Вы тут

"Генафонд" хлебнай ніве


Супрацоўніцтва ўладзімірскіх і жодзінскіх селекцыянераў можа служыць прыкладам разумнага спалучэння навуковага пошуку і выкарыстання ўжо дасягнутага выніку.

Навошта "вынаходзіць веласіпед", калі ў суседа ён ужо стаіць у двары? Таму больш чым 20 гатункаў збожжавых культур беларускай селекцыі праходзяць выпрабаванні на палях Юр'еў-Польскага сортаўчастка, насенняводчых гаспадарак "Краснасельскае" і "Суздальскія зоры", якія, да таго ж, надзелены дылерскім правам па рэалізацыі нашага насення на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. І яно каласіцца на многіх тысячах гектараў розных рэгіёнаў. Ужо ў вытворчых умовах пацверджана іх высокая прадуктыўнасць, каштоўныя біялагічныя ўласцівасці, эканамічная эфектыўнасць.

Паміж Уладзімірскім НДІСГ і Цэнтрам ААН Беларусі па земляробстве заключаны дагавор аб сумеснай дзейнасці па праграме "Генафонд" і экалагічным выпрабаванні новых гатункаў з наступным прасоўваннем іх на расійскі рынак. У сваю чаргу, на выпрабаваннях у Беларусі знаходзіцца 10 нумарных уладзімірскіх гатункаў.

Сустрэчы калег у Жодзіне

і на Верхняволжскай зямлі — гэта абмен вопытам, думкамі і прапановамі па паглыбленні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Фёдар Прывалаў, дырэктар Цэнтра Станіслаў Грыб, дырэктар Нясвіжскай доследнай навуковай станцыі па цукровых бураках Іосіф Татур, іншыя вучоныя ў сваіх дакладах і паведамленнях у рамках Дзён поля, навукова-практычных канферэнцый акцэнтуюць увагу на актуальных пытаннях навуковага забеспячэння інавацыйнага развіцця раслінаводства, стане і перспектывах галіны. Тут галоўнае — не пахвальба, а ўменне вучыцца адзін у аднаго, вызначыць найбольш аптымальныя шляхі вырашэння праблем, каб пазбегнуць недарэчных памылак. З Суздальскага і Юр'еў-Польскага раёнаў беларускія гатункі яравой пшаніцы "Дар'я", "Соф'я", ячменю "Зазерскі", "Атаман" і іншыя распаўсюджаны ў 37 рэгіёнах Федэрацыі. На дзяржаўных выпрабаваннях знаходзяцца ў дзвюх краінах гатункі яравога трыцікале "Памяці Меражко", азімага жыта "Бета" (Беларусь—Татарстан).

У Дзяржрэестр Расійскай Федэрацыі ўжо ўключаны азімыя трыцікале "Міхась", "Крышталь", "Ідэя", яравыя "Ульяна", "Лотас". Усяго нашы суседзі-хлебаробы выкарыстоўваюць 38 гатункаў збожжавых, зернебабовых, алейных культур, створаных беларускімі вучонымі-аграрыямі. Падлічана, што за межамі нашай краіны (а гэта Украіна, Літва, Латвія, Германія, Англія) ураджай фарміруюць на двух мільёнах гектараў з насення, якое ўпершыню ўзышло на жодзінскіх доследных дзялянках. З гэтых двух мільёнаў, вядома ж, асноўны клін знаходзіцца ў братняй Расіі.

Ці мог ён быць шырэйшым? Адназначна — так. Шмат яшчэ бюракратычных перашкод на шляху ўжо гатовага насення да буйной вытворчасці з-за валакіты з сартыфікацыяй. (Як тут не ўспомніць нядаўні горкі вопыт з пастаўкамі на расійскі рынак беларускай прадукцыі жывёлагадоўлі?) Але гэта ўжо справа не вучоных, а дзяржаўных органаў, тым больш у Саюзнай дзяржаве.

Напрацоўкі беларускіх селекцыянераў, укараненне іх дасягненняў у шырокую сельскагаспадарчую вытворчасць выклікаюць павагу ў калег РФ, усёй СНД. Многае яны выкарыстоўваюць у паўсядзённай практыцы. Яшчэ ў пачатку новага стагоддзя нашы земляробы адчувалі дэфіцыт высокаўраджайных гатункаў збожжавых, зернебабовых. Даволі значную колькасць насення даводзілася купляць за мяжой. Сёння ў іх шырокі выбар перспектыўных, устойлівых да розных хвароб і перападаў надвор'я гатункаў. Гама іх, як кажуць, на любы густ — 316 найменняў. Яны займаюць 76% пасяўных плошчаў у рэспубліцы. Калі б гэта насенне мы набывалі за мяжой, то давялося б патраціць як мінімум 700 мільёнаў долараў.

А тое, што айчынныя збожжавыя канкурэнтаздольныя, могуць даць фору імпартным аналагам, пераадолець розныя пагодныя катаклізмы, яскрава сведчыць сёлетняе жніво. Колас умалотны, толькі крыху лягчэйшы за леташні, рэкордны. Зноў будзе амаль па тоне збожжа ў разліку на чалавека. Сусветны ўзровень! Можна сцвярджаць, што гэтая лічба стабілізавалася, вялікіх адмоўных адхіленняў не мае. Дзякуючы не толькі руплівым рукам хлебаробаў, але і дапытліваму роздуму вучоных-аграрыяў.

Што асабліва падкрэсліваюць іх расійскія калегі. Сартазмена і сортаабнаўленне — неад'емныя складнікі інтэнсіўнай тэхналогіі, без якой немагчыма раслінаводства на высокім узроўні. На гэта, дарэчы, звярнуў увагу далёкіх партнёраў з Амурскай вобласці Фёдар Прывалаў. Там збіраюць па 12—14 цэнтнераў хлеба з гектара. І гэта на землях банітэтам 70—80 балаў! Нават беглы аналіз паказаў шэраг істотных недахопаў, і ў першую чаргу занядбанасць многіх аграпрыёмаў, іх няякаснае выкананне, выкарыстанне насення невядомых рэпрадукцый даўно адслужыўшых сваё гатункаў. Кіраўніцтва аграрнага сектара Прыамур'я ўспрыняло сяброўскія заўвагі, выказала гатоўнасць пераняць у беларусаў усё прымальнае для сваёй зоны. Дамовіліся аб стварэнні сумеснай сістэмы насенняводства пшаніцы, трыцікале, аўса, ячменю, а таксама шматгадовых траў з давядзеннем іх да высокіх пасяўных кандыцый. Патэнцыял нашых гатункаў збожжавых — звыш ста цэнтнераў з гектара. І выкарыстоўваць яго трэба як мага паўней і на далёкаўсходніх палях.

У сваю чаргу, нас цікавіць вопыт вырошчвання соі, якая здаўна культывуецца на берагах Амура. Патрэбнасць у ёй нашай жывёлагадоўлі вялікая.

Ураджайнай, па інфармацыі прэсы, выдалася сёлета хлебная ніва ў Расійскай Федэрацыі. У гэтым ёсць і заслуга вучоных Цэнтра па земляробстве: звыш 70 сартоў збожжавых іх селекцыі раянаваны ў 35 абласцях нашай усходняй суседкі.

Мікалай ШЛОМА.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У Брэсцкай вобласцi першымi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

У Брэсцкай вобласцi першымi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць.

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.

Грамадства

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Песнi на вершы Iвана Юркiна карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Хто не ведае гiмна гасцiннасцi нашай краiны — «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Вось таму было цiкава пазнаёмiцца з музай паэта — яго жонкай Надзеяй Iванаўнай.