21 Верасень, пятніца

Вы тут

А ЦІ ПАТРЭБНА СТВАРАЦЬ ЕЎРАЗІЙСКІ ПАРЛАМЕНТ?


Чым хутчэй Беларусь, Расія і Казахстан набліжаюцца да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, тым часцей гучаць заклікі з боку розных палітыкаў і экспертаў, галоўным чынам расійскіх, аб неабходнасці ўтварэння новага наднацыянальнага заканадаўчага органа — Еўразійскага парламента. На сённяшні дзень ужо створана працоўная група ў складзе прадстаўнікоў парламентаў Беларусі, Расіі і Казахстана, у кампетэнцыі якой знаходзіцца распрацоўка канцэпцыі фарміравання еўразійскага парламенцкага органа. Тым не менш, у ідэі стварэння Еўразійскага парламента ёсць і свае скептыкі, а мэтазгоднасць рэалізацыі гэтай ініцыятывы зусім не відавочная.

Першым аб магчымасці стварэння новага парламенцкага вымярэння еўразійскай эканамічнай інтэграцыі загаварыў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. У сваім артыкуле "Еўразійскі саюз: ад ідэі да гісторыі будучыні" ён выказаў думкі наконт стварэння наднацыянальнай структуры, якая будзе аб'ядноўваць парламентарыяў Беларусі, Расіі і Казахстана — Еўразійскай асамблеі.

У хуткім часе гэтая ідэя была падхоплена старшынёй Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі Сяргеем Нарышкіным, які прапанаваў не абмяжоўвацца толькі Еўразійскай асамблеяй, а стварыць паўнавартасны Еўразійскі парламент па прыкладзе Еўрапарламента. На яго думку, стварэнне да 1 студзеня 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза патрабуе сур'ёзнай перабудовы ўсяго комплексу міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Ён таксама падкрэсліў, што гэтая задача не можа быць вырашана адразу і прадугледжвае паэтапнае пераўтварэнне Міжпарламенцкай Асамблеі ЕўрАзЭС у Еўразійскую Міжпарламенцкую Асамблею

, а затым — у паўнавартасны Еўразійскі парламент. Плануецца, што палажэнне аб Еўразійскім парламенце павінна будзе ўвайсці ва Усёабдымны дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, які набудзе сілу 1 студзеня 2015 года.

Таму менавіта тэма стварэння парламенцкага органа Еўразійскага эканамічнага саюза з'яўлялася галоўнай на нарадзе рабочай групы па пытаннях парламенцкага вымярэння еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, якая адбылася 13 верасня ў Маскве. Рабочая група павінна была вызначыцца, ці будзе Еўразійскі эканамічны саюз мець паўнавартасны парламенцкі орган, сфарміраваны на падмурку прамых выбараў, або парламенцкую асамблею, у якую дэлегуюцца дэпутаты ад парламентаў трох краін. Вынікамі нарады павінны былі стаць праект палажэння аб працоўнай групе па пытаннях парламенцкага вымярэння еўразійскай эканамічнай інтэграцыі і праект мемарандума аб канцэпцыі фарміравання еўразійскага парламенцкага органа.

Але найбольш цікавым вынікам стаў рэзананс у казахскім істэблішменце і экспертнай супольнасці. Сакратар кіруючай у Казахстане партыі "Нур Атан" Ерлан Карын заявіў, што ідэя стварэння Еўразійскага парламента нерэальная ні ў бліжэйшай, ні ў сярэднетэрміновай, ні нават у далёкай перспектыве. Працягваючы сваю думку, ён выказаў слушнае меркаванне наконт таго, што стварэнне наднацыянальнай палітычнай структуры наогул не можа абмяркоўвацца Казахстанам, бо гэта наўпрост закранае прынцып суверэнітэту краіны, замацаваны ў Канстытуцыі, і, больш за тое, згодна з ёй, такога роду пытанні нават не могуць выносіцца на агульнанацыянальны рэферэндум.

На самой справе, пакуль што зусім не зразумела, якімі функцыямі будзе валодаць Еўразійскі парламент. Сяргей Нарышкін, напрыклад, прапануе надзяліць яго заканадаўчымі і кантрольнымі паўнамоцтвамі па аналогіі з Еўрапейскім парламентам. Але праблема ў тым, што Еўрапейскі саюз — гэта не толькі эканамічная, але і палітычная адзінка, у адрозненне ад будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, які ўяўляе сабой інтэграцыйную эканамічную адзінку.

На сённяшні дзень ужо існуе спецыяльны орган, які займаецца менавіта эканамічным вымярэннем еўразійскай інтэграцыі ў межах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта Еўразійская эканамічная камісія, у кампетэнцыі якой знаходзяцца пытанні рэалізацыі міжнародных дамоў, якія складаюць дагаворна-прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, і прывядзенне нацыянальных заканадаўстваў у адпаведнасць з імі. Таксама трэба адзначыць, што Еўразійскі эканамічны саюз ствараецца па нормах і правілах функцыянавання Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а далучэнне Беларусі, Расіі і Казахстана да гэтай Арганізацыі з'яўляецца галоўным прыярытэтам, таму, па сутнасці, нацыянальныя заканадаўствы прыводзяцца ў адпаведнасць з нормамі і правіламі СГА.

У гэтым кантэксце стварэнне Еўразійскага парламента выглядае немэтазгодным, бо цяжка сабе ўявіць, што еўразійскія парламентарыі будуць займацца кадыфікацыяй міжнародных дагавораў. А як толькі Еўразійскі парламент пачне прэтэндаваць на тое, каб рэалізоўваць палітычныя функцыі, гэта аўтаматычна пераўтворыць Еўразійскі эканамічны саюз у палітычную адзінку, што прадугледжвае дэлегаванне значнай часткі нацыянальных палітычных паўнамоцтваў наднацыянальным палітычным інстытутам і, як вынік, прывядзе да абмежавання дзяржаўнага суверэнітэту.

Таму цалкам можна пагадзіцца з меркаваннем памочніка прэзідэнта Казахстана па палітычных пытаннях Ермухамета Ертысбаева наконт таго, што стварэнне Еўразійскага парламента пакуль што заўчаснае, бо спачатку трэба наладзіць сур'ёзную працу ў межах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.

Пакуль асноўная праблема будучага Еўразійскага эканамічнага саюза складаецца ў адсутнасці праекта інтэграцыі. Больш-менш скаардынаванае ўступленне Расіі, Казахстана і Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю не з'яўляецца сапраўдным праектам (зрэшты, у СГА можна было б уступаць і паасобку). Таму, калі Еўразійскі эканамічны саюз жадае адбыцца як канкурэнтнае інтэграцыйнае аб'яднанне, ужо зараз трэба весці гаворку не пра тое, як фарміраваць Еўразійскі парламент і спрачацца наконт месца яго размяшчэння (у Астане ці Санкт-Пецярбургу), а ствараць такія карпаратыўныя і дзяржаўна-карпаратыўныя структуры, якія напоўняць праект еўразійскай інтэграцыі.

З улікам гэтага сёння больш надзённая задача — стварэнне Еўразійскага кангрэса прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, а таксама заснаванне Еўразійскай гандлёва-прамысловай палаты, як гэта прапанаваў Нурсултан Назарбаеў.

Акрамя таго, варта весці гаворку аб стварэнні Еўразійскай карпарацыі развіцця, якая займалася б распрацоўкай і рэалізацыяй прарыўных інжынерных і навукова-тэхнічных інавацыйных праектаў, якія запатрабуюць новыя тыпы навукі, адукацыі, падрыхтоўкі кадраў, сістэм кіравання і прыняцця рашэнняў і г.д.

Само па сабе зняцце мытных і іншых бар'ераў паміж краінамі будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, ні, тым больш, уключэнне еўразійскай прасторы ў рэжым функцыянавання Сусветнай гандлёвай арганізацыі не створыць станоўчага эфекту развіцця нашых грамадстваў, а наадварот, ва ўмовах надыходзячай другой хвалі сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу можа прывесці да дэградацыі.

Выйсце — у пераўтварэнні еўразійскай прасторы ў прастору тэхналагічнага і інавацыйнага развіцця. Вось пра гэта, лічу, ужо зараз трэба весці сур'ёзную размову, а не пра стварэнне адзінага еўразійскага парламента, вярхоўнага ўрада, адзінай валюты і да таго падобнае.

 

Арсеній Сівіцкі, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!