Вы тут

І зноў пра "талеркі"


Многія нашы чытачы тэлефануюць у рэдакцыю і пытаюцца, ці закране іх нядаўняя пастанова Савета Міністраў, калі антэна або кандыцыянер устаноўлены да ўступлення ў сілу гэтага дакумента. Нагадаем, гаворка ідзе пра пастанову Савета Міністраў ад 16 мая 2013 года № 384, якая зацвердзіла Палажэнне аб умовах і парадку ўсталявання на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцый.

Дык ці будуць змагацца з "талеркамі" і як узгадніць праект іх устаноўкі? На нашы пытанні адказаў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Эдмунд ГРЫШКЕВІЧ.

Парадак размяшчэння індывідуальных антэн рэгулюецца, пачынаючы з 1994 года

— Па сутнасці, нічога новага ў дадзенай пастанове не змяшчаецца, — разводзіць рукамі наш суразмоўца. — Першы дакумент, які рэгулюе парадак размяшчэння антэн, з'явіўся ў Мінску

яшчэ ў 1994 годзе. Рашэннем Мінскага гарвыканкама ад 10 сакавіка 1994 года № 164 было прадугледжана, што для ўстаноўкі індывідуальнай антэны грамадзянін павінен атрымаць згоду эксплуатуючай арганізацыі, замовіць праектную дакументацыю, прыцягнуць для мантажу антэны арганізацыю, якая мае ліцэнзію на гэты від дзейнасці, пацвердзіць устаноўку антэны актам выкананых работ. Такое рашэнне было прынята ў мэтах прадухілення негатыўных умоў эксплуатацыі будынкаў, неўпарадкаванага ўсталявання індывідуальных антэн, пагрозы падзення з вышыні іх элементаў.

Затым, па словах Эдмунда Грышкевіча, гэты парадак быў прапісаны ў Правілах карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаных у 1999 годзе загадам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі № 177.

Далей было Палажэнне аб парадку перабудовы і перапланіроўкі жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах, зацверджанае пастановай Савета Міністраў ад 31 снежня 2006 года № 1805, згодна з якім для ўстаноўкі інжынернага абсталявання, да якога адносяцца і індывідуальныя антэны, трэба было браць дазвол мясцовага выканкама, абавязковымі былі распрацоўка праекта, заключэнне дагавора падраду на выкананне мантажных работ, прыёмка выкананых работ у эксплуатацыю з афармленнем адпаведнага акта.

Артыкулам 21.13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ад 21 красавіка 2003 года № 194-З за самавольнае пераабсталяванне ці іншае змяненне балконаў, лоджый і іншых архітэктурных і канструктыўных элементаў фасадаў жылых дамоў, усталяванне на фасадах, балконах, лоджыях, дахах спадарожнікавых і іншых антэн прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 15 базавых велічынь.

— Гэтыя звесткі былі размешчаны ва ўсіх жыллёва-эксплуатацыйных арганізацыях на стэндах з інфармацыяй для насельніцтва, і людзі не маглі не ведаць пра забарону самавольнай устаноўкі на дахах і фасадах жылых дамоў антэн і іншых канструкцый, — упэўнены начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі. — Аднак толькі ў сувязі з інфармацыяй аб фактах дэмантажу самавольна ўсталяваных антэн сёлета яны пачалі цікавіцца, як жа можна атрымаць дазвол.

Як атрымаць дазвол на самавольна ўсталяваную антэну

Такая магчымасць якраз і прадугледжана Палажэннем аб умовах і парадку ўсталявання на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцый, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.05.2013 года № 384.

— Трэба адзначыць, што самавольная ўстаноўка індывідуальнай антэны можа быць вырашана толькі ў тым выпадку, калі выкананыя работы не ўплываюць на бяспеку будынка і адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, — дадае Эдмунд Грышкевіч.

Калі гэта так, то атрымаць дазвол не ўяўляе асаблівай цяжкасці. Для гэтага трэба падаць у мясцовы выканкам заяву, план-схему фрагмента фасада або даху з указаннем месцазнаходжання антэны, складзены ў адвольнай форме, а таксама тэхнічнае заключэнне, якое можа быць распрацавана праекціроўшчыкам. Пры сабе трэба мець пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, тэхнічны пашпарт і дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на кватэру.

Далей ва ўзгоднены з вамі час прадстаўнікі арганізацыі, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду, агледзяць фасад або дах па месцы ўстаноўкі антэны са складаннем акта тэхагляду. На падставе пададзеных вамі дакументаў і акта тэхагляду выканкам прыме адпаведнае рашэнне.

Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.