Вы тут

Генадзь Караткевіч гуляў "у цёмную" ...і выйграў у "Яндэкса" 300 тысяч расійскіх рублёў


Менш як год прайшоў з апошняй перамогі выхаванца гомельскай школы праграмавання на міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы. Ужо стаўшы студэнтам Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, Генадзь Караткевіч паклаў яшчэ адзін, свой апошні "юнацкі" залаты медаль, у скарбонку беларускай школы. Удзел у міжнародных алімпіядах школьнікаў выпускнік гомельскай гімназіі № 56 завяршыў уладальнікам практычна ўсіх рэкордаў — і па колькасці абсалютных перамог (у яго іх тры), і па колькасці заваяваных залатых медалёў (6), і па агульнай колькасці медалёў (7).

Але паехаўшы атрымліваць вышэйшую адукацыю ў паўночную расійскую сталіцу, Генадзь Караткевіч усё роўна працягвае перамагаць і даказвае, што яго зусім небеспадстаўна называюць у свеце беларускім геніем спартыўнага праграмавання.

У ліпені Генадзь Караткевіч

стаў абсалютным чэмпіёнам свету па праграмаванні сярод студэнтаў у складзе каманды Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі. І ніхто не сумняваўся, што гэта не апошняе пераможнае выступленне гамяльчаніна.

А літаральна днямі стала вядома аб перамозе Гены Караткевіча ў фінале аднаго з самых прэстыжных міжнародных чэмпіянатаў па спартыўным праграмаванні "Яндэкс. Алгарытм 2013".

Чэмпіянат праходзіў на працягу лета.

Удзел у ім узялі тры тысячы праграмістаў з 84 краін свету. Спаборніцтвы складаліся з серыі анлайн-турніраў і вочнага фіналу, куды здолелі прабіцца ўсяго 25 чалавек. Паказальна тое, што гэты чэмпіянат не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў ні па ўзросце, ні па родзе заняткаў. Таму ў фінале прысутнічалі як распрацоўшчыкі вядучых ІТ-гігантаў, праграмісты, якія з'яўляюцца трэнерамі нацыянальных зборных каманд, так і выпускнікі вядучых тэхнічных ВНУ і нават студэнты. Прычым амаль усе з'яўляліся чэмпіёнамі і прызёрамі розных сусветных спаборніцтваў. Але фаварытаў было два: беларус Генадзь Караткевіч і расіянін Пётр Мітрычаў найвопытнейшы супрацоўнік маскоўскага аддзялення Gооglе, пераможца "Хакерскага кубка" Fасеbооk, Gооglе Соd Jаm і іншых буйных спаборніцтваў.

Фіналістам былі прапанаваны шэсць алгарытмічных задач і 100 хвілін на іх рашэнне. На перамогу мог разлічваць толькі той, хто справіцца з найбольшай колькасцю задач і атрымае за іх меншую колькасць штрафных хвілін. Задачы фіналісты маглі здаваць як "у адкрытую", так і "ў цёмную". Калі задача здавалася "ў адкрытую", удзельнік мог быць упэўнены, што ў выніку яе правільнага рашэння яму будуць налічаны адпаведныя балы, якія тут жа з'явяцца ў анлайн-табліцы — яе могуць бачыць усе канкурэнты. А калі адказ быў няправільны, задача вярталася ўдзельніку і той атрымліваў за яе штрафныя балы. Задачу можна было здаваць колькі заўгодна разоў, але за кожную такую спробу назапашваліся штрафныя балы.

А калі здаваць задачу "ў цёмную", яна не вяртаецца, а балы за яе налічваюцца толькі пасля завяршэння фіналу. У гэтым выпадку трэба быць упэўненым на ўсе 100 працэнтаў у правільнасці свайго рашэння. Гэта значыць, што, акрамя рашэння саміх задач, удзельнікам трэба было весці яшчэ і тактычную гульню.

Сёлета заданні рыхтаваліся некалькімі калектывамі аўтараў і былі надзвычай складанымі. У выніку ніхто з удзельнікаў не змог нават наблізіцца да рашэння ўсіх задач. Інтрыга ў спаборніцтвах захоўвалася аж да абвяшчэння пераможцы, бо Гена Караткевіч здаваў свае задачы "ў цёмную". Як высветлілася пасля завяршэння фіналу, лепшы вынік фіналістаў — тры рэшаныя задачы. Другі фаварыт, Пётр Мітрычаў, памыліўся ў адной з задач і ў выніку заняў толькі чацвёртае месца. "Золата" і прыз у памеры 300 тысяч расійскіх рублёў — у нашага земляка.

— У прынцыпе, я задаволены вынікам, але мог бы выступіць і лепш. Калі б быў больш хуткім, мог бы рашыць чатыры задачы. Для мяне галоўныя сапернікі — гэта задачы, а не іншыя ўдзельнікі, — прызнаўся Генадзь пасля абвяшчэння вынікаў.

У фінале чэмпіянату "Яндэкса" ўдзельнічаў яшчэ адзін беларус — Андрэй Малевіч, сярэбраны прызёр студэнцкага чэмпіянату свету па праграмаванні 2013 года, выпускнік БДУ і супрацоўнік кампаніі Fасеbооk.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?