Вы тут

Аблігацыя — таксама выгадна


Наш фінансавы рынак прапануе не так шмат варыянтаў для памнажэння накопленых грошай, але альтэрнатыва ўкладам (дэпазітам) усё ж такі ёсць. І альтэрнатыва вельмі прымальная, часам нават больш прыбытковая, чым дэпазіт. Я маю на ўвазе аблігацыі.

Такія каштоўныя паперы бываюць двух асноўных відаў — дзяржаўныя і банкаўскія. Разгледзім спачатку апошні від. Аблігацыя, як сцвярджаюць банкі, якія іх выпускаюць, — гэта каштоўная папера на прад'яўніка (хаця бываюць і імянныя, але ў нас не распаўсюджаны), якая пацвярджае абавязацельствы банка пакрыць яе ўладальніку намінальны кошт аблігацыі ва ўстаноўлены тэрмін з выплатай працэнтнага даходу. Аднак, акрамя працэнтных, бываюць і дысконтныя аблігацыі — калі каштоўная папера купляецца па заніжаным кошце, а праз пэўны тэрмін банк аддае суму поўнага кошту (даходам лічыцца розніца паміж рэальнай і заніжанай цаной). Але працэнтныя аблігацыі, на мой погляд, больш прывабныя: калі выбраць правільна, то будзеце мець магчымасць перыядычна атрымліваць ужо налічаны даход, а таму не трэба будзе чакаць заканчэння тэрміну размяшчэння.

Дык на што ж тады абавязкова звяртаць увагу пры выбары аблігацыі? Па-першае, на намінал каштоўнай паперы — і на суму, і на валюту. На суму, бо вы павінны разумець, што аддасце свае грошы на вялікі тэрмін і карыстацца імі не зможаце, што вы маеце абсалютна свабодныя накапленні, якія вам раптоўна не спатрэбяцца. Звярнуць увагу на валюту варта таму, што зараз большым попытам і даходнасцю адзначаюцца аблігацыі ў замежнай валюце. Аднак нават калі вас будуць заклікаць да куплі валютнай аблігацыі, пераканайцеся ў тым, што купляць вы яе будзеце не за беларускія рублі і што выплачваць вам таксама будуць валюту. Зразумела, што вам неабходна будзе выбраць і найбольш цікавую для вас працэнтную стаўку.

Калі ўсё гэта вы высветлілі, то паглядзіце на тэрмін размяшчэння аблігацыі. Звычайна гэта 1 ці 2 гады (хаця бывае і больш — напрыклад, на 5 гадоў). Цяпер выберыце для сябе найбольш прымальны тэрмін. Натуральна, што чым даўжэй, тым большы даход. Але ў кожным асобным выпадку аб гэтым таксама папытайцеся. Калі і з гэтым пытаннем разабраліся, не спяшайцеся купляць аблігацыю. Высветліце, калі адбываюцца выплаты па аблігацыі. Гэта могуць быць выплаты працэнтаў адзін раз у тры месяцы, у паўгода ці яшчэ як. А можа і не быць выплат да канца тэрміну размяшчэння аблігацыі. Вам жа зручней будзе атрымліваць частку даходу да таго моманту, калі здадзіце аблігацыю, ці не так? Але кожны павінен падабраць для сябе самы зручны варыянт. У любым выпадку, розныя банкі прапануюць зусім розныя ўмовы. Майце гэта на ўвазе.

Асаблівую ўвагу звярніце на датэрміновае пагашэнне аблігацыі.

А калі раптам вам спатрэбяцца вашы грошы, як кажуць, "пазарэз"? Вы будзеце вымушаны датэрмінова забраць свае грошы назад. Але гэта магчыма толькі праз пэўны тэрмін пасля пачатку абарачэння каштоўнай паперы, і ў кожнага выпуску аблігацый, у кожнага банка ён будзе розны. А ў кагосьці, можа і ўвогуле забраць нельга будзе. Хтосьці вам прапануе магчымасць пагашэння з выплатай працэнтаў за кожны дзень, пакуль аблігацыя была ў вас. Хтосьці — за кожны месяц (тады выгадней забіраць грошы на пачатку месяца а не напрыканцы, бо за няпоўны месяц нічога не атрымаеце). Хтосьці — толькі за тры. Сачыце за тым, каб у вас былі выгадныя ўмовы.

Яшчэ адна парада: паколькі аблігацыі "на прад'яўніка", то неабходна іх захоўваць у якім-небудзь бяспечным месцы. Бо калі іх у вас, не дай божа, украдуць, зламыснікі змогуць атрымаць грошы без ніякіх праблем. У любым выпадку, перапішыце нумары аблігацый. Гэта хоць неяк дапаможа, калі звернецеся ў банк, каб вярнуць свае грошы.

Другі від аблігацый — дзяржаўныя — маюць амаль такія ж характарыстыкі, як і банкаўскія. Розніца паміж імі заключаецца ў тым, што выплаты па дзяржаўных аблігацыях забяспечваюцца дзяржавай, а па банкаўскіх — у лепшым выпадку, актывамі самога банка. Майце гэта таксама на ўвазе.

***

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай "для аддзела эканомікі" ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першае працоўнае месца: чым вабіць і чым палохае?

Першае працоўнае месца: чым вабіць і чым палохае?

Вясной у ВНУ традыцыйна пачынаецца размеркаванне.

Культура

Як жылі беларусы-сакуны на Старадарожчыне

Як жылі беларусы-сакуны на Старадарожчыне

Дом без падмурка, печ — на драўляным фундаменце.

Грамадства

Як «Звязда» пісала гісторыю (1946 — 1953)

Як «Звязда» пісала гісторыю (1946 — 1953)

Аднаўленне разбуранай у гады Вялікай Айчыннай вайны народнай гаспадаркі стала беспрэцэдэнтным подзвігам мірнага часу.

Грамадства

Як будзе развівацца беларуская фармацэўтыка

Як будзе развівацца беларуская фармацэўтыка

Залежнасць краіны ад імпарту павінна быць зніжана пры захаванні якасці і эфектыўнасці лекавых прэпаратаў.