Вы тут

Кожны студэнт марыць пра сваё месца. У інтэрнаце


Канец жніўня — стрэсавы час для ўсіх студэнтаў, тым больш для першакурснікаў і іх бацькоў. Але гэтай восенню пытанне, як знайсці дзіцяці ў сталіцы дах над галавой, стаіць асабліва востра. Цэннік на здымнае жыллё расце проста ў непрыстойнай прагрэсіі... сапраўдным выратаваннем магло б стаць месца ў студэнцкім інтэрнаце. Але ці так лёгка яго атрымаць? Якія карэктывы ў жыллёвую праблему ўнясе чэмпіянат свету па хакеі-2014, што пройдзе ў Мінску? І ўвогуле, у якую ВНУ трэба паступаць, каб назаўсёды забыцца пра "кватэрнае пытанне"? "ЧЗ" вырашыла знайсці адказы на гэтыя пытанні...

Калі я толькі думала, куды паступаць, цётка настойліва раіла мне спыніць выбар на аграрна-тэхнічным універсітэце, бо дзесьці чула, што з атрыманнем месца ў інтэрнаце там найменшыя праблемы. Контраргументы кшталту "Я ж гуманітарый!" эфекту не мелі. "Журналістыка ці аграмеханіка: якая розніца? Абы жыць не на вуліцы", — падмацоўвала сваю пазіцыю сваячка. Напэўна, менавіта гэтыя ўспаміны і падштурхнулі мяне звярнуцца ў БДАТУ, каб праверыць міф з "беспраблемным інтэрнатам".

1377769479773_29-15

— Абсалютна ўсе першакурснікі, якія маюць патрэбу ў жыллі, будуць забяспечаны месцамі ў інтэрнатах, — запэўніў начальнік студэнцкага гарадка БДАТУ Уладзімір Самуль.

Сёння ў распараджэнні аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта 8 інтэрнатаў на 3 тысячы месцаў. Гэты ўніверсітэт традыцыйна мае адзін з самых высокіх паказчыкаў забеспячэння жыллём сваіх студэнтаў. Іншагародніх, якія не патрапілі ў інтэрнаты, застаецца ўсяго некалькі сотняў, што, па мерках Мінска, не так і шмат. Але старшакурснікам, якія не маюць сацыяльных ільгот, не варта апускаць рукі. Як і большасць ВНУ краіны,БДАТУ практыкуе рэйтынгавую сістэму, дзякуючы якой выдатнікі і актывісты могуць прэтэндаваць на месца ў інтэрнаце.

— Тыя, хто трохі не дацягнуў па балах, мелі магчымасць запісацца ў будатрад, — распавядае Уладзімір Самуль. — Дзве студэнцкія брыгады месяц працавалі на рамонце інтэрнатаў. Прыводзілі ў парадак месцы агульнага карыстання — калідоры, лесвічныя пралёты, гаспадарчыя памяшканні і г.д. Безумоўна, усіх гэтых хлопцаў і дзяўчат мы заселім у інтэрнаты.

У канцы года пасля капітальнага рамонту плануецца ўвесці ў строй інтэрнат №1. Зараз у яго будынку вядзецца рэканструкцыя з надбудовай мансарды. Пасля заканчэння работ "сталінка" на праспекце Незалежнасці пераўтворыцца ў новенькі інтэрнат блочнага тыпу на 280 месцаў.

А вось у адным з самых буйных універсітэтаў краіны БНТУ — адваротная сітуацыя. Забяспечанасць студэнтаў месцамі ў інтэрнатах складае ўсяго толькі 32%. 9,5 тысячы з 14 тысяч студэнтаў, якія маюць патрэбу ў жыллі, вымушаны самастойна вырашаць "кватэрнае пытанне".

— Часта прыходзіцца чуць, што ў нас ажно пятнаццаць інтэрнатаў! — разважае прарэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па вучэбнай рабоце, сацыяльных пытаннях і спорце Алег Гусеў. — Але агульная колькасць месцаў у іх не дасягае і 4,5 тысячы! Акрамя гэтага, адзін наш інтэрнат усё яшчэ закрыты на капітальны рамонт. А гэта мінус 440 патэнцыяльных месцаў.

Аднак нават пасля ўвядзення ў эксплуатацыю абноўленага будынка студэнты пераехаць туды не змогуць. Месца будзе прызначана для перасялення студэнтаў іншых універсітэтаў, у чые інтэрнаты размесцяць гасцей чэмпіянату свету па хакеі.

— Крыху палепшыць нашу крытычную сітуацыю з жыллём для іншагародніх мог бы новы інтэрнат у студэнцкай вёсцы, дзе нам выдзяляюць 400 месцаў. Але будаўнікі не паспяваюць здаць аб'ект у тэрмін. Таму мы вымушаны неяк выкручвацца, — з сумам канстатуе Алег Гусеў. — Дапамагаем студэнтам з арэндай кватэр. Наш прафсаюз вядзе спецыяльную базу звестак здымнага жылля, да якой можа звярнуцца любы, хто мае патрэбу. Гэта, вядома, не панацэя, але пэўная карысць ад яе ёсць.

З аналагічнай праблемай сутыкнуўся і Белдзяржуніверсітэт. Новы інтэрнат у студэнцкай вёсцы павінен быў прыняць студэнтаў двух факультэтаў — Інстытута журналістыкі і эканамічнага факультэта. Але з-за нядбайных будаўнікоў кіраўніцтва студгарадка БДУ аказалася ў складанай сітуацыі. Як шукалі выйсце з гэтага тупіка, распавёў начальнік студэнцкага гарадка БДУ Міхаіл Чарапеннікаў:

— Магу запэўніць, што ўсе першакурснікі, якіх мы абяцалі засяліць, і студэнты-ільготнікі без жылля не застануцца. Будзем рассяляць па іншых інтэрнатах. Задзейнічаем рэзервовыя месцы і месцы, падрыхтаваныя для замежных студэнтаў першага курса, якія прыляцяць у Беларусь толькі 15 кастрычніка. А потым трэба будзе зноў штосьці думаць.

Свайго інтэрната ў студэнцкай вёсцы чакае і Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Праўда, новы дом для студэнтаў адчыніць свае дзверы не раней за сакавік 2014 года. Між іншым, менш чым паўгода таму лінгвісты ўжо святкавалі наваселле ў шыкоўным будынку атэльнага тыпу ў Пятроўшчыне.

— Але ў інтэрнаце жывуць навучэнцы яшчэ трох ВНУ, — заўважае начальнік аддзела выхаваўчай работы МГЛУ Ігар Пучэня. — Акрамя гэтага аб'екта, у нас ёсць яшчэ два інтэрнаты. Такім чынам, мы забяспечваем жыллём 45% іншагародніх студэнтаў. Пасля адкрыцця новага інтэрната плануем выйсці на паказчык у 60%.

Лічбы лічбамі, але факт ёсць факт: не ўсе ВНУ могуць гарантаваць сваім навучэнцам месца ў інтэрнаце. І нават калі ты першакурснік-ільготнік з Драгічына — гэта не значыць, што табе адразу пашчасціць трапіць у цёплы студэнцкі дом.

Дарэчы, я свайго месца ў інтэрнаце чакала год. Першы курс прайшоў пад дэвізам "Дапамажы сабе сам": штоквартальная змена здымных кватэр і пакояў, самастойны пошук жылля і "малітвы" аб дапамозе, звернутыя да ўсюдыісных агентаў. Прыемнага мала, але гэта карысная школа жыцця, пасля якой у вас не застанецца ніякіх фобій і комплексаў. Так што мая вам парада: паступайце на аграмеханіку толькі ў тым выпадку, калі вы сапраўды пра яе марыце!

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?