Вы тут

Фестывальная гавань Расіі


Анапа — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Расіі: яго ўзрост — больш за дзве з паловай тысячы гадоў. Анапа — самы сонечны горад краіны: 286 дзён святла і цяпла за год. Анапа — гэта 8 відаў гаючых мінеральных водаў, 500 здраўніц і больш за 400 сучасных лячэбных методык. Анапа — горад-свята, дзе штогод праводзіцца больш за 30 буйных фестываляў.

Найбольш яркі і маштабны з іх — фестываль Саюзнай дзяржавы "Tворчасць юных" — праходзіць ужо восьмы раз, але ў Анапе — шосты. Сюды, на чарнаморскае ўзбярэжжа, прыязджаюць таленавітыя дзеці і падлеткі з Беларусі і Расіі. Сёлета ўпершыню да іх далучыліся прадстаўнікі з Казахстана.

Узбярэжжа юных і таленавітых

На гэты раз у Анапу прыехалі 130 юных прадстаўнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Усе яны — пераможцы міжнародных, нацыянальных і рэгіянальных конкурсаў. Некаторым калектывам нават прысвоена званне народных.

Заснавальнікі фестывалю — Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрствы культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Арганізацыю мерапрыемства даручылі Цэнтру міжнародных конкурсаў (г. Масква) і Беларускай дзяржаўнай філармоніі (г. Мінск).

— Штогод геаграфія фестывалю пашыраецца за кошт рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, — зазначыў намеснік дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван БАМБІЗА. — Трэба адзначыць, што сёлета і сярод удзельнікаў фестывалю з Беларусі — прадстаўнікі са сталіцы, усіх абласцей і шматлікіх раёнаў краіны. Чырвонай ніткаю праз увесь фестываль павінна прайсці тое, што межы нашых краін умоўныя. Мы можам жыць у розных дзяржаўных упарадкаваннях, накіраваных на карысць чалавека, але добра разумець адзін аднаго. Сёння менавіта дзеці робяць першы крок да шматнацыянальных зносін — гэта мастацтва.

Кожны год унікальны тым, што тут збіраюцца ўсё новыя і новыя калектывы. Ва ўсіх іх свой, непадобны да іншых нумар. З цэнтральных пляцовак горада юныя дараванні разам з гледачамі далучаліся да вакальнага, харэаграфічнага, цыркавога, інструментальнага і іншых відаў мастацтва. Паколькі ўдзельнікі фестывалю выступалі ў розных жанрах, то амаль кожны стаў лаўрэатам у сваёй намінацыі.

1377684711775_1

 

— Сёлета на фестывалі ад Беларусі выступаюць 48 дзяцей з розных рэгіёнаў краіны, — расказвае адзін з арганізатараў конкурсу, рэжысёр-пастаноўшчык Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ніна ОСІПАВА.

— Спачатку яны прайшлі абласны адбор, затым за права ўдзельнічаць у фестывалі спаборнічалі на рэспубліканскім узроўні. Самым галоўным крытэрыем адбору стала выканаўчае майстэрства, падбор рэпертуару: паколькі ўсе канцэрты адбываюцца на адкрытым паветры, рэпертуар павінен быць фестывальным. Перавага даецца лёгкім жанрам. Усё павінна быць адаптавана да фестывальнай абстаноўкі.

Адным словам, сюды трапілі лепшыя з лепшых. Толькі і тут ім давялося паспаборнічаць, ужо не толькі з землякамі, а і з калегамі з іншых краін. Праўда, дух спаборніцтва і канкурэнцыі толькі дапаўняў атмасферу дзіцячага свята.

— Анапа — гасцінны горад, і анапчане ўжо звыкліся з тым, што тут праводзяцца шматлікія мерапрыемствы нацыянальнага і міжнароднага маштабаў, — падкрэсліў мэр горада Сяргей СЯРГЕЕЎ. — Час паказаў, што мы ўмеем іх праводзіць. Галоўная наша задача — зрабіць усё магчымае, каб удзельнікі фестывалю засталіся задаволенымі і каб той час, які яны правядуць у Анапе, запомніўся ім на ўсё жыццё.

І, хутчэй за ўсё, запомніцца. Аб'ядноўваючы беларускіх і рускіх дзяцей і падлеткаў праз далучэнне іх да скарбніц нацыянальных культур, фестываль "Творчасць юных" не толькі пашырыў гарызонты зносін, але і даў удзельнікам унікальную магчымасць удасканаліць выканаўчае майстэрства, стаў магутным імпульсам іх творчага развіцця.

Анапчане-беларусы і ўшанаванне герояў

Фестываль Саюзнай дзяржавы ўжо даўно стаў святам для мясцовых жыхароў. Анапчане з нецярпеннем чакаюць жніўня, калі сюды прыедуць юныя артысты.

1377684713378_2

 

Нядзіўна, што ў дзень адкрыцця адна з цэнтральных плошчаў Анапы паступова напаўнялася мясцовымі жыхарамі і гасцямі горада. Спыняліся тут і тыя, хто проста праходзіў міма.

— А што тут адбываецца? — звяртаецца да мяне анапчанка Валянціна.

Я ёй расказваю пра фестываль, пра дзяцей з Беларусі, Расіі і Казахстана, пра тое, хто я і адкуль прыехала.

— Ды ў мяне муж — беларус! Я з сям'ёй доўгі час жыла на Брэстчыне, — узрадавалася жанчына, убачыўшы ва мне родную душу.

Затым пачала ўспамінаць добрае і спакойнае жыццё на беларускай зямлі. Менавіта тут, як прызналася жанчына, прайшлі яе самыя лепшыя гады. У Беларусі праляцела маладосць, тут выйшла замуж, нарадзіла дзяцей...

Пакуль гаварылі, удзельнікі фестывалю ўскладалі кветкі да манумента "Горад воінскай славы". Да іх далучыліся намеснік дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван Бабміза і старшыня Муніцыпальнага аб'яднання горада-курорта Анапа Сяргей Сяргееў.

Валянціна Аляксандраўна расказала мне, што пачэснае званне "Горад воінскай славы" Анапе было прысвоена ў маі 2011-га года. Сёлета, напярэдадні Дня Перамогі, тут як сімвал прызнання была ўстаноўлена памятная стэла героям, якія абаранялі горад у перыяд руска-турэцкіх войнаў і падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Цырымоніяй ушанавання подзвігу палеглых салдат і мірных жыхароў фестываль адкрыўся ўпершыню. Арганізатары палічылі, што дзеці павінны паважаць памяць тых, хто некалі аддаў жыццё за іх будучыню. Таксама нядрэнна было б ведаць гістарычнае мінулае славутай Анапы.

А гісторыя ў горада вельмі багатая. Тут, на беразе колішняй Сіндскай гавані, у VІ стагоддзі да нашай эры існаваў грэчаскі поліс Сіндзіка. Праз дзвесце гадоў ён увайшоў у склад Баспорскага царства і пачаў называцца Гаргіпіяй. Жыхары антычнага горада гандлявалі, займаліся рамяством і мараплаўствам. Іх мірнае жыццё было парушана нашэсцем качавых плямёнаў, якія знішчылі горад.

1377684716607_3

 

Важнай вяхой у гісторыі Анапы стаў 1846 год. Менавіта тады яна атрымала статус партовага горада "для пасялення жыхароў гандлёвага і прамысловага класа". На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў пачалася гісторыя Анапы як курорта.

У гэты перыяд доктар Уладзімір Будзінскі разгледзеў у прыморскім горадзе яго ўнікальныя лячэбныя фактары і адкрыў тут першы санаторый. Будзінскі стаў папулярызатарам Анапы: ён пачаў адкрываць тут здраўніцы з сучасным медыцынскім абсталяваннем, усталёўваў сувязі са свяціламі айчыннай медыцыны і арганізоўваў іх практыку на курорце. Так людзі пачалі прыязджаць у Анапу на адпачынак і лячэнне.

Сёння сапраўдным помнікам горада з'яўляюцца назвы яго вуліц. Многія з іх, асабліва ў цэнтры Анапы, названы ў гонар драгунскіх і казачых палкоў, якія гераічна вызначыліся пры штурме крэпасці ў 1832 годзе: Грэбенская, Астраханская, Уладзімірская...

Шмат пацярпела Анапа і падчас Вялікай Айчыннай вайны. У перыяд акупацыі яна мела для немцаў вялікае значэнне: горад стаў базай, якая злучала Таманскую групоўку гітлераўскіх войскаў з Крымам. Гэта быў адзіны порт на Каўказскім узбярэжжы, які выкарыстоўваўся ваенна-марскімі сіламі фашыстаў.

Больш падрабязна пра ваенную біяграфію горада-курорта юныя артысты даведаліся з вуснаў удзельніка ўсіх баёў у Анапе,старшыні Анапскага гарадскога савета ветэранаў, капітана 2-га рангу Анатоля Гапонава. Сказаў ён некалькі слоў і пра важнасць мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы:

— Маё пакаленне вырасла ў вялікай дружбе. Мы заўсёды лічылі, што немца зламала шматнацыянальная адзіная сям'я. Нягледзячы на тое, што сёння мы жывём у міры і спакоі, мы ўсё роўна павінны трымацца разам. Лепш, каб нас яднала не агульная бяда, а агульная радасць, свята.

Каля 300 ветэранаў апошняй вайны засталося ў Анапе. Сярод іх — і беларус Аляксандр Чыж, які родам з Бярозы. Сюды трапіў на службу ў армію і застаўся назаўсёды. Ажаніўся, выхаваў дзяцей. Пра Беларусь гаворыць са слязьмі на вачах: тут прайшло яго дзяцінства. Ваеннае дзяцінства. Яму было ўсяго 3 гады, калі пачалася вайна. Толькі ён усё памятае. Асабліва бацьку, які з вайны не вярнуўся...

Калейдаскоп маленькіх талентаў

Фестывальны горад грымеў! Са сцэны культурнага цэнтра "Радзіма" павявала дзяцінствам. Анапчане і госці горада падпявалі і падтанцоўвалі ўдзельнікам фестывалю, не пераставалі іх адорваць апладысментамі. А юныя таленты тым часам мітусіліся за кулісамі, хваляваліся і чакалі свайго выхаду.

Па-за гэтай мітуснёй у далёкім куточку на лавачцы сядзелі дзве прыгожыя дзяўчынкі-двайняткі, папраўляючы адна другой косы.Дуэт сясцёр Юліі і Таццяны Галавенкаў прыехаў на фестываль з Гродзеншчыны. Гэта ж трэба, у далёкай Анапе сустрэць зямлячак!

— Усё лета мы займаліся музыкай і вакалам, увесь час рэпетавалі, — наперабой расказваюць сястрычкі. — Толькі тут мы зразумелі, што гэта было недарэмна. Мы вельмі рады, што нас сюды запрасілі. Дахаты прыедзем з добрымі ўражаннямі і з марскім загарам (смяюцца).

Дзяўчаты — вучаніцы Гродзенскай дзіцячай школы мастацтваў імя Тызенгаўза. Разам са сваімі выкладчыкамі сёстры папулярызуюць традыцыі беларускай гітарнай школы. Акрамя музычнай школы, на працягу пяці гадоў яны займаюцца вакалам у эстраднай студыі "Міленіум". Юля і Таня — лаўрэаты шматлікіх абласных і міжнародных конкурсаў. Сёлета яны сталі стыпендыятамі Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. На фестываль дзяўчаты прыехалі з матуляй. Яна — іх галоўны кіраўнік. Прывезлі з сабой некалькі нумароў вакал-дуэтам, а таксама выкананні на гітары.

Дзяўчынкі з калектыву танца сучаснай харэаграфіі "Ракета" з Ніжняга Ноўгарада ўпэўнены, што на фестываль прыехалі не па перамогу. Для іх галоўнае — удзел. Каму, як не ім, так думаць: нягледзячы на малы ўзрост, калектыў ужо сабраў цэлае сузор'е медалёў і званняў. Галоўнае іх дасягненне — званне "Заслужаны калектыў народнай творчасці Расійскай Федэрацыі".

Удзельнічалі ў фестывалі і "заслужаныя" з Беларусі — аматарскі калектыў, вакальна-харэаграфічны ансамбль "Зорка" з Віцебска. Гэтыя дзеці, якія выдатна выконваюць нацыянальныя танцы, добра вядомы беларусам. Яны — пастаянныя ўдзельнікі "Славянскага базару" і іншых маштабных мерапрыемстваў.

— Сёння ў калектыве займаецца 102 чалавекі ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў, — дадала кіраўнік ансамбля, уладальніца медаля Францыска Скарыны Наталля ЧАРНЮК. — У рэпертуары "Зоркі" — танцы народаў свету, харэаграфічныя мініяцюры і характарныя танцы. Ёсць нумары і ў стылістыцы сучаснай харэаграфіі. Аднак самая вялікая ўвага ў калектыве надаецца нацыянальнаму беларускаму танцу. Невыпадкова амаль у кожным нашым касцюме прысутнічае нацыянальная сімволіка.

Дарэчы, упершыню ў фестывалі ўдзельнічаў калектыў, які не спяваў, не танцаваў, не іграў на музычных інструментах. Дзяўчаты з узорнага дзіцячага калектыву — Тэатра модаў "Паралелі часу" — пад музыку дэманстравалі касцюмы паўночнага народа ханты, якія яны пашылі сваімі рукамі. Такім чынам удзельнікі калектыву выказваюць пашану іх продкам, выступаюць за захаванне мясцовых традыцый і абрадаў.

Калектыў з'яўляецца неад'емнай часткай маленькага Югорскага гарадка з паэтычнай назвай Пыць-Ях, што ў перакладзе з мовы ханты азначае ці то "месца, дзе жывуць добрыя людзі", ці то "край, дзе нараджаюцца прыгожыя дзяўчаты". І сапраўды прыгожыя! У калектыве 120 дзяўчат ва ўзросце ад чатырох да васямнаццаці гадоў.

— Касцюмы шыем сваімі рукамі па ўзорах той вопраткі, якую насілі нашы продкі, — расказвае ўдзельніца калектыву Алена. — Для шыцця выкарыстоўваем натуральнае футра і бісер. Вопратку робім калектыўна. На шыццё аднаго такога касцюма патрэбна затраціць прыкладна месяц. Акрамя таго, ствараем рускія народныя касцюмы і касцюмы ўсходніх нацыянальнасцяў.

Асаблівым поспехам карысталіся сумесныя расійска-беларускія нумары, пастаўленыя ў палявых умовах, літаральна за некалькі гадзін да канцэрта.

А пакарыў гледачоў дуэт саксафаністаў з Мінска. Павел Зыкаў і Павел Галееў настолькі віртуозна валодаюць інструментамі, ажно не верыцца, што ім толькі па 11 гадоў!

У 2007 годзе падлеткі паступілі ў Дзіцячую музычную школу № 14 у клас выкладчыка Анатоля Янчука. Два гады яны навучаліся на блок-флейце, а з 2009 года пачалі паспяхова засвойваць саксафон. "Пры ігры на флейце распрацоўваецца пальцоўка, расце рука. І толькі тады можна іграць на больш складаным інструменце", — тлумачыць Павел Галееў.

Хлопчыкі прызнаюцца, што працаваць дуэтам ім вельмі лёгка. І гэта нягледзячы на розныя характары: спакойны Павел Галееў і рухомы Павел Зыкаў выдатна дапаўняюць адзін аднаго. Паўлікі мараць паступіць у Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных і сыграць з Народным артыстам Расіі Ігарам Бутманам.

...У маленькіх зорачак, якія сёлета загарэліся ў Анапе, ёсць усе шансы з часам ператварыцца ў вялікіх і сапраўдных зорак сцэнічнага мастацтва, здольных годна прадстаўляць у свеце нашу Саюзную дзяржаву.

Вераніка КАНЮТА.
Фота БЕЛТА.

Мінск — Анапа — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.