імі — і ў Кыргызстане. Разам з "экспартам нестабільнасці" і распаўсюджваннем дзейнасці радыкальных тэрарыстычных груповак чакаецца выбух бежанства і нелегальнай міграцыі, інтэнсіфікацыя наркатрафіку.

Па сваіх маштабах "праблема 2014" у выпадку рэалізацыі найгоршага сцэнарыя будзе мець негатыўныя наступствы для ўсёй Еўразіі. Менавіта ўсведамленне гэтага штурхае НАТА і АДКБ (і перш за ўсё Расію) да актывізацыі супрацоўніцтва па "праблеме 2014". Сёння дзейнічае "Паўночны транзітны маршрут

" праз тэрыторыю Расіі, з дапамогай якога НАТА забяспечвае свае войскі ў Афганістане. Ва Ульянаўску ў хуткім часе адкрыецца транзітны пункт НАТА (па меркаваннях некаторых ваенных экспертаў — пункт забеспячэння кааператыўнай бяспекі "Lіlу раd"), праз які плануецца выводзіць натаўскія войскі з Афганістана. Такія ж пункты павінны хутка з'явіцца на тэрыторыі Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана. Магчыма, бліжэй да 2014 года яшчэ адзін такі пункт з'явіцца на тэрыторыі Расіі.

Між тым, гэта тактычныя дзеянні. Сур'ёзнай стратэгіі ўзаемадзеяння паміж НАТА і АДКБ сёння не існуе. Але ў свеце "праблемы 2014" стварэнне такой стратэгіі вельмі актуальна. Трэба разумець, што вывядзенне войскаў НАТА з тэрыторыі Афганістана не азначае таго, што ЗША з саюзнікамі губляюць свой стратэгічны інтарэс да Цэнтральнай Азіі. На фоне пастаянных дыскусій у прэсе аб вывядзенні натаўскіх войскаў, застаецца незаўважаным такі геапалітычны праект ЗША, як "Новы шаўковы шлях", накіраваны на нарошчванне сваёй прысутнасці ў рэгіёне, які адпавядае межам былога Вялікага шаўковага шляху. Гэта значыць, што ЗША з саюзнікамі не збіраецца зыходзіць з гэтага рэгіёна. Таму стратэгічнай мэтай для АДКБ у свеце "праблемы 2014" з'яўляецца не дазволіць НАТА скінуць з сябе адказнасць за сітуацыю ў Афганістане і перакласці яе толькі на плечы АДКБ.

Бяспека еўразійскай прасторы будзе цалкам залежыць ад магчымасці АДКБ навязаць НАТА такі фармат, які будзе прадугледжваць паўнавартаснае ўзаемадзеянне з раўнапраўным размеркаваннем адказнасці.

Арсеній Сівіцкі, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!