Вы тут

Электрамабіль: ціха, чыста, танна


Але праехаць у Беларусі можна будзе толькі 200 км

Кампаніі Аudі, BMW, Mеrсеdеs ствараюць асобныя серыі электрамабіляў. Электрычнае аўто ўпэўнена заваёўвае новых прыхільнікаў. Плюсоў безліч. Паколькі еўрапейскае сёння — гэта беларускае заўтра, мы часу не губляем. Спачатку — сетка заправак для электрамабіляў. Будзе сэрвіс — беларусы зацікавяцца альтэрнатыўным аўто. Беларусы зацікавяцца — з'явіцца попыт. З'явіцца попыт — будзе прапанова. Гэта актуальна.

"Японец" акрыляе

Падарылі электрамабіль Nіssаn Lеаf. Шчасця — па самыя вушы. А як жа інакш? Блакітны хэтчбек, выкарыстоўваючы альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, мае шэраг істотных пераваг. Едзеш у абсалютнай цішыні (аж заснуць можна). Рухавік магутны і паслухмяны. Машына разганяецца імгненна. Аніякіх расходаў на паліва. Забываешся пра ўзроўні масла, ахалоджванне радыятара. Карбюратар вечны. А яшчэ электрамабіль наваколле не забруджвае. Прырода кажа: "Вялікі дзякуй!"

Але лунаць у надхмар'і доўга не даводзіцца. Каментары спецыялістаў у сферы электрычнага абсталявання прымушаюць спусціцца на зямлю. Паводле слоў Канстанціна Шышкова, намесніка дырэктара фірмы "Эксімэлектра", уладальніку электрамабіля Nіssаn Lеаf, як ні круці, смяяцца апошняму не наканавана. Максімальны прабег электрычнага аўто складае 200 кіламетраў без падзарадкі. Гэта прыкладна тыдзень бестурботнага катання па Мінску. Тыдзень скончыўся. Правакацыйнае пытанне: а што далей? Няўжо адзіны варыянт — накіравацца па слушныя парады на радзіму нашага падарунка, у Японію? Не, проста набіраемся цярпення, каб дачакацца моманту, калі запраўкі новага тыпу з'явяцца і ў Беларусі.

Тым больш сёлета "Беларусьнафта" падае рэальныя надзеі ў гэтым плане. Бліжэйшым часам пабудуюць адну запраўку для электрычных аўто ў Мінску і дзве — у Гомелі. Пакуль за тэндар на закупку абсталявання змагаюцца найлепшыя нямецкія кампаніі, нам грэх сядзець склаўшы рукі. Самы час разбірацца ў дэталях тэхнічнага прадукту, каб зразумець: з чым навінку есці нам, беларусам?

Голая праўда электрамабіляў

 

Спачатку развеем міф. Пералічыўшы ўсе важкія плюсы электрычнага аўто, міжволі складваецца ўражанне: электрамабіль — дасканаласць, ідэальна чысты транспарт. Канстанцін Шышкоў сцвярджае адназначна: "Гума для колаў, разнастайныя пластыкі — усё гэта хімічнай вытворчасці. Таму ідэальным транспартам нават электрамабіль назваць нельга. Ідэальны транспарт — гэта конь. На 100% экалагічны". Конь? Як весела! Не, няхай застаюцца на іпадромах. Мы ж ідзём у заўтра, дзе электрычнае аўто — варыянт вельмі прывабны.

Электрамабілі з неба не ўпадуць. Адным цудоўным ранкам беларусы не прачнуцца з назойлівай ідэяй, не пабягуць масава купляць электрычныя аўто. Сярэдні жыхар не заўсёды можа купіць нават патрыманую традыцыйную машыну. Толькі расійскі аўтапрам з мадэлямі да 10 тысяч долараў застаецца даступным усім і кожнаму. Бяры — не хачу! Але ж вочы загараюцца на іншамаркі...

1377684726437_28-17

1377684726437_28-17

 

На многія мадэлі электрамабіляў яшчэ не так даўно цэны былі касмічныя: ад 200 да 350 тысяч еўра. Цяпер кошт тэхнічнага цуду — прыблізна 40-50 тысяч долараў. Так, BMW прэзентавала новы электрамабіль "і3". Налета яго можна будзе набыць за 42 тысячы долараў. 45 тысяч долараў за электрамабіль?! Яны звар'яцелі! Немец будзе плаціць 30, бо 15 за яго заплаціць дзяржава. Як субсідыю, датацыю. А беларусу застаецца пачакаць, калі з новымі мадэлямі нагуляюцца там, у Еўропе. Пакуль жа патрыманых няма ўвогуле. Практыка карыстання электрамабілямі бедная зусім. Калі звычайных аўто некалькі мільёнаў за год выпускаецца, то электрамабіляў — некалькі дзясяткаў тысяч. Таму рынак яшчэ не насычаны патрыманым цудам тэхнікі. Цуд дастаткова свежы, каб надакучыць немцам ці шведам. Тым больш свежы, каб зламацца.

Выпуск электрамабіля — вельмі рызыкоўны ход. "Хто не рызыкуе, той не п'е шампанскага", — скажаце вы. Але, паверце, ёсць выключэнні. Інвестары электрамабіляў рызыкуюць штодзень, і шампанскае ім толькі сніцца. Чаму? У сферы электрычных аўто пастаянна адбываюцца не проста абнаўленні, але ноу-хау, скачкі. Учора вы зараджалі акумулятар 10 хвілін. Сёння яго можна зараджаць 3 хвіліны. Аўто, выпушчаныя з падтрымкай акумулятара, які зараджаецца 10 хвілін, адразу ж становяцца па-за трэндам. Іх эра скончылася, не паспеўшы пачацца. А гэта было месяц таму. Казачныя інвестыцыі панёс вецер. Вядома, людзі будуць карыстацца. Але вытворцы кінулі грошы ў тое, што застарэла, ледзь паспеўшы нарадзіцца. У інвестараў заўсёды ёсць планы на будучыню. Затраты на выпушчаную серыю электрамабіляў павінны акупляцца за пэўны час. Але часта не акупляюцца. Вытворцам застаецца кусаць локці.

Будуйцеся, запраўкі, вялікія і маленькія

Адчыняем акно ў Германію і разумеем: на кожным кроку прагрэс. Сёлета ў Еўропе канчаткова замацавалі ўніверсальны стандарт раз'ёмаў для зарадкі. Раней былі японскі, амерыканскі і некалькі еўрапейскіх стандартаў (хуткая зарадка, марудная). "Нямецкая фірма Mеnnеkеs, якую мы прэзентуем у Беларусі, зрабіла адзін агульны раз'ём, які падтрымлівае адначасова ўсё. І еўрапейскія службы зацвердзілі за Mеnnеkеs статус манапольнага вытворцы на зарадкі для аўтамабіляў. Сінія разеткі Mеnnеkеs — цяпер афіцыйныя. І ў Беларусі электрамабілі будуць выкарыстоўваць менавіта іх", — адзначае намеснік дырэктара фірмы"Эксімэлектра".

А пакуль будуем асаблівыя запраўкі. У Беларусі цяжкасці сканцэнтраваліся ў інфраструктуры, распрацоўцы. Як той казаў, молада-зелена... Няма вопыту ў сферы наладжвання аўтаматыкі. Добра, а чым нямецкі вопыт нам не вопыт? На практыцы атрымліваецца так, што мы сапраўды не можам запазычыць еўрапейскі досвед. Усё выглядае проста толькі тэарэтычна. Справа яшчэ і ў тым, што пераймаць чужы досвед карыстання электрамабілямі не тое каб зусім не лагічна, але... Гэта як лезці ўперад бацькі ў пекла. У любым выпадку адбудзецца скачок. Мы павінны імгненна адрэагаваць на яго, перахапіць найноўшае... Верагодна, не сёння-заўтра з'явіцца магчымасць яшчэ больш спрасціць зараджальнае абсталяванне. Калі ж выпусцяць новыя батарэі, то, вобразна кажучы, хавайся ў бульбу. Праз месяц колішнюю навінку назавуць сівой старажытнасцю. З еўрапейскіх станцый мінулую аўтаматыку выкінуць на сметнік. Пакуль мы прыйдзем на чужы ўзровень... Карацей кажучы, не за адзін дзень такое робіцца, не за адзін год нават.

"Цяпер маем трохгадовы план. Галоўнае — гэта пабудаваць інфраструктуру, распрацаваць ідэальную для беларусаў сістэму ўліку. Далей з'явяцца іншыя пытанні", — паведамляе Канстанцін Шышкоў. Выдатна, давайце думаць пра сістэму разлікаў. Вось пад'язджаем на імправізаваную запраўку, спыняем наш сімпатычны электрамабіль і адразу ж сутыкаемся твар у твар з пытаннем аўтаматызацыі. Як лічацца кілаваты? Хто за нашымі дзеяннямі сачыць будзе? Няўжо аператары ўдзень і ўначы будуць стаяць над душою кожнага кліента? Падыходзім да вадкакрышталічнага экрана, каб выбраць колькасць электраэнергіі для запампоўвання. А на вуліцы мінус 25. Гэта ж не Італія. Што рабіць? Як электронная сістэма ўліку выжыве ў спартанскіх умовах нашага надвор'я? А яшчэ... людзі. Хапае тых, хто заўжды гатовы што-небудзь падрапаць, адкруціць. Рамонт высокай тэхнікі яўна не капейкі каштуе. У нашага ж чалавека рукі свярбяць даволі часта. Як быць?

Добра, пабудавалі мы інфраструктуру. Зноў пытанне грошай. Няхай адна заправачная станцыя для электрамабіляў будзе каштаваць 10 тысяч еўра. Калі ж на ёй будзе зараджацца 5 аўто за дзень, нават праз 10 гадоў яна не акупіцца... Атрымліваецца, гэта ўклад з разраду "каб было". Абсалютна нявыгадна ў плане бізнесу. Але тут не аб прыбытку ідзе гутарка. Гэта справа іміджу краіны. Пытанне падымалася, каб менавіта да чэмпіянату свету па хакеі ўсё зрабіць. Але доўга думаць не давялося. Мяжа ў нас не Германія — Беларусь. Не, паміж намі яшчэ Польшча і Літва, дзе электрамабіляў няма. Зразумела, адлегласць, дзе адсутнічаюць электрычныя зараджальнікі, надзвычай вялікая. Яўна перавышае 200 кіламетраў. Таму як шчаслівая сям'я немцаў не можа сесці ў аўто ў Берліне і прыехаць у Мінск, так і беларусы да Германіі на электрамабілі не даедуць. Мы яшчэ далёка не сёння ўвечары зможам сесці ў сталіцы і заглушыць рухавік дзесьці пад Барысавам. Ніхто не марыць пра Берлін. Нам хопіць Барысава.

На пазітыве

Ёсць крама — мы ходзім у яе, няма — не ходзім. Так і з электрамабілямі: ёсць — ездзім. І яны будуць. Перш-наперш з'явяцца ў камунальных службаў. У Швецыі грамадскія электрамабілі ад Vоlvо — ужо не мара, а рэальнасць (на дарогі выпушчана 7700 адзінак). Маюць рацыю тыя, хто матаюць на вус.

Нафтавыя свідравіны яўна не гумовыя. Даволі хутка і багатыя на чорнае золата, і бедныя ў гэтым плане краіны апынуцца ў аднолькавым становішчы. Тады чалавецтву, апрача веласіпедаў і коней, застануцца электрамабілі. У гарадах стане цішэй і чысцей. Пачнём дыхаць напоўніцу. А яшчэ больш ацэнім сонца як альтэрнатыўную крыніцу энергіі. Што ж... будзем жартаўліва заяўляць: "Маё аўто любіць сонейка. Яно на ім ездзіць".

Маргарыта СІДАР.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.