Вы тут

Калі вяртаюцца буслы, з'яўляецца надзея...


У цяперашнім аграгарадку Смаляны (ці, як кажуць мясцовыя жыхары, Смальяны), што на Аршаншчыне, у які бок ні кінь позірк — абавязкова натрапіш на гісторыка-культурную каштоўнасць ці яшчэ якую цікавінку. Але ж стаяць гэтыя дзівосы нікому не патрэбныя і паціху сабе разбураюцца. А то і ўвогуле трапляюць пад знос, як гэта ледзь не адбылося з каталіцкім кляштарам, перабудаваным у 1930-я гады пад машынна-трактарную станцыю. Мы — паўтара дзясятка валанцёраў у складзе ліцэістаў, студэнтаў, педагогаў, экскурсаводаў, журналістаў, архітэктараў і мастакоў — прыехалі ў Смаляны, каб распрацаваць непасрэдна на месцы канцэпцыю гісторыка-культурнага комплексу.

На змаганне за руіны

У Смалянах нас літаральна "акружылі" каштоўнасцямі. Пасялілі побач з адзіным дзеючым храмам — Спаса-Праабражэнскай царквой ХVІІІ стагоддзя. Драўляны дом, у якім мы жылі, пабудаваны ў канцы пазамінулага стагоддзя і спачатку служыў жыллём для святара. У савецкі час тут была пошта. З аднаго боку ад нашай "стаянкі" ўзвышаліся руіны дамініканскага касцёла другой паловы ХVІІІ стагоддзя, з другога — самотна стаяла адзіная ацалелая вежа замка князёў Сангушкаў "Белы Ковель", а побач з ёй — Аляксееўская царква ХІХ стагоддзя, пабудаваная з цэглы, якую... перацягнулі з замка. Ну як не натхніцца такой атмасферай?

1377769481118_1

— Мы вырашылі паспрабаваць пазмагацца за гэтыя руіны, — даводзіў да нас каардынатар валанцёрскага летніка гісторык Цімафей Акудовіч.

— Яны ўжо ў вельмі дрэнным стане. Тут няма католікаў, каб аднаўляць касцёл і кляштар, але раптам у нас нешта атрымаецца?

Спачатку планавалася ўсе намаганні накіраваць на кляштар, распрацаваць канцэпцыю па кансервацыі і выкарыстанні яго руін, каб падаць заяўку ў Мінкульт на ўнясенне будынка ў спіс помнікаў архітэктуры. Але маладыя і поўныя сіл валанцёры вырашылі дзейнічаць, што называецца, па максімуме. Узяліся прыдумаць ні многа ні мала — цэлы праект "Смаляны — гісторыка-культурны комплекс". Такім чынам нам трэба было, па магчымасці, усе помнікі Смалянаў разам з драўлянай забудовай мястэчка апісаць, абмераць, сфатаграфаваць і ўсю гэтую інфармацыю ўпарадкаваць.

Архітэктурныя цуды... з дрэва

Работу арганізавалі па трох асноўных "франтах". Нехта займаўся архітэктурнай часткай, хтосьці ішоў апісваць мясцовыя старадаўнія могілкі. Таксама накіроўвалі ахвотных да смалянскіх старажылаў, каб сабраць успаміны відавочцаў — так бы мовіць, занатаваць "жывую гісторыю" і мясцовыя паданні.

Першы дзень пачаўся для мяне з архітэктуры. Прыхапіўшы фотаапараты, нататнікі і раздрукаваныя спадарожнікавыя карты мястэчка, мы з яшчэ адной журналісткай выправіліся на местачковыя вуліцы, каб апісваць драўляную забудову. Такой канцэнтрацыі дамоў з разнымі ліштвамі, карнізамі, ганкамі я не сустракала яшчэ нідзе! Складана паверыць, што ўся гэта карункавая прыгажосць выразана чалавечымі рукамі з дрэва. З самых цікавых нашых знаходак — вялікі яўрэйскі дом, пабудаваны ў 1920-я гады, у якім і цяпер жывуць людзі.

Праўда, у пошуках цікавых і старажытных пабудоў мы крыху адхіліліся ад маршруту і заблыталіся ў карце, але на дапамогу нам прыйшлі мясцовыя жыхары. Яны не толькі зарыентавалі нас, але і распавялі пра некаторыя будынкі. Пасля рэйду сабраныя звесткі мы занеслі ў адмысловую базу даных — яны спатрэбяцца для гістарычнай даведкі пра Смаляны.

Легенды і знаёмства з Тамашом

Другі дзень пачаўся рамантычна — з сустрэчы світання каля замка. Дарэчы, з ім, "Белым Ковелем", звязана некалькі легенд. Паводле адной з іх, існуюць падземныя хады, якія звязваюць замак, касцёл, царкву і цягнуцца ажно да Оршы. Яны настолькі вялікія, што каралева Бона Сфорца праязджала па іх на запрэжанай тройцы. А яшчэ старыя людзі кажуць, што калісьці ў Смалянах сялілася шмат буслоў. Але аднойчы нехта пачаў па іх страляць. З тых часоў буслы лятаюць над мястэчкам, але ніколі тут не гняздуюцца. І сапраўды, мы не ўбачылі тут ніводнай буслянкі.

1377769482835_2

Цягам дня рамантыкі паменела. На гэты раз я выправілася ў камандзе з дзвюма дзяўчатамі вывучаць... мясцовыя могілкі. З часам пахаванні разбураюцца і знікаюць, а між тым яны з'яўляюцца каштоўным матэрыялам для вывучэння гісторыі мясцін і асобных людзей.

Даследаванне могілак зводзілася да строгай сістэмы. Тэрыторыя была падзелена на квадраты, кожнаму валанцёру прызначаўся свой. Неабходна было апісаць усе надмагіллі, указаўшы нумар квадрата, рад, парадкавы нумар пахавання, перапісаўшы ўсе звесткі з помніка і сфатаграфаваўшы яго. Большасць пахаванняў сучасныя, але было і некалькі помнікаў, датаваных ХІХ стагоддзем. На іх польскія надпісы амаль сцерліся, і даводзілася праводзіць па іх крэйдай, каб літары хоць крыху праступілі...

Дарэчы, на могілках у Смалянах пахаваны знакаміты паэт Тамаш Зан. Мы паспрабавалі нават выйсці з ім на кантакт (вядома, жартуючы), і як жа здзівіліся, калі з-за помніка вялікаму філамату выйшаў... шэры кот. Ён лашчыўся да нас, з апетытам еў каўбасу з бутэрбродаў і за гэта нават гатовы быў адгукацца на імя Тамаш.

Пайшлі па касу, а знайшлі "скарбы"

Астатні час знаходжання ў летніку я прысвяціла апрацоўцы запісаў гутарак з мясцовымі жыхарамі. Сярод іх, дарэчы, ёсць і сапраўдныя краязнаўцы-аматары. Так, пайшоўшы ўдваіх з керамістам Іванам Дашковым шукаць касу, мы натрапілі на сталага веку мужчыну, які ўразіў нас сваёй фенаменальнай памяццю і веданнем гісторыі свайго краю.

1377769484483_3

Новы знаёмы павёў нас у гараж і паказаў свае "скарбы" — рэльефную кафлю і чарапкі ад глінянага посуду, знойдзеныя каля замка. У кераміста Івана ажно вочы загарэліся ад такога відовішча.

Увогуле жыхары ў Смалянах надзвычай ветлівыя і добразычлівыя. Ні разу не адмовілі нам у дапамозе, ахвотна дзяліліся ўспамінамі, частавалі ўраджаем са сваіх агародаў. Вельмі шкада было з'язджаць ад такіх цудоўных людзей. Не хацелася так хутка развітвацца з мястэчкам, з прыгатаванай на вогнішчы простай, але такой смачнай ежай, з песнямі, якія спявалі па вечарах...

...А раніцай у дзень ад'езду я пабачыла на замкавай вежы... двух буслоў! І ў сэрцы зарадзілася надзея: мабыць недарэмна мы прыехалі сюды. І, магчыма, у хуткім часе буслы зноў вернуцца ў Смаляны.

Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота Лізаветы ДУБІНЧЫНАЙ.
Аршанскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.