Вы тут

"Нават мужчынская прафесія не наблізіць жанчыну да танка"


Наталля Фёдарава — адна з нямногіх беларускіх жанчын, якія кіруюць аўтобусам. Ідзеш на сустрэчу. Думаеш, пра тое, што існуе стэрэатып: "жанчына і аўтобус — паняцці несумяшчальныя". Хто яна? Якая? Чаго чакаць ад Наталлі Фёдаравай? І як з ёй размаўляць? Пра што? З жанчынай такой прафесіі павінна быць вельмі складана: цяжкая праца — цяжкі характар, ці не так? Чакаеш, хутчэй, мужчыну ў спадніцы. І тут з'яўляецца яна, такая стройная і лёгкая, такая адкрытая і светлая. Прыгожы твар. А яшчэ — сонечны настрой.

Пакуль Наталля адзначаецца ў аўтобусным парку, заўважаеш галубоў. Нехта паставіў для іх місачку з вадой і ўсюды хлеба накрышыў. Заўважаеш: на лаўцы дзве жанчыны па-змоўніцку пасмейваюцца, горача абмяркоўваюць сваё, крамольнае. А галубы так і ходзяць кругамі. Тлустыя, яны паважна перамяшчаюцца ад крошкі да крошкі. Зноў жаночы смех.

Набліжаемся да аўтобуса. Наталля адчыняе дзверы, усміхаецца: "У такое надвор'е транспарт ператвараецца ў лазню". І сапраўды, адчуваеш сябе памідорам у цяпліцы. Але нічога, колькі хвілін — і ўжо можна дыхаць, нават пытанні задаваць можна.

1377769472623_1

Пра Наталлю Фёдараву пісалі неаднойчы, і тэлесюжэты здымалі не раз. Але ўсіх цікавіць яна, як рэдкі прафесіянал. Жанчына, што кіруе аўтобусам, — тыповы ярлык: маўляў, "баба за рулём". Усім цікава: як яно, кіраваць? Цяжка ці лёгка? Што думаюць пра Наталлю калегі-мужчыны? Што гавораць пасажыры? Хто ён, "кароль дарогі"? Няўжо пешаход — пуп зямлі? Давайце ж пакінем гэтыя і многія іншыя аўтобусна-тралейбусныя пытанні за спінай. Самы час паглядзець на Наталлю Фёдараву як на проста прыгожую жанчыну з адметным лёсам, дачку, сястру і шчаслівую маму.

Жыць, каб рухацца

Усе людзі ўмоўна дзеляцца на два тыпы: "за каву" і "за гарбату". Каб падтрымаць настрой, пачынаем з лёгкага: кава ці гарбата? "Кава. Толькі кава. Чатыры, пяць кубкаў. Чорная, молатая, без цукру. Можна сказаць, як ваду, як напой. Для мяне "эспрэса" — гэта аніякая не кава, гэта маленькі глыток. Мне б "амерыкана", і пабольш, — адказвае Наталля, а затым здзіўлена: — Не, аніякіх дыет. Вы што?! Я ем. Не паверыце. Улюбёная ежа — гарачыя-гарачыя булачкі, малако і слоік варэння. Вось проста адразу са слоіка. Неперадавальная смаката. А затым можна са спакойным сумленнем спаць легчы". Смяёмся і зайздросцім: хтосьці расце ўшырыню, паветра лішні раз глытнуўшы, а тут... "У нас у сям'і ўсе вельмі худыя. Можа, гэта з-за таго, што працуем да сёмага поту. Усё ўласнымі рукамі, няма ад каго чакаць дапамогі. Самастойна, выключна самастойна".

1377769474803_2

"Жывеш адзін раз. Хочацца паспець і тое, і тое, і тое. Не хапае 24 гадзін у сутках. Чаму ж іх не 50? Хочацца зрабіць і першае, і другое, і дзясятае, і дваццатае. І вось ужо вечар. Трэба ісці спаць, бо на работу з цёмнага рана", — разважае Наталля Фёдарава. Для яе галоўнае — бачыць вынік. Не ўяўляе, як можна цэлымі днямі сядзець на адным месцы і перакладваць паперкі з першай папкі ў другую, з другой — у трэцюю. Не, такая работа не для Наталлі. Рухацца, не спыняцца ніколі, а яшчэ будаваць. Працуеш, працуеш... Вось учора ў раёне Каменнай Горкі

была пустка. А сёння — новыя дамы. Ездзіш каля кальцавой штодзень і заўважаеш, як імкліва вырастаюць высокія сцены, дах. Шэрае становіцца жоўтым альбо блакітным. Хараство — гэта калі бачыш вынік.

"Патрэбна ўсё і адразу ж. У адзін дзень. Вось мне прыйшло на думку, напрыклад, сёння пачаць рамонт. Пераклеіць тыя ж шпалеры ў пакоі менавіта сёння. Менавіта сёння я пайду іх куплю. Менавіта сёння паздзіраю старыя і буду да самага ранку клеіць новыя шпалеры. Пакуль не зраблю як мае быць. Чаму? Ведаю: заўтра грандыёзная ідэя страціць сваю грандыёзнасць, а паслязаўтра — і ўспаміну ад яе не застанецца. З'явяцца новыя планы, і я буду жыць з імі. Заўсёды хачу ўсё і адразу ж", — задумваецца Наталля. А далей зноў пра жыццё: "Так цяжка. І нібыта ўпартая, дабіваюся пастаўленай мэты, наперад крочу, але цяжка. Некаторым людзям, каб атрымаць жаданае, дастаткова ісці прама, мне ж — неабходна цераз горы, рэкі. Лішнія кіламетры... Нібы хтосьці перашкаджае. Заўсёды такое адчуванне... Хтосьці знарок ставіць мне бар'еры". Але што тыя бар'еры? Толькі азарт распальваюць.

Застацца жанчынай у свеце мужчын

Кожная жанчына марыць пра адзінага прынца, які хоць і не на белым кані, але самы-самы. Дзяўчаты чытаюць раманы, дзе выпісаны вобраз ідэальнага мужчыны: прыгожага, разумнага, добрага і, вядома ж, закаханага. Здымаюцца фільмы, дзе галоўнага героя паказваюць нібыта скрозь ружовыя акуляры. А рэальнае жыццё... Дзе гэтыя мужчыны? Дзе яны? Чым глыбей крочым у ХХІ стагоддзе, тым больш мужчыны становяцца падобнымі да нас. Мяккія, слабыя. Такія, якіх неабходна накіроўваць, падштурхоўваць і (о дзіва!) абараняць. Мужчыны нават знешне становяцца падобнымі да нас. І цяпер яны, героі нашага часу, скардзяцца: "Жанчыны сёння не жанчыны, а настойлівыя мужыкі. Маюць уласнае меркаванне і толькі яго лічаць правільным. Карацей кажучы, "пруць, як танкі". Іншая справа, што жанчыны ператварыліся ў "танкі" не з-за "няма чаго рабіць", а з чыёйсьці ласкі. Як вы думаеце: з чыёй?

"А як быць па-іншаму? — гаворыць Наталля. — Мужчыны сталі слабейшымі. Здаецца, больш піць пачалі. Гавораць, напіцца трэба, бо праблемы. Ніводная нармальная жанчына не нап'ецца з-за сваіх праблем. Знойдзе выйсце. Заўжды. Я пра нармальных жанчын. Найстрашнейшае ў мужчыне — гэта алкагалізм. Па-мойму, шклянка піва на дзень — ужо п'янства. Спіртное адмаўляю катэгарычна.
Мабыць, гідлівасць гэта, своеасаблівы тып алергіі. Але яно менавіта так.
П'яных не паважаю". Тым не менш я лічу, што сапраўдныя мужчыны ёсць. Мне, напрыклад, у гэтым плане не пашанцавала: я практычна ўсё жыццё адна. Кагосьці намагалася знайсці, але... Можа, проста "мацнейшая за моцны пол" у асобных пытаннях. Патрабавальная? Не ведаю. Ёсць шмат шчаслівых сем'яў, дзе мужчына — моцны гаспадар. Надзейны, як каменная сцяна.
У мяне два сыны растуць, і вось яны дакладна сапраўдныя мужчыны. На ўсе 100%. Мужчыны з вялікай літары будуць. Што старэйшы, што малодшы".

"Я сваіх сыноў трымаю "ў абцугах". Сёння малодшаму — 13. Ведаеце, магу ўзяць рэмень... Так, мае хлопцы з аднаго боку вельмі моцныя, але... могуць і паплакаць. Можа, яны проста разумеюць, як мне цяжка... Асабліва малодшы. Я іншы раз яго дзяўчынкай называю, — усміхаецца Наталля. — Такі ўжо. Але! Характар баявы. Старэйшаму амаль дваццаць. З дзяцінства ў галаве толькі машыны. У армію хоча..."

Дык якія мужчыны падабаюцца? "Прыгожыя. Такія... Вы гаворыце, як дзяўчынка. Міленькія, харошанькія. Фотаздымак змясці ў рамку пад шкло, павесь на сцяну і глядзі днём і ноччу. Сястра пастаянна гаворыць: "Шукаеш, вечна знаходзіш сабе "алендэлонаў". А ўнутры яны не маюць нічога. Бесталковая прыгажосць". Але я такі чалавек. Не магу фальшывіць. Не магу нацягваць на твар маску. Калі мне чалавек не сімпатычны, я не буду з ім камунікаваць. Абсалютна. Ніякіх адносін. І няхай ён горы залатыя да ног прыносіць. Гэта не маё, жыць так не магу. Усё жыццё адна. Нават не ўяўляю, якім павінен быць мужчына, каб застацца побач. А яшчэ мая работа: прачынаюся раніцай у 4 гадзіны, вяртаюся вечарам у 8..."

Кардынальнае

Мы памятаем сітуацыю ў славутым фільме "Масква слязам не верыць": яна — кіраўнік завода, ён — просты рабочы, якому гонар не дазваляе быць з жанчынай-камандзірам... "Так ці інакш мужчына павінен зарабляць больш. Калі жонка — настаўніца, 5 мільёнаў атрымлівае. Што? Няўжо і мужчына будзе столькі ж дахаты прыносіць? Не, я гэтага не разумею. Паводле майго меркавання, мужчына не мужчына, калі вяртаецца з работы, прыносіць капейку, кладзецца на канапу, а далей — газета і тэлевізар. Не можаш больш зарабляць? Дапамагай жонцы ў хатніх справах".

"У наш час грошы вырашаюць вельмі многае. Ад іх шмат залежыць. Калі ў сям'і жонка не працуе зусім, канфлікты будуць пастаянна. Яна не працуе, а ён прыносіць тое, што можа. Яна крычыць: "Мала!" А самой пайсці працаваць — нізавошта".

Ёсць і адваротны варыянт: жонка — у ролі слабай авечкі. "Як можна дазваляць прыніжаць сябе дзеля, напрыклад, той жа новай кватэры, якую муж нядаўна пабудаваў? Ён прыніжае яе, б'е. Дзеці гэта бачаць. Трымае выключна кватэра... Смешна проста. Сабраць рэчы — і паехаць да мамы ў вёску. Вырашыць пытанне за адзін дзень. Можа, таму я і адна... Усё кардынальна, раз і назаўсёды. Трымаць чалавека ці цярпець самой? Не па-мойму. Знаёмая гаворыць: "Гэта мой крыж". А там сур'ёзныя праблемы: муж п'е, гуляе, можа на жонку руку падняць. Кінь яго і ўсё! Не, паўтарае: "Я жыву ў яго кватэры. Ён мяне ўтрымлівае. Я ж у дэкрэтным. Што буду рабіць? Лепш так, чым у мамы ў бядноце, калі і рук няма за што зацяць". Ці так будзеш у бядноце ці так, затое ў кватэры. Але мама табе апошні хлеб аддасі. Розніца ёсць. Прыйдзеш дахаты з дзіцем. Спакойна, ніякіх скандалаў. Не. "Гэта мой крыж і я буду несці яго да скону дзён, як малітву перад кожным сном". Не разумею".

Пра зайздрасць

Жанчыны любяць пускаць плёткі пра Наталлю Фёдараву. Надзейна схаваных у інтэрнэце за выдуманымі імёнамі, іх так і цягне напісаць хоць які-небудзь абразлівы каментарый пад артыкулам пра Наталлю. Знаёмым і незнаёмым заўжды баляць галовы: "А што яна там новае апранула? А з кім яна гаварыла? А хто пра яе напісаць збіраецца?" Языкі свярбяць, укусіць хочацца... Чаго ж там толькі не прачытаеш! Тым часам Наталля смяецца: "Ведаеце, я часта ўспамінаю выказванне Амара Хаяма: "Гавораць пра нас горшыя. Лепшым зусім не да чужога жыцця". Ходзіш, мяне абмяркоўваеш? Значыць, табе няма чаго расказаць пра сябе, а людзям пра цябе штосьці слухаць нават і нецікава. Вядома, часам крыўдна, а часам... Пра нас гавораць — мы камусьці цікавыя, больш не гавораць — пішы прапала. Гэта ў дзверы грукае старасць".

Самая-самая

Вось так ідзеш да чалавека з гатовымі пытаннямі. Тэму выбіраеш, гаворыш з ім. Чалавек адказвае. І пасля іншыя людзі чытаюць яго адказы. Але што гэта значыць? Хіба меркаванні дазваляюць адчуць чалавека па-сапраўднаму, зразумець яго? Як перадаць энергетыку? Як паказаць чалавека, каб вобраз яго не згубіўся сярод газетных радкоў?

Ці магчыма на паперы адлюстраваць цеплыню Наталлі Фёдаравай? Стаім у заторы. Перад намі — машын 20. Яна гаворыць: "Звярніце ўвагу на гэтага хлопчыка. Бачыце, ходзіць каля машын? Ён інвалід. Глуханямы. Кожны Божы дзень ходзіць раніцай, калі мінчане на работу едуць, і ўвечары, калі яны вяртаюцца. Ходзіць як на працу. Па гадзінніку. Бачыце, трымае іконкі? Ён робіць іх сам. Купляе некалькі, склейвае. Падыходзіць да кожнай машыны, дае іконку. Затым вяртаецца. За іконку 20 тысяч просіць. Калі згодны — купляеш. Не? Аддаеш яму. Хлопчык гадоў трынаццаці. Вельмі сімпатычны". Так, сапраўды.

Неяк Наталля сказала: "Лепш не самой кахаць усім сэрцам. Лепш, калі цябе кахаюць. Можна кахаць, а ад чалавека будзе цягнуць лёгкім холадам. Будзеш са скуры вылазіць вон, старацца зрабіць дзеля яго штосьці прыемнае, а ён... Ён нават не заўважыць, не ацэніць гэтага. Няхай лепш кахае ён. Тады тваё жыццё вельмі шчаслівае". Вось якой думкі прытрымліваецца Наталля Фёдарава: нельга прымусіць чалавека любіць.

І ёсць людзі, якія будуць любіць проста так. Сыны, якія вельмі цэняць сваю маму, якія ганарацца ёю найперш. "Так, гэта мая мама! Так, гэта яе па СТБ паказвалі. Не, праўда! Калі не верыш, на сайце паглядзі! Там напісана — Наталля Фёдарава. Яна ў нас — самая-самая!"

Маргарыта СІДАР.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.