Вы тут

60 "МАЗаў" для школьнікаў


Сёлета іх будзе па 10 на кожную вобласць, а далей — справа за органамі мясцовай улады. Пакуль новыя адзінкі транспарту перадалі Банку развіцця Беларусі. Сяргей Румас, кіраўнік праўлення вышэйназванага банка, падкрэслівае: "Запланавалі зрабіць — зрабілі. Думаю, банку за гэты праект чырванець не давядзецца".

Чырванець, сапраўды, наўрад ці давядзецца. Адназначную перамогу ў цяжкім баі за тэндар МАЗ атрымаў не проста так. Тры іншыя кампаніі стаць сур'ёзнымі канкурэнтамі не змаглі ўвогуле, бо школьны аўтобус "МАЗ" — прадстаўнік наступнага пакалення. Ён атрымаў прызнанне і за межамі Беларусі. Так, на выставе, якая адбывалася ў Расіі, айчынны грамадскі транспарт палічылі першым, зацвердзіўшы за ім статус лепшага аўтобуса года. І школьны сезон адкрыецца з непасрэдным удзелам менавіта гэтай мадэлі.

Але ці можна такі аўтобус лічыць выключна школьным? Віктар Асноўскі, генеральны дырэктар ААТ "МАЗ"

, запэўнівае: "Наш завод выпускае новую мадэль не з адной мэтай. Выпусцілі больш за 40 адзінак тэхнікі па-за праграмай "Школьны аўтобус". Гэта толькі пачатак".

Паводле слоў Сяргея Румаса, сёлета Банк развіцця Беларусі выдаткаваў каля 32 мільярдаў беларускіх рублёў у якасці спонсарскай дапамогі. На гэтыя грошы ўжо набылі 60 аўтобусаў. Налета плануецца павялічыць і колькасць аўтобусаў, і маштаб спонсарскай дапамогі. Такім чынам цалкам вырашыцца праблема: 2/3 сельскіх школьнікаў жывуць не ў буйных вёсках, дзе можна атрымліваць адукацыю, і трэць перавозіцца абсалютна непрыдатнымі для дзяцей аўтобусамі. Транспарт для перавозкі школьнікаў павінен адпавядаць 40 дадатковым крытэрыям. Сярод істотных пераваг школьнага аўтобуса "МАЗ" — зручна размешчаныя, камфортныя крэслы і поручні, ніжняя рухомая прыступка, а таксама магчымасць павышанай бачнасці дарогі (прамы агляд стаў значна большым).

Банк развіцця Беларусі дапамагае праекту не толькі як спонсар. Сяргей Румас адзначае: "Мы будзем старанна маніторыць кожны аўтобус: як ён будзе працаваць, яго тэхнічны стан, верагодныя паломкі, нюансы эксплуатацыі ў сельскіх умовах". Банк будзе ўдзельнічаць і ў арганізацыі курсаў па падрыхтоўцы будучых вадзіцеляў. Адметнасць — кіраваць новымі школьнымі аўтобусамі давераць выключна жанчынам. Гэтую ініцыятыву падтрымаў і кіраўнік дзяржавы. На думку Віктара Асноўскага, жанчыны больш сур'ёзна ставяцца да многіх пытанняў бяспекі, вызначаюцца павышанай акуратнасцю, уважлівасцю да дэталяў. Марына Сапега, будучы вадзіцель аднаго з аўтобусаў у Магілёўскай вобласці, згаджаецца:
"Як маці чатырнаццаці дзяцей, я заўсёды аддала б перавагу менавіта жанчыне-вадзіцелю. Так думаю не адна я. Так думаюць многія мамы".

Маргарыта СІДАР.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».